У межах VIII з’езда педагогаў і работнікаў адукацыі краін — удзельніц СНД, які адбыўся на базе Армянскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Х.Абавяна (Ерэван), нагрудны знак “Выдатнік адукацыі краін СНД” атрымала выхавальніца санаторнага дзіцячага сада Смаргоні Анастасія Маршалак.
У Смаргоні пусціла свае карані
— Нашы прафесійныя планы часта зараджаюцца ў раннім узросце. Анастасія Яўгеньеўна, у дзяцінстве вы марылі стаць выхавальніцай?
— Не, не марыла. Не памятаю, каб і ў дзіцячы сад ці школу гуляла. Усе летнія канікулы я з сястрой праводзіла ў бабулі ў вёсцы Моцевічы, што на Лідчыне. Маімі “падапечнымі” былі куры, свінні і карова. Іх я “выхоўвала”. Карову навучылася даіць гадоў у сем, а пасвіць пачала яшчэ раней.
У школе я вельмі любіла ўрокі англійскай мовы: настаўніца была цудоўная, а я мела здольнасці да вывучэння моў. У Лідскае педвучылішча пайшла таму, што, акрамя дыплома выхавальніка, мела магчымасць атрымаць дадатковую спецыяльнасць кіраўніка гуртка па англійскай мове для дашкольнікаў. Родам я з Бярозаўкі Лідскага раёна, а на Смаргоншчыну прыехала па размеркаванні ў 2006 годзе. Прызнацца, не разглядала гэты рэгіён для пастаяннага месца жыхарства. Але жыццё склалася так, што менавіта ў Смаргоні я пусціла карані. Аб гэтым ніколькі не шкадую.
У санаторным дзіцячым садзе працую сёмы год і на палову стаўкі — у яслях-садзе ў Крэве, дзе пачынала сваю дзейнасць. Вельмі прыкіпела душой да крэўскіх дзетак, не магу з імі развітацца. У Крэве я пазнаёмілася з будучым мужам — Дзяніс тады вучыўся ў БДПУ на кіраўніка фізічнага выхавання ў дашкольных установах. Але педагогам ён не працаваў, бо адразу пасля заканчэння УВА паступіў у Акадэмію МУС. Працуе ўчастковым інспектарам у Крэўскім сельсавеце. І ў мяне работа няпростая, і ў мужа, таму стараемся адно аднаго падтрымліваць, даваць магчымасці прафесійна развівацца.
Дапамаглі казкі
— Сваімі ведамі, вопытам і напрацоўкамі вы шчодра дзеліцеся з выхавальнікамі дзіцячых садоў не толькі Беларусі, але і дзяржаў СНД. Раскажыце пра новыя формы работы з дзецьмі і бацькамі, якія вы выкарыстоўваеце.
— Напэўна, усё пачалося з тэатральнай пастаноўкі, якую мы стварылі сваімі сіламі, калі я яшчэ не працавала ў Смаргоні. У вершаванай форме напісала казку “Без сумеснай ахвоты не будзе работы” па матывах “Рэпкі”. Сама выступіла ў ролі бабкі, свёкар быў дзедкам, дзеці — астатнімі героямі. Бацькі актыўна дапамагалі рабіць касцюмы. Водзывы пасля паказу былі цудоўнымі. Мяне гэта падштурхнула да напісання новых п’ес-казак, і цяпер іх ужо больш за 15.
Менавіта стварэнне сумесных спектакляў моцна зблізіла мяне з дзецьмі і бацькамі. Убачыўшы сваіх дзяцей на сцэне, тое, як яны цудоўна выконваюць ролі, чытаюць вершы, як увогуле развіваюцца, мамы і таты сталі актыўней адгукацца на просьбы выхавальніка.
Казкі дапамаглі знайсці агульную мову і са смаргонскімі бацькамі. Ладзім спектаклі, у якіх удзельнічаюць не толькі дзеці, але і мамы, таты. А яшчэ я ўвяла ў практыку, акрамя абавязковых ранішнікаў, праводзіць з дзецьмі і бацькамі вечарынкі — тэматычныя касцюміраваныя конкурсна-гульнявыя праграмы. Пірацкая вечарынка, лімонная, капялюшная… Пасля цяжкага працоўнага дня ў бацькоў ёсць магчымасць расслабіцца, адпачыць усім разам.
Не заседзецца на месцы
— Хачу пагаварыць пра яшчэ адзін кірунак вашай дзейнасці — удзел у конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях, у тым ліку рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Колькасць дыпломаў уражвае.
— Удзел у конкурсах і канферэнцыях не дае магчымасці заседзецца на месцы і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Па-першае, ты сам рыхтуешся да ўдзелу, увесь час шукаеш нешта новае, чытаеш, апрабоўваеш, а потым ідзеш і расказваеш на вялікую аўдыторыю. Па-другое, вучышся ў іншых.
— Пасля Лідскага педвучылішча вы яшчэ скончылі ўніверсітэт?
— Так, Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы і магістратуру БДПУ імя Максіма Танка. Калі я зразумела, што быць выхавальніцай — маё прызванне, то вырашыла: трэба вучыцца далей. Што я і раблю. Практычна кожны дзень. Бо за варотамі дзіцячага сада работа выхавальніка не завяршаецца: ён рыхтуецца да заняткаў, займаецца самаразвіццём.
Мяняецца час, падыходы да работы. І я таксама імкнуся мяняцца. Каб быць сучаснай, цікавай для дзяцей, увесь час нешта прыдумляю. Хачу, напрыклад, стварыць аўтарскую камп’ютарную развіццёвую гульню… Разумею, што над гэтым трэба шмат папрацаваць.
— Кажуць, калі чалавек вучыць іншых, то і сам вучыцца.
— У нашай прафесіі без гэтага ніяк!
— А выхаванцы чаму вас вучаць?
— Шчырасці, не баяцца зрабіць памылку, гаварыць праўду, з лёгкасцю пачынаць новую справу.
— Назавіце галоўныя рысы добрага выхавальніка.
— Уменне быць на адной хвалі з дзецьмі, спагада, уменне разумець маленькага чалавека, бачыць у ім асобу. Добры выхавальнік не павінен узвышацца над выхаванцам. А ў рабоце з бацькамі важна ўмець любую канфліктную сітуацыю перавесці ў гумарыстычную.
— У вас двое дзяцей — дачка і сын. Якім жыццёвым прамудрасцям вучыце іх?
— Мая бабуля па татавай лініі была педагогам, мела званне “Заслужаны настаўнік БССР”. Мудрая і справядлівая жанчына, яна не раз гаварыла мне: “Насця, у любой сітуацыі заставайся чалавекам, каб ты магла заўсёды смела глядзець людзям у вочы”. Тое ж самае гавару сваім дзецям.
— Што, на ваш погляд, шчасце?
— Калі ўсе здаровыя, калі цябе чакаюць дома любімыя людзі. Улічваючы той факт, што мы вялікую частку жыцця праводзім на рабоце, важна знайсці сябе і ў прафесіі. Калі ты паспяховы на рабоце, гэта пераносіцца і на сям’ю.
Галіна АНТОНАВА
Фота з архіва Анастасіі МАРШАЛАК