З чалавекам, якому сёння прысвечаны выпуск праекта “Мая школа”, мы сустрэліся на яго рабочым месцы, адзіным рабочым месцы за ўсё жыццё — у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Знаёмцеся: прадстаўнік акцёрскай дынастыі Клімавых — Душачкіных, акцёр тэатра і кіно, тэатральны педагог, уладальнік медаля Францыска Скарыны і медаля Саюзнай дзяржавы “За супрацоўніцтва”, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Андрэевіч Душачкін.
— Шмат прадстаўнікоў публічных прафесій пазбягаюць зносін са сродкамі масавай інфармацыі, ды і ў інтэрнэце пра іх мала што можна прачытаць. Вы ж, наадварот, не баіцеся інтэрнэту і не хаваецеся ад прэсы…
— Акцёр павінен мець зносіны са СМІ, даваць інтэрв’ю, дзяліцца фотаздымкамі, бо калі ты гэтага не робіш, надыходзіць момант, калі пра цябе могуць забыцца. Гісторыя і памяць пра акцёра застаецца не толькі ў ролях, сыграных ім на сцэне, але і ў інтэрв’ю і фотаздымках. І таму зносіны са сродкамі масавай інфармацыі — гэта частка работы.
Мне падабаецца інтэрнэт. Зараз магу назваць сябе прасунутым інтэрнэт-блогерам. Шмат часу праводжу ў сацыяльных сетках, падтрымліваючы кантакты не толькі са знаёмымі па тэатры і кіно, якіх раскідала жыццё. Таксама ў маіх акаўнтах жыве мая прафесія: размяшчаю фота-, відэаматэрыялы, фарміруючы насычаную медыяпрастору.
Маё дзяцінства, як разумееце, прайшло без усялякіх гаджэтаў. Вольны час бавілі ў двары — з футбольным мячом летам, клюшкай і канькамі ўзімку. У тыя часы ў дварах былі спартыўныя пляцоўкі, валейбольныя сеткі, футбольныя палі і хакейныя каробкі, а не аўтамабільныя стаянкі. У сённяшніх дварах дзецям папросту няма дзе гуляць. А потым мы пытаемся, чаму яны ў асноўным бавяць час за камп’ютарам. Калі можна было б у сённяшнія двары вярнуць усе гэтыя спартыўныя збудаванні, паверце, дзеці, пасядзеўшы гадзіну ў інтэрнэце, выходзілі б на вуліцу пагуляць.
— Андрэй Андрэевіч, з якімі ўспамінамі звязаны ў вас школьныя гады?
— Калі я пачынаю думаць пра школу і інстытут, усплываюць выключна светлыя ўспаміны.
У першы клас я пайшоў у 50-ю мінскую школу з матэматычным ухілам. Да сённяшняга часу, дарэчы, захоўваю фотаздымак першай настаўніцы Фаіны Барысаўны. Да трэцяга класа настаўнікі зразумелі, што да матэматычнага напрамку я не маю аніякага дачынення, і папрасілі маці, Аляксандру Іванаўну, перавесці мяне ў іншую школу. Так я апынуўся ў сярэдняй школе № 4. Мы якраз у той час пераехалі з нашай першай кватэры ў дом на вуліцу Янкі Купалы. Дом быў вельмі цікавы. Туды разам з намі засяляліся сем’і вядомых людзей Беларусі: кампазітара Ігара Лучанка, спевака Віктара Вуячыча, акадэміка Мікалая Аляксандравіча Барысевіча…
І менавіта 4-я школа стала мне роднай. Я сюды ішоў не проста вучыцца. Тут былі сябры, тут было жыццё! І менавіта ў гэтай школе я ўсвядоміў сябе як асобу. Яна стаіць у маім двары, таму заўсёды навідавоку. Там вучыўся мой сын, з гэтай навучальнай установай у мяне звязана вельмі многа цёплых успамінаў. Я інстытут, які таксама люблю і памятаю, так не ўспамінаю, як сваю родную мінскую 4-ю сярэднюю школу.
А як я чакаў першага верасня! Я шчыра любіў сваю школу, і таму ўжо напрыканцы жніўня назначалі там з сябрамі сустрэчы, дзяліліся ўражаннямі ад лета і дапамагалі настаўнікам падрыхтаваць класы да новага навучальнага года.
У школе было многа гурткоў. Я сур’ёзна займаўся фатаграфіяй, хадзіў у спартыўныя секцыі (усё жыццё люблю спорт, у школьныя гады нават уваходзіў у зборную школы па лёгкай атлетыцы) — заўсёды быў у калектыве.
Мы сапраўды многа вучыліся. Можна было падысці да любога настаўніка і застацца пазаймацца пасля ўрокаў. Настаўнікі нават дадому прыходзілі, каб “падцягнуць” тых, хто дрэнна вучыўся. Выдатнікаў замацоўвалі за тымі, хто дрэнна вучыўся. Памятаю, як хаваўся ад дзяўчынкі-выдатніцы, якую прымацавалі да мяне “падцягнуць” па матэматыцы, а я, убачыўшы, што яна ідзе, збег.
— Каго са школьных настаўнікаў памятаеце?
— Найперш назаву нашага класнага кіраўніка Людмілу Аляксандраўну Гарбачову, якую мы ўсе вельмі любілі… А ўвогуле ўсе нашы настаўнікі былі асобамі.
Унікальным педагогам быў наш выкладчык фізікі Валянцін Мікалаевіч Масалаў — былы франтавік, які на вайне страціў руку і адно вока. Ён нас вельмі любіў, але мы яго страшна баяліся.
Сваю настаўніцу хіміі вельмі паважаю за тое, што яна, гледзячы на мяне, разумела, што я і хімія — рэчы несумяшчальныя. Тое, што я змешваў у прабірках і што з гэтага атрымлівалася, не паддавалася ніякаму апісанню, але яна бачыла, што я скіраваны на творчасць, таму ставіла маю моцную тройку і больш не мучыла.
У кожнай школе ў тыя часы была пачатковая ваенная падрыхтоўка, якая мне, дарэчы, вельмі падабалася — і АКМ збіраў і разбіраў, і нават пры маёй блізарукасці працяглы час займаўся кулявой стральбой (але з-за дрэннага зроку прыйшлося стральбу кінуць). Дык вось памятаю, як ваенрук кожныя заняткі запытваўся ў мяне: “Клімаў, калі пастрыжэшся?” (у мяне былі доўгія кучаравыя валасы — мы ж ігралі ў рок-гурце!), — і я кожны раз яму абяцаў, што заўтра абавязкова пайду ў цырульню.
Школа была другім домам (а часам і першым!) — лёс звязаў нас вельмі цесна. Быў час, калі ў школьных калідорах віселі партрэты знакамітых выпускнікоў. Мне было вельмі прыемна, калі павесілі і мой партрэт, але мой сын Аляксандр гэтага саромеўся і часам казаў: “Тата, папрасі, каб твой партрэт знялі: ты ж не быў выдатнікам!” Сёлета Саша паступіў ў акадэмію мастацтваў на акцёрскі факультэт, падтрымаўшы нашу дынастычную прафесію.
— Гэта быў яго свядомы выбар?
— Справа ў тым, што ён амаль усё жыццё звязаны з кіно. Скончыў некалькі падрыхтоўчых творчых студый, ішоў да гэтага ўсвядомлена і мэтанакіравана. Паступіць было вельмі цяжка: на першы конкурсны тур прыйшло больш за 200 чалавек — конкурс складаў 17 чалавек на месца. На бюджэт балаў не хапіла.
— А як вы адчувалі сябе “пад наглядам” бацькоў у тэатральна-мастацкім інстытуце?
— Сапраўды, калі вучыўся ў тагачасным тэатральна-мастацкім інстытуце, там выкладалі маці Аляксандра Іванаўна Клімава і бацька Андрэй Валянцінавіч Душачкін. Але іх аўтарытэт ніколі не ціснуў на мяне. Відаць, адбіліся атмасфера і асяроддзе, у якім я вырас. Зносіны і ў сям’і, і ў школе былі роўнымі і камфортнымі. Акрамя таго, у нас было больш асобасных зносін. Канечне, віртуальная прастора — гэта добра, але кантакт сам-насам выхоўвае і вучыць. Вучыць і ў пазітыўным плане, і ў негатыўным. Адчуванне сяброўства ў маім дзяцінстве было больш значным. Піянерыя, камсамол, летнікі — ўсё гэта працавала на развіццё асобы. Але ж трэба было ўмець пастаяць за сябе і за таварыша (часам нават з кулакамі) — двор таксама даваў пэўную школу жыцця. Не абыходзілася і без боек “вуліца на вуліцу”, але пасля такіх сутыкненняў вельмі хутка мірыліся і працягвалі бавіць час разам. На злачынствы ў нас проста не было часу: усе былі пастаянна занятыя.
Ніколі не забуду, як у нашым раёне праходзілі святы. Людзі выносілі на вуліцу сталы, разам сядзелі і святкавалі. Падысці мог кожны. І так праходзіла кожная чырвоная дата, не кажу ўжо пра Дзень Перамогі, які ўвогуле быў самым галоўным святам.
Дзякуючы гэтаму мы вырасталі больш прыстасаванымі да жыцця. Відаць, таму мая інтэграцыя ў студэнцкае асяроддзе была абсалютна натуральнай. Кучаравага хлопца з гітарай прыхільна прынялі аднакурснікі. Я скокнуў у сваё асяроддзе, як рыба ў ваду, і паплыў.
У школе я вучыўся з прозвішчам Клімаў. Бацькі пабаяліся, што з-за прозвішча Душачкін мяне будуць дражніць аднакласнікі. Маці ніколі не акцэнтавала на гэтым увагу, ды і маім выхаваннем больш займаўся бацька, бо маці была занята ў тэатры. Пасля школы я адразу ўзяў прозвішча бацькі і стаў Андрэем Душачкіным. Гэта было маё прынцыповае рашэнне: не хацеў, каб нехта падумаў, што я карыстаюся знакамітым матчыным прозвішчам.
— Хто з інстытуцкіх педагогаў даў вам дарогу ў свет тэатра, радыё і тэлебачання?
— У інстытуце ў мяне былі вельмі добрыя педагогі. Я вучыўся на курсе Валерыя Мікалаевіча Раеўскага, а сцэнічнае маўленне выкладаў Ілья Львовіч Курган. Ён адразу разгледзеў мае галасавыя даныя і ўжо на другім курсе прывёў мяне на радыё, дзе я стаў працаваць як дыктар. Гэта быў вельмі моцны штуршок, бо ў якасці дыктара да гэтага часу працую на радыё.
Калі ў маё жыццё прыйшло тэлебачанне, я таксама пазнаёміўся са многімі цікавымі людзьмі. Вельмі шмат у жыцці дало кіно, дзе я сутыкаўся з самымі рознымі людзьмі. Пры зносінах з расійскімі і ўкраінскімі калегамі мы дзелімся вопытам, па-акцёрску ўзаемаўзбагачаемся, і кожная сустрэча нясе больш ці менш лёсавызначальны характар.
Ды і прамых акцёрскіх прыкладаў у маім жыцці вельмі многа. Найперш, гэта мае бацькі і ў першую чаргу маці Аляксандра Іванаўна, а таксама вялікае пакаленне нашых старэйшых акцёраў. Сярод іх — Расціслаў Іванавіч Янкоўскі, які нядаўна пайшоў з жыцця. Ён быў пастаянным партнёрам маёй маці на сцэне. Я бачыў, як яны ставіліся да прафесіі, якія ў іх былі адносіны ў тэатры і па-за яго межамі. Можна доўга пералічваць гэтых людзей: Юрый Сідараў, Юрый Ступакоў, Алімпіяда Іванаўна Шах-Парон… У мяне была магчымасць ледзь не кожны дзень бачыць іх і ў жыцці, і на сцэне.
Нашы вядомыя дынастычныя тэатральныя сем’і — Янкоўскія, Клімавы — Душачкіны і Сідаравы — жылі ў трох суседніх грымёрках на другім паверсе тэатра, калі ўсе прыехалі ў Мінск: Янкоўскія — з Ленінабада, мая маці — з Масквы (родам яна з Магнітагорска), а Юрый Сідараў — з Гродна (нарадзіўся ён на Волзе). Жылі з агульнай пліткай і агульнымі абедамі… Толькі потым, атрымаўшы кватэры, раз’ехаліся.
Я рос дзіцём куліс. Летам быў амаль заўсёды з маці на гастролях — ездзіў па краіне больш, чым хто з маіх аднагодкаў. У тэатры праходзіла большая частка майго жыцця. Але кожны раз, як быў вольны час, бег у двор да сяброў.
— Вы выраслі ў акцёрскім асяроддзі, кантактуеце са многімі акцёрамі ў тэатры і ў штодзённым побыце. Ці адрозніваюцца вашы адносіны з калегамі ў гэтых абсалютна розных сітуацыях?
— Заўсёды існавала жорсткае размежаванне. Гэта ўвогуле адна з уласцівасцей акцёрскай прафесіі — па-за межамі тэатра мы маем ледзь не роднасныя адносіны. Акцёр на сцэне безабаронны перад гледачом: ты можаш падабацца, а можаш выклікаць агіду — і адказаць гледачу са сцэны няма магчымасці. Спецыфіка прафесіі накладвае пэўны адбітак, а ў жыцці акцёры вельмі шчырыя і добрыя, нясквапныя і некарыслівыя… Але гэта ў жыцці. У тэатры я ў аніякую дружбу не веру, калі нешта тычыцца ролі і сцэны.
У Леаніда Філатава ёсць цудоўны фільм пра акцёраў “Сукіны дзеці”, у якім у адной з гераінь ёсць цудоўная фраза: “У жыцці мы апошнюю сарочку аддадзім, а на сцэне — не!” І ўсё таму, што свой творчы інтарэс акцёр будзе адстойваць — гэта жорсткі, канкурэнтны свет, які не дае авансаў. Ты або адбудзешся ў гэтай цяжкай прафесіі, або не. Дапамагаць, выцягваць, дарыць нічога ніхто не будзе, бо за табой стаіць шэраг такіх самых акцёраў, якія вельмі хутка змогуць цябе засланіць, калі ты дапусціш памылку.
Я і сына свайго так выхоўваю. Ён павінен разумець, што чалавек у побыце і ў тэатры — гэта розныя асобы. Такія законы жанра. У мяне быў выпадак, калі знаёмы акцёр запрасіў на прэм’еру ў сваім тэатры. Прагледзеўшы спектакль, я жахнуўся. А пасля сядзеў і думаў, што сказаць сябру, каб яго не пакрыўдзіць. Выкруціўся і сказаў: “Малайчына! Зрабіў у спектаклі ўсё, што было ў тваіх сілах”. А потым дадаў: “Але навошта вы такое ставіце ў тэатры?” Ён выслухаў і сказаў: “Ты ў сваім тэатры паглядзі!” Пасля гэтага выпадку мы з сябрам ледзь не паўгода не размаўлялі.
Такое раздзяленне прафесійных і побытавых адносін абавязковае, бо, калі ты падмяняеш чалавечыя адносіны прафесійнымі, гэта можа выглядаць амаральна.
— Якая зараз тэатральная моладзь? Чым яна адрозніваецца ад вашага пакалення акцёраў?
— Маё, сярэдняе, пакаленне радуецца таму, што нашы маладыя акцёры таксама вельмі назіральныя: сочаць за тым, як мы ставімся да рэпетыцый, як кантактуем адно з адным. Магчыма, нехта з іх скажа так і пра мяне, што я быў для яго ці для яе ўзорам, паказаў, як рабіць трэба, а як не трэба. Што б ні казалі, але нехта ўсё роўна застаецца тваім настаўнікам, дае табе штуршок або пазітыў, разгледзеўшы ў табе нешта каштоўнае, або ў пэўны момант спыняе цябе, папярэдзіўшы няправільны шлях.
— Ці ўсё бывала ў вашай прафесійнай кар’еры гладка?
— Як і ва ўсіх, заўсёды гладка быць не можа.
Я прыйшоў у тэатр, калі галоўным рэжысёрам быў Барыс Іванавіч Глаголін, але, адпрацаваўшы ў тэатры два гады, ён вярнуўся ў Маскву, і на працягу дзевяці гадоў галоўным рэжысёрам нашага тэатра быў Валерый Мікалаевіч Маслюк, арыентаваны на свой асаблівы тэатр. Пасля пераезду Маслюка ў Віцебск тэатр узначаліў Барыс Іванавіч Луцэнка, і я доўгі час не мог трапіць у яго каманду. Менавіта ў гэты час наступіў перыяд, калі я ў тэатры на час выпаў з абоймы (потым ужо, праз некалькі гадоў, Барыс Іванавіч мяне ўзяў, з’явіліся новыя цікавыя вялікія ролі).
— Ці не ўзнікала жаданне ў крызісны перыяд перайсці ў іншы тэатр?
— У гэтым годзе я распачынаю свой 35-ы сезон у тэатры, у маім родным тэатры Горкага. Памятаю, мой бацька Андрэй Валянцінавіч калісьці сказаў: “Ніколі не мяняй тэатр, бо не кожны тэатр для цябе стане тваім”. І я застаюся верным свайму тэатру, пры гэтым актыўна працую ў кіно, на радыё і тэлебачанні, паважліва стаўлюся да антрэпрыз, у якія мяне запрашаюць.
— Чым займалі сябе ў перыяд сцэнічнага зацішша?
— Пэўная часовая адсутнасць актыўнай работы ў тэатры дала магчымасць заняцца літаратурай. Некалькі гадоў я сур’ёзна і сістэмна стаў спрабаваць сябе ў літаратурнай творчасці. Вершы пісаў заўсёды (хто ж з творчых людзей іх не піша?), але ў той час стаў сістэматызаваць свае тэатральныя аўтабіяграфічныя ўспаміны, педагагічныя дзённікавыя запісы сваіх бацькоў. Атрымалася нешта накшталт тэатральнай прозы. Першым маім чытачом і рэцэнзентам стаў Анатоль Аўруцін, і праз яго я трапіў на старонкі часопіса “Няміга літаратурная”. Потым былі публікацыі ў “Маладосці”, дзе адзначылі, што мая проза не падобна па жанры ні на што іншае, і менавіта ў бібліятэчцы часопіса выйшаў мой першы зборнік. За гэты час друкаваўся і ў “Першацвеце”, і ў газеце “Літаратура і мастацтва”.
— Якая была ваша першая асэнсаваная роля на сцэне і ці ёсць любімыя ролі?
— Адчуванне сцэны і публікі пачалося ў мяне са школы. Упершыню на сцэну выйшаў у складзе школьнага рок-гурта (іграў у ім пяць гадоў) — мы ўсе тады былі захоплены музыкай (што тут казаць, школа ж была з музычным ухілам, а я вучыўся па класе гітары).
Паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут я адразу пасля школы, у 1977 годзе. І на выпускным курсе ўпершыню зняўся ў кіно ў цудоўнага беларускага савецкага кінарэжысёра Леаніда Уладзіміравіча Мартынюка “Ветразі майго дзяцінства”. Гэты быў добры дзіцячы савецкі фільм на рэвалюцыйна-патрыятычную тэматыку. Добрая, спакойная музыка, сэнс, мараль, адэкватныя паводзіны герояў — сапраўднае савецкае кіно. Здымкі далі штуршок да таго, што мяне зацікавіла спецыфіка кінастудыйнай работы і з’явілася жаданне размеркавацца ў штат “Беларусьфільма”, дзе працавалі акцёры, якія прафесійна займаліся агучваннем, дубляжом і здымкамі ў кіно. Але маці мяне адгаварыла, і добра, што я яе паслухаў, бо ўвесь штат “Беларусьфільма” ў 1982 годзе быў пераведзены ў новаадкрыты тэатр-студыю кінаакцёра.
Так па размеркаванні я прыйшоў у свой родны тэатр Горкага, дзе служу па сённяшні дзень. І мая першая тэатральная роля была ў дыпломным спектаклі маладога балгарскага рэжысёра Аляксандра Карадзімава “Спроба палёту”. Гэта была вельмі цікавая народная балгарская камедыя, у якой мне адразу дасталася адна з галоўных роляў.
У тэатр я прыйшоў дастаткова жыццяздольным юнаком, і мяне не збіла з каляіны жорсткасць тэатральнага жыцця. Сапраўды, да мяне ўжо не адносіліся так ласкава, як раней: сустрэлі, як артыста, якога ўзялі ў лепшы тэатр краіны, магчыма, на нечае месца. Ужо было няважна, чый ты сын, — трэба было выйсці на сцэну і прадэманстраваць, на што ты здольны. Так было першыя паўгода, і я не мог зразумець, чаму так рэзка памяняліся адносіны да мяне. Выхад быў адзін: працаваць, працаваць, працаваць… І я са спектакля ў спектакль, з ролі ў ролю працаваў, разумеючы, што да мяне, чалавека з творчай сям’і, усё роўна будуць крыху іншыя адносіны. Я іграў па 40 (!) спектакляў у месяц, ды і працавалі не так, як зараз: 2 ранішнікі для дзяцей, дзённы шэфскі спектакль на выездзе ці на базе, а потым яшчэ і традыцыйны спектакль для вячэрняга гледача.
Вельмі многа давалі гастролі (мы з тэатрам аб’ездзілі ўвесь былы СССР), а іншыя тэатры прыязджалі да нас. І такое міжкультурнае ўзаемаўзбагачэнне прыносіла значны плён. Апошнім часам мне пашчасціла ўдзельнічаць у некалькіх міждзяржаўных праектах: беларуска-азербайджанскім фільме “Бабу” і беларуска-казахстанскім “Дарога да маці”.
Сярод сённяшніх любімых роляў у нашым тэатры — роля Сяргея Паўлавіча Галубкова ў спектаклі па п’есе М.Булгакава “Бег”, роля сэра Эндру Эг’ючыка ў класічнай для любога тэатра камедыі В.Шэкспіра “Дванаццатая ноч” і роля графа Альфонса Рамэра ў прэм’ернай лірычнай камедыі ў пастаноўцы Дзмітрыя Астрахана “Лэдзі на дзень”. Тры галоўныя ролі — і тры паспяховыя спектаклі.
— А вашы ролі выкладчыка і таты?
— Роля выкладчыка застаўляе трымаць сябе ў тонусе. Зараз, на пачатку новага навучальнага года, думаю, як з маімі студэнтамі — будучымі рэжысёрамі абрадаў і масавых свят — пабудаваць курс акцёрскага майстэрства і якую праграму для іх рыхтаваць, каб яны прыгожа і дастойна выглядалі на экзамене. Гэта нават складаней, чым калі я думаю над роляй. Выкладчыцкая работа патрабуе сістэмнага падыходу.
У ролі таты я таксама вельмі шчаслівы. Акрамя Аляксандра, у мяне ёсць яшчэ прыёмная дачка Хрысціна. Яна для нас блізкі і родны чалавек, член сям’і. І калі Саша пайшоў па сямейным прафесійным шляху, то Хрысціна выбрала для сябе юрыспрудэнцыю — у гэтым годзе выдатна скончыла першы курс спецыяльнасці “Палітолаг-юрыст”.
У мяне пяць хросных дачок, і ўсе яны дзеці маіх блізкіх сяброў. Маці Хрысціны, Наталля Герасімовіч, была цудоўным чалавекам, працавала мастаком-грымёрам-пасціжорам-цырульнікам нашага тэатра. Хрысціна, як некалі я, нарадзілася ў тэатры і, калі была маленькая, часта забягала да мяне ў грымёрку. Калі здарылася няшчасце і Хрысціна ў 12 гадоў засталася адна, я ні хвіліны не думаў і аформіў апякунства над сваёй хроснай дачкой — іншы варыянт увогуле не разглядаўся.
Спадзяюся, што дзеці таксама могуць сказаць, што я добры бацька.
— Кажуць, што прафесіі акцёра і настаўніка ў нечым роднасныя. Што вас прываблівае ў педагагічнай дзейнасці?
— Акцёрскае рамяство — прафесія складаная, але быць педагогам, відаць, складаней. Найперш таму, што акцёр адказвае за сябе, а педагог — за тых, хто прыходзіць да яго вучыцца. І гэтая адказнасць трымае цябе ў тонусе: ты павінен пастаянна займацца самаадукацыяй і трымаць адказ перад навучэнцамі.
Асабліва прыязныя адносіны да школы і інстытута потым адбіліся, бо ў 2004 годзе мне ўпершыню прапанавалі выкладаць у тагачасным інстытуце культуры. І я з вялікім задавальненнем і адказнасцю стаў выкладаць на тэатральнай кафедры інстытута.
Пасля таго як выпусціў курс у інстытуце, мяне адразу ж запрасілі ў Белтэлерадыёкампанію весці курсы павышэння кваліфікацыі дыктараў. Было цікава працаваць, але я ўпэўніўся, што гэта не зусім мой профіль. Пасля некалькі гадоў узначальваў дзяржаўную экзаменацыйную камісію ў БДУКМ. Гэта быў вельмі цікавы прафесійны вопыт, а таксама час актыўнай самаадукацыі і праверкі ўласных ведаў: трэба было апраўдваць давер, з’яўляючыся старшынёй ДЭК. Зараз зноў вярнуўся да выкладання.
Мая жонка Людміла таксама звязана са школай: працуе педагогам-канцэртмайстрам у 17-й мінскай гімназіі, і ўсё яе жыццё звязана менавіта з гэтай навучальнай установай.
Калі гаварыць пра выкладчыка, настаўніка, трэнера, можна сказаць, што ўсё ў нашым свядомым жыцці пачынаецца з педагога. Мне здаецца, што жыццё чалавека шмат у чым залежыць ад настаўніка, які сустрэнецца на яго шляху. І таму настаўнік, на маю думку, усё ж самы паважаны чалавек у грамадстве. Проста, відаць, гэта не ўсе асэнсоўваюць. Таму напярэдадні свята першага званка я жадаю тым, хто ідзе ў першы клас, і тым, хто пойдзе ў адзінаццаты, памятаць сваю школу і сваіх настаўнікаў — не выключана, што праз многа гадоў вы будзеце іх успамінаць як родных.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Андрэя ДУШАЧКІНА.