Англійская праз скайп-канферэнцыю

- 14:51Адукацыйная прастора, Рознае
Цяпер ужо ўсе разумеюць, што інтэрнэт валодае каласальнымі інфармацыйнымі магчымасцямі і не менш уражвальнымі паслугамі. Інтэрнэт стварае ўнікальную магчымасць вывучаць замежную мову, карыстацца аўтэнтычнымі тэкстамі, слухаць і мець зносіны з носьбітамі мовы.

Важна вызначыцца, для якіх мэт мы збіраемся выкарыстаць яго магчымасці і рэсурсы. Напрыклад, для ўключэння матэрыялаў сеткі ў змест урока; для самастойнага пошуку інфармацыі навучэнцамі ў рамках работы над праектам.
Выкарыстоўваючы інфармацыйныя рэсурсы сеткі інтэрнэт, можна, інтэгруючы іх у вучэбны працэс, больш эфектыўна вырашаць цэлы шэраг дыдактычных задач на ўроку:
— фарміраваць навыкі і ўменні чытання, непасрэдна выкарыстоўваючы матэрыялы сеткі рознай ступені складанасці;
— удасканальваць уменні ўспрымання мовы на слых на аснове аўтэнтычных гукавых тэкстаў сеткі інтэрнэт, таксама адпаведна падрыхтаваных настаўнікам;
— удасканальваць уменні маналагічнага і дыялагічнага выказвання на аснове праблемнага абмеркавання прадстаўленых настаўнікам або кім-небудзь з вучняў матэрыялаў сеткі;
— папаўняць свой слоўнікавы запас, як актыўны, так і пасіўны, лексікай сучаснай замежнай мовы, якая адлюстроўвае пэўны этап развіцця культуры народа, сацыяльнага і палітычнага ладу грамадства;
— знаёміцца з культуразнаўчым матэрыялам, які ўключае ў сябе маўленчы этыкет, асаблівасці культуры, традыцыі краіны, мова якой вывучаецца.
Аптымальным з’яўляецца таксама стварэнне мультымедыйных прэзентацый. Прымяненне камп’ютарных прэзентацый на ўроках дазваляе ўвесці новы лексічны, граматычны, краіназнаўчы матэрыял у найбольш займальнай форме. Так рэалізуецца прынцып нагляднасці, што спрыяе трываламу засваенню інфармацыі. Самастойная творчая работа вучняў па стварэнні камп’ютарных прэзентацый найлепшым чынам пашырае запас актыўнай лексікі.

А 9 снежня ўжо мінулага года адбылася скайп-канферэнцыя ўстаноў адукацыі Мсціслаўскай партнёрскай сеткі АУР (адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця) з лонданскім офісам арганізацыі Peace One Day (“Адзін дзень міру”). Гэтым разам у рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел педагогі і навучэнцы нашай гімназіі.
Уражанні гімназістаў ад скайп-канферэнцыі толькі станоўчыя.
Марыя Шышова, вучаніца 11 “А” класа: “Гэта быў мой першы вопыт зносін з замежнікам, і мне вельмі спадабалася. Мы кантактавалі, задавалі пытанні, расказвалі пра сябе, і ўсё гэта было на англійскай мове. Зносіны, нягледзячы на моўныя бар’еры, былі лёгкімі, простымі, абсалютна зразумелымі і вясёлымі. Я лічу, што такіх арганізацый, як Peace One Day, павінна быць больш. Дзякуй арганізацыі і яе заснавальнікам за падобны вопыт. Удзельнікі канферэнцыі былі ў захапленні!”
Настасся Волчак, вучаніца 11 “А” класа: “Peace One Day — унікальная арганізацыя. Яе лідар і заснавальнік, а таксама людзі, якія працуюць у гэтай арганізацыі, вартыя павагі і захаплення. Зносіны з пераемнікам Джэрэмі Джылі, Бэнам даставілі мне вялікае задавальненне. Мова была простай і зразумелай. Я разумела ўсё, што ён казаў. Упэўнена, што гэта не апошняя скайп-канферэнцыя ў нашай гімназіі”.
Уладзімір Іванцоў, вучань 11 “А” класа: “Я першы раз кантактаваў з замежнікам, і мне было зразумела тое, пра што ён казаў. Ад канферэнцыі ў мяне засталіся станоўчыя ўражанні. Цяпер я і мае аднакласнікі сур’ёзна задумаліся аб удзеле ў адукацыйных праектах арганізацыі Peace One Day.
Ігар Новікаў, вучань 11 “Б” класа: “9 снежня я ўдзельнічаў у відэаканферэнцыі са стваральнікамі арганізацыі Peace One Day. Мае ўражанні ад зносін толькі станоўчыя, нягледзячы на тое, што канферэнцыя вялася на англійскай мове. У далейшым я хачу ўдзельнічаць у праектах арганізацыі, рабіць уклад у захаванне міру”.
Ангеліна Брыцікава, вучаніца 9 “А” класа: “Жывыя зносіны на англійскай мове даставілі мноства задавальнення. Было прыемна пагутарыць з Бэнам. Ён адказваў на пытанні, што хвалююць мяне, больш падрабязна расказаў пра “Адзін дзень міру”. Я думаю, што арганізацыя Peace One Day будзе развівацца далей, пашыраць межы.

Таццяна ВАЙЦЯНКОВА,
настаўніца англійскай мовы гімназіі Мсціслава.