Андрэй Іванец: ва ўніверсітэтах краіны амаль стапрацэнтнае запаўненне бюджэтных месцаў

- 10:09Актуально

Дзве аграрныя акадэміі краіны — Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія і Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны — пасля 27 ліпеня аб’явяць дадатковы набор на бюджэт. Пра гэта заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі прыём дакументаў на дзённае бюджэтнае навучанне завяршыўся 17 ліпеня.

З 18-га па 25-га праходзілі ўнутраныя ўступныя іспыты для паступаючых па напрамках “Мастацтва” і “Фізічная культура”, а таксама для выпускнікоў каледжаў, якія хо­чуць атрымаць вышэйшую адукацыю.

— Залічэнне ва ўніверсітэты адбудзецца па 27 ліпеня. Але ўжо сёння мы бачым першыя вынікі і можам гаварыць пра тэндэнцыі бягучай уступнай кампаніі. У адрозненне ад мінулага года яна прайшла значна больш актыўна. Пра гэта сведчаць і конкурсы, і прахадныя балы. У цэлым план прыёму на бюджэт папярэдне будзе выкананы на 99,4%, а зна­чыць, у нас амаль стапрацэнтная выніковасць, — праінфармаваў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што сёння павышаная ўвага ўдзя­ляецца падрыхтоўцы спецыя­лістаў, якія асабліва неабходны эканоміцы краіны. А гэта ў першую чаргу кадры для аграпрамысловага комплексу:

— У нашай краіне чатыры УВА сельскагаспадарчага профілю, дзве з якіх выканалі лічбы прыёму ў поўным аб’ёме. У гэтым го­дзе бюджэтны набор у іх па плане быў крыху большым за 2 тысячы чалавек, вакантных месцаў засталося зусім мала — 80. Аднак мы дапускаем, што пасля залічэння 27 ліпеня БДСГА і ВДАВМ абвес­цяць дадатковы набор. Таму абітурыенты, якія яшчэ думаюць выбраць агра- прафесіі, змо­гуць прэтэндаваць на гэтыя месцы. Дарэчы, прываб­насць сельскагаспадарчых спецыяльнасцей у параўнанні з мінулым годам вырасла ў разы.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Міністр адукацыі паведаміў таксама, што сёлета быў рэкордны набор на педагагічныя спецыяльнасці — 3,9 тысячы юнакоў і дзяўчат паступілі ў педуніверсі­тэты:

— Добрыя конкурсы склаліся на “Дашкольнай адукацыі”, напрыклад, у БДПУ на адно месца прэтэндавалі 1,4 чалавека. Запатрабаваным быў і філалагічны напрамак. Так, у тым жа БДПУ конкурс на спецыяльнасці з беларускай мовай і літаратурай склаў каля 1,7 чалавека на месца.

Сёлета назіраецца запатрабаванасць і інжынерных прафесій, бо на іх атрыманне былі нацэлены абітурыенты, якія здавалі фізіку і матэматыку.

— Амаль з 4 тысяч месцаў планавага прыёму на педагагічныя спецыяльнасці засталося толькі 46 месцаў фізіка-матэматычнага профілю. Гэта звязана ў першую чаргу з павелічэннем набору будучых настаўнікаў у БДУ. На кожным профільным факультэце мы набралі па дзве групы будучых выкладчыкаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, біялогіі, хіміі і геаграфіі, — пад­крэсліў кіраўнік адукацыйнага ведамства.

Між іншым у гэтым годзе ва УВА краіны падалі дакументы больш за 4 тысячы медалістаў, звыш 1,6 тысячы ўладальнікаў чырвоных дыпломаў каледжаў, а таксама каля 250 пераможцаў рэс­публіканскіх алімпіяд.

— Самай важнай задачай для адукацыі ў гэты перыяд з’яўляецца арганізацыя ўступнай кампаніі ў поўнай адпаведнасці з правіламі прыёму, зац­верджанымі ўказам кіраўніка дзяржавы, і іншымі нарматыўнымі дакументамі. Адзначу, што па выніках прыёму на 31,8 тысячы бюджэтных месцаў падалі дакументы больш за 46,5 тысячы абітурыентаў, — сказаў першы намеснік міністра Аляксандр Бахановіч.

Запатрабавана падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і ў рэгіянальных УВА. Тут на 14,7 тысячы бюджэтных месцаў прэтэндуюць 20,1 тысячы абітурыентаў. Найбольшыя конкурсы ў ГрДУ імя Я.Купалы, БрДТУ, ВДУ імя П.М.Машэрава, ГДУ імя Францыска Скарыны, БРУ.

— Нагадаем, што працягваецца прыём дакументаў на платнае навучанне. Ён завершыцца 1 жніўня, а ў аграрных УВА — 2 жніўня. План прыёму платнікаў сёлета складае 16,4 тысячы чалавек, — дадаў А.Бахановіч. — Асноўная выснова, якую можна зрабіць у адносінах да прыёмнай кампаніі гэтага года, — сістэмная сумесная работа Мінадукацыі з усімі зацікаўленымі мае вельмі станоўчыя вынікі. Якасць прафесійнай адукацыі Беларусі нязменна высокая і вельмі запатрабавана нашымі і замежнымі грамадзянамі.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА