Амаль 3 тыс. адзінаццацікласнікаў краіны збярэ рэспубліканскае свята апошняга званка ў Брэсце

- 9:40Новости

Удзельнікі рэспубліканскага свята апошняга званка ўскладуць кветкі да Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэ­пасць-герой”, пройдуць па цэнтральных вуліцах горада вясёлай і шумнай калонай, наведаюць святочны канцэрт з сучаснымі айчыннымі выканаўцамі… Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Асаблівая пашана — лепшым выпускнікам. Пераможцы міжнародных і рэспуб­ліканскіх алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцт­ваў і турніраў атрымаюць на сцэнічнай пляцоўцы гарадскога Парку культуры і адпачынку каштоўныя падарункі і прызы.

Аляксандр Ракала, адзінаццацікласнік Церабяжоўскай сярэдняй школы Столінскага раёна:

— Крыху сумна развітвацца з роднай школай, настаўнікамі і аднакласнікамі, з якімі звязана частка жыцця, але яно не стаіць на месцы, трэба рухацца далей. Наперадзе гарачая пара — выпускныя экзамены і ўступная кампанія.

Школьныя гады праляцелі незаўважна. Больш за ўсё запомніліся шматлікія паездкі па любімай краіне. Сярод найбольш запамінальных — экскурсія ў Нацыянальны банк Беларусі. На ўсё жыццё, без перабольшання, застануцца ўспаміны пра ўдзел у міжнародным культурна-адукацыйным праекце “Цягнік Памяці”. Неад’емнай часткай насычанага школьнага жыцця былі розныя спартыўныя мерапрыемствы, якія загартоўвалі фізічна і духоўна: “Скураны мяч”, “Каласок”, “Снежны снайпер”, спаборніцтвы па баскетболе і лёгкай атлетыцы.

Школа — гэта час сталення і станаўлення асобы. Менавіта тут знайшоў добрых і надзейных сяброў. Вельмі ўдзячны педагогам. Кожны з іх — прыклад для пераймання. Асаблівая падзяка класным кіраўнікам — Вадзіму Мікалаевічу Шпакевічу і Інесе Паўлаўне Багатка, якія шчыра аддавалі свае сэрцы дзецям.

Далейшае жыццё хачу звязаць з эканомікай, таму планую паступаць у БДЭУ. Але гэтым планы не абмяжоўваюцца! Ёсць мэта — буду ўвасабляць яе ў жыццё!

Марта Бальшакова, адзінаццацікласніца ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста:

Усе дзеці мараць як мага хутчэй стаць дарослымі. І я не выключэнне. Першакласніцай зразумела, што ўжо не змагу гэтак жа бесклапотна праводзіць час, як раней, і што некаторыя моманты ў жыцці не вернеш. Але да заканчэння школы яшчэ было далёка, таму хвіліны суму хутка праходзілі і я па-ранейшаму бегла басанож на вуліцу гуляць з сябрамі ў любімыя даганялкі. І толькі праз 11 гадоў адчуванне перамен стала незваротным.
Самота ад расставання са звыклым чаргуецца з радасцю і энтузіязмам перад сустрэчай з загадкавай будучыняй.

Не магу паверыць, што зусім хутка стану студэнткай. Я ніколі не забуду дні, праве­дзеныя ў ліцэі. Менавіта тут зразумела, наколькі важная ўзорная вучоба і як яна спатрэбіцца ў будучыні. І гэта тычыцца не толькі прафесіі. Выбіраючы больш складаны шлях, мы робім выбар на карысць сабе, бо такі шлях прымушае лепш старацца. За плячыма — перамогі ў абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры і заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Рыхтавацца да гэтых выпрабаванняў было нялёгка, але я ні разу не пашкадавала, што ўдзельнічала ў іх. Алімпіядны рух падарыў каштоўны вопыт і новыя знаёмствы.

У ліцэі я не толькі атрымлівала веды, але і вучылася выбудоўваць зносіны з людзьмі, працаваць у камандзе, спрабавала сябе ў розных сферах. Вельмі ўдзячна педагогам, асаб­ліва класнаму кіраўніку настаўніцы англійскай мовы Наталлі Мікалаеўне Рамановіч і настаўніку рускай мовы і літаратуры Ільі Міхайлавічу Пархуцічу. Без іх падтрымкі я наўрад ці дасягнула б таго, што маю.

Выбар профілю ў ліцэі дапамог з будучай прафесіяй. Люблю англійскую мову і матэматыку, з якімі планую набыць эканамічную спецыяльнасць ва УВА. Але галоўная мара звязана са шчаслівым і мірным жыццём, дружнай сям’ёй і любімай справай. Хочацца, як гаварыў Канфуцый, выбраць работу па душы, каб не давялося працаваць ніводнага дня ў жыцці.

Перад выхадам на шырокія прасторы самастойнага шляху хочацца пажадаць сёлетнім выпускнікам спадарожнага ветру, настойлівасці і мэтанакіраванасці ў дасягненні запланаванага, а яшчэ — не забываць родную школу, дзе іх заўсёды чакаюць любімыя настаўнікі. 

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ