З будучай прафесіяй 32-гадовы дырэктар Ганцавіцкай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза А.П.Брынскага Аляксандр Заяц вызначыўся рана і без ваганняў, таму адчувае сябе ў ёй упэўнена і на дасягнутым спыняцца не збіраецца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— З дзяцінства прыцягвалі розныя краіны і кантыненты, культура, звычаі і традыцыі іх жыхароў, — гаворыць Аляксандр Валер’евіч. — А класны кіраўнік Тамара Міхайлаўна Савеня паказала, што геаграфія не толькі пашырае агульны кругагляд, але і дае рознабаковыя веды. У выніку прыклад любімага педагога прывёў мяне, актыўнага ўдзельніка прадметнай алімпіяды, на факультэт прыродазнаўства БДПУ.
Працоўны шлях малады настаўнік пачынаў у роднай сярэдняй школе № 3 Ганцавіч, дзе адразу папрасіў класнае кіраўніцтва.
— Цяжкасцей ніколі не баяўся і не звяртаў на іх увагі, — прызнаецца Аляксандр Заяц. — Педагагічны калектыў мяне прыняў добразычліва. Шматгадовы вопыт работы ў летніх аздараўленчых лагерах дапамог хутка знайсці агульную мову з вучнямі.
У настаўніцкай дзейнасці Аляксандр Валер’евіч актыўна звяртаецца да сучасных тэхналогій, аддаючы перавагу мультымедыйным і інфармацыйна-камунікацыйным, дзякуючы якім удаецца зацікавіць школьнікаў геаграфіяй і абысціся без грувасткіх энцыклапедый і шматлікіх кніг. Дзецям падабаюцца прэзентацыі, дакументальныя фільмы і факты не з падручнікаў. Нястомны пошук дапамагае ўдасканальвацца і развівацца самому.
Аляксандр Заяц не пазбаўлены здаровых амбіцый. Калі яму прапанавалі ў 30-гадовым узросце ўзначаліць школу, пагадзіўся адразу, бо ведаў: наперадзе шмат новага і цікавага. А да гэтага ён імкнуўся заўсёды.
— На кіраўніцкай пасадзе адаптаваўся даволі хутка, — заўважае дырэктар. — Асаблівыя цяжкасці спачатку выклікалі гаспадарчыя пытанні, але паспяхова справіцца з імі ахвотна дапамагала кіраўніцтва раённага аддзела па адукацыі.
Аляксандр Заяц лічыць сябе сучасным кіраўніком, здольным узяць у свае рукі час, які імкліва ляціць наперад. І гэта не дзёрзкая самаўпэўненасць, а цалкам апраўданая неабходнасць, што грунтуецца найперш на няспыннай самаадукацыі і самаразвіцці, прычым у самым шырокім сэнсе.
— Прагрэс не стаіць на месцы, — тлумачыць дырэктар. — Новыя тэхналогіі ў розных сферах з’яўляюцца амаль штодзень. Аб’ём ведаў чалавецтва імкліва павялічваецца. У такіх умовах сучасны кіраўнік павінен пастаянна адкрываць для сябе штосьці новае, актыўна выкарыстоўваць сучасныя сродкі навучання, якія істотна аблягчаюць атрыманне актуальных ведаў у любым месцы. Пры гэтым вельмі важна вучыцца ў іншых, пераймаць карысны вопыт, наведваць курсы павышэння кваліфікацыі, удзельнічаць у трэнінгах. Мне пашанцавала вучыцца ў такіх цудоўных людзей і кіраўнікоў, як Надзея Уладзіміраўна Здрок, Варвара Мікалаеўна Дыдышка і Наталля Антонаўна Снытко. Іх вялікі вопыт, адкрытасць і чалавечнасць дапамаглі выхаваць у сабе лепшыя якасці, якімі я ганаруся.
Аднак у пагоні за новымі ведамі, як лічыць Аляксандр Валер’евіч, не варта забываць і пра напрацоўкі папярэднікаў, што не страцілі сваю актуальнасць і сёння.
— Традыцыйныя веды — аснова адукацыі паспяховага кіраўніка, — працягвае дырэктар. — Не абыходжу ўвагай работы Антона Макаранкі, Льва Выгоцкага, Канстанціна Ушынскага, Васіля Сухамлінскага і многіх іншых выдатных педагогаў. У адукацыі ўсё пачынаецца з чалавека, а ўжо затым дапаўняецца сучаснымі тэхналогіямі і сродкамі. Галоўнае — выхаваць асобу і патрыёта.
Аляксандр Валер’евіч добра ведае гісторыю малой радзімы, краіны і свету, бо сучасны кіраўнік, на яго думку, гэта яшчэ і гісторык, ідэолаг, які задае духоўна-маральныя арыенціры.
Навучыцца разбірацца ў людзях і ў самім сабе дырэктару дапамагае мастацкая і навуковая літаратура, дзе выведзены розныя псіхатыпы асоб і якая перасцерагае ад памылак. Так, з твораў Фёдара Дастаеўскага ён засвоіў незаменнае правіла жыцця: жыві сумленна і табе ніколі не давядзецца стаць Раскольнікавым.
Малады дырэктар займаецца актыўнай грамадскай дзейнасцю, якая дазваляе весці за сабой не толькі калектыў, але і сям’ю, родных і сяброў. У 27-гадовым узросце ён стаў дэпутатам Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў.
— Мне не ўсё роўна, што адбываецца ў родным горадзе, — падкрэслівае Аляксандр Валер’евіч. — І я вельмі ўдзячны выбаршчыкам за іх давер. Не магу прайсці міма тых, каму патрэбна дапамога. Добрыя справы — найлепшая духоўная ежа. Пачніце з малога — і вы ўбачыце, наколькі адразу палепшыцца ваш настрой. Ніколі не заставайцеся ў баку ад чужых праблем. Замест пытання самому сабе “Чаму менавіта я?” скажыце лепш “Хто, калі не я?!”. Сваю задачу як дэпутата бачу ў тым, каб дапамагаць людзям і мяняць наша жыццё да лепшага агульнымі намаганнямі.
У сваёй рабоце, грамадскай дзейнасці і ў жыцці наогул ён кіруецца прынцыпам “не рабі, як сказаў я, а рабі, як я”.
— Кіраўнік заўсёды навідавоку. За ім уважліва сочыць грамадства. Ацэньвае, як ён гаворыць, апранаецца, што публікуе ў сацыяльных сетках, як паводзіць сябе ў вольны час, якія ў яго адносіны з роднымі і сябрамі. Нядзіўна, што кіраўнік павінен імкнуцца да ідэалу. Гэта вялікая праца, але да гэтага трэба прыйсці. Бо ад кіраўніка залежыць маральна-псіхалагічны клімат у калектыве, а ад правільнасці яго рашэнняў — дабрабыт і рэпутацыя ўстановы. На кіраўніка павінны раўняцца падначаленыя. Тады яго поспех стане для кагосьці зыходным пунктам для ўласнага самаразвіцця і дасягненняў. У выпадку з дырэктарам школы задача істотна ўскладняецца: за ім уважліва назіраюць яшчэ і дзеці, якія заўсёды бяруць у якасці прыкладу кагосьці вельмі добрага ці вельмі дрэннага. Таму імкнуся быць сумленным і разважлівым у праблемных сітуацыях, улічваць інтарэсы ўсіх падначаленых і прымаць справядлівыя рашэнні, займацца самаадукацыяй і самаразвіццём, добра ведаць гісторыю і не паўтараць памылкі мінулага. Толькі тады я стану станоўчым прыкладам для вучняў. А калі кожны кіраўнік стане ім для свайго калектыву, сваіх сяброў, сям’і і дзяцей, то зробіць навакольны свет лепшым. Поспех як вірус: калі ім не хварэеш, то нікому не перадасі, — упэўнены Аляксандр Заяц.
Вольнага часу ў яго заўсёды амаль не было. А сёння тым больш: летась дырэктар паступіў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на спецыяльнасць “Дзяржаўнае будаўніцтва”. Але калі ўсё ж такі з’яўляецца вольная хвілінка, Аляксандр Валер’евіч імкнецца правесці яе з максімальнай карысцю: чытае, займаецца спортам, сустракаецца з рознымі людзьмі, каб паразмаўляць з імі пра жыццё.
Менавіта цікавасць да людзей і жыцця ў розных праяўленнях і прывяла маладога кіраўніка на конкурс “Педагагічны дэбют”, па выніках абласнога этапу якога ён стаў лаўрэатам у адпаведнай намінацыі. Можна не сумнявацца, што на гэтым Аляксандр Заяц не спыніцца. У яго характары — імкнуцца да большага.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ