У жыцці і прафесійнай дзейнасці дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Аляксандр Юшчук кіруецца прынцыпам “што ні робіцца — усё да лепшага”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У школе ён захапляўся дакладнымі навукамі і марыў атрымаць інжынерную спецыяльнасць у Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, але па збегу акалічнасцей аказаўся ў тагачасным Кобрынскім ПТВ № 105 народных мастацкіх промыслаў. Там набыў кваліфікацыю разьбяра па дрэве і бяросце, тым самым працягнуўшы сямейную традыцыю — абодва дзяды займаліся сталярствам.
— У юнацтве я нават не мог уявіць, што калі-небудзь буду вучыцца ва ўстанове, размешчанай літаральна праз дарогу ад бацькоўскага дома, а затым яшчэ і ўзначалю яе, — усміхаецца Аляксандр Пятровіч, які зусім не шкадуе пра дзіўныя перыпетыі лёсу.
У вучылішчы юнаку цяжкавата даваўся жывапіс, але, дзякуючы працавітасці, закладзенай у дзяцінстве бацькамі, ён паспяхова авалодаў неабходнымі ўменнямі і навыкамі, што красамоўна даказаў дыплом з адзнакай. Аднак на гэтым малады спецыяліст не спыніўся і паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, дзе атрымаў кваліфікацыю настаўніка мастацтва і чарчэння, майстра-педагога.
— Вучоба падабалася, — гаворыць Аляксандр Юшчук. — І ў школе, і ва ўніверсітэце мне вельмі шанцавала з выкладчыкамі, у іх многаму навучыўся. Прафесійную дзейнасць пачаў яшчэ чацвёртакурснікам — настаўнікам працоўнага навучання ў адной з брэсцкіх школ, дзе на працягу года замацоўваў на практыцы тэарэтычныя веды. Больш за ўсё любіў нешта майстраваць з вучнямі. Гэта вельмі важна, бо яны павінны бачыць, як педагог сам працуе рукамі.
Нягледзячы на работу ў школе, Аляксандр Пятровіч дакладна не ўсведамляў тады, ці звяжа далейшае жыццё з педагогікай. Набытая адукацыя не абмяжоўвалася толькі ёй. Але лёс вырашыў па-свойму.
Пасля заканчэння ўніверсітэта маладога чалавека накіравалі майстрам вытворчага навучання ў тагачаснае Кобрынскае вышэйшае прафесійнае вучылішча выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Але доўга затрымацца там не давялося з-за тэрміновай службы ў арміі. Пасля яе Аляксандр Юшчук вярнуўся ў альма-матар, дзе за 16 гадоў прайшоў шлях ад майстра вытворчага навучання, намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце і вытворчым навучанні да кіраўніка.
— Прафесійнае станаўленне праходзіла не без цяжкасцей, — прызнаецца Аляксандр Пятровіч. — Давялося аператыўна ўдасканальваць неабходныя ўменні і навыкі, каб вучыць іншых. Так, асвоіў яшчэ 4 кваліфікацыі, якія спатрэбіліся не толькі ў прафесійнай дзейнасці. Цяжэй за ўсё спачатку давалася адміністрацыйная работа з-за недахопу адпаведнага вопыту, асабліва ў галіне дакументаабароту.
Дзякуючы прыроднай і сямейнай цягавітасці, Аляксандр Юшчук паступова і мэтанакіравана авалодваў кіраўніцкімі кампетэнцыямі, таму ні для каго з калектыву не стала нечаканым, калі яму неўзабаве прапанавалі ўзначаліць яго.
— Якраз у гэты момант перада мной паўстаў выбар — сысці ў прыватны бізнес ці застацца, — успамінае дырэктар. — Кінуць любімы калектыў я не мог, таму рашэнне застацца аказалася заканамерным. За 8 гадоў кіраўніцкай работы яно толькі ўмацавалася, хаця пачынаць было складана. На мяне ўскладалася вялікая адказнасць за стратэгію развіцця ўстановы, якасную падрыхтоўку кадраў і педагагічны калектыў. Крыху супакойваў ужо набыты вопыт работы. Тым не менш самым складаным спачатку аказалася выбудаваць канструктыўныя адносіны з падначаленымі ў новым статусе, вызначыць правільнасць і мэтазгоднасць прымаемых рашэнняў.
З цягам часу ў Аляксандра Пятровіча выпрацаваўся пэўны кіраўніцкі стыль, у аснове якога — пастаяннае самаўдасканаленне праз уважлівае вывучэнне чужога вопыту і актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, у тым ліку ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Дзякуючы гэтаму, дырэктару ўдаецца своечасова рэагаваць на запыты сучаснага рынку працы пры падрыхтоўцы спецыялістаў, паляпшаць работу ўстановы, чэрпаць і ўкараняць новыя ідэі.
Калектыў на чале з выдатнікам адукацыі Беларусі Аляксандрам Юшчуком робіць усё магчымае для таго, каб ганарыцца каледжам і яго выпускнікамі. Сёння тут набываюць прафесію амаль 530 навучэнцаў — будучых тэхнікаў-будаўнікоў, спецыялістаў па эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў, тэхнікаў-тэхнолагаў у галіне дрэваапрацоўчай вытворчасці, тынкоўшчыкаў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, муляраў, мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, электрагазазваршчыкаў, станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў, разьбяроў па дрэве і бяросце, выканаўцаў мастацка-афарміцельскіх работ і вытворцаў мастацкіх вырабаў з керамікі.
— Мы рыхтуем кадры новага пакалення, паспяховыя і ў зменлівым жыцці, і ў прафесіі, — падкрэслівае дырэктар. — Вырашаць пастаўленыя задачы дапамагаюць эфектыўныя формы і метады работы, выдатная матэрыяльна-тэхнічная база і супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў. Так, у каледжы дзейнічае цэнтр кампетэнцый тэхналогій дрэваапрацоўкі і сантэхнічных работ, дзе юнакі і дзяўчаты падчас вытворчага навучання і практыкі развіваюць адпаведныя прафесійныя ўменні і навыкі на сучасным абсталяванні па 4 спецыяльнасцях. Штогод праз цэнтр праходзіць больш за 830 навучэнцаў, у тым ліку з іншых устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. Акрамя таго, цэнтр адыгрывае важную ролю ў падрыхтоўцы да рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафмайстэрства WorldSkills Belarus і WorldSkills International.
Вялікая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Заключаны дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы з ААТ “Будаўнічы трэст № 8”, КУП “ЖРЭУ Брэста” і ТАА “Палімбуд плюс”, а таксама дагаворы аб супрацоўніцтве з РУП “Брэствадбуд” ПМК-52, ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” і ААТ “Кобрынскі інструментальны завод”, дзе навучэнцы праходзяць практыку і куды затым накіроўваюцца на работу. Акрамя таго, ёсць заяўкі на падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў ад 32 іншых арганізацый.
З 2022 года каледж з’яўляецца рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па распрацоўцы і апрабацыі тэхналогій дапоўненай рэальнасці ў адукацыйным працэсе, дзякуючы якой павышаецца ўзровень яго візуалізацыі, цікавасць да выкарыстання лічбавых AR-тэхналогій і матывацыя да прымянення гаджэтаў для вырашэння вучэбных задач.
— Праект ажыццяўляецца ў рамках спецыяльнасці “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”. У звычайных умовах яна прадугледжвае работу на адпаведных станках, якія з’яўляюцца крыніцай павышанай небяспекі, патрабуюць высокай канцэнтрацыі ўвагі, расходуюць шмат электраэнергіі і патрабуюць рэгулярнага абнаўлення расходных матэрыялаў, што істотна замаруджвае і ўскладняе адукацыйны працэс, — тлумачыць Аляксандр Юшчук. — Для яго аблягчэння быў набыты праграмна-апаратны комплекс — віртуальны дрэваапрацоўчы станок — і заключана пагадненне аб партнёрстве з ТАА “Гульні Розуму Софт”.
Адметнасць комплексу ў тым, што ён сумяшчае віртуальную і рэальную прастору, працуе ў рэальным часе і ў 3D-фармаце. Інтэрактыўнае рашэнне “змешвае” рэальныя загатоўкі дошак з іх віртуальнымі 3D-копіямі, а масагабарытны макет стала — з віртуальнымі 3D-мадэлямі розных станкоў. Дзякуючы тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, карыстальнік трымае ў руках стандартную загатоўку і стаіць за звычайным сталом, але бачыць майстэрню з адным з дрэваапрацоўчых станкоў. Пры гэтым рэальныя і віртуальныя аб’екты сінхранізуюцца ў рэжыме рэальнага часу, дазваляючы апрацоўваць загатоўкі з дапамогай віртуальнага станка і бачыць накладзеныя на рэальную загатоўку візуальныя эфекты, напрыклад, лінію прапілу. Акрамя таго, сістэма адсочвання становішча рук і відэазапіс работы на станках дазваляе без рызыкі правяраць яе правільнасць і выконваць нормы бяспекі.
Дзякуючы сур’ёзнаму падыходу да справы, скарбонка дасягненняў выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа пастаянна папаўняецца. За апошнія 5 гадоў яны атрымалі ў праектах, на конкурсах, аглядах, фестывалях, выставах і спаборніцтвах рознага профілю і ўзроўню больш за 200 дыпломаў і падзячных пісем. 3 педагогі і 29 навучэнцаў занесены ў банк даных спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адоранай моладзі.
Дэпутат раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Юшчук з аптымізмам глядзіць у будучыню, бо лічыць, што, дзякуючы настойлівай, карпатлівай і стваральнай працы, можна справіцца з усімі цяжкасцямі і праблемамі, звязанымі ў тым ліку з падрыхтоўкай педкадраў і іх замацавальнасцю ва ўстановах адукацыі. А што да перспектыў далейшага развіцця каледжа, то яны відавочныя — умелыя і працавітыя рукі будуць заўсёды і ўсюды запатрабаваны.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара