Беларусь і Туркменістан дамовіліся аб узаемных кроках па нарошчванні двухбаковага тавараабароту. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадстаўнікам СМІ па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.
“Сёння мы чарговы раз адкрыта, канструктыўна абмеркавалі з маім калегам, сябрам, Прэзідэнтам Туркменістана ўвесь спектр пытанняў беларуска-туркменскага ўзаемадзеяння, асабліва адзначылі пазітыўны і плённы характар двухбаковых кантактаў”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што Туркменістан належыць да ліку стратэгічных партнёраў, з ім нас звязваюць дружалюбныя і шчырыя адносіны. Гэта пацвярджаецца і штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў дзяржаў у Мінску і Ашхабадзе.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, узаемавыгадны гандаль з’яўляецца асновай беларуска-туркменскіх адносін. “У сувязі з гэтым нас, безумоўна, хвалюе спад двухбаковага тавараабароту, які назіраўся апошнія два гады, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Зразумела, для гэтага ёсць аб’ектыўныя прычыны, аднак мы павінны зрабіць усе неабходныя крокі для выпраўлення такой сітуацыі, уключаючы пошук новых форм і метадаў работы”.
Па выніках першых месяцаў бягучага года назіраецца пазітыўная дынаміка гандлю — тавараабарот павялічыўся амаль на 75 працэнтаў. Аднак, як лічыць кіраўнік дзяржавы, гэта не павінна супакойваць, таму ў ходзе перагавораў былі намечаны новыя перспектывы і абазначаны канкрэтныя праекты ўзаемнага супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферах транспарту і навукі.
Акрамя таго, дасягнуты шэраг дамоўленасцей, якія дадуць магчымасць узмацніць узаемадзеянне паміж краінамі ў галіне гандлю, адукацыі, культуры і спорту.
“У палітычнай сферы ў нас з туркменскімі сябрамі няма абсалютна ніякіх праблем. Мы адзначаем падабенства нашых падыходаў у знешняй палітыцы, нашага бачання міжнароднай і рэгіянальнай сітуацыі”, — адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць таго, што Беларусь і Туркменістан традыцыйна падтрымліваюць адно аднаго на міжнародных пляцоўках і ўпэўнены, што так будзе і ў далейшым.
На яго думку, насычаны парадак дня гандлёва-эканамічных і палітычных кантактаў арганічна дапаўняецца гуманітарным супрацоўніцтвам. У апошнія гады назіраецца павелічэнне колькасці туркменскіх грамадзян, якія імкнуцца атрымаць адукацыю ў Беларусі. Краіна гатова і далей аказваць падтрымку ў падрыхтоўцы навуковых і спецыялізаваных кадраў для Туркменістана. Аляксандр Лукашэнка назваў пазітыўным фактарам для развіцця ўзаемадзеяння падтрыманне актыўных кантактаў у сферы культуры.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Туркменістан з’яўляецца для Беларусі стратэгічным партнёрам. “Гэта брацкая нам краіна, мы высока цэнім нашу дружбу і нацэлены на далейшае плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках. Забароненых тэм у нашых адносінах няма”, — запэўніў беларускі лідар.
Як адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, абодва бакі згадзіліся з тым, што патэнцыял нашага партнёрства значна вышэйшы і яго неабходна выкарыстоўваць у поўнай меры. “У кантэксце развіцця транзітна-транспартнай інфраструктуры нам ёсць што прапанаваць туркменскім партнёрам у сферы дарожнага будаўніцтва, праектавання і мадэрнізацыі дарог, газа- і трубаправодаў, будаўніцтва энергетычных аб’ектаў”, — падкрэсліў прэзідэнт.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна выкарыстоўваць узаемны патэнцыял для сумеснай рэалізацыі інфраструктурных праектаў рэгіянальнага маштабу.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што інтарэсам дзвюх краін таксама адпавядае развіццё супрацоўніцтва ў сферах навукі і новых тэхналогій, адукацыі і аховы здароўя.
Кіраўнік туркменскай дзяржавы Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў па выніках перагавораў з беларускім калегам, што Туркменістан разглядае Беларусь як перспектыўнага партнёра ў рэалізацыі маштабнага транзітнага праекта.
Гурбангулы Бердымухамедаў расказаў, што Туркменістан разам з партнёрамі стварае разгалінаваную сетку транспартнай транзітнай лагістычнай інфраструктуры камбінаванага тыпу. Яна будзе ўключаць у сябе транзітныя кантынентальныя калідоры, якія ідуць у рэгіёны басейнаў Каспійскага, Чорнага, Балтыйскага мораў. “Мы разглядаем Беларусь, якая мае сучасную інфраструктуру і выгаднае геаграфічнае размяшчэнне, як перспектыўнага партнёра ў ажыццяўленні гэтых планаў”, — адзначыў Прэзідэнт Туркменістана.
Вялікае значэнне Беларусь і Туркменістан надаюць і пашырэнню партнёрскіх сувязей паміж бізнес-супольнасцямі. “Тут ёсць вялікія рэзервы па дыверсіфікацыі нашага супрацоўніцтва, па стварэнні сумесных прадпрыемстваў, новых форм кааперацыі ў сферах вытворчасці, сэрвісу і перапрацоўкі”, — сказаў Гурбангулы Бердымухамедаў. Бакі дамовіліся, што гэтыя ўзаемныя дзелавыя сувязі будуць падтрымлівацца на ўзроўні дзяржавы.
Туркменскі лідар падкрэсліў, што Туркменістан у асобе Беларусі мае даўняга, надзейнага і адказнага партнёра. Паказальным прыкладам рэалізацыі сумеснага патэнцыялу з’яўляецца будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў.
У час перагавораў бакі дамовіліся нарошчваць партнёрства ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, тэкстыльнай галіне, будаўніцтве і па шэрагу іншых напрамкаў. Паводле слоў Гурбангулы Бердымухамедава, будуць прыняты неабходныя меры для павелічэння аб’ёмаў узаемнага гандлю і яго дыверсіфікацыі.
Важным напрамкам супрацоўніцтва з’яўляецца таксама паліўна-энергетычная сфера. “Туркменістан гатовы да павелічэння паставак у Беларусь прадукцыі паліўна-энергетычнага комплексу, ажыццяўлення многіх іншых сумесных праектаў”, — дадаў Прэзідэнт Туркменістана.
На перагаворах была дасягнута дамоўленасць аб далейшым пашырэнні форм і напрамкаў супрацоўніцтва ў навуковай, адукацыйнай сферах. Туркменістан, як адзначыў Гурбангулы Бердымухамедаў, разглядае Беларусь у якасці аднаго з галоўных партнёраў у падрыхтоўцы кадраў. Бакі будуць паслядоўна нарошчваць узаемадзеянне па гэтай лініі.
Асаблівае значэнне надаецца гуманітарнаму складніку адносін. “Мы будзем усяляк падтрымліваць імкненне народаў да цеснага ўзаемадзеяння, вывучэння багатай культурнай гістарычнай спадчыны дзвюх краін, ствараць умовы для творчага супрацоўніцтва дзеячаў культуры, мастацтваў”, — падкрэсліў Гурбангулы Бердымухамедаў.
Падводзячы вынікі свайго візіту ў Беларусь, Прэзідэнт Туркменістана адзначыў, што бакі яшчэ раз прадэманстравалі прыхільнасць і імкненне да цеснага і шматпланавага супрацоўніцтва.