Аляксандр Лукашэнка: “Вялікая Індыя немагчыма без прысутнасці на той тэрыторыі, на якой размешчана Беларусь”

- 10:14Інфармацыйная гадзіна

Беларусь хоча, каб Індыя стала магутным полюсам у свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках афіцыйных перагавораў з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі.

“Мы бачым, як Вялікая Індыя і ідэя Слаўнай Новай Індыі аб’ядноўваюцца ў рэальным увасабленні. Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб Індыя стала вялікай, магутнай краінай. Таму што мы прапаведавалі, абвяшчалі і падтрымліваем да гэтага часу ідэю шматпалярнасці. І мы хацелі б, каб Індыя стала магутным полюсам нашай планеты”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў індыйскаму боку за сардэчны прыём для беларускай дэлегацыі. “Я трэці раз на гэтай цудоўнай зямлі. І я, і дэлегацыя, якая прыбыла са мной, уражаны поспехамі Індыі, умацаваннем яе палітычнай, эканамічнай ролі ў свеце”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што ў гэтым годзе краіны адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпадносін і за гэты час напрацаваны станоўчы вопыт супрацоўніцтва. З гэтай нагоды выпушчана спецыяльная паштовая марка.

“Я абсалютна падтрымліваю ідэю прэм’ер-міністра Індыі аб тым, што сёння настае новая ступень, новы этап у нашым супрацоўніцтве”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Вялікая Індыя немагчыма без прысутнасці на той тэрыторыі, на якой размешчана Беларусь — паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што па міжнародным парадку дня ў бакоў практычна няма ніякіх разыходжанняў. “Мы дамовіліся ўмацоўваць супрацоўніцтва ў рамках нацыянальных арганізацый, актыўна ўзаемадзейнічаць у пошуку эфектыўных і адпаведных інтарэсам усіх дзяржаў рашэнняў глабальных і рэгіянальных праблем сучаснасці”, — сказаў ён.

“Мы гатовы прадаставіць вам самыя выгадныя і льготныя ўмовы функцыянавання вашага бізнесу ў выпадку інвесціравання ў Беларусь. Такі вопыт з іншымі краінамі ў нас ёсць”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што пра сур’ёзнасць намераў бакоў сведчыць падрыхтоўка дагавора аб інвестыцыях. Ён таксама паабяцаў усялякую падтрымку ў пытанні хутчэйшага заключэння пагаднення аб свабодным гандлі паміж дзяржавамі — членамі ЕАЭС і Індыяй.

“Я прапанаваў прэм’ер-міністру Індыі стварыць у Беларусі — на шляху перасячэння з усходу на захад і з поўдня на поўнач — навукова-тэхналагічны індустрыяльны парк, дзе будуць створаны самыя выгадныя ўмовы для інвесціравання і дзе індыйскія кампаніі разам з іншымі сусветнымі кампаніямі, калі будзе такое жаданне, змогуць размяшчаць сваю вытворчасць і рэалізоўваць тавары і паслугі на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрасаюза”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што па выніках візіту дасягнута дамоўленасць па пытаннях павелічэння паставак у Індыю калійных угнаенняў, прымянення беларускіх напрацовак у развіцці ініцыятывы ўрада Індыі “Разумныя гарады”, праграмы “Кваліфікаваная Індыя”, абмеркаваны сумесныя праекты ў галіне навукі, культуры, турызму і іншых сферах.

Як растлумачыла карэспандэнту БелТА генеральны дырэктар Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец, мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях пастаўкі ўгнаенняў вызначае тое, як бакі будуць працаваць з 2018 па 2023 год, якія аб’ёмы будуць пастаўляцца асноўнаму пакупніку беларускага калію ў Індыі — кампаніі IPL. “Гэта з павелічэннем аб’ёмаў у параўнанні з тым, як у нас ёсць у гэтым кантрактным годзе. Павелічэнне аб’ёмаў бачыцца і з 2018 па 2023 год. Увесь мемарандум прадугледжвае пастаўку больш як 4 млн тон. Там ёсць і апцыйныя аб’ёмы. Будзем бачыць па рынку, па сітуацыі”, — адзначыла яна.

Цэнавы аб’ём у сваю чаргу будзе залежаць ад кан’юнктуры рынку. “Кожны год цана на індыйскім рынку ўстанаўліваецца. Гэта кантрактная цана, якая дзейнічае на працягу года. Таму ў залежнасці ад той цаны будзе і аб’ём”, — растлумачыла Алена Кудравец.

Індыйскі рынак для БКК стратэгічны. “Гэта кантрактны рынак, разам з кітайскім. Але калі ў Кітаі ёсць свае вытворцы, то ў Індыі ўвесь тавар імпартуецца. І для нас вельмі важна захоўваць і баланс адносін на рынку, і баланс аб’ёмаў. Для нас гэта вельмі важны рынак”, — заявіла Алена Кудравец.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў Нарэндру Модзі наведаць Беларусь у бліжэйшы час, а напярэдадні вырашана правесці пасяджэнне міжурадавай камісіі, якое стане этапам падрыхтоўкі візіту прэм’ер-міністра Індыі ў Беларусь.

“Я гарантую вам, усяму кіраўніцтву Індыі, што ўзятыя на сябе абавязацельствы мы выканаем спаўна”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Мы абмеркавалі шырокае кола пытанняў і паглядзелі на будучыню. Нашы абмеркаванні адбыліся ў атмасферы цеплыні. Мы абмяняліся меркаваннямі па двухбаковых пытаннях і падзеях у рэгіёне і свеце, разгледзелі архітэктуру нашага партнёрства, абмяркоўвалі новыя ідэі і ініцыятывы для яго далейшага пашырэння. Мы прынялі рашэнне развіваць узаемадзеянне ва ўсіх сферах нашага супрацоўніцтва”, — сказаў у сваю чаргу прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі.

“Мы будзем працаваць, каб развіваць і дыверсіфікаваць нашы эканамічныя сувязі, будзем засяроджвацца на тым, каб будаваць іх на аснове ўзаемадапаўняльнасці”, — падкрэсліў Нарэндра Модзі.

Паводле яго слоў, кампаніі Беларусі і Індыі павінны развіваць свае адносіны і выходзіць за рамкі звычайных экспартна-імпартных аперацый у бок развіцця кааперацыі і выбудоўвання больш глыбокага ўзаемадзеяння. “Існуюць вялікія магчымасці для бізнесу і інвестыцый у такіх сферах, як фармацэўтыка, нафта і газ, цяжкая прамысловасць”, — сказаў прэм’ер-міністр Індыі.

Ён адзначыў, што ў мінулым годзе бакі стварылі некалькі сумесных прадпрыемстваў у галіне фармацэўтыкі і прадаўжаюць развіваць гэты напрамак супрацоўніцтва. Існуюць таксама магчымасці для партнёрства ў такіх сферах, як вытворчасць шын, аграпрамысловага абсталявання і абсталявання для горназдабываючай прамысловасці, цяжкага абсталявання для будаўніцтва.

“Мы таксама абмеркавалі, і ў нас ёсць зрухі ў пытанні выкарыстання крэдытнай лініі ў памеры $100 млн, якая была прапанавана Індыяй у 2015 годзе для рэалізацыі сумесных праектаў у Беларусі”, — сказаў Нарэндра Модзі.

Індыя мае сувязі з Беларуссю і ў фармаце ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ЕАЭС, а таксама ў рамках развіцця праекта міжнароднага транспартнага калідора “Поўнач-Поўдзень”.

Нарэндра Модзі акцэнтаваў увагу і на сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, інавацый і новых тэхналогій, дзе ў Беларусі набыты значны вопыт па шэрагу напрамкаў. Разглядаецца магчымасць стварэння цэнтра дэманстрацыі -тэхналогій у Індыі, дзе будуць прадстаўлены і беларускія напрацоўкі.

Яшчэ адзін бок — партнёрства паміж Індыяй і Беларуссю ў галіне развіцця навыкаў, прафадукацыі. Беларусь з’яўляецца актыўнай удзельніцай індыйскай праграмы тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва.

У ходзе афіцыйнага візіту прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з Прэзідэнтам Індыі Рамам Натхам Кавіндам, віцэ-прэзідэнтам Індыі Венкаяхам Найду, міністрам замежных спраў Індыі Сушмай Сварадж.

***

Шэраг двухбаковых дамоўленасцей быў дасягнуты ў ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю. Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў кіраўніка дзяржавы з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі адбылася цырымонія абмену падпісанымі дакументамі.

Падпісаны праграма супрацоўніцтва паміж урадамі дзвюх краін у сферы культуры на 2018—2020 гады, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам павышэння кваліфікацыі і прадпрымальніцтва Індыі аб супрацоўніцтве ў сферы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам па справах моладзі і спорту Індыі па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі.
Заключаны мемарандум паміж Беларускім дзяржаўным канцэрнам па нафце і хіміі і Міністэрствам нафты і прыроднага газу Індыі аб супрацоўніцтве ў нафтагазавым сектары.

Бакі таксама падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі і дабрабыту фермераў Індыі аб супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі ад 16 красавіка 2007 года.

Заключаны дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Індыі, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні паміж Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй і Індыйскім саветам сельскагаспадарчых даследаванняў (ICAR) па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі і даследаванняў для сельскай гаспадаркі.

Акрамя таго, падпісанымі мемарандумамі са сваімі індыйскімі партнёрамі абмяняліся кіраўнікі БКК і “Белзамежбуд”. Пагадненне аб супрацоўніцтве заключана з Мінскім трактарным заводам.

Бакі таксама парафіравалі дагавор паміж Беларуссю і Індыяй аб інвестыцыях.

Напярэдадні па выніках беларуска-індыйскага бізнес-форуму ў Нью-Дэлі таксама былі падпісаны мемарандумы і пагадненні ў розных сферах, у тым ліку прамысловай вытворчасці, інвестыцый, паставак тэхнікі, фармацэўтыкі, медыцыны і турызму.