Аляксандр Молаш стаў дырэктарам Падстарынскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна ў 26-гадовым узросце і ўласным прыкладам даказаў, што немагчымае магчыма. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Калі ёсць мэта, знойдзецца і шлях, — лічыць малады кіраўнік, у сям’і якога і маці, і бабуля былі педагогамі. Выпускнік Пінскага педкаледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна пачынаў працоўны шлях у Запалянскай сярэдняй школе, але на дасягнутым не спыніўся і прадоўжыў адукацыю ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
За 10 гадоў работы Аляксандру Сяргеевічу ні разу не захацелася сысці з прафесіі. Усё, чым ён займаецца, яму вельмі падабаецца. Асабліва імпануюць імклівы рытм педагагічнай і кіраўніцкай дзейнасці, а таксама штодзённыя дзіцячыя ўсмешкі, якія дораць радасць і натхняюць на далейшую працу.
Настаўнікам нямецкай мовы Аляксандр Молаш стаў невыпадкова. У дзяцінстве ён цікавіўся маркамі нямецкіх аўтамабіляў і захапляўся творчасцю нямецкай рок-групы Scorpions. Але не толькі гэта падтрымлівала цікавасць да прадмета, які будучы педагог вывучаў з 4 класа. Моўныя здольнасці дапамаглі развіць настаўнікі Наталля Міхайлаўна Басалай і Наталля Міхайлаўна Пагуда.
Дырэктарам школы Аляксандр Сяргеевіч станавіцца не збіраўся. Усё атрымалася неяк само сабой.
— Мы адразу заўважылі лідарскія, творчыя і арганізатарскія здольнасці маладога педагога, яго камунікабельнасць, прыстойнасць, мэтанакіраванасць, ініцыятыўнасць і адданасць любімай справе, — гаворыць начальнік аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Патоцкая. — Аляксандр Молаш з лёгкасцю ўспрымае новыя ідэі, бачыць перспектывы дзейнасці і ўмее павесці за сабой калектыў, узяць адказнасць за даручаную справу і людзей.
На момант свайго прызначэння Аляксандр Сяргеевіч быў самым маладым кіраўніком школы ў раёне. Аказаны давер да многага абавязваў. Дырэктар выдатна разумеў, што павінен усяляк апраўдаць яго. І апраўдаў.
— На дырэктарскай пасадзе ўсё было ў навінку, — прызнаецца Аляксандр Молаш. — Да гэтага адказваў толькі за клас, дзе вёў урокі, а цяпер давялося адказваць не толькі за ўвесь настаўніцкі калектыў і ўсіх дзяцей, але і за стан будынка, тэрыторыі школы. Гэтаму ніхто не вучыў ні ў каледжы, ні ва ўніверсітэце. Гэтаму вучыць школа жыцця.
Аляксандр Сяргеевіч вельмі ўдзячны за падтрымку калегам: дырэктару Запалянскай сярэдняй школы Наталлі Мікалаеўне Ціток, дырэктару сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Алегу Аляксеевічу Кузьміну і дырэктару Стайкаўскай сярэдняй школы Аксане Мікалаеўне Байбак.
— Спачатку было нялёгка, — успамінае першыя працоўныя дні кіраўнік. — У кабінеце — стосы нарматыўных дакументаў, якія трэба было хутка вывучыць. Добрым памочнікам у гэтай справе з’яўляецца для мяне вопытны намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Тамара Аляксееўна Шляжка.
Дырэктарскія будні пачаліся з замены плоту і вырашэння гаспадарчых пытанняў. У школы, пабудаванай у 1974 годзе, праблем хапала. На дапамогу маладому кіраўніку прыйшлі бацькі, мясцовыя прадпрымальнікі, старшыня сельвыканкама Алег Велясніцкі, дырэктар ААТ “Падстарынь” Сяргей Шамярэй і генеральны дырэктар ААТ “Івацэвічдрэў” Аляксандр Ільніцкі, якім неабыякавыя школьныя праблемы. Дзякуючы спонсарам, удалося паставіць новую бетонную агароджу, зрабіць каналізацыю на першым паверсе будынка, абнавіць мэблю ў кабінетах, абсталяваць дзіцячую пляцоўку, пакласці плітку ў двары…
Калі Аляксандр Молаш 4 гады назад узначаліў школу, у ёй не было 10—11 класаў. Перспектывы ўстановы адукацыі, дзе тады атрымлівалі веды каля 90 дзяцей, выглядалі туманнымі. Неабходна было захаваць школу сярэдняй. А адказвае за гэта дырэктар. Сёння ўстанову наведваюць больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак.
З людзьмі маладому кіраўніку працуецца лёгка. Ён добра разумее падначаленых, а яны — яго. Аляксандр Сяргеевіч адносіцца з павагай і да дзяцей, умее, як кажуць, гаварыць на іх мове ў розных сітуацыях.
— Дзеці змалку павінны выхоўвацца ў акіяне бацькоўскай любові, тады яны змогуць дзяліцца гэтай любоўю з іншымі і глядзець на жыццё з пазітывам. А дасягнуць поспеху без гэтага немагчыма, — лічыць Аляксандр Молаш.
Калі перад школай ставіцца нейкая задача, ён збірае калектыў, абмяркоўвае яе, уважліва і паважліва выслухоўвае розныя меркаванні, пасля чаго прыходзіць да пэўнай высновы.
— Дрэнных падначаленых не бывае, — упэўнены дырэктар. — Усе мае калегі кампетэнтныя, але ў кожнага свой характар і свае асаблівасці. І ўсіх трэба паважаць. Будучы непапраўным аптымістам, заўсёды кажу: “Усё немагчымае — магчыма!” Калі ў кагосьці нешта не атрымліваецца, абавязкова падбадзёрваю і адчуваю, што мая энергія перадаецца чалавеку.
Нездарма педагогі кажуць, што з прыходам Аляксандра Сяргеевіча ў школе літаральна змянілася паветра. Ад кіраўніка многае залежыць. Зарад бадзёрасці і аптымізму атрымліваюць і дзеці, і настаўнікі. А затым гэты зарад вяртаецца назад.
Аляксандру Молашу камфортна не толькі ў школе, але і ў сям’і, дзе яго чакаюць з работы два маленькія сыны. Тата любіць бавіць з імі вольны час. Але пры гэтым не забывае і пра шматлікія захапленні: баскетбол, фотасправу, тэатр, вандроўкі па Беларусі…
Нягледзячы на невялікі стаж работы, на рахунку маладога кіраўніка, старшыні маладзёжнага савета Івацэвіцкай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза, ужо шмат узнагарод, атрыманых за добрасумленную працу і поспехі ў навучанні і выхаванні моладзі. Сярод апошніх — перамога ў абласным этапе рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”. І гэта заканамерна для чалавека, які гарыць любімай справай і ў якога ўсё гарыць у руках.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА