Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі”

- 12:01Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочым візітам Расійскую Федэрацыю для ўдзелу ў пасяджэннях Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Сустрэча лідараў краін Садружнасці пачалася з пратакольных мерапрыемстваў.

Перагаворы прэзідэнтаў прайшлі спачатку ў вузкім складзе. Кіраўнікі дзяржаў комплексна абмеркавалі ўзаемадзеянне ў фармаце Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Так, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні ў вузкім складзе Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД раскрытыкаваў дзейнасць Міжпарламенцкай Асамблеі СНД.

“Калі гэтая структура не працуе, можа, і адмовіцца ад яе? Хоць мы прапаноўвалі надзяліць яе пэўнымі, канкрэтнымі паўнамоцтвамі. Мы там нейкія мадэльныя законы прымаем, але ніводны з іх, напрыклад, у Беларусі не быў пакладзены ў аснову прыняцця нацыянальнага заканадаўства. Такога ў прынцыпе ніколі не было”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

“Атрымліваецца, што дэпутаты збіраюцца ў Піцеры, нібыта нешта абмяркоўваюць, гавораць. Але нават мы аб гэтым нічога не ведаем, таму што гэта не запатрабавана, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Чыноўнікаў плодзім незлічоную колькасць, а толку мала”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што да гэтых пытанняў неабходна падысці грунтоўна. Паколькі нават на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў разглядаюцца не самыя актуальныя і надзённыя праблемы. “Шчыра кажучы, мы і самі тут на высокім узроўні прымаем рашэнні і не заўсёды рэалізоўваем іх. Ды і рашэнні, паглядзіце, не нашага ўзроўню: нейкія заявы і іншае”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, больш важная тэматыка гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, якую беларускі бок узнімаў не раз, і бяспекі. “Пытанні бяспекі — яны ўжо не стукаюць у дзверы, яны ўжо ў наш дом уварваліся. Мы іх абыходзім сарамліва: ці то баімся паставіць гэтыя пытанні, ці то разумеем, што не можам іх вырашыць”, — канстатаваў беларускі лідар.

“Робім выгляд, што ўсё ў нас добра, збіраемся, заявы робім, а, па сутнасці, эфектыўнасць вельмі нізкая. Можа, нам неяк вызначыць кола спецыялістаў, якія аб’ектыўна нам прапанавалі б сур’ёзную рэформу або структурызацыю ў нашай дзейнасці?” — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінуў год з дня прыняцця ў Бішкеку рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў аб адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Дакумент змяшчае дакладныя ўстаноўкі па развіцці і ўмацаванні Садружнасці. Лідары ўсіх краін пагадзіліся з неабходнасцю захавання арганізацыі. “Але мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Заяву аб запатрабаванасці Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі”, — заклікаў прэзідэнт.

Такія праблемы існуюць і ў ЕАЭС, адзначыў ён. Але там больш канкрэтны парадак дня і больш канкрэтныя рашэнні, паколькі значнасць саюза вельмі высокая. “Я згадзіўся б з тым, каб у ЕАЭС было і парламенцкае вымярэнне, таму што ёсць што там абмяркоўваць. Трэба да прытомнасці прыводзіць нашы постсавецкія структуры”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што яго пазіцыю падтрымліваюць кіраўнікі іншых краін.

Пасля завяршэння перагавораў у вузкім складзе да кіраўнікоў дзяржаў далучыліся члены дэлегацый і на пасяджэнні падрабязна разглядзелі далейшае развіццё супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай і іншых ключавых сферах дзейнасці Садружнасці.

Усяго парадак дня сустрэчы ўключаў 17 пытанняў. Аднымі з найбольш значных з’яўляліся праекты заявы кіраўнікоў дзяржаў аб падтрымцы інстытута сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей і канвенцыі аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

У гуманітарнай сферы разгледжана рашэнне аб аб’яўленні ў СНД 2019 года Годам кнігі, 2020 года — Годам 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб рэалізацыі міждзяржаўнай праграмы “Культурныя сталіцы Садружнасці” ў 2018 годзе ў Арменіі, у 2019 годзе — у Беларусі, у 2020 годзе — у Казахстане.

Традыцыйна ў парадак дня пасяджэння была ўключана тэматыка гарантавання бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам у рэгіёне і свеце ў цэлым. Адным з пунктаў перагавораў стаў разгляд шляхоў удасканалення дзейнасці Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і яе адаптацыі да сучасных рэалій.

Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Лідары краін ЕАЭС разгледзелі 16 пытанняў — ад рэалізацыі лічбавага парадку дня саюза і асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці да правядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе.