Дырэктар мінскага педагагічнага каледжа: развівацца ў нашай прафесіі можна бясконца

- 11:12Моя школа, Образование

“Я свайму выбару не здрадзіла. З 1 класа марыла стаць настаўніцай”. Дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Пятруцкая расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра свае школьныя гады, навуковую дзейнасць і падрыхтоўку маладых кадраў.

Раскрываючы сакрэты

— Маёй школы на сталічнай вуліцы Бялінс­кага, якую я скончыла ў 1994 годзе, больш няма. Яе закрылі. Але ўспаміны пра тыя гады са мной і сёння. Напярэдадні інтэрв’ю пагартала свой школьны альбом. У ім пажаўцелая старонка дзённіка за 11 клас з выніковымі адзнакамі, дзе амаль усе пяцёркі. Старонкі з заўвагамі класнага кіраўніка — “Каця, апошні раз напамінаю — запоўні дзённік!”. Ёсць тут і пажаданні аднакласнікаў… І такая хваля цеплыні і пяшчоты ахінула мяне… Які неверагодны быў час! Мы, вучні, ганарыліся сваімі педагогамі. Яны былі цудоўнымі. Паміж намі ўсталяваліся вельмі добрыя адносіны. Кожны з настаўнікаў быў чалавекам шырокай душы і вялікага сэрца. Пры гэтым прафесіяналам з вялікай літары. Кожны любіў свой прадмет і чакаў такіх жа ўважлівых адносін і ад нас. Ім удавалася спалучаць высокую патрабавальнасць і ўменне нас зразумець і падтры­маць. Ад нас не патрабавалі станавіцца нобелеўскімі лаўрэатамі па матэматыцы ці хіміі, але паважаць прадмет і настаўнікаў нас навучылі.

— Вы ж нездарма назвалі сваіх настаўнікаў цудоўнымі?

— Канечне! Мы без дапамогі рэпетытараў паступалі ва УВА, атрымлівалі дыпломы і станавіліся прафесіяналамі. Урок быў прызначаны для таго, каб навучыць. І нас на самай справе вучылі. Таму сёння мне ў практычнай дзейнасці лёгка, я разумею, як павінна сябе паводзіць, як ла­дзіць зносіны са сваімі дзяўчатамі-студэнткамі, чаму іх трэба вучыць.

— Памятаеце першую настаўніцу?

— Тамара Сямёнаўна Кісялёва — дзіўны чалавек. Менавіта яна натхніла мяне стаць настаўнікам. Яшчэ ў 1 класе я сказала маме, што вызначылася з будучай прафесіяй. Зараз, маючы вялікі вопыт педагагічнай дзейнасці, магу высока ацаніць прафесіяналізм Тамары Сямёнаўны, яе валоданне методыкамі і тэхналогіямі выкладання, інавацыйнымі для таго часу. У сярэдніх і старшых класах у мяне былі настаўнікі, дзякуючы якім маё рашэнне толькі мацнела. І сёння з упэўненасцю магу даць адказ на пытанне, якім павінен быць настаўнік. Такім, як мая першая настаўніца і ўсе мае школьныя педагогі.

— Напэўна, вы любілі больш гуманітарныя прадметы?

— У той час не было неабходнасці дзяліць нас на гуманітарыяў і матэматыкаў. Аднолькава добра вучылі па ўсіх прадметах. І мая настаўніца па матэматыцы Кацярына Альгердаўна, харызматычная жанчына з добрым пачуццём гумару, казала мне: “Калі Бог табе не даў мазгоў зразумець задачу з першага разу, значыць, ён даў табе стараннасць і цярпенне. Каб засвоіць матэрыял, ты павінна рашыць чатыры-пяць такіх задач. У кожнага свой сакрэт засваення матэматыкі. У цябе такі”. І ў мяне нават думкі не было, што ўсё — ты не здольны да матэматыкі.

Настаўніца па гісторыі Марына Рыгораўна так цікава выкладала прадмет — мы ўсе цудоўна яго ведалі. Яна праз схемы, таб­ліцы, праз сістэму ўзаемасувязей развівала ў нас лагічнае мысленне. Заўсёды пыталася, чаму менавіта ў той момант адбылася пэўная гістарычная падзея. Яна прымушала нас думаць, аналізаваць, разважаць. На ўроках ніколі не было маналогу настаўніка. Заўсёды прысутнічаў жывы дыялог, панавала атмасфера супрацоўніцтва. Нам шмат задавалі на дом. Шмат часу трацілі на падрыхтоўку. Але ў мяне ніколі не было адчування, што я днямі і начамі сядзела за падручнікамі і рабіла ўрокі. Гэта проста была частка майго жыцця.

— Выкажу здагадку, вы былі актывісткай у школьныя гады?

— Так! І зараз таксама. (Усміхаецца.) Я заўсёды прымала ўдзел у розных мерапрыемствах, праектах. Мне ўсё было цікава. Мая мама казала: “Катя, “да” короче, чем “нет”. І таму, калі мне задавалі пытанні: “Ты будзеш удзельнічаць? Табе гэта цікава?”, я давала станоўчы адказ. З такім дэвізам па жыцці і іду. Мне вельмі блізка выказванне: “Лепш пашкадаваць аб тым, што зрабіў, чым аб тым, што не зрабіў”.

— Заставаўся час на гурткі ці секцыі?

— Бясконца займалася ў самых розных гуртках. І спорт быў у маім дзяцінстве, і танцы, і рукадзелле… Не было такога, што я — выдатніца, таму з раніцы да ночы толькі вучуся. Упэўнена, менавіта дзякуючы такой актыўнасці, я і была выдатніцай. І зараз назіраю за лепшымі нашымі студэнткамі і бачу, што яны таксама паспяваюць і вучыцца, і спортам займацца, і грамадскімі справамі. Такі насычаны лад жыцця абуджае цікавасць, абагачае чалавека. Чым больш у дзіцяці магчымасцей для развіцця, тым больш у яго з’яўляецца кропак росту. І гэта цудоўна. Бо ніхто не можа дакладна сказаць, якія менавіта веды дапамогуць паспяхова развівацца далей. Гэты сакрэт не раскрыты.

— Мама і бацька кант­ралявалі вас, строгімі былі?

— Мы выхоўваліся ў сістэме традыцыйных каштоўнасцей. І як бы гэта пафасна ні гучала для сучаснай моладзі, для нас было нормай пава­жаць бацькоў, педагогаў. Нават думкі не ўзнікала, што я магу непаважліва выказацца пра настаўніка. Гэта адразу спынялася і лічылася недапушчальным.

Вопыт любові

— А зараз цікавы факт: вы, медалістка, пас­тупілі не ў ВНУ, а ў педагагічны каледж. Нечакана! 

— Я марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў, таму так вырашыла. І не пашкадавала ніколі. У нас была вельмі моцная і матываваная група дзяўчат, большасць — таксама медалісткі. З намі займаліся выдатныя педагогі. Некаторыя з іх цяпер мае калегі.

Дзяцей неабходна больш любіць, чым вучыць. А калі ты іх любіш, то і вучыць атрымліваецца больш дзейсна. Разуменне гэтага прыходзіць з часам. Калі ты малады, у цябе мала вопыту любові. Ён напрацоўваецца на працягу жыцця.

— Што падштурхнула вас заняцца навуковай дзейнасцю?

— Мне падабаецца вучыцца. Калі мяне запрасілі працаваць у Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, я разумела, што гэта новая прыступка і спыняцца нельга. Рэктар установы Таццяна Іванаўна Мароз параіла мне паступіць у аспірантуру Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— Якой тэме прысвечана ваша дысертацыя? 

— Канструктыўнаму ўзаемадзеянню ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Дзякуючы багатаму педагагічнаму вопыту, я разумела, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца настаўнікі ў адносінах з бацькамі, з дзецьмі, з адміністрацыяй. Калі такіх праблем няма ці іх своечасова пазбягаць, то многія пытанні вырашаюцца лёгка і проста.

— Зараз, займаючы пасаду дырэктара, вы маеце магчымасць выкладаць?

— Лекцыі не вяду, але прымаю ўдзел у праекце каледжа “Урокі майстра на сцэне”. Сама выступаю, нашы выкладчыкі право­дзяць адкрытыя ўрокі для студэнтаў, запрашаем розных спецыялістаў да сябе. Часам расказваю дзяўчатам пра свой працоўны шлях, каб яны разумелі, што развівацца ў педагагічнай прафесіі можна бясконца.

— Прыслухоўваюцца?

— Спадзяюся. (Усміхаецца.) У нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з факультэтамі дашкольнай і пачатковай адукацыі БДПУ. Але, бывае, дзяўчаты выбіраюць іншыя спецыяльнасці. І гэта добра, бо пашыраюцца межы прафесійнага развіцця і з’яўляюцца новыя магчымасці для росту.

Толькі наперад!

— Вы адразу пагадзіліся стаць дырэктарам мінскага педагагічнага каледжа?

— Стварэнне ў Мінс­ку каледжа, дзе б рыхтавалі настаўнікаў пачатковай школы і выхавальнікаў для дзіцячых садоў, было запатрабавана часам. І калі ў 1996 годзе педагагічны каледж закрылі, то праз 10 гадоў рашэннем Мінгарвыканкама было пастаноўлена стварыць такую ўстанову. Спачатку планавалі, што каледж будзе структурным падраздзяленнем Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Але ў выніку ён стаў самастойнай юрыдычнай адзінкай. М.У.Мірончык, які тады з’яўляўся старшынёй камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, быў перакананы, што ўзначаліць педкаледж павінна выпускніца аналагічнай установы. І прапанаваў мне стаць дырэктарам. Гэты было для мяне вельмі прыемна. Але я сумнявалася, бо разумела, якая гэта адказнасць, якая гэта планка, які ўзровень арганізацыі ўсіх працэсаў неабходна стварыць.

Настаўнік — прафесія служэння. І служыць ён дзецям — самаму святому, што ёсць у нас. Гэта прафесія патрабуе ўсе твае сілы, тваё сэрца, усяго цябе. Часта бывае няўдзячнай і не такая выгадная з пункту гледжання фінансаў. І ўсе гэта ведаюць. Але іншай прафесіі я для сябе не хацела.

— З 2018 года педкаледж прымае ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus і вельмі вы­нікова. Пры гэтым вы ўваходзіце ў склад экспертнай супольнасці мерапрыемства.

— Кампетэнцыі “Да­школьная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” з’явіліся на конкурсе дзякуючы намаганням каманды нашага педкале­джа. Прыкладам стаў вопыт расійскіх калег, дзе гэтыя кампетэнцыі вызначаліся на WorldSkills. Удзел у спаборніцтвах — гэта таксама кропка росту, абмен вопытам і ідэямі. Ён дае магчымасць зразумець сваё месца і ўзровень дасягненняў у прафесіі. Па выніках гэтага года ў нашага каледжа залаты медаль у кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” і сярэбраны ў кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”. І пакуль рыхтуем удзельнікаў да чэмпіянату, самі многаму вучымся і развіваемся.

— Якія тры асаблівасці вы вылучыце, характарызуючы каледж?

— Складанае пытанне… Гэта як адказваць, за што ты кахаеш чалавека. Здараецца, на педсавеце педагогі пачынаюць хвалявацца, скардзіцца. Тады я кажу: “Пачакайце! У нас лепшы каледж, лепшыя педагогі і лепшыя студэнты. Мы павінны заўсёды пра гэта памятаць. І тады ўсё будзе выдатна!”

— Пасада адказная. Якія рысы характару дапамагаюць спраўляцца?

— Я часта бываю занадта прамалінейнай, калі мне штосьці не падабаецца. Не ўсім гэта падабаецца.

— Шмат увагі ўдзяляеце сучасным методыкам з прымяненнем інфармацыйных тэхналогій?

— Мы імкнёмся знаё­міць з імі нашых студэнтаў. Закупіць усё сучаснае лічбавае абсталяванне, якое можна выкарыстоўваць на ўроках у школе і ў рабоце з выхаванцамі ў садку, складана. Аднак у нас ёсць сябры і партнёры, з якімі мы супрацоўнічаем. Напрыклад, у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі нам даступна цудоўная лабараторыя па робататэхніцы. Прымяненне ІКТ важна, але, на мой погляд, калі дзіця папрацуе проста з падручнікам, са сшыткам, з дошкай, нічога дрэннага не адбудзецца. У жыцці нашых дзяцей і так шмат гаджэтаў.

— Уступная кампанія не за гарамі. Падрыхтаваліся?

— Абавязкова! Кожны год лічбы набору павялічваюцца. Да нас прыхо­дзяць дзяўчаты, хацелася б, каб і хлопцы да нас далучаліся. Вельмі чакаем студэнтак на новую спецыяльнасць “Педагагічнае суправаджэнне”, якая з’явілася ў мінулым годзе і вельмі запатрабаваная ў нашым грамадстве.

***

Кацярына Пятруцкая — кандыдат педагагічных навук, галоўны нацыянальны эксперт Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства сярод устаноў ПМА і ССА WorldSkills Belarus. З’яўляецца ўладальнікам прэмій і грантаў Мінгарвыканкама, шматлікіх дыпломаў і грамат за арганізацыю і ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях.

Марына ЖДАНАВА