Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Выбары заўсёды былі ў Беларусі святам”

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Калядка пайшла на павышэнне, узначаліўшы раённую адміністрацыю.

“Вы цяпер займаецеся выбарамі. Якія недахопы, што яшчэ трэба зрабіць за гэты час, каб выбары дастойна прайшлі? — спытаў яе прэзідэнт. — Мы ж не можам паказаць сваю неарганізаванасць. Выбары заўсёды былі ў Беларусі святам. Мы павінны арганізаваць гэты працэс як святочны, але не забываць пра тое, што гэта выбары, што мы выбіраем прадстаўнікоў у парламент”.

На думку Таццяны Калядка, кандыдаты ў дэпутаты павінны больш якасна прапрацоўваць свае праграмы і часцей праводзіць сустрэчы з насельніцтвам. Яна адзначыла, што цяпер гарадскія ўлады працуюць над арганізацыяй выбараў, у гэтую работу па традыцыі таксама будзе ўключана грамадскае харчаванне, сваю прадукцыю на ўчастках прадставяць вытворцы спажывецкіх тавараў. “У нас вельмі шмат выбарчых участкаў у школах. Мы прадумваем святочныя мерапрыемствы”, — дадала яна.

Акрамя таго, на пасаду старшыні Дубровенскага райвыканкама ўзгоднены Анатоль Лукашоў. Цяпер ён з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы. Узгадняючы яго на пасаду старшыні райвыканкама, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што работа ў парламенце — гэта добры вопыт для любога чалавека. “Прынамсі, вы ведаеце, што робіцца наверсе. Для раёна гэта будзе нядрэнна”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Старшыня Дрыбінскага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Пімашэнка ўзгоднены на пасаду старшыні Мсціслаўскага райвыканкама. Прэзідэнт пацікавіўся, ці знаёмы ён з новым рэгіёнам і якія задачы стаяц­ь перад кіраўніцтвам. “Раён не мае таго ўзроўню, які павінен мець. Гэта жытніца Магілёўшчыны, і вынікі работы там павінны быць у разы лепшыя. Гэта значыць вы пастаянна будзеце на вачах”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар нагадаў пра сваё патрабаванне шукаць новыя напрамкі развіцця ў сельскай гаспадарцы. У той жа час, як адзначыў ён, не трэба забываць пра тэхналогіі і дысцыпліну, што зарэкамендавалі сябе, у гаспадарках. “Нам патрэбны перш за ўсё эканамічны вынік, патрэбны прыбытак, грашовыя сродкі. У Мсціславе гэта можна мець, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Трэба разабрацца, чым там займацца ў перспектыве, асабліва ў частцы нечага новага”.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад рыбнай вытворчасці, назваўшы яе вельмі рэнтабельнай галіной. “Рынак — вырабляй не хачу. І ёсць добрыя ўзоры. Чаму мы гэтым не займаемся? Тым больш мы гатовы ў разумных аб’ёмах прафінанса­ваць, пракрэдытаваць такія праекты”, — заявіў ён.