Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “З аднаго боку — даць людзям магчымасць працаўладкавацца, з другога — прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча”

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы разглядаўся шэраг праектаў прававых актаў

Новая рэдакцыя дэкрэта № 3 павінна быць прыземленай і збалансаванай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб праектах прававых актаў, накіраваных на развіццё рэальнага сектара эканомікі, навуковай дзейнасці і забеспячэнне занятасці насельніцтва.

“Асабліва грунтоўна трэба абмеркаваць прапановы ўрада па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Я абяцаў, што да канца гэтага года мы распрацуем і прымем дэкрэт прэзідэнта, які будзе развіваць вядомы дэкрэт № 3. Мы з вамі тады дамовіліся, каб нас не крытыкавалі і не называлі рэтраградамі, мы павінны дапрацаваць гэты праект з улікам тых недахопаў і, магчыма, памылак, якія былі дапушчаны пры распрацоўцы дэкрэта № 3, зрабіць яго прыземленым”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты дакумент павінен быць збалансаваным. “З аднаго боку — даць людзям магчымасць працаўладкавацца, з другога — прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча, — растлумачыў прэзідэнт. — Другое канцэптуальнае патрабаванне: не мы адсюль, з цэнтра, павінны адшукваць гэтых непрацуючых людзей і прымяняць да іх меры. Яны жывуць у канкрэтных гарадах, канкрэтных вёсках, і там ёсць органы ўлады, якія разбяруцца, можа чалавек працаваць, не можа, трапіў ён у цяжкую сітуацыю ці не трапіў”.

Аляксандр Лукашэнка перакананы: калі чалавек трапіў у цяжкую сітуацыю, яго трэба падтрымаць, а калі ён сапраўды дармаед, значыць, яго трэба прымусіць працаваць. “І гэтым будуць займацца мясцовыя органы ўлады. Мы ім павінны стварыць прававы калідор, як юрысты кажуць, прававое поле”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пацікавіўся ў распрацоўшчыкаў дакумента і членаў урада, ці рэалізаваны ў новай рэдакцыі дэкрэта гэтыя канцэптуальныя патрабаванні.

На абмеркаванне на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы таксама быў вынесены шэраг праектаў прававых актаў па пытаннях развіцця асобных прадпрыемстваў прамысловасці. Іх сутнасць у тым, каб прадаставіць шэрагу прадпрыемстваў пэўныя паслабленні ў частцы тэрмінаў вяртання раней узятых бюджэтных пазык, крэдытаў, пэўных растэрміновак. “Я хацеў бы паглядзець у вочы, шчыра кажучы, членам урада, якія ўносяць прапановы зноў з бюджэту кагосьці і штосьці падтрымліваць. На гэтую тэму мы з вамі ўжо гаварылі. І Адміністрацыя прэзідэнта пасля строгага патрабавання ўнесла прапановы, у тым ліку і кадравыя. Яны будуць падтрыманы”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы на нарадзе падкрэсліў, што проста так хадзіць і браць грошы з бюджэту нікому не будзе дазволена. Яго цікавіла пытанне эфектыўнасці работы прадпрыемстваў — рэнтабельнасць, прыбытак, дынаміка, праекты і наяўнасць кантрактаў.

Па выніках абмеркавання прыняты канкрэтныя рашэнні. Шэраг прадпрыемстваў зможа разлічваць на падтрымку для папаўнення абаротных сродкаў, але толькі пад перспектыўныя кантракты і на больш строгіх умовах, чым прапаноўвалася з самага пачатку. Пры гэтым неабходна будзе прадставіць дакладны графік пагашэння даўгавых абавязацельстваў.

Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, каменціруючы вынікі нарады ў прэзідэнта, адзначыў, што 2017 год для прамысловасці стаў даволі ўдачным. “Сёння можна сказаць, што мы сапраўды завершым яго на ўзроўні 106—106,3 працэнта. Гэта даволі высокі тэмп росту. І можна канстатаваць, што ў выніку мы выйшлі на тую траекторыю па выніках 2016—2017 гадоў, якую абазначылі ў цэлым па пяцігоддзі. Спадзяёмся і абсалютна перакананы ў тым, што ўсе заданні, якія пастаўлены прэзідэнтам, урадам, народам Беларусі, па выніках пяцігодкі мы выканаем”, — адзначыў ён.

Віцэ-прэм’ер растлумачыў, што на сусветным рынку назіраецца ажыўленне, аднак у шэрага прамысловых прадпрыемстваў не хапае абаротных сродкаў, каб задаволіць патрэбнасці гэтага рынку. “У нас заказаў больш, чым мы можам зрабіць. Самая галоўная праблема ў тым, што ў нас не хапае абароткі. Па многіх прычынах”, — дадаў Уладзімір Сямашка.

Паводле яго слоў, працаваць і вяртаць даўгі прадпрыемствы змогуць і без дадатковай падтрымкі, але рост будзе мінімальны. У гэтай сітуацыі трэба выбіраць стратэгію і тактыку, што больш выгадна, — вяртаць даўгі і мець меншыя тэмпы росту або даць некаторыя паслабленні, але атрымаць большы рост. “Сутнасць нашых зваротаў у тым, каб правесці некаторую рэструктурызацыю даўгоў, якія былі ўзяты ў бюджэце або ў нашых камерцыйных дзяржаўных банках, каб нашы прадпрыемствы маглі задавольваць тыя заказы, якія ёсць на рынку”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

Пры гэтым ён падкрэсліў правільнасць раней прынятых рашэнняў па мадэрнізацыі прадпрыемстваў у шэрагу галін, што дало магчымасць захаваць гэтыя вытворчасці, рабочыя месцы і атрымаць новую якас ць прадукцыі.

Як патлумачыў па выніках нарады віцэ-прэм’ер Васіль Жарко, абноўлены дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” пачне працаваць у поўным аб’ёме з 1 студзеня 2019 года.

“Самы важны падыход — гэта стымуляванне занятасці. Каб максімальна стварыць умовы для стапрацэнтнай занятасці грамадзян, якія павінны працаваць па сваіх магчымасцях”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

Паводле слоў Васіля Жарко, урад вызначыць адпаведныя крытэрыі і пералік паслуг, кошт якіх тыя, хто трапляе пад нормы абноўленага дэкрэта, будуць абавязаны кампенсаваць у поўным аб’ёме.

Віцэ-прэм’ер удакладніў, што ў сувязі з новымі падыходамі дэкрэт будзе выкладзены ў новай рэдакцыі, зменіцца і назва дакумента. “Рэалізацыя норм гэтага дэкрэта аб стымуляванні занятасці насельніцтва прадугледжвае два механізмы іх рэалізацыі — эканамічны і адміністрацыйна-кіраўніцкі”, — сказаў ён.

Васіль Жарко нагадаў, што ў Беларусі ствараюцца дадатковыя ўмовы для рэалізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымулявання самазанятасці. У гэтым напрамку прыняты ўжо шэраг дакументаў, якія дазваляюць легалізавацца і лібералізаваць умовы вядзення бізнесу. Акрамя таго, на мясцовыя органы ўлады ўскладзены абавязак па стварэнні новых рабочых месцаў, даведзены адпаведныя даручэнні.

Такім чынам, дзяржава стварае ўмовы для ўключэння грамадзян у працоўную дзейнасць, а адносна тых, хто “можа і павінен працаваць, але не хоча”, будуць прымяняцца эканамічныя рычагі. “Гэта прадугледжвае кампенсаванне 100 працэнтаў затрат па тых паслугах, якія вызначыць урад, — растлумачыў віцэ-прэм’ер. — Ураду адведзены першы квартал наступнага года для распрацоўкі пераліку такіх паслуг, каб непрацуючыя грамадзяне, якія абавязаны кампенсаваць, разумелі, за што яны будуць плаціць. Таксама ўрад вызначыць крытэрыі аднясення да плацельшчыкаў”.

“З 1 студзеня 2019 года будзе кампенсаванне па поўным кошце. А за гэты год створыцца інфармацыйная база. Яе будзе весці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны”, — расказаў Васіль Жарко.

Ён падкрэсліў, што работа ў рамках новай рэдакцыі дэкрэта будзе прадугледжваць максімальна індывідуальны падыход. Асноўнымі адказнымі выканаўцамі пры рэалізацыі дакумента будуць мясцовыя органы ўлады і камісіі, якія будуць стварацца ў адміністрацыях раёнаў і гарадоў. Кіраўнікамі гэтых камісій будуць старшыні раённых Саветаў дэпутатаў, а ў склад увойдуць як прадстаўнікі органаў выканаўчай улады, так і грамадскіх арганізацый.

Прадугледжана, што камісія, перш чым прымаць рашэнне аб стапрацэнтным кампенсаванні затрат грамадзянінам, вывучыць усе акалічнасці індывідуальна, прапануе працаўладкаванне або, магчыма, выявіць нейкія важкія падставы, каб выключыць з пераліку плацельшчыкаў.

Такія камісіі будуць пастаянна дзеючымі і будуць перыядычна пераглядаць пералік асоб, якія аднесены да катэгорыі плацельшчыкаў. Гэта значыць, пры ўстанаўленні факта працаўладкавання чалавек будзе выключацца са спіса.

За якія менавіта паслугі трэба будзе кампенсаваць поўны кошт, Васіль Жарко не ўдакладніў, адзначыўшы, што гэтае пытанне пакуль на стадыі абмеркавання. “Ёсць вялікі пералік паслуг, які на сённяшні дзень субсідзіруецца з бюджэту. І мы вызначым той пералік, які будзе прапанаваны для кампенсавання”, — сказаў ён.

Праектам дэкрэта таксама прадугледжваецца вызваленне ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў, што прадугледжана дзеючай рэдакцыяй дакумента.
Васіль Жарко акцэнтаваў увагу, што калі ў той ці іншай мясцовасці не будзе рабочых месцаў, то задача па іх стварэнні або забеспячэнні перападрыхтоўкі незанятых грамадзян будзе ляжаць на органах улады.

Вучоным, якія паказваюць вынікі, змогуць павысіць зарплату ў тры разы, паведаміў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў пасля нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

“Бюджэтныя арганізацыі даволі абмежаваны ў павышэнні заработнай платы, надбавак вучоным. Цяпер мы будзем мець магчымасць значна, да 300 працэнтаў, павышаць заработную плату вучоным — дактарам навук, прафесарам, старшым навуковым супрацоўнікам, вядучым навуковым супрацоўнікам”, — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што павышаць зарплату будуць не ўсім пагалоўна, а тым вучоным, якія дасягнулі канкрэтных вынікаў у сваёй дзейнасці. “Вучоныя саветы ў інстытутах, Прэзідыум акадэміі навук будуць разглядаць гэтыя пытанні і прымаць рашэнні па павышэнні зарплаты. Але абавязкова павінны быць вынікі работы, іх укараненне і продаж найноўшай інавацыйнай прадукцыі”, — падкрэсліў кіраўнік НАН.

Паводле слоў Уладзіміра Гусакова, адпаведны праект указа разглядаўся на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся, як будуць рэгулявацца ўсе гэтыя пытанні і наколькі эфектыўнымі будуць меры, якія прапануюцца. Па выніках даклада прэзідэнт падтрымаў неабходнасць прыняцця такога дакумента.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў таксама паведаміў, што рэзідэнтам Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка “БелБіяград” прадаставяць падатковыя паслабленні.

“Мы будзем ствараць вялікі нацыянальны парк, дзе будуць не толькі праводзіцца фундаментальныя даследаванні, але і выконвацца прыкладныя распрацоўкі, стварацца навукаёмістыя інавацыйныя вытворчасці. Для гэтага спатрэбіцца прыцягваць інвестыцыі, у тым ліку замежныя. Усё гэта мы сёння разглядалі, і прынята станоўчае рашэнне”, — сказаў Уладзімір Гусакоў.

Ён растлумачыў, што дэ-факта “БелБіяград” ужо існуе, але без дзяржаўных прэферэнцый. Распрацаваны праект указа, які прадугледжвае ўвядзенне ў навукова-тэхналагічным парку асаблівага парадку падатковага рэжыму. У прыватнасці, прапануецца знізіць падаткі на нерухомую маёмасць, зямлю, прыбытак. “Гэтыя прэферэнцыі вельмі патрэбны для таго, каб зацікавіць замежных інвестараў”, — звярнуў увагу кіраўнік НАН.
Паводле яго слоў, акадэмія навук мае шмат напрацовак, якія трэба ўкараняць у вытворчасць, аднак для гэтага неабходны інвестыцыі. “Таму “БелБіяград” прадугледжвае стварэнне ўмоў для прыцягнення інвестыцый. Мы не ставім задачу прыцягнення бюджэтных сродкаў, яны павінны быць пазабюджэтныя. Могуць быць і нацыянальныя інвестары, але ў большай меры мы арыентуемся на прыцягненне замежных інвестыцый, — адзначыў старшыня Прэзідыума НАН. — Мы будзем ствараць навукаёмістыя вытворчасці. У залежнасці ад напрамкаў дзейнасці яны будуць малатанажнымі або буйнатанажнымі. Там вучоныя змогуць рэалізаваць свае ідэі, распрацоўкі. Гэта вельмі важна”.

“БелБіяград” размесціцца ў Мінску на базе Акадэмгарадка, які знаходзіцца недалёка ад Парка высокіх тэхналогій. У цэлым іх дзейнасць будзе крыху падобная. “Гэта прыкладна тыя ж самыя ўмовы і прэферэнцыі, але адрозненне ў тым, што Парк высокіх тэхналогій — гэта камп’ютар, стол і мазгі. А нам трэба вырабіць інавацыйную прадукцыю і прадаць яе, атрымаць прыбытак. Гэта матэрыяльны прадукт”, — рэзюмаваў Уладзімір Гусакоў.

Ён расказаў, што на нарадзе Аляксандр Лукашэн ка дэталёва цікавіўся, наколькі гэты праект запатрабаваны жыццём і што ён дасць для развіцця навукі і эканомікі. Выслухаўшы дакладчыкаў, кіраўнік дзяржавы падтрымаў ідэю і агульныя падыходы па стварэнні “БелБіяграда”, у цэлым адобрыўшы праект указа. Разам з тым ён даручыў у найбліжэйшы час падрыхтаваць для яго падрабязную інфармацыю аб тым, як будзе арганізавана дзейнасць навукова-тэхналагічнага парка.