Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Залогам дасягнення агульных мэт інтэграцыі прадаўжае заставацца канструктыўны дыялог у палітыцы, эканоміцы, бяспецы, сацыяльнай і культурнай сферах”

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Саюзнае будаўніцтва Беларусь і Расія вядуць у няпростых умовах. На гэты факт звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета, якое прайшоло ў Мінску.

“Нашу інтэграцыю выпрабоўваюць на трываласць глабальная эканамічная нестабільнасць, крызіс даверу ў міжнародных адносінах, эскалацыя ўзброеных канфліктаў і абвастрэнне інфармацыйных войнаў”, — адзначыў беларускі лідар.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя, якая склалася, не павінна ўплываць на расстаноўку прыярытэтаў у рабоце Саюзнай дзяржавы. І найважнейшы з іх — усебаковае супрацоўніцтва дзеля дабрабыту народаў.
“Залогам дасягнення агульных мэт інтэграцыі прадаўжае заставацца канструктыўны дыялог у палітыцы, эканоміцы, бяспецы, сацыяльнай і культурнай сферах”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён упэўнены, што для гэтага ў дзвюх краін ёсць усе ўмовы.
Ён дадаў, што на абмеркаванне ВДС выносяцца найбольш актуальныя пытанні саюзнага будаўніцтва, якія не датычацца двухбаковых адносін, дзе яны вырашаюцца ў бягучым рэжыме.
“Думаю, вы згодзіцеся, што ў рамках створанай намі інтэграцыі ёсць усе ўмовы, каб працаваць узгоднена, зладжана, як гаворыцца, з дакладнасцю гадзіннікавага механізма”, — звярнуўся Прэзідэнт Беларусі да ўдзельнікаў пасяджэння.
Ён адзначыў, што на пасяджэнні ВДС прапануецца абмеркаваць ход выканання намечаных прыярытэтных напрамкаў і задач развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву. Вызначыўшы іх год назад, бакі павінны дакладна разумець, дзе рушылі наперад, а дзе прабуксоўваюць, лічыць беларускі лідар.
“Вядучыя сусветныя дзяржавы і краіны-суседзі ўдзяляюць асаблівую ўвагу знешнепалітычнай актыўнасці Беларусі і Расіі, ваенным аспектам нашага супрацоўніцтва”, — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы. У парадак дня пасяджэння быў унесены разгляд і зацвярджэнне Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2016—2017 гады. На думку беларускага лідара, бакам неабходна ў поўнай меры ўлічыць вопыт эфектыўнай работы ў рамках выканання папярэдняга аналагічнага дакумента.
“Ваенна-палітычныя крызісы, якія захоўваюцца, вяртанне шэрага краін да блокавага мыслення, паўсюднае выкарыстанне санкцый як інструмента палітычнага націску вымушаюць нас трымаць порах сухім. Таму асаблівая ўвага будзе ўдзелена абароннаму будаўніцтву”, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Беларусь і Расія не ў поўнай меры рэалізуюць патэнцыял гандлёва-эканамічных адносін, са шкадаваннем адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета.
“У сітуацыі агульнасусветнага пагаршэння эканамічнай кан’юнктуры гэта наўрад ці апраўдана”, — лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнты Беларусі і Расіі дамовіліся, што бакі павінны прадумаць, як узаемавыгадна задзейнічаць і максімальна выкарыстаць рэсурсы дзвюх краін.
“Ужо трэці год, на жаль, адзначаецца падзенне ўзаемнага тавараабароту. У 2015 годзе ён знізіўся больш як на чвэрць. Гэтую негатыўную тэндэнцыю мы можам і павінны пераламаць сумеснымі намаганнямі”, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што любыя дысбалансы ў адносінах паміж краінамі, няўзгодненасць у правядзенні эканамічнай палітыкі адчувальныя для ўзаемнага гандлю, і аб гэтым таксама ішла размова на пасяджэнні ВДС у вузкім складзе. “Таму ўстараненне бар’ераў, забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання адзінага рынку тавараў, паслуг і капіталу, а таксама ўзаемная падтрымка — зоны нашага агульнага інтарэсу”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Расія настроена і далей паслядоўна рухацца па шляху ўзаемавыгаднай раўнапраўнай інтэграцыі з Беларуссю ў агульнай Саюзнай дзяржаве, заявіў на пасяджэнні ВДС Саюзнай дзяржавы Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі таксама выказаў упэўненасць, што такі ж настрой будзе і ў далейшым дэманстраваць беларускі бок. За час існавання Саюзнай дзяржавы ўдалося многага дабіцца. У прыватнасці, умацаваць гандлёва-эканамічныя, навукова-тэхналагічныя, адукацыйныя і культурныя сувязі, нарасціць дагаворна-прававую базу ў розных галінах супрацоўніцтва. “Паспяховы беларуска-расійскі вопыт садзейнічаў і садзейнічае развіццю інтэграцыйных працэсаў на ўсёй прасторы СНД. Існуючыя напрацоўкі актыўна выкарыстоўваліся пры стварэнні Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы і, нарэшце, Еўразійскага эканамічнага саюза”, — нагадаў Уладзімір Пуцін.
Расійскі прэзідэнт лічыць, што больш высокую аддачу для развіцця гаспадарчых сувязей можа прыносіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. У 2015 годзе Беларусь наведалі больш як 40 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў. Уладзімір Пуцін падзякаваў беларускаму калегу за тое, што ён удзяляе гэтаму напрамку супрацоўніцтва вялікую ўвагу, і пацвердзіў свае планы прыняць удзел у III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Беларусі ў чэрвені.
“І ў Расіі, і ў Беларусі дастаткова ўнутраных рэзерваў, задзейнічаўшы якія, мы зможам аднавіць устойлівыя тэмпы эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы, вярнуць узаемны гандаль на траекторыю ўстойлівага росту”, — упэўнены Уладзімір Пуцін.
Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што менавіта на гэта павінна быць арыентавана і далейшая рэалізацыя прынятых у сакавіку 2015 года праграмных дакументаў. “Шэраг пазіцый адлюстраваны ў плане мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ў спісе прыярытэтных задач развіцця Саюзнай дзяржавы да 2017 года”, — дадаў ён.

* * *

Па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зацвердзілі пакет з 13 дакументаў, які датычыцца, у прыватнасці, вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін у мінулым годзе, а таксама планаў на бягучы год.
Акрамя таго, прэзідэнты адобрылі справаздачу аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы і зацвердзілі бюджэт на 2016 год.
У ліку іншых прынятых рашэнняў — пытанні аб выкананні праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2014—2015 гады і праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2016—2017 гады, а таксама аб планаванні прымянення рэгіянальнай групоўкі войск Беларусі і Расіі.
Кіраўнікі дзяржаў таксама зацвердзілі рашэнні аб дзяржсакратары Саюзнай дзяржавы, аб асноўных пытаннях да пасяджэнняў Вышэйшага дзяржсавета на 2016 год, аб ходзе выканання прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву (2014—2017 гады).
Лідары адобрылі рашэнне аб прысуджэнні прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015—2016 гады.