Дашкольнае дзяцінства — адзін з самых важных перыядаў жыцця дзіцяці. На шчасце, развіваецца малыш не ў адзіноце, а разам з дарослымі. Іх задача — быць мудрымі, цярплівымі і забяспечваць максімальнае выкарыстанне магчымасцей узроставага этапу.
Дыялог з чытачом
Дашкольнае дзяцінства, якое праходзіць нават у самых спрыяльных умовах, немагчыма без крызісаў развіцця (1 год, 3 гады, 7 гадоў). У гэтыя перыяды дарослыя могуць сутыкацца з цяжкасцямі ў паводзінах дзяцей. Важна, каб выхаваўчыя ўздзеянні на дзіця, якое перажывае крызіс развіцця, былі накіраваны ў асноўным на перабудову ўсёй сістэмы адносін дарослага і дзіцяці, якая склалася да гэтага часу. На практыцы педагогі дастаткова часта сутыкаюцца з выпадкамі ўскладнення псіхічнага развіцця, частка якіх з’яўляецца толькі адхіленнем ад нормы, а не паталогіяй. Выяўляюцца згаданыя намі ўскладненні ў розных варыянтах паводзін, якія адхіляюцца ад нормы. Прычын, як правіла, дзве: памылкі выхавання або мінімальныя пашкоджанні нервовай сістэмы. Падкрэслім яшчэ раз, што сёння мы гаворым пра тыя парушэнні паводзін дашкольнікаў, якія ўласцівы дзецям, чыё развіццё адбываецца ў рамках нормы.
Трывожнасць — уласцівасць дзіцяці, калі яно прыходзіць у стан павышанага неспакою, адчувае страх і трывогу ў спецыфічных сітуацыях, якая праяўляецца пастаянна або сітуацыйна. Узмацненню трывожнасці дзяцей спрыяюць завышаныя патрабаванні з боку дарослых, папрокі. Узмацненне трывожнасці правакуе ўзнікненне страхаў, у дзіцяці могуць развівацца неўратычныя рысы. Галоўная прычына трывожнасці — парушэнне ўзаемаадносін дзіцяці з бацькамі: адсутнасць цёплых эмацыянальных адносін, крытыка дзіцяці, параўнанне з іншымі дзецьмі. Работу з “трывожнымі” неабходна праводзіць у трох напрамках: забяспечыць рэальны поспех дзіцяці ў любой дзейнасці, палегчаны ацэначны рэжым, даверлівы кантакт з дарослымі, павышэнне самаацэнкі; навучанне ўменню знімаць мышачнае напружанне; развіваць уменні ўпэўненых паводзін у розных сітуацыях. Карысныя наступныя гульні з дзецьмі.
“Царская сям’я”
Павышэнне самаацэнкі. Удзельнікі дзеляцца на тры падгрупы, кожная з якіх атрымлівае заданне паказаць сямейны партрэт. Першая падгрупа — царскай сям’і, другая — вядомага артыста, трэцяя — папулярнага спевака. Па чарзе дзеці прадстаўляюць “сямейны фотаздымак”. Астатнія спрабуюць зразумець, хто на ім паказаны.
“Ласкавая крэйда”
Спрыяе зняццю мышачнага напружання, развіццю тактыльных адчуванняў. Пальчыкам, нібы чароўнай крэйдай, на спіне трывожнага дзіцяці малююцца карціны, сімвалы, прадметы, літары. Педагог: “Што ты хочаш, каб я зараз намалявала? Сонейка? Добра. А хочаш, зараз вавёрка намалюе сваім хвосцікам сонейка або штосьці іншае?” Пасля заканчэння гульні дарослы далікатнымі рухамі “сцірае” ўсё, што намаляваў, пры гэтым злёгку масажыруючы спіну або руку.
“Бойка”
Расслабленне мышцаў ніжняй часткі твару і кісцей рук. Педагог: “Уявіце, што вы з сябрам пасварыліся. Вось-вось пачнецца бойка. Глыбока ўздыхніце. Моцна сцісніце зубы. Сцісніце моцна кулачкі. Затаіце дыханне. Падумайце, можа, не варта біцца? Выдыхніце і расслабцеся. Ура! Непрыемнасці мінулі! Страсяніце кісцямі рук”.
Гэтае практыкаванне карысна праводзіць не толькі з трывожнымі, але і з агрэсіўнымі дзецьмі.
Агрэсіўнасць — варожасць, уласцівасць або рыса асобы, якая падкрэслівае яе тэндэнцыю рабіць непрыемнасці, нападаць, шкодзіць іншым людзям і навакольнаму свету. Прычыны: боязь быць траўміраваным, пакрыўджаным, падпасці пад напад, перажытая крыўда, душэўная траўма, стыль выхавання ў сям’і; няўвага да нервова-псіхічнага стану дзяцей. Работу з дзецьмі неабходна праводзіць у наступных напрамках: развіццё эмпатыі (умення суперажываць), эмацыянальнай сферы; навучанне рэлаксацыі, спосабам вылівання гневу, узаемадзеянню з равеснікамі. Дзеянні дарослага ва ўзаемадзеянні з агрэсіўным дзіцем могуць быць наступнымі: паўза, якая дае магчымасць малышу супакоіцца; выкліканне спакою невербальнымі (няслоўнымі) сродкамі; высвятленне сітуацыі з дапамогай навадных пытанняў; выкарыстанне гумару; прызнанне пачуццяў дзіцяці. Дзеці даволі хутка пераймаюць неагрэсіўныя мадэлі паводзін. Галоўная ўмова — шчырасць дарослага, адпаведнасць яго невербальных рэакцый словам. Для прафілактыкі агрэсіўных паводзін арганізуйце з дзецьмі наступныя гульні.
“Абзывалкі”
Знаёмства з гульнявымі прыёмамі разрадкі гневу ў прымальнай форме і пры дапамозе вербальных сродкаў. Удзельнікі гульні перадаюць адно аднаму мяч, пры гэтым называюць адно аднаго рознымі някрыўднымі словамі. Выкарыстоўваюць назвы грыбоў, дрэў, рыб, кветак. Кожны зварот павінен пачынацца са слоў “А ты…”. Напрыклад: “А ты — морква”. У заключным крузе гульцы гавораць свайму суседу што-небудзь прыемнае. Напрыклад: “А ты — мая радасць”. Гульню карысна праводзіць у хуткім тэмпе.
“Мой добры папугай”
Гульня спрыяе развіццю пачуцця эмпатыі, умення дзейнічаць у групе. Праводзіцца ў павольным тэмпе. Дзеці стаяць у коле. Педагог: “Да нас прыляцеў папугай. Ён хоча з вамі пазнаёміцца і пагуляць. Што мы зробім, каб ён прыляцеў да нас зноў?” Дзеці прапаноўваюць гаварыць з ім ласкава, навучыць яго гуляць. Дарослы асцярожна перадае дзецям цацку папугая (зайца, мішкі). Дзіця, атрымаўшы цацку, прытуляе яе да сябе, гладзіць, гаворыць нешта прыемнае, называе ласкавым імем і перадае наступнаму малышу.
“Маленькі прывід”
Навучыць у прымальнай форме выліць назапашаны гнеў. Педагог: “Дзеці, мы будзем іграць ролю маленькіх добрых прывідаў. Па маім пляскачы робім рукамі вось такі рух (падымаюць рукі, сагнутыя ў локцях, пальцы растапыраныя) і вымаўляем страшным голасам
“У-у-у-у-у”. Калі пляскач ціхі, то і гук ціхі, калі гучны, то і гук “У” гучны. Памятайце, што мы добрыя прывіды і хочам толькі пажартаваць. А цяпер зноў станьце дзецьмі”.
Дзіцячая гіперактыўнасць — адхіленне ад узроставых норм развіцця, якое характарызуецца няўважлівасцю, адцягненасцю, імпульсіўнасцю ў сацыяльных паводзінах і дзейнасці інтэлектуальнай, павышанай актыўнасцю пры нармальным узроўні развіцця. Калі апісаныя вышэй віды парушэнняў паводзін (трывожнасць, агрэсіўнасць) з’яўляюцца ў большай ступені хібамі выхавання, то ў аснове гіперактыўнага сіндрому (СДУГ) могуць ляжаць мікраарганічныя пашкоджанні галаўнога мозга, якія ўзніклі ў выніку ўскладненняў цяжарнасці і родаў, знясільваючых саматычных захворванняў ранняга ўзросту, фізічных і псіхічных траўм.
Напрамкі работы з гіперактыўнымі дзецьмі: развіццё ўвагі; кантроль рухальнай актыўнасці і імпульсіўнасці. Калі карэкцыйная работа з гіперактыўным дзіцем праводзіцца мэтанакіравана і паслядоўна з першых гадоў яго жыцця, то можна чакаць, што да 6—7 гадоў праяўленні сіндрому будуць зменшаны або пераадолены.
Прыклады гульняў для дзяцей дашкольнага ўзросту з СДУГ.
“Клубочак”
Навучанне аднаму з прыёмаў самарэгуляцыі. Дзіцяці, які раздурэўся, прапаноўваецца зматаць у клубочак яркую пражу. Памер клубка з часам можа станавіцца ўсё большым. Пры гэтым гаворыцца, што клубочак не просты, а чароўны. Калі толькі хлопчык або дзяўчынка пачынае яго змотваць, то адразу пачынае супакойвацца.
“Дотык”
Гэтая гульня дапаможа дзіцяці расслабіцца, зняць напружанне, павысіць тактыльную ўспрымальнасць.
Падрыхтуйце рэчы, зробленыя з розных матэрыялаў. Гэта могуць быць кавалкі футра, шкляныя рэчы, драўляныя вырабы, вата, што-небудзь з паперы і г.д. Пакладзіце іх на стол перад дзіцем. Калі яно іх разгледзіць, прапануйце яму заплюшчыць вочы і паспрабаваць здагадацца, чым вы дакранаецеся да яго рукі.
Заўвага. Можна таксама дакранацца да шчакі, шыі, калена. У любым выпадку вашы дотыкі павінны быць ласкавымі, няспешнымі, прыемнымі.
“Размова з рукамі”
Кантроль сваіх дзеянняў. Калі дзіця пабілася, зламала нешта, зрабіла некаму боль, прапануйце яму абвесці на лісце паперы сілуэт далоней і ажывіць іх (намаляваць ім вочкі, роцік, размаляваць каляровымі алоўкамі). Пасля гэтага вы можаце арганізаваць размову з рукамі: “Хто вы? Як вас завуць? Што вы любіце рабіць? Чаго не любіце?” Пры гэтым важна падкрэсліць, што рукі добрыя, яны шмат што ўмеюць рабіць (пералічыце што), але часам не слухаюць свайго гаспадара. Закончыць гульню можна “заключэннем дагавора” з рукамі і іх гаспадаром. Дагавор заключаецца на кароткі тэрмін. Потым перазаключаецца.
Псіхалагічнае люстэрка
Назіранне — крытэрый ісціны
Чытаючы пра хваробы, часта мы знаходзім іх сімптомы ў сябе. Для таго каб мы не запісалі дарэмна сваіх выхаванцаў у трывожныя, агрэсіўныя, гіперактыўныя, пазнаёмімся з крытэрыямі выяўлення паводзін, якія адхіляюцца ад нормы.
Трывожнасць: адчувае пастаянны неспакой; цяжкасці канцэнтрацыі ўвагі на нечым (часам немагчымасць); адчувае мускульнае напружанне (напрыклад, твар, шыя); зласлівы; мае парушэнні сну.
Каб была падстава лічыць, што дзіця, за якім вы назіраеце, трывожнае, неабходна, каб хаця б адзін з крытэрыяў, пералічаных вышэй, пастаянна праяўляўся ў яго паводзінах.
Агрэсіўнасць: спрачаецца, сварыцца з дарослымі; страчвае кантроль над сабой; вінаваціць іншых у сваіх памылках; зайздрослівы, помслівы; злуецца і адмаўляецца што-небудзь рабіць; спецыяльна раздражняе людзей; адмаўляецца падпарадкоўвацца правілам; уразлівы, вельмі хутка рэагуе на розныя дзеянні навакольных (дзяцей і дарослых), якія нярэдка раздражняюць яго.
Падлічыце колькасць адказаў “так”. Калі 4—8 крытэрыяў часта праяўляюцца ў дзіцяці на працягу не менш за 6 месяцаў, то можна лічыць, што яно агрэсіўнае.
Гіперактыўнасць: высокая рухальная актыўнасць (неспакой у рухах: барабаніць пальцамі, забіраецца куды-небудзь, круціцца на месцы, знаходзіцца ў пастаянным руху, гаваркі; спіць мала нават у маленстве); дэфіцыт актыўнай увагі (непаслядоўнасць у паводзінах, мае цяжкасці ў арганізацыі, мае шмат незакончаных спраў, не чуе, калі да яго звяртаюцца, не заканчвае заданні, губляе рэчы, пазбягае разумовых намаганняў і сумных заданняў, часта няпамятлівы); імпульсіўнасць (не можа рэгуляваць свае дзеянні, не ўмее падпарадкоўвацца правілам, адказвае да таго, як яго спытаюць, не можа дачакацца сваёй чаргі ў гульні, часта ўмешваецца ў размову, перапыняе гаворачага, дрэнна засяроджвае ўвагу, не можа адлажыць узнагароду, варыятыўнасць паводзін).
Калі ва ўзросце 7 гадоў праяўляюцца хаця б шэсць з пералічаных крытэрыяў, педагог можа меркаваць, што дзіця, за якім ён назірае, гіперактыўнае.
Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.