Бяжыць час, узнікаюць новыя прафесіі і мяняюцца падыходы да падрыхтоўкі спецыялістаў. Многія ўніверсітэты робяць акцэнт на практыкаарыентаванасці пры арганізацыі вучэбнага працэсу і фарміраванні мабільнага і сацыяльна адказнага спецыяліста. Гэтай стратэгіі прытрымліваюцца і ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце Андрэй Саковіч, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Памятаю, калі я была студэнткай, многія мае аднагодкі лічылі БДТУ мужчынскім універсітэтам, хоць там заўсёды вучыліся і дзяўчаты (праўда, іх было значна менш, чым юнакоў). Сёння ж сітуацыя змянілася. Зараз там авалодваюць рознымі прафесіямі 51% дзяўчат і 49% юнакоў, якія разам вывучаюць электрахімію, 3D-мадэляванне, квантавую электроніку, тэхналогіі лекавых прэпаратаў, прамысловыя біятэхналогіі, кібербяспеку і шмат чаго іншага.
— Андрэй Андрэевіч, наколькі змянілася стаўленне да вышэйшай адукацыі?
— У той час, калі я заканчваў школу, паступіць ва ўніверсітэт было вельмі складана, таму гэта атрымалася толькі ў сямі маіх аднакласнікаў. Зараз вышэйшая адукацыя стала больш даступнай (колькасць УВА павялічылася і пералік спецыяльнасцей пашырыўся). У мае студэнцкія гады адзін з прафесараў сказаў, што пасля заканчэння ўніверсітэта адукацыя не спыняецца, на працягу жыцця і прафесійнай дзейнасці мы атрымліваем яшчэ пяць вышэйшых адукацый, таму што ўвесь час прыходзіцца павышаць свае кампетэнцыі і набываць новыя веды. Аднак гэта не значыць, што ўсе павінны ісці ва ўніверсітэты. Напрыклад, тым, каму падабаецца нешта рабіць рукамі, можна паступіць у каледж. Тут усё вельмі індывідуальна.
— У падрыхтоўцы розных спецыялістаў ёсць свае нюансы. Якія патрабаванні ў тэхналагічнай адукацыі?
— Галоўны напрамак тэхналагічнага ўніверсітэта — падрыхтоўка кадраў для прамысловасці краіны. Нашы выпускнікі — універсальныя спецыялісты, якіх мы навучылі працаваць так, каб яны змаглі дасягнуць сваіх мэт. Іншае пытанне, што тэхналагічны ўніверсітэт прадстаўлены вельмі разнастайнымі напрамкамі і кожны факультэт мае свой кірунак. Напрыклад, на лесагаспадарчым факультэце мы рыхтуем спецыялістаў для лясной гаспадаркі, якая мае, я лічу, значныя поспехі: лес пакрывае нашу краіну на 43%, і спелай драўніны ў нас зараз вельмі шмат. А вось малады факультэт універсітэта — факультэт інфармацыйных тэхналогій — займаецца падрыхтоўкай ІТ-спецыялістаў, прычым вельмі запатрабаваных.
— Кім з’яўляюцца вашы заказчыкі кадраў?
— Адзін з асноўных заказчыкаў кадраў — Міністэрства лясной гаспадаркі. Наша ўзаемадзеянне — гэта выдатны прыклад цеснага супрацоўніцтва заказчыка кадраў і УВА. Нашы выпускнікі працуюць ва ўсіх 98 лясгасах краіны. Дарэчы, на спецыяльнасці лясной гаспадаркі мы заўсёды набіралі неабходную колькасць мэтавікаў: раней — 40% ад лічбаў прыёму, зараз — 60%.
Акрамя таго, нашы былыя студэнты задзейнічаны прыкладна на 60% прадпрыемстваў краіны: на ўсіх хімічных (“ГроднаАзот”, Гомельскі хімічны завод, Мазырскі НПЗ, “Нафтан”, “Палімір” і інш.), на вытворчасці будаўнічых матэрыялаў — ад цэменту да вырабаў на аснове вяжучых матэрыялаў, на вытворчасці шкла, пліткі (“Керамін”, Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Беларускі цэментны завод), на паліграфічных камбінатах і фірмах і г.д.
— Сёння ўсе гавораць пра неабходнасць ісці ў нагу з часам. Якія спецыяльнасці былі адкрыты ва ўніверсітэце за апошнія гады?
— У БДТУ сем факультэтаў дзённай формы навучання і адзін — завочнай. Наш універсітэт разнапланавы, у ім прадстаўлены спецыяльнасці лясной прамысловасці, паліграфіі, хімічнай прамысловасці, аўтаматызацыі, забеспячэння якасці аховы навакольнага асяроддзя. Сёлета мы будзем набіраць абітурыентаў па 34 спецыяльнасцях: на бюджэт — 1055 чалавек, на платнае аддзяленне — 405. На завочным навучанні ў нас 80 бюджэтных і 390 платных месцаў.
За апошнія 5 гадоў мы адкрылі 5 новых спецыяльнасцей на першай ступені вышэйшай адукацыі, прычым такіх, якіх раней не было ў краіне. Так, у 2016 годзе ў нас пачаўся прыём абітурыентаў на спецыяльнасць “Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій”, зараз яна ўжо ёсць у некалькіх УВА. З 2020 года мы ажыццяўляем набор на спецыяльнасці “Прамысловая водападрыхтоўка і водаачыстка” і “Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу”. У 2021 годзе з’явіліся “Прынттэхналогіі” і “Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваперапрацоўчых вытворчасцей”.
У гэтым годзе на факультэце хімічнай тэхналогіі і тэхнікі пачынаецца набор на спецыяльнасць “Прамысловы дызайн” з прысваеннем кваліфікацыі “інжынер, дызайнер”.
Да таго ж два гады назад мы адкрылі ваенную кафедру сумесна з Міністэрствам абароны па дзвюх вельмі запатрабаваных ва Узброеных Сілах краіны спецыяльнасцях: “Баявое прымяненне мотастралковых падраздзяленняў, часцей і злучэнняў на баявых машынах пяхоты” і “Арганізацыя агульнавайсковага тылавога забеспячэння”. На іх мы набіраем 210 чалавек пасля першага курса. Студэнты ўсіх факультэтаў паступаюць на кафедру на добраахвотнай аснове па конкурсе паспяховасці.
Увогуле, у гэтым годзе многія спецыяльнасці змянілі назвы ў адпаведнасці з абноўленым агульнадзяржаўным класіфікатарам “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, таму ўсім нашым абітурыентам раю зазірнуць на наш сайт у раздзел “Абітурыентам”.
Калі ж гаварыць пра самыя папулярныя спецыяльнасці, то назаву такія: “Праграмная інжынерыя” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” на факультэце інфармацыйных тэхналогій, “Прамысловая біятэхналогія” і “Тэхналогія лекавых прэпаратаў” на факультэце тэхналогіі арганічных рэчываў. На іх, як правіла, самыя высокія прахадныя балы — звычайна вышэй за 300. Эканамічныя спецыяльнасці таксама карыстаюцца павышанай цікавасцю.
— А што новага прапануеце абітурыентам гэтага года?
— У гэтым годзе на факультэце хімічнай тэхналогіі і тэхнікі мы пачынаем набор на “Прамысловы дызайн” з прысваеннем кваліфікацыі “інжынер, дызайнер”. У нас даўно вядзецца падрыхтоўка інжынераў-дызайнераў мэблі па спецыяльнасці “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”. А зараз мы пачнём рыхтаваць дызайнераў малых архітэктурных форм.
Распрацаваны вельмі цікавы вучэбны план. Заняткі са студэнтамі будуць праходзіць у навукова-практычным цэнтры шкла і керамікі БДТУ, лабараторыі канцэптуальнага дызайну і праектавання мэблі з прымяненнем сучаснага абсталявання. У працэсе навучання студэнты асвояць спецыялізаваныя праграмы для праектавання, інжынернага аналізу і аптымізацыі канструкцый вырабаў, а таксама тэхналогіі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці.
Будучыя дызайнеры на практыцы асвояць навыкі мастацкай апрацоўкі розных матэрыялаў (драўніны, гіпсу, гліны, шкла і інш.) і змогуць арганізоўваць увесь цыкл вытворчасці мастацкага вырабу ад задумы да ўвасаблення ідэі ў матэрыяле.
Галоўны напрамак тэхналагічнага ўніверсітэта — падрыхтоўка кадраў для прамысловасці краіны.
На гэтую спецыяльнасць мы выдзелілі 17 бюджэтных і 10 платных месцаў. Абітурыентам давядзецца вытрымаць творчы іспыт па малюнку і кампазіцыі, а таксама прадставіць сертыфікаты ЦЭ/ЦТ па беларускай/рускай мове і матэматыцы. Мы вельмі спадзяёмся, што названая спецыяльнасць маладым людзям спадабаецца.
Акрамя таго, у філіяле БДТУ — Беларускім дзяржаўным каледжы прамысловасці будаўнічых матэрыялаў — адкрыюцца дзве спецыяльнасці: “Фізіка-хімічны аналіз прадуктаў вытворчасці” і “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі”, бо адпаведныя спецыяльнасці ёсць і на першай ступені вышэйшай адукацыі. Між іншым прафесіі, звязаныя з хімічнай тэхналогіяй, вельмі запатрабаваныя ў сучасным свеце і дазваляюць працаваць у розных галінах вытворчасці.
— Якія яшчэ новаўвядзенні сёлетняй уступнай кампаніі закрануць ваш універсітэт?
— Ільготнае паступленне для навучэнцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Наш універсітэт курыруе два яго напрамкі — “Біятэхналогіі” і “Інжынерная экалогія”. Таму юнакі і дзяўчаты, якія прайшлі навучанне па іх, змогуць паступаць на большасць спецыяльнасцей нашай установы.
У гэтым годзе нашым абітурыентам прыйдзецца здаць тры ўступныя іспыты: па беларускай/рускай мове і два профільныя экзамены ў адпаведнасці з выбранай групай спецыяльнасцей: па хіміі і матэматыцы, фізіцы і матэматыцы, замежнай мове і матэматыцы. А на спецыяльнасці “Турызм і прыродакарыстанне” першы профільны прадмет — “Фізічная культура і спорт” (здача нарматываў).
Да таго ж у 2023/2024 навучальным годзе ў БДТУ плануем правядзенне ўніверсітэцкай алімпіяды па трох прадметах — хіміі, фізіцы і матэматыцы. Яе пераможцаў будзем запрашаць на спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”, “Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу”, “Сэрвіс і інжынірынг лясных машын і абсталявання”, “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”, “Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў”, “Вытворчасць і перапрацоўка палімерных матэрыялаў”, “Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваперапрацоўчых вытворчасцей”, “Тэхналогія шкла, керамікі і вяжучых матэрыялаў”, “Электрахімічныя вытворчасці”, “Вытворчасць вырабаў з кампазіцыйных матэрыялаў”. Менавіта гэтыя спецыяльнасці вельмі важныя для прамысловасці краіны.
— Думаю, вы пагодзіцеся: 17 гадоў — даволі юны ўзрост для выбару прафесіі. Як не памыліцца ў ім?
— Я і сам сабе перыядычна задаю гэтае пытанне. Аднак падчас правядзення нашых прафарыентацыйных мерапрыемстваў мне заўсёды хочацца сказаць: “Прафесію выбірайце сэрцам і будзьце ўважлівымі”. Бо ў нас, напрыклад, многія спецыяльнасці блізкія па аб’екце і прадмеце даследавання, але іх назвы не заўсёды адлюстроўваюць іх сутнасць.
Выпускнікі БДТУ працуюць прыкладна на 60% прадпрыемстваў краіны.
Сваім абітурыентам на днях адкрытых дзвярэй мы заўсёды шчыра расказваем пра заказчыкаў кадраў, перавагі навучання ў нашым універсітэце, магчымасці працаўладкавання. Дарэчы, амаль 85% нашых абітурыентаў — не мінчане, а выпускнікі з іншых гарадоў і абласцей. Так, у нас вялікі кантынгент з Брэсцкай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Часта бывае шмат абітурыентаў з Бабруйска, Оршы, Баранавіч, Лунінца.
Тры гады запар праводзім для школьнікаў навукова-практычную канферэнцыю “Мой першы крок у навуку”, якая нясе і прафарыентацыйную нагрузку. Канферэнцыя праходзіць па трох секцыях: “Прыродазнаўчыя навукі”, “Гуманітарныя навукі”, “Інфармацыйныя тэхналогіі”. Літаральна два тыдні назад адбылася чарговая з удзелам 512 навучэнцаў 9—11 класаў.
— БДТУ ўжо больш за 90 гадоў. Як, на ваш погляд, далей будзе развівацца ўніверсітэт?
— Думаю, вельмі імкліва будуць развівацца інфармацыйныя тэхналогіі, таму ўсе спецыяльнасці стануць цесна звязаны менавіта з інфармацыйным полем. Магчыма, з часам некаторыя спецыяльнасці аб’яднаюцца, асабліва на другой ступені вышэйшай адукацыі. Бо спецыяльнасці не могуць быць дробнымі, яны павінны стаць надструктурнымі элементамі. У такім выпадку выпускнік — малады спецыяліст — будзе мець вялікі патэнцыял і больш глыбока ведаць сваю справу.
Фота з архіва БДТУ і Алега ІГНАТОВІЧА