Параалімпійская чэмпіёнка Людміла Валчок разбурае стэрэатыпы: катаецца на горных лыжах і займаецца дайвінгам

- 14:12Моя школа

Шматразовая параалімпійская чэмпіёнка па лыжных гонках і веславанні Людміла Валчок смела разбурае стэрэатыпы: выконвае скачкі з парашутам, катаецца на горных лыжах, займаецца дайвінгам, асвоіла вейкборд. Але галоўным дасягненнем у жыцці яна лічыць нараджэнне дачкі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Смелая і рызыкоўная

— Людміла, якой вы былі ў дзіцячыя гады?

— Я была занадта шустрай, няўрымслівай, сябравала з хлопчыкамі. Ды і як інакш, калі расла з братамі?! Старэйшы быў за няньку, пакуль маці працавала фельчарам на хуткай дапамозе. Ён адпрацоўваў на мне свае прыёмчыкі, мы разам каталіся на веласіпедах. Побач быў гарбарны завод, мы лазілі на вежу, ганялі галубоў. Я магла скокнуць з любой вышыні, а аднойчы нават уніз галавой сіганула ў рэчку з высачэзнага дрэва. А колькі разоў пад лёд на каньках правальвалася… Як бачыце, выпрабоўваць лёс я пачала яшчэ ў дзяцінстве.

— І як толькі з вамі спраўлялася маці?

— Яна гадавала нас адна. Шмат працавала і нас прывучала да гэтага. Мы раслі ў прыватным доме ў гарадскім пасёлку Мікашэвічы. Была свая гаспадарка, таму абавязкаў хапала. Маці строга сачыла, каб мы рабілі ўрокі. У адваротным выпадку мне забаранялася ісці на трэніроўку. Для мяне гэта было суровае пакаранне. Дарэчы, я запісалася ў секцыю па лёгкай атлетыцы без дазволу маці. Баялася, што яна будзе суп­раць, бо ў мяне быў прыроджаны парок сэр­ца і ўрачы забаранялі актыўнічаць. Аднак маці бачыла, наколькі мне падабаецца бегаць, параілася з маім першым трэнерам Ірынай Валянцінаўнай Мальчуковай і не стала перашкаджаць. Так з 3 класа пачаўся мой спартыўны шлях.

— А як жа такая гарэза вучылася ў школе?

— Я не адрознівалася прыкладнымі паводзінамі і не магла пахваліцца добрымі адзнакамі. Аднойчы нават двойка была за чвэрць. З 4 класа пачала пры­маць удзел у розных спаборніц­твах, і лёгкая атлетыка стала галоўнай у маім жыцці. Самыя яркія ўражанні засталіся ад стартаў, якія праходзілі ў Барысаве. Я не заняла прызавога месца, але ж пасля іх нарадзілася мэта атрымліваць узна­гароды і займаць першыя месцы. Школу скончыла з першым дарослым разрадам. Уваходзіла ў склад нацыянальнай зборнай. І таму мяне вызвалілі ад здачы выпускных экзаменаў.

— Любімым прадметам, хутчэй за ўсё, была фізічная культура?

— Так. Мой бедны настаўнік ведаў, што ў мяне ёсць праб­лемы з сэрцам, сачыў, каб я не перагружала сябе, пасля кожнага ўрока вымяраў мне пульс. Дзякуй богу, хвароба з узростам адступіла.

А яшчэ мне падабалася біялогія. Гэтая навука па-сапраўднаму мяне захапіла, і атрыманыя веды спатрэбіліся для паступ­лення.

— За што ўдзячны школе?

— Гэта яркая і цікавая старонка майго жыцця. У памяці засталіся толькі добрыя і цёп­лыя ўспаміны пра настаўнікаў. І вялікая ўдзячнасць за іх працу, якая патрабуе столькі цярпення і неабыя­кавасці.

Удар за ўдарам

— Ваша спартыўная кар’ера ў лёгкай атлетыцы хутка набірала абароты. Вы сталі майстрам спорту, паступілі ва ўніверсітэт, уваходзілі ў склад алімпійскай зборнай, рыхтаваліся да Гульняў у Афінах… Вам было ўсяго 20 гадоў, калі здарылася няшчасце.

— Так атрымалася, што мая асабістая трагедыя была звязана з трагедыяй, якая адбылася 11 верасня ў Нью-Ёрку. Тая страшная падзея не пакінула абыякавымі людзей з усяго свету. Мы таксама сачылі за навінамі, глядзелі тэлевізар. Але ўвесь час былі перашкоды, і я палезла на дах, каб паправіць антэну. Я рабіла так і раней, але ў той раз паслізнулася і паляцела ўніз. Прытомнасць не страціла, таму адразу зразумела, што нічога не адчуваю ніжэй шыі. Прасіла не званіць маці, спадзявалася, што пасля аперацыі ўсё бу­дзе добра. Каб усвядоміць і прыняць прыгавор дактароў аб тым, што ніколі не буду хадзіць, спат­рэбілася паўгода. Увесь гэты час я ляжала, мне не дазвалялі нават садзіцца. Мне здавалася, што гэта дрэнны сон, што гэта адбываецца не са мной, што я прачнуся і ўсё будзе як раней. Побач увесь час былі маці і старэйшы брат. Іх падтрымка, любоў і клопат дапамаглі мне канчаткова не ўпасці духам. Прызнаюся, былі моманты, калі не хацелася жыць, але іх можна пералічыць на пальцах. Доўгі час не магла змірыцца з тым, што перасяду ў інваліднае крэсла. Калі ж гэта здарылася, прыняла цвёрдае рашэнне стаць максімальна самастойнай, каб палегчыць жыццё родным. Радавалася таму, што атрымліваецца самой засцілаць ложак, дабірацца да кухні, рабіць самыя простыя рэчы…

Людміла Валчок — заслужаны майстар спорту. Мае 10 параалімпійскіх медалёў, тры з якіх — залатыя. За плячыма 7 параалімпійскіх цыклаў, у тым ліку летнія. Людміла аднолькава добра выступае і на санках, і ў адаптыўнай лодцы.

— Людзі нездарма ка­жуць, што бяда не прыходзіць адна. З-за цяжкай траўмы прыйшлося развітацца з планамі на атрыманне вышэйшай адукацыі.

— На жаль, так. Увогуле, той час быў сапраўдным экзаменам на чалавечнасць і вернасць для маіх сяброў і калег па спорце. Мае трэнеры Ірына Мальчукова і Сяргей Давыдзік наведвалі мяне, падтрымлівалі, хаця я і стала дзяўчынай на інвалідным крэсле. Які спорт, якія перспектывы?.. Я вярнулася ў Смілавічы, у свой стары дом. Памятаю, першы час саромелася выязджаць на вуліцу, ды і зрабіць гэта было няпроста: навокал адны парогі, бар’еры, перашкоды на кожным кроку. Усё стала шэрым. Здавалася, што тое яркае жыццё з сябрамі, спаборніцтвамі, радасцю перамог страчана назаўсёды. Мне вельмі хацелася быць патрэбнай, ра­біць дабро. І я пачала займацца з дзеткамі-інвалідамі як валанцёр у рэабілітацыйным комплексе ў Калодзішчах. Спартыўнае мінулае і асабісты вопыт пасля трагедыі ўзбагацілі мяне ведамі, якімі мне хацелася па­дзяліцца. І калі з’явіліся першыя вынікі — хтосьці пачаў раўней трымаць руку, больш упэўнена хадзіць — я ўпершыню за доўгі час адчула радасць. Пры гэтым і сама трэніравалася вельмі шмат. Хацела, каб мяне заўважылі, марыла вярнуцца ў спорт.

— Вашай настойлівасці і ўпартасці на шляху вяртання ў спорт можна толькі пазайздросціць!

— У мяне быў такі спартыўны голад, вы не ўяўляеце. (Усміхаецца.) Я спрабавала сябе і ў штурханні ядра, і ў паўэрліфтынгу, і ў армрэслінгу. Нават нарматывы майстра спорту выканала па штанзе ў вагавой катэгорыі 44 кілаграмы, а ў парных танцах на інвалідных калясках стала чэмпіёнкай Беларусі. Але хацелася большага…

— Калі б вам тады сказалі, што станеце шматразовай параалімпійскай чэмпіёнкай па лыжных гонках, паверылі б?

— Не, я са школьных часоў недалюблівала лыжы. І вельмі ўдзячна галоўнаму трэнеру нацыянальнай зборнай па інваспорце Тамары Мікалаеўне Шыманскай, якая аднойчы пазваніла мне і пачала ўгаворваць сесці ў санкі і паспрабаваць сябе ў гэтым відзе спорту. Той званок лічу цудам, які змяніў маё жыццё кардынальна. Да Параалімпіяды ў Турыне ў нас было 9 месяцаў на падрыхтоўку. Мы паехалі і заваявалі адзін залаты і тры сярэбраныя медалі. Нізкі ёй паклон.

Экстрэмальная натура

— Дзіўна, але ў вашым багажы дасягненняў ужо 10 скачкоў з парашутам. Як адважыліся на такі экстрым?

— Я не баюся вышыні. А пасля падзення ўвогуле зразумела, што магу справіцца з любой сітуацыяй. Калі абставіны супраць мяне, гэта дабаўляе адрэналіну і ўпартасці ў дасягненні сваёй мэты. Гэтаму навучылі мяне жыццёвы вопыт і спорт.

— Працягнем пералік: вы зай­маецеся вейкбордынгам, плаваеце на сапбордзе…

— Я люблю спрабаваць штосьці новае. Каб навучыцца катацца на горных лыжах у Швейцарыі, мне спатрэбілася палова дня з інструктарам. Калі адпачывала ў Турцыі (дарэчы, лятала туды адна), спускалася па горнай рацэ на плытах разам з турыстамі з Германіі. Было весела, мы нават перавярнуцца ўмудрыліся. Таксама ездзіла на матацыкле з хуткасцю 250 кіламетраў у гадзіну. У Егіпце каталася на квадрацыкле. А яшчэ вельмі люб­лю сустракацца з сябрамі, турзлёты з начоўкамі ў палатках і гутаркамі каля вогнішча… Мне хочацца жыць паўнавартасна!

Што тычыцца сапборда, то плаванне на гэтай дошцы стала для мяне неад’емнай часткай актыўнага адпачынку. А вейкбордынг — экстрэмальны від спорту, які спалучае ў сабе элементы вадналыжнага слалама, акрабатыкі і скачкоў. Іншымі словамі, едзеш за электратросам і выконваеш розныя трукі. Вядома, мне іх рабіць цяжэй, чым звычайнаму чалавеку, але ад гэтага кайф яшчэ мацнейшы, мяне такія эмоцыі перапаўняюць у гэтыя моманты, што я гатова абняць увесь свет. З кожным асвоеным элементам ты знаходзіш нешта новае ў сабе, перамагаеш сябе чарговы раз. Таму я вельмі ўдзячна інструктарам, якія працуюць са мной, асабліва Эдуарду Садоўскаму. Калі бачу здзіў­леныя вочы людзей, якія за ўсім гэтым назіраюць, то разумею, што чарговы раз мне ўдалося разбурыць стэрэатыпы пра магчымасці людзей з інваліднасцю. Мне часта гавораць пра тое, што я з’яўляюся самым лепшым матыватарам. І гэта выдатна!

Часта мяне запрашаюць на сустрэчы са школьнікамі. Я з задавальненнем адгукаюся. Мне прыемна падзяліцца з імі сваім вопытам і энтузіязмам, растлумачыць, чаму важна не падаць духам, што б ні здарылася ў жыцці.

У кожнага з нас ёсць свой залаты медаль, і не абавязкова алімпійскі. Кожны выбірае свой шлях і праходзіць яго. Калі чалавек моцны, яго не зломяць ніякія выпрабаванні.

Галоўны медаль

— Параалімпійскія гульні ў Турыне прынеслі вам адразу чатыры медалі: залаты і тры сярэбраныя.

— Такі поспех мяне вельмі акрыліў і надаў упэўненасці. Спорт стаў маёй прафесіяй, з запісам у працоўнай кніжцы. Мне далі кватэру. Праз два гады я вырашыла атрымаць адукацыю, паступіла ў Інстытут турызму пры БДУФК. Хто б мог падумаць у школьныя гады, што я нават напішу магістарскую работу. (Усмі­хаецца.) Яе тэма — “Безбар’ернае асяроддзе ў сферы турызму”.

— Упэўнена, было няпроста адважыцца на нараджэнне дзіцяці. І справа нават не ў стане здароўя — вы былі на піку сваёй спартыўнай кар’еры.

— Нараджэнне Насці — лепшае, што адбылося ў маім жыцці. Калі я была цяжарнай, на чацвёртым месяцы паехала за­ваёўваць пуцёўку на Параалімпійскія гульні па веславанні. Трэба было праплыць усяго тысячу метраў. Падумала: я ж не хворая, а проста цяжарная. Праз два тыдні пасля родаў (кесарава сячэння), я стала на лыжню, пачала рыхтавацца да гульняў у Лондане. Было па дзве трэніроўкі ў дзень. Да таго ж здавала экзамены і пісала магістарскую работу. І ўсё паспявала. Бог даў сілы, і мы заваявалі бронзавы медаль, які я прысвяціла дачцэ, якой тады было паўгода. Хаця яна галоўная перамога ў маім жыцці. Зараз Насці 11 гадоў, для мяне яна самая дзіўная і непаўторная. З маленства займаецца балетам. З такой мамай ёй не даводзіцца сумаваць. Насця катаецца на горных лыжах, роліках, разам ганяем на веласіпедах. Не так даўно яна таксама асвоіла вейкборд. Я ў ёй душы не чую. Не ўяўляю, як жыла без яе раней.

Жыццёвыя арыенціры Людмілы Валчок

  • Атрымліваю асалоду ад кожнага моманту і бяру ад гэтага жыцця ўсё!
  • Мне не сумна быць сам-насам, асабліва на прыродзе.
  • Люблю экстрым і ўвесь час шукаю новыя адчуванні.
  • Любую работу прымаю як божы дар і імкнуся атрымліваць ад яе задавальненне.
  • Не дазваляю сабе быць у роспачы. Пераканана, выйсце ёсць заўсёды.
  • Імкнуся не дапускаць жалю ў адносінах да сябе.
  • Трэніроўкі кожны дзень — стыль жыцця. Не ўяўляю сабе, што можа быць інакш, заўсёды павінна быць мэта.

Марына ЖДАНАВА
Фота прадастаўлены суразмоўніцай