Дасягненні і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі былі ў цэнтры ўвагі ў размове з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом.
Выніковая атэстацыя
— Пастановай Міністэрства адукацыі ад 14 жніўня 2023 года вызначаны формы і тэрмін правядзення выніковай атэстацыі вучняў у 2023/2024 навучальным годзе. У 11 класе захаваны два цэнтралізаваныя экзамены па рускай або беларускай мове і прадмеце па выбары. ЦЭ будуць праходзіць 27 і 30 мая. Пры гэтым першым будзе праходзіць ЦЭ па прадмеце па выбары, другім — па дзяржаўных мовах і будуць сумешчаны з правядзеннем ЦТ. Акрамя таго, у нас захаваны рэзервовыя дні ў чэрвені і жніўні, у маі рэзервовы дзень не прадугледжаны. Як і раней, запланавана сумяшчэнне рэзервовых дзён правядзення ЦЭ з рэзервовымі днямі для ЦТ. Плануецца, што ўдзел у ЦЭ прымуць 58 тысяч выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Цяпер у Міністэрстве адукацыі ідзе падрыхтоўчая работа па правядзенні ў 2024 годзе цэнтралізаванага экзамену, вынікі якога будуць залічвацца пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Так, 27 студзеня 2024 года адбудзецца рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. Зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену (РЦЭ). Агульныя прынцыпы правядзення рэпетыцыі — пункты правядзення, пропуск у пункт правядзення, рассадка ў аўдыторыях, правілы правядзення і гэтак далей — ідэнтычныя тым, што выкарыстоўваліся пры арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену ў мінулым годзе. Плануецца, што ў рэпетыцыі прымуць удзел каля 58 тысяч выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, што на 5 тысяч больш, чым у 2023 годзе.
Роўныя магчымасці
— Асноўны прыём дакументаў ад абітурыентаў ва УВА будзе праведзены ў ліпені. Прыём абітурыентаў будзе ажыццяўляцца на бюджэтныя і платныя месцы, колькасць якіх цяпер зацвярджаецца. Практыка арганізацыі прыёму мэтавікаў у асобныя тэрміны дастаткова добра сябе зарэкамендавала, таму і ў гэтым годзе яна адбудзецца без змяненняў. Для забеспячэння роўных магчымасцей паступлення ва УВА выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і каледжаў прыём дакументаў, правядзенне ўнутраных уступных выпрабаванняў і залічэнне ва ўніверсітэты на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі будуць арганізаваны ў пачатку ліпеня 2024 года. У гэтыя ж тэрміны ў рэгіянальныя УВА будуць залічаны пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд.
Універсітэцкія алімпіяды ў рэгіянальных універсітэтах летась дазволілі 369 пераможцам стаць студэнтамі. Дарэчы, больш за 90% дыпламантаў з’яўляюцца выдатнікамі. Выпускнікоў гэтага года чакаюць новаўвядзенні: пашыраецца спіс спецыяльнасцей, на якія можна паступіць без экзаменаў па траекторыі ўніверсітэцкіх алімпіяд. Напрыклад, можна будзе паступіць на “Робататэхнічныя сістэмы”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”.
Вопыт арганізацыі ўніверсітэцкіх алімпіяд пакуль не будзе трансліравацца на Мінск. Сёлета ўніверсітэцкія алімпіяды пройдуць у 21 УВА.
У гэтым навучальным годзе ў краіне адкрыта рэкордная колькасць педагагічных класаў і груп: у 834 педагагічных класах вучыцца 7985 навучэнцаў. У цяперашні час ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца работа па фарміраванні класаў, у якіх на павышаным узроўні вывучаюцца фізіка, матэматыка, хімія, біялогія.
У 2023/2024 навучальным годзе прадоўжыцца работа па эфектыўнай рэалізацыі льгот, якія вызначаюць парадак іх атрымання навучэнцамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі і ліцэі. Акрамя таго, каб павысіць аб’ектыўнасць пры выдачы рэкамендацый назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, плануецца на пасяджэнне назіральнага савета запрашаць навучэнцаў, якія прэтэндуюць на атрыманне рэкамендацыі. Навучэнцы змогуць на выставе прэзентаваць свае праекты і распрацоўкі. Гэта дасць магчымасць членам назіральнага савета асабіста ацаніць ступень матывацыі вучняў да навучання па выбранай спецыяльнасці, іх зацікаўленасць да развіцця прафесійнай траекторыі ў арганізацыях і на прадпрыемствах краіны.
Курс на прафесію
— Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2023/2024 навучальным годзе вучыцца каля 107 тысяч навучэнцаў 9-х класаў, каля 58 тысяч навучэнцаў 11-х класаў. Па выніках мінулага навучальнага года колькасць навучэнцаў 9-х класаў, якія працягнулі навучанне ва ўстановах прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, склала каля 45% ад агульнай колькасці дзевяцікласнікаў. З улікам новых падыходаў да правядзення выніковай атэстацыі мы назіраем рух выпускнікоў базавай школы ў бок атрымання прафесіі. Плануем, што паступова колькасць выпускнікоў 9-х класаў, якія паступаюць у каледжы, выйдзе на 50—60%.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Планы прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2024 год фарміруюцца з улікам заяўленай патрэбы ў маладых спецыялістах, рабочых, служачых, на аснове вынікаў размеркавання выпускнікоў, а таксама выканання плана прыёму ў 2023 годзе і прагнознага павелічэння колькасці выпускнікоў 9-х (100,6 тысячы чалавек у 2023 годзе, 107,8 — у 2024-м) і 11-х класаў (53 тысячы чалавек у 2023 годзе, 57,5 — у 2024-м). Заснавальнікамі плануецца павелічэнне колькасці месцаў у каледжах на аснове 9 класаў за кошт запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцей. Пры гэтым колькасць месцаў для выпускнікоў 11-х класаў на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў параўнанні з планам прыёму ў 2023 годзе не скарачаецца. Такім чынам, тэндэнцыя павелічэння долі тых, хто паступае на аснове 9 класаў, захаваецца ў 2024 годзе. У цэлым каледжы гатовы прыняць каля 50 тысяч выпускнікоў з агульнай базавай адукацыяй.
Задачы сістэмы адукацыі на 2024 год
— У прыярытэце — забеспячэнне якасці адукацыі на ўсіх узроўнях. Міністэрствам адукацыі зацверджана Канцэпцыя забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года.
Яшчэ адна важная задача — фарміраванне аптымальнай структуры спецыяльнасцей з улікам перспектыўнай патрэбнасці рабочых і спецыялістаў для розных сектараў эканомікі з магчымасцю стапрацэнтнага забеспячэння маладых спецыялістаў першым рабочым месцам, стварэннем спрыяльных умоў для прафесійнага росту.
Па матэрыялах БелТА падрыхтавала
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі і БелТА