Анатоль Раманавіч КУЛАГА: “Чвэрць рабочых МАЗа — нашы выпускнікі”

- 11:21Выбар прафесіі

Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 аўтамабілебудавання быў адкрыты 70 гадоў назад як рамеснае вучылішча з мэтай падрыхтоўкі рабочых кадраў для Мінскага аўтазавода. З’яўляючыся амаль што равеснікамі (МАЗ усяго на год старэйшы), завод і ўстанова адукацыі разам сталелі, разам перажывалі перыяды спадаў і пад’ёмаў. За гэты час ва ўстанове адукацыі былі падрыхтаваны цэлыя дынастыі, якімі ганарыцца МАЗ. Прынамсі, чвэрць рабочых завода — выпускнікі 9-га ліцэя (вучылішча). 
Сёння гэта, верагодна, самая буйная ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў Мінску, якая сілкуе кадрамі не толькі МАЗ, але і іншыя горадаўтваральныя прыдпрыемствы. Тут ніколі не было і, пэўна, не будзе праблем з размеркаваннем выпускнікоў, бо ліцэй № 9 — гэта ўжо своеасаблівы брэнд, які кіраўнікі прадпрыемстваў вельмі добра ведаюць і цэняць.

Равеснік Перамогі

Будаўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода пачалося ў 1944 годзе. Але паколькі ў рэспубліцы дагэтуль не было аўтамабільнай прамысловасці, то адразу паўстала пытанне аб падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў. Каб задаволіць патрэбу ў кадрах, было прынята рашэнне арганізаваць на базе завода фабрычна-заводскую адукацыю. Пад вучэбны корпус і інтэрнат для навучэнцаў выдзелілі будынак былой казармы, і першая група навучэнцаў прыступіла да вучобы.
4 ліпеня 1945 года школа фабрычна-заводскай адукацыі была пераўтворана ў рамеснае вучылішча № 9. Гэтая дата і лічыцца днём нараджэння ўстановы.
За 70 гадоў тут адбыліся вельмі сур’ёзныя змены. Сёння ў ліцэі ёсць усё для якаснай падрыхтоўкі кваліфікаваных канкурэнтаздольных рабочых: высокапрафесійны калектыў, добрая матэрыяльна-тэхнічная база і спрыяльнае выхаваўчае асяроддзе. Пабываўшы ў багатай бібліятэцы, у добра абсталяваных майстэрнях і камп’ютарных класах, цяжка нават уявіць, што, калі ўстанова пачынала працаваць, тут не было ні падручнікаў, ні патрэбнай колькасці інструментаў і абсталявання, не хапала майстроў вытворчага навучання. Пры гэтым паступіць у вучылішча, якое рыхтуе рабочых для МАЗа, у пасляваенныя гады было надзвычай прэстыжна. Для многіх асірацелых, беспрытульных падлеткаў гэта быў шанс выбіцца ў людзі.

З арыентацыяй на ўсё перадавое і сучаснае

У 1980-я гады ўстанова адукацыі прырасла яшчэ адным корпусам, дзе размясціліся новыя майстэрні. Дзякуючы Мінскаму аўтамабільнаму заводу, іншым спонсарам, уласнай пазабюджэтнай дзейнасці, матэрыяльная база ліцэя (станкі і абсталяванне) пастаянна абнаўляецца. Мы наведалі адну з вучэбных майстэрняў — такарную. Тут устаноўлены найноўшыя станкі, на якіх можна вырабляць любыя дэталі з дакладнасцю да сотых долей міліметра.
Абсталяванне ў ліцэі выкарыстоўваецца з двайной мэтай: дзеці на ім і вучацца, і выпускаюць карысную прадукцыю, якая потым рэалізоўваецца, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Наталля Якаўлеўна Левянкова. — МАЗ штогод выдзяляе ліцэю метал (напрыклад, сёлета мы атрымалі металу на суму 420 млн рублёў), і нашы навучэнцы разам з майстрамі вырабляюць розныя рэчы на продаж”.
Адметна, што два гады назад да ліцэя № 9 аўтамабілебудавання далучылі ліцэй № 6 прыборабудавання. Цяпер тут вядзецца падрыхтоўка рабочых па 8 спецыяльнасцях і 16 кваліфікацыях. Актуальныя прафесіі асвойваюць звыш 800 навучэнцаў.
Дзяўчат сярод іх вельмі мала, яны вучацца толькі на спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогія оптыка-механічнай вытворчасці” ў корпусе на вуліцы Макаёнка. А вось корпус на Сацыялістычнай цалкам мужчынскі, і, як прызнаецца Наталля Якаўлеўна, стрымліваць гэтую армію падлеткаў вельмі няпроста.
“Складанасць заключаецца ў тым, што многія сем’і распісваюцца ў сваім бяссіллі перад праблемамі выхавання дзяцей, — гаворыць Н.Я.Левянкова. — Наш ліцэй вельмі цэніцца ў асяроддзі бацькоў, таму што кожнага навучэнца мы трымаем у полі зроку. Калі праз 5 хвілін пасля пачатку ўрока кагосьці няма ў класе, майстры адразу патэлефануюць бацькам, каб даведацца прычыну. Безумоўна, такая ўвага і кантроль патрабуюць значных намаганняў усяго калектыву, затое калі на 3 курсе мы бачым разумныя і спакойныя вочы нашых выхаванцаў, то разумеем, што ўсё робім правільна”.
Педагогі і майстры арыентуюць маладых людзей на працаўладкаванне і бачанне свайго месца на вытворчасці. І калі школы і каледжы каціруюцца па колькасці выпускнікоў, якія паступаюць ва ўніверсітэты, то ліцэй аўтамабілебудавання, які знаходзіцца ў самым пралетарскім раёне горада, імкнецца да таго, каб яго выпускнікі замацаваліся на працоўных месцах як спецыялісты.
“Вядома, і ў нас здараецца брак (я маю на ўвазе адлічэнні навучэнцаў), — расказвае Наталля Якаўлеўна. — Аднак хачу сказаць, што мы змагаемся за сваіх дзяцей да апошняга, бо пасля прафтэхустановы ісці ім няма куды. Школа іх ужо не прыме, на работу іх не бяруць, бо яны не падыходзяць па ўзросце і не маюць адпаведнай кваліфікацыі. Таму майстры прыкладаюць неймаверныя намаганні, каб павярнуць дзяцей на правільны жыццёвы шлях. І можна прывесці шмат прыкладаў, калі ім гэта ўдалося”.

Майстры на ўсе рукі

Мы звярнулі ўвагу на вялікую колькасць розных узнагародных кубкаў, размешчаных пад шклом у фае ліцэя. Аднак дырэктар Анатоль Раманавіч Кулага заўважыў, што там прадстаўлены далёка не ўсе ўзнагароды ліцэістаў.
“Мы ўжо змірыліся з тым, што нашы хлопцы не ўмеюць ні спяваць, ні танцаваць, — гаворыць дырэктар. — Затое яны паказваюць высокі ўзровень прафесійнага майстэрства і маюць вельмі добрыя вынікі ў спорце. Наш ліцэй заўсёды займае прызавыя месцы ў розных спаборніцтвах, а таму ў выхаваўчай рабоце мы ў многім абапіраемся менавіта на спорт”.
Што да дэманстрацыі прафесійнага майстэрства, то ліцэісты і педагогі пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах, якія праводзяцца ў маштабах Заводскага раёна, горада і ўсёй сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Запрашаюць іх да ўдзелу і ў заводскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, якія праводзяцца на МАЗе.
Анатоль Раманавіч з задавальненнем расказвае пра многія перамогі, якія заваявалі яго падапечныя ў апошні час. Так, нядаўна ў Санкт-Пецярбургу завяршыўся конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, дзе ліцэіст Віталь Глухаў прадстаўляў дзеючую мадэль вертыкальна-свідравальнага станка 2Н125 у маштабе 1:3. Гэты станок, які быў выраблены сіламі навучэнцаў і работнікаў ліцэя, атрымаў высокую ацэнку, а Віталь Глухаў атрымаў дыплом за высокія творчыя вынікі. Таксама нядаўна майстар ліцэя Вячаслаў Благенкоў (дарэчы, былы выпускнік) заняў 2 месца ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Майстар года”. І гэта толькі два яркія прыклады таго, што навучэнцы ліцэя № 9 і іх настаўнікі імкнуцца да творчасці і развіцця.

Пашанцавала з шэфамі

Сёння, нягледзячы на крызіс у вытворчай сферы, у ліцэя няма праблем з размеркаваннем. Прадпрыемствы забіраюць усіх выпускнікоў і нават просяць яшчэ.
“На ступені прафтэхадукацыі ў нас самы вялікі выпуск у горадзе — сёлета мы размяркоўваем 345 чалавек, — расказвае Наталля Якаўлеўна. — З іх 10—15 чалавек атрымаюць разрад, вышэйшы за ўстаноўлены, — пяты. Гэта значыць, што маладыя людзі маюць добрую паспяховасць па спецкампаненце, а прадпрыемствы, дзе яны праходзяць вытворчую практыку, далі ім адпаведныя рэкамендацыі. Мы ж са свайго боку змаглі іх матываваць на атрыманне прафесіі з высокім узроўнем развіцця”.
Ліцэю вельмі пашанцавала, што яго базавымі прадпрыемствамі з’яўляюцца такія гіганты, як Мінскі аўтамабільны завод, “Атлант”, “Пеленг”, “Агат”, завод імя Вавілава. З імі заключаны дагаворы і вядзецца вельмі плённае супрацоўніцтва. Акрамя таго, ёсць прадпрыемствы, з якімі ў ліцэя няма дагавораў, але маюцца даўнія трывалыя сувязі. Гэта Мінскі трактарны завод, Мінскі завод колавых цягачоў, завод аўтаматычных ліній, завод шасцерань і іншыя.
“Усе яны з задавальненнем працаўладкоўваюць нашых выпускнікоў, бо яны не парушаюць працоўнай дысцыпліны на прадпрыемствах, а сумленна і якасна выконваюць сваю работу”, — гаворыць Н.Я.Левянкова.

Выбраць прафесію па душы

У панядзелак у ліцэі пачаўся прыём дакументаў ад абітурыентаў. Сёлета тут набіраюць на 1 курс 300 чалавек. Як заўважыла Наталля Якаўлеўна, калі меркаваць па тэлефанаваннях і электронных зваротах, то можна спадзявацца на выкананне плана набору. Цікавасць да спецыяльнасцей аўтамабілебудавання не змяншаецца.
Анатоль Раманавіч расказаў, што з году ў год папулярнасцю ў жыхароў сталіцы карыстаюцца такія спецыяльнасці, як “Тэхнічнае абслугоўванне электраабсталявання” (гэта так званая рабочая інтэлігенцыя), “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” (перспектыўная спецыяльнасць, запатрабаваная, напрыклад, у метрапалітэне, ды і на іншых прадпрыемствах), “Тэхналогія зварачных работ” (у ліцэі рыхтуюць электрагазазваршчыкаў, а таксама зваршчыкаў на аўтаматах і паўаўтаматах, што дазваляе выпускнікам прымяняць свае ўменні не толькі на вытворчасці, але і ў штодзённым жыцці).
Меншай папулярнасцю карыстаюцца спецыяльнасці, дзе трэба прыкласці дадатковыя намаганні волі і інтэлекту. Напрыклад, “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, дзе даецца кваліфікацыя “токар” і “фрэзероўшчык”. “Гэта складаныя працаёмістыя прафесіі, і я вельмі паважаю юнакоў, якія іх не баяцца, — гаворыць Наталля Якаўлеўна. — Тыя, хто застаецца ў гэтых прафесіях, становяцца прафесіяналамі найвышэйшага класа і вельмі цэняцца на рынку працы”.
“Ёсць кваліфікацыі, запатрабаваныя на вытворчасці, а ёсць проста модныя прафесіі, — кажа дырэктар ліцэя. — Да модных, якія вельмі ахвотна выбіраюць маладыя людзі, адносіцца “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”. Яно і зразумела: сёння куды ні глянь — усюды машыны. Аднак дзеці, ды і бацькі, часта не бяруць пад увагу той факт, што гэтыя машыны абслугоўваюцца пераважна на СТА, а там патрабуецца вельмі высокі ўзровень кваліфікацыі. Спецыялісты павінны ведаць і фізіку, і электратэхніку, і электроніку, і г.д. На жаль, многія лічаць, што з сярэднім школьным балам 5—6 можна дасягнуць прафесіяналізму ў згаданай сферы. Гэта не так. Поспех могуць гарантаваць толькі трывалыя, грунтоўныя веды”.
Спектр спецыяльнасцей і кваліфікацый, якія можна атрымаць у ліцэі № 9, вельмі шырокі, і любы хлопчык можа знайсці тут прафесію па душы.
“Часта мамы прыводзяць сыноў проста ў ліцэй, нават не разабраўшыся ў прафесіях, — расказвае Наталля Якаўлеўна Левянкова. — І тады мы пачынаем высвятляць, што падабаецца хлопцу. Калі ён любіць складваць пазлы ці з дзяцінства займаецца “лега”-канструяваннем, то гэта будучы слесар-інструментальшчык. Калі ён захапляецца лагічнымі гульнямі, любіць маляваць — мы раім яму прафесію токара ці фрэзероўшчыка. А калі ён з маленства разбірае машынкі і ўжо даўно вывучыў, як устроены карбюратар, то хай вучыцца на слесара па рамонце аўтамабіляў. І мы расказваем, паказваем, накіроўваем абітурыентаў у патрэбнае рэчышча. Для жадаючых праводзім экскурсіі па ліцэі, паказваем майстэрні, станкі, абсталяванне. І дзеці знаходзяць для сябе тое, чым бы ім хацелася займацца ў жыцці. А мы стараемся, каб падчас вучобы яны яшчэ больш умацаваліся ў сваім выбары”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.