Беларусь разлічвае на рэалізацыю новых буйных праектаў з удзелам кітайскай карпарацыі “СІЦІК Груп”. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэзідэнтам карпарацыі Ван Цзюнам.
“У найбліжэйшы час, хутчэй за ўсё ў верасні, мы правядзём перагаворы на найвышэйшым узроўні ў Пекіне з маім калегам Сі Цзіньпінам. У нас ёсць шырокі парадак дня, шмат пытанняў, якія мы павінны ўзгадніць і вырашыць. Не ўтаю: мы вельмі разлічваем, што да гэтага часу з вашай кампаніяй нашы міністэрствы і ведамствы, прадпрыемствы і холдынгі не толькі знойдуць тэмы для перагавораў, але і падрыхтуюць праекты дакументаў па рэалізацыі сур’ёзных праектаў у дзвюх краінах і перш за ўсё ў Беларусі”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ўжо многае зроблена з удзелам карпарацыі “СІЦІК Груп”. “Ваша кампанія — адна з найбуйнейшых у свеце, і для мяне вялікае задавальненне супрацоўніцтва з такой кампаніяй. Вы ведаеце аб стратэгічным характары ўзаемаадносін КНР і Беларусі, і работа вашай кампаніі ў Беларусі арганічна ўплятаецца ў тканіну гэтых адносін”, — сказаў прэзідэнт.
Нягледзячы на пратакольны характар сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць і шэраг канкрэтных праектаў, пытанняў і праблем, якія, магчыма, існуюць у бакоў пры рэалізацыі сумесных праектаў. “Думаю, гэта трэба сёння зрабіць, каб не было наперадзе нейкіх праблем і недагаворанасці. Калі ёсць праблемы, мы гатовы іх вырашыць вельмі хутка”, — запэўніў беларускі лідар.
У сваю чаргу Ван Цзюн адзначыў, што ўсе работы, якія праведзены яго кампаніяй па праектах у Беларусі, у тым ліку ў сферы вытворчасці цэменту, легкавых аўтамабіляў, мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната, выконваюцца даволі паспяхова. “Адразу пасля прыезду ў Беларусь я наведаў пляцоўку праекта па будаўніцтве аўтамабільнага завода “Белджы” і выслухаў даклады ўдзельнікаў праекта, — сказаў ён. — Мы гарантавана выканаем усю работу і здадзім вам праект да канца гэтага года. А да канца чэрвеня наступнага года таксама здадзім праект па мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната”.
Як расказаў Ван Цзюн журналістам па выніках перагавораў, на праведзеных сустрэчах з прэзідэнтам і ва ўрадзе Беларусі абмяркоўваліся праекты, якія ўжо рэалізуюцца, так і перспектыўныя планы супрацоўніцтва. “Мы падпісалі дакументы аб супрацоўніцтве па стварэнні вытворчасці спецмашын, сумеснага інвестыцыйнага фонду, вытворчасці ў сферы сельскай гаспадаркі. З цягам часу адкрываюцца ўсё новыя магчымасці для развіцця бізнесу”, — адзначыў прэзідэнт карпарацыі “СІЦІК Груп”.
Паводле яго слоў, сумесны інвестыцыйны фонд будзе карысны для адкрыцця магчымасцей у рэалізацыі праектаў у вытворчай сферы, у тым ліку па стварэнні прадпрыемства па глыбокай перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.
Ван Цзюн адзначыў, што цяпер вядзецца работа па дэталёвай прапрацоўцы шэрага новых праектаў. “СІЦІК Груп” з’яўляецца сусветнай комплекснай інвестыцыйнай кампаніяй, і мы бачым вельмі добрыя магчымасці для бізнесу ў Беларусі. У тым ліку мы бачым вашы перавагі ў дзяржаўнай падтрымцы, высокім узроўні персаналу, сабекошце вытворчасці і па іншых напрамках”, — сказаў кіраўнік кітайскай карпарацыі.
Аб падрабязнасцях праведзенай сустрэчы журналістам таксама расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант. “Менавіта такія партнёры (як карпарацыя “СІЦІК Груп”. — Заўвага БелТА.), пра што гаварыў прэзідэнт, ствараюць эканоміку, фундамент двухбаковых адносін, даюць магчымасць рухацца далей і паглыбляць усебаковае стратэгічнае партнёрства”, — сказала яна.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў кітайскіх партнёраў ставіцца да беларускага народа і Беларусі як да вельмі блізкай дзяржавы, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць дзвюх краін.
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падкрэсліў важнасць таго, каб любы сумесны праект і прадукт ствараўся з высокай дабаўленай вартасцю, з мінімальнымі выдаткамі і выкарыстаннем самых высокіх тэхналогій. Акрамя таго, партнёры павінны адразу бачыць і прапрацоўваць патэнцыяльныя рынкі збыту прадукцыі. Яшчэ адзін акцэнт зроблены на найхутчэйшай рэалізацыі намечаных планаў. “У нас адкрытая эканоміка, і мы першапачаткова павінны з гэтай прадукцыяй разам імкнуцца на сусветныя рынкі. Нам патрэбны высокатэхналагічная вытворчасць і тавар, які мы зможам рэалізоўваць па ўсім свеце”, — адзначыла прэс-сакратар.
У сваю чаргу кіраўніцтва “СІЦІК Груп” таксама бачыць шырокія магчымасці для развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю. Пры гэтым заяўлена аб намеры не толькі аказваць садзейнічанне ў пашырэнні партнёрства па сваёй лініі, але і дапамагаць у прыцягненні ў Беларусь у якасці партнёраў вядучых кітайскіх карпарацый. Беларусь разглядаецца як плацдарм для будучага развіцця бізнесу ў Еўропе. Адзначана таксама, што пасля вяртання ў Кітай плануецца сабраць вялікую групу экспертаў і спецыялістаў, каб разам з імі па гарачых слядах ацаніць агульныя магчымасці і выбудаваць генеральную лінію далейшага супрацоўніцтва з Беларуссю.
Як паведамлялася, мемарандум аб супрацоўніцтве па стварэнні сумеснага інвестыцыйнага фонду Бела русі і Кітая быў падпісаны напярэдадні. Таксама з удзелам ААТ “Амкадор” — кіруючая кампанія холдынга” падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве ў галіне сельгасмашынабудавання і аб стварэнні сумеснага сельскагаспадарчага холдынга. Акрамя таго, падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ЗАТ “Абсалютбанк” і CITIC Construction Co., Ltd.
Чакаецца, што ў Калодзішчах будзе створаны завод па вытворчасці тэлескапічных і каўшовых пагрузчыкаў, энерганасычаных трактароў, у Наваполацку — сумесны трактарны завод, дзе плануецца выпускаць да 50 тысяч адзінак тэхнікі ў год.
У склад карпарацыі “СІЦІК Груп” уваходзяць больш за 40 даччыных кампаній і банкаўскіх структур, якія зарэгістраваны і ажыццяўляюць дзейнасць як у Кітаі, так і за мяжой (у ЗША, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах). Асноўнымі напрамкамі дзейнасці кампаній карпарацыі з’яўляюцца фінансавая дзейнасць, нерухомая маёмасць і будаўніцтва, асваенне прыродных рэсурсаў, інфармацыйныя тэхналогіі, прамысловасць, гандаль і паслугі.
Пачынаючы з 2009 года сем гадоў запар “СІЦІК Груп” уваходзіла ў рэйтынг “500 найбуйнейшых кампаній у свеце”, пры гэтым у 2015 годзе заняла 186-е месца. Цяпер кампанія рэалізуе праекты ў Кітаі і за мяжой на агульную суму амаль $40 млрд, кошт рэалізаваных праектаў складае больш як $15 млрд.
У Беларусі кампанія рэалізавала праект па будаўніцтве пад ключ трох цэментных заводаў. Цяпер ажыццяўляе праекты па будаўніцтве аўтамабільнага завода “Белджы” і мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната. У маі 2016 года кампанія пачала рэалізацыю праекта па будаўніцтве за кошт уласных інвестыцый шматфункцыянальнага комплексу па праспекце Пераможцаў у Мінску.