Іна Сыроўчанка: сапраўдны настаўнік заўсёды застаецца настаўнікам — на любой пасадзе

- 15:19Моя школа

Пра настаўніцтва і пераемнасць, інавацыі і традыцыі ў жыцці і прафесіі — у размове карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з намеснікам старшыні Чашніцкага райвыканкама Інай Сыроўчанка.

Вучымся, пакуль жывём

— Іна Фёдараўна, што для вас азначаюць словы “мая школа”?

— Гэта маё жыццё. Гэта вясковая школа на Ушаччыне, дзе я вучылася і куды потым вярнулася працаваць настаўніцай, зрабіла першыя крокі як кіраўнік. Дарэчы, дзве школы, калектывамі якіх кіравала, па многіх напрамках выйшлі на ўзровень вядучых у вобласці і краіне. Мая школа — гэта і педвучылішча ў Полацку, ВДУ імя П.М.Машэрава. Мае настаўнікі і кіраўнікі, у каго вучылася і каму бязмерна ўдзячная. Мае калегі і аднадумцы, каму я давярала і хто апраўдаў мой давер. Прыемна і важна для мяне, што многія з іх не проста, вобразна кажучы, выраслі з таго часу, як мы працавалі ў адной каман­дзе, — яны паспяхова працягваюць распачатыя намі справы, праекты. А яшчэ мая школа — гэта і сямейная школа, усё лепшае, што перададзена бацькамі, любоў і клопат, нязменная падтрымка мужа, выхаванне дзяцей і ўнукаў. Увогуле, кожны чалавек усведамляе сябе менавіта ў навучанні. Мы вучымся, пакуль жывём, інакш страчвае сэнс само існаванне. Жыццё ву­чыць, гісторыя вучыць, падзеі і людзі вучаць. Гэта моцная школа.

— Для чалавека, які прыйшоў на кіраўніцкую пасаду з адукацыйнай сферы, Дзень настаўніка застаецца прафесійным святам?

— Несумненна. Больш за тое, яно ўспрымаецца яшчэ і як сямейнае свята.

З дапамогай родных сцен

— Чаму ў дзяцінстве навучыла вас родная школа?

— Заўсёды з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю маю Ленінскую базавую школу. Стаць настаўніцай я марыла з малых гадоў, а ў школе мая мара перарасла ў мэту. Для мяне вялікія радасць і гонар, што яе ўдалося ажыццявіць, прычым першыя крокі ў прафесію зрабіць у роднай школе. Педагогаў да мяне ў нашай сям’і не было. Аднак, колькі памятаю сябе, у дзяцінстве я карысталася любой нагодай, каб затрымацца ля школьнага будынка і, калі пашанцуе, зай­сці ў яго. Адна з першых усвядомленых дзіцячых мэт — хутчэй зразумець, што ж адбываецца ў школе, бо я таксама туды хачу. Здараецца, дзецям цяжка адаптавацца да навучання. Мне са школай, маімі настаўнікамі сапраўды пашчасціла. Вучоба давалася лёгка, але нават больш за ўрокі мне падабаліся калектыўныя справы. Мы часта хадзілі ў паходы, на экскурсіі па родным краі: летам пешшу, зімой на лыжах. Многа карысных спраў рабілі акцябраты, піянеры — ад збору макулатуры, металалому да творчых мерапрыемстваў, пошукавай дзейнасці і, як цяпер гэта называецца, валанцёрства. Выкананне піянерскіх даручэнняў не было для нас фармальным абавязкам — мы інакш не маглі, так нас выхоўвалі. Дзякуючы гэтым актыўнасцям, у мяне выявіліся арганізатарскія здольнасці — гэта прызналі равеснікі і падтрымалі педагогі. Як вынік, мне даручылі кіраваць піянерскай дружынай.

— А хто з педагогаў стаў для вас прыкладам для пераймання?

— Безумоўным аўтарытэтам у нас карыстаўся малады, энергічны дырэктар школы Уладзімір Леанідавіч Сіняўскі. Не­звычайным чынам ён паспяваў усюды: нам здавалася, дырэктар адначасова ўмее знаходзіцца ў некалькіх месцах! Адкрыты да кожнага, уважлівы, добразычлівы, але разам з тым дысцыпліну трымаў строгую і сам падаваў у гэтым прыклад. Для мяне ён быў узорам выдатнага кіраўніка, мы і цяпер падтрымліваем адносіны. У дачыненні да настаўнікаў… Пра кожнага хочацца асобна расказаць, яны ўклалі ў нас часцінку сваёй душы.

— Не страшна было пачынаць настаўнічаць у школе, дзе раней вучыліся?

— Наадварот, родныя сцены дапамагалі. Насамрэч мяне як сваю прынялі ў калектыве — мяне з дзяцінства ведалі. Я старалася працаваць, было многа ідэй. Да таго ж у педвучылішчы (сёння гэта каледж ВДУ імя П.М.Машэрава) падрыхтоўку далі грунтоўную, заснаваную на практыцы. Таму мой старт у роднай школе быў удалым. Разам з тым не ў маім характары заставацца на месцы: завочна паступіла ва ўніверсітэт і атрымала вышэйшую адукацыю, хаця складана давялося з малым дзіцем на руках. Неўзабаве мяне запрасілі на пасаду намесніка дырэктара, а праз 9 гадоў даверылі ўзнача­ліць калектыў адной з самых буйных у раёне ўстаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, — Арэхаўскай сярэдняй школы. Дарэчы, там цяпер выкладае нямецкую мову мая дачка Яўгенія. Унучка Кацярына вучыцца ў 11 класе і таксама збіраецца пайсці педагагічнай сцежкай.

У дружнай камандзе

— Арэхаўская сярэдняя школа пад вашым кіраўніцтвам набыла вядо­масць і аўтарытэт на рэспубліканскай адукацыйнай прасторы. Як гэта ўдалося?

— Галоўная ўмова поспеху ў любой вялікай справе — кадры, дружная прафесійная каманда. У нас яна не дзялілася на педагогаў і тэхперсанал: мы працавалі сумесна. Напрыклад, сваіх тагачасных намесніка Святлану Васільеўну Лісоўскую і заўгаса Васіля Пятровіча Спірчонка я і сёння назаву ў ліку лепшых вядомых мне прафесіяналаў на гэтых пасадах. Мы зберагалі каштоўныя выхаваўчыя традыцыі, у тым ліку многа зрабілі па ўвекавечванні імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны. Нашу Святлану Фёдараўну Папко за выніковую работу ўшанавалі ганаровым званнем “Чалавек года Віцебшчыны” — гэта дастаткова рэдкая з’ява сярод настаўнікаў пачатковых класаў. Успамінаюцца рэалізаваныя разам рэспубліканскія праекты, поспехі школьнага лясніцтва — па сутнасці, мы стварылі эфектыўна працуючы кластар у партнёрс­тве з профільнымі УВА, Полацкім лясным каледжам, Рэспубліканскім цэнт­рам экалогіі і краязнаўства, галіновымі прад­прыемствамі, дзяржаўнымі структурамі сістэмы аховы прыроды і навакольнага свету. Мы развілі бурную дзей­насць па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі, населенага пункта і рушылі далей: у прыватнас­ці, вырабленыя на занятках у школьных майстэрнях альтанкі можна было ўба­чыць уздоўж дарог па ўсім раёне. Мы былі, напэўна, адзінай у Белару­сі школай, якая ўключала ў харчаванне навучэнцаў вырашчаныя ў школьнай цяпліцы дыні і кавуны. Праз некаторы час мяне прызначылі начальнікам раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Заступала на пасаду, ставячы перад сабой мэту, каб дасягнуты ў Арэхаўскай школе ўзровень стаў узорам для ўсіх падначаленых устаноў. Аднак жыццё часам выпрабоўвае нас, выдае раптоўныя крутыя павароты. Так склаліся абставіны, што мне давялося змяніць месца жыхарства: пераехаць у суседні Чашніцкі раён, а менавіта ў Новалукомль, дзе мяне настойліва папрасілі ўзначаліць сярэднюю школу № 1.

— Пра яе дасягненні нашы пастаянныя чытачы добра ведаюць. І большасць навацый пачалася з вашым прыходам на пасаду дырэктара…

— Спачатку да мяне прыглядаліся, рабілі вывады, і потым рашуча ўсталі поруч мае намеснікі — Кацярына Анатольеўна Казінец, Фаіна Аўсееўна Вішнеўская — цяперашні дырэктар школы, а таксама Іна Аляксандраўна Бурчык, якая зараз працуе дырэктарам сярэдняй школы № 1 Чашнік імя Я.П.Іваноўскага. Падцягнуліся педагогі, далучыўся ўвесь калектыў, і мы агульнымі намаганнямі зрабілі са школы тое, чым яна сёння з’яўляецца. Рамонт (па магчымасці, гаспадарчым спосабам) і добраўпарадкаванне тэрыторыі, музей, рэсурсныя цэнтры “Школа — тэрыторыя здароўя” і “Энергазберажэнне — пачні з сябе”, дзіцячы і маладзёжны рух, цеснае ўзаемадзеянне з Беларускай Праваслаўнай Царквой, прафесійная падрыхтоўка трактарыстаў на нашай базе, супрацоўніцтва з мясцовымі прадпрыемствамі, знакамітай “Волмай” — можна доўга пералічваць, а гэта ж практычна зроблена за няпоўныя два гады майго дырэктарства. Мы паставілі на мэце выхаваць сваіх навучэнцаў дастойнымі грамадзянамі роднай краіны, даць ім максімальныя магчымасці для развіцця. У вучняў загарэліся вочы! Як прыклад выніковасці назаву наш удзел у фінале конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, першы залаты медаль на Сусветным конкурсе вынаходстваў World Invention Competition And Exhibition (WICE). Праз год (ужо пры маёй пераемніцы на пасадзе дырэктара) другая вучаніца школы замацавала поспех — зноў “золата”. Што характэрна, наш вопыт супрацоўніцтва з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства перанялі суседзі, сярэдняя школа № 2 імя Ф.Ф.Азміцеля: нядаўна яе навучэнец заваяваў сярэбраны медаль на WICE-2023. Між тым з дырэктарскай мяне запрасілі на пасаду намесніка старшыні райвыканкама. Пасля некаторых ваганняў я прыняла прапанову: гэта была новая ступень даверу і адказнасці, асобаснага і прафесійнага росту, а галоўнае — новыя магчымасці дапамагчы людзям, рэалізаваць новыя ідэі, каб змяніць іх жыццё да лепшага. Напрыклад, мы стварылі інавацыйную міжведамасную мадэль прафілактычнай работы з рознымі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва і адкрылі цэнтр “Альтэрнатыва”, працуем над стварэннем раённага цэнтра патрыятычнага выхавання. З маёй прафесійнай дзейнасцю цесна пераплятаецца грамадская: у раёне ўзначальваю арганізацыю РГА “Белая Русь” (у якой я з моманту заснавання) і аддзя­ленне партыі “Белая Русь”.

Трывалы падмурак

— Педагагічны вопыт у кіраўніцкай рабоце спатрэбіўся?

— Гэта трывалы падмурак, на які абапіраецца ўсё астатняе. Хаця, мне здаецца, сапраўдны настаўнік заўсёды застаецца настаўнікам — на любой пасадзе. Незалежна ад сваёй прафесіі дарагіх майму сэрцу лю­дзей, у якіх я многаму навучылася, я называю сваімі настаўнікамі. Радасна, што ёсць людзі, якія і мяне так завуць.

  Таццяна БОНДАРАВА
Фота з сямейнага архіва Іны Сыроўчанка