Амаль 100 навучэнцаў каледжаў з усёй Магілёўшчыны аб’ядналі спаборніцтвы па сілавым трохбор’і

- 16:26Образование

Такія спаборніцтвы арганізоўваюць на Магілёўшчыне не ўпершыню. Яны набіраюць папулярнасць сярод моладзі, расказаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Зараз колькасць удзельнікаў значна большая, чым раней. Гэта сведчыць аб тым, што ва ўстановах прафесійнай адукацыі якасна праводзіцца фізкультурна-аздараўленчая работа. Навучэнцы сапраўды зацікаўлены рэгулярным займаннем спортам. Адметна, што для гэтага створаны ўсе ўмовы: у кожным каледжы належная спартыўная база, — паведаміў суразмоўнік.

Перад пачаткам стартаў І. Лашкевіч сумесна з сярэбраным прызёрам Алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы Андрэем Рыбаковым павітаў спартсменаў. А пасля разам з сынамі падтрымаў моладзь уласным прыкладам. У практыкаванні жым штангі лежачы на лаве І. Лашкевіч узяў вагу 95 кг. Добра выступілі і хлопчыкі: у дзевяцігадовага Ігара вынік 35 кг, у васьмігадовага Антона — 20 кг.

Непасрэдна ў ходзе турніру маладыя людзі спаборнічалі ў 13 вагавых катэгорыях ад 50 да плюс 85 кг. Удзельнікі выконвалі тры падыходы ў трох практыкаваннях спартыўнай праграмы. Яны прысядалі са штангай на плячах, рабілі жым штангі лежачы на лаве і станавую цягу.

Юныя аматары сілавога трохбор’я паказалі выдатную спартыўную падрыхтоўку. Былі нават пэўныя рэкорды. Напрыклад, навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання здолела ўзяць вагу ў станавой цязе ў 132,5 кг! Аляксей Ганькоў і Аляксандр Мірымбаеў з Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Уладзіслаў Звягінцаў з Бабруйскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа і Аляксей Рымар з Бабруйскага дзяржаўнага каледжа імя А.Я. Ларына ў станавой цязе паднялі вагу у 190 кг.

Па агульнакамандных выніках сярод навучэнцаў устаноў ССА пераможцамі сталі прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Другое месца заваявалі навучэнцы Архітэктурна-будаўнічага каледжа БРУ, трэцяе — Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Сярод зборных каманд устаноў ПТА па групе дзяўчат лідарамі сталі навучэнкі Магілёўскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, Бабруйскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага каледжа і Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П. Старавойтава. У групе юнакоў не было роўных прадстаўнікам Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага, Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхнічнага каледжа і Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Магілёўскага абласнога цэнтра
фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў