Апраўданы экзамен

- 10:22Актуально, Якасць адукацыі

Сёлета ўпершыню гісторыя Беларусі з’явілася ў пераліку абавязковых выпускных экзаменаў за курс сярэдняй школы. Такое рашэнне было прынята год назад, таму навучэнцам 11-х класаў і іх настаўнікам давялося рыхтавацца ў рэжыме павышанай канцэнтрацыі і ўвагі. Каб даведацца пра адметнасці падрыхтоўкі, а таксама пра яе вынікі, я накіравалася ў Мар’інагорскую гімназію, дзе гісторыю Беларусі здавалі ў панядзелак, 8 чэрвеня.

Дырэктар навучальнай установы Ала Васільеўна Ралькевіч ветліва пагадзілася прыняць журналіста “Настаўніцкай газеты” (за што ёй вялікі дзякуй) і пазнаёміць са сваімі выпускнікамі і педагогамі, якія дапамагалі з падрыхтоўкай да экзамену. У гэтым годзе ў гімназіі Мар’інай Горкі выпускаецца адзін клас — 25 чалавек. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Мікалаеўна Швачко, сярод выпускнікоў 2015 года ёсць два медалісты. Вольга Козыр атрымае залаты медаль, а Уладзімір Шпак — сярэбраны. З гімназіі кожны год выпускаюцца медалісты і звыш 90 працэнтаў становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.
“Для якаснай падрыхтоўкі да экзамену па гісторыі Беларусі ў гімназіі, акрамя вучэбных, былі арганізаваны факультатыўныя заняткі. Факультатыўныя курсы “Тэорыя і практыка тэсціравання па гісторыі”, “Абагульняючы факультатыў па гісторыі Беларусі” праводзіла настаўніца гісторыі Эльвіра Валер’еўна Буняева. Мы пастараліся, каб нашы выпускнікі добра падрыхтаваліся да экзамену. Дарэчы, акрамя факультатываў на базе гімназіі, як і ў мінулым навучальным годзе, былі арганізаваны міжшкольныя факультатыўныя заняткі. Эльвіра Валер’еўна рыхтавала да выпускнога экзамену вучняў і з іншых навучальных устаноў раёна.
Адпаведная работа праводзілася і з педагогамі. Змест экзамену абмяркоўваўся на пасяджэннях. Экзамен, як вядома, праводзіцца ў вуснай форме. Экзаменацыйны білет складаецца з трох пытанняў. Першыя два прапаноўваліся распрацоўшчыкамі Міністэрства адукацыі, а трэцяе, практычнае пытанне, складалі самі педагогі”, — расказала Святлана Мікалаеўна.
Калі прыехала ў гімназію, частка адзінаццацікласнікаў ужо прайшла праз выпрабаванне (прычым паспяхова) і з імі ўжо можна было пагаварыць, спытаць пра ўражанні ад перажытага. Пасля размовы з намеснікам дырэктара накіравалася ў клас, дзе і адбылася наша сумесная пасляэкзаменацыйная рэфлексія.
“Паколькі гісторыю Беларусі я здаваў у 9 класе, то мне ёсць з чым параўноўваць, — пачаў гаворку Эдуард Лугаўцоў. — У 9 класе было прасцей, бо тады на экзамене мы гаварылі пра старажытную гісторыю і не было такіх аб’ёмных эканамічных, палітычных пытанняў. Але з іншага боку, на выпускным экзамене ў 11 класе ў нас з’явілася магчымасць паразважаць, што, канечне, спрасціла задачу. Мне ўвогуле пашчасціла, бо выцягнуў першы білет, які паўтараў літаральна перад тым, як зайсці ў клас. Атрымаў “дзявятку”. Я не буду здаваць ЦТ па гісторыі, але мая будучая прафесія патрабуе гістарычных ведаў, бо збіраюся паступаць на факультэт міжнародных адносін БНТУ. Лічу, што экзамен па гісторыі Беларусі патрэбен, бо кожны грамадзянін павінен ведаць сваю гісторыю, і перанос экзамену ў 11 клас таксама апраўданы і лагічны”.
Са сваім аднакласнікам пагадзіўся Павел Вернікоўскі, які таксама атрымаў “дзявятку”: “Я згодны з Эдуардам: гісторыю сваёй краіны трэба ведаць абавязкова. Падрыхтоўка да экзамену была, канечне, напружанай, але мы справіліся. Нашу задачу спрасціла тое, што пытанні ў білетах былі ўзгодненыя. Усё ўзаемазвязана, лагічна і паслядоўна, хаця апошняя перадэкзаменацыйная ноч была амаль бяссоннай. Але гэта не страшна, бо вынік апраўдаў хваляванне і паўтарэнне экзаменацыйнага матэрыялу”.
Настасся Братчык хвалявалася не толькі ў апошнюю ноч перад экзаменам. З падручнікам па гісторыіі яна не расставалася тры дні. Увесь час нешта паўтарала і не раз лавіла сябе на думцы, што ўжо нічога не ведае. Але калі настаў час Х, усё ж змагла сабраць волю ў кулак, а ў галаве раскласці ўсё па паліцах. Усё атрымалася, але ёй расслабляцца нельга, бо наперадзе — ЦТ па гісторыі Беларусі. Настасся збіраецца стаць дызайнерам. Вадзіму Іванову таксама давядзецца вярнуцца да гісторыі Беларусі яшчэ раз. Яна спатрэбіцца яму для паступлення. У пераліку ўступных экзаменаў Інстытута пагранічнай службы ёсць гісторыя Беларусі.
Андрэй Жарынаў таксама паўтараў білеты на працягу трох дзён. “Экзамен няпросты, але вельмі карысны. І вельмі добра, што яго перанеслі ў 11 клас, бо ў гэты перыяд інфармацыя ўспрымаецца больш усвядомлена, чым у 9 класе. Але каб добра падрыхтавацца да экзамену, трэба вельмі пастарацца і ні ў якім разе не адкладваць на апошні момант”, — адзначыў Андрэй.
Пра тое, што перанос экзамену па гісторыі Беларусі ў 11 клас абсалютна апраўданы, гаварыла і настаўніца гісторыі Мар’інагорскай гімназіі Эльвіра Валер’еўна Буняева. Яна, як і яе вучні, хвалявалася, праўда, не толькі ў апошнія дні перад экзаменам. Думаю, што гэтае адчуванне было з ёю на працягу ўсяго навучальнага года, толькі прыхаванае ў нетрах душы. Але вучні павінны бачыць спакойнага і ўпэўненага педагога. У выніку вытрымка і прафесіяналізм дапамаглі Эльвіры Валер’еўне прывесці сваіх адзінаццацікласнікаў да паспяховай здачы экзамену.
“Наш прадмет вельмі патрыятычны, бо на ўроках гісторыі мы выхоўваем грамадзяніна. Як настаўніку-прадметніку мне (як, зрэшты, і любому іншаму настаўніку), канечне, хочаца большага. Безумоўна, хочацца больш гадзін на вывучэнне гісторыі Беларусі. Выдатна, што ёсць факультатывы, якія дабаўляюць часу на вывучэнне гэтага прадмета і даюць магчымасць некаторыя тэмы разгледзець больш глыбока, але хацелася б гэта рабіць на вучэбных занятках.
Канечне, з’яўленне выпускнога экзамену павысіць матывацыю вучняў, таму працаваць будзе прасцей. А сёння ў нас першы экзамен, запамінальны і для педагогаў, і для дзяцей. Усе крыху хвалююцца, але разам з тым узрушаны. Гэтыя дзеці здавалі гісторыю Беларусі ў 9 класе. Тады ім было складаней, бо яны былі псіхалагічна непадрыхтаваныя. Цяпер жа гэтыя хлопцы і дзяўчаты сталі дарослымі і да ўсяго ставяцца больш асэнсавана і адказна.
Каб здаць экзамен, неабходна было вывучыць 25 білетаў. У кожным білеце былі тры пытанні: два тэарэтычныя і адно практычнае. Міністэрства падрыхтавала тэарэтычныя пытанні, метадычныя рэкамендацыі, дапаможнікі з прыкладнымі адказамі і парадамі. Метадычнай літаратурай мы былі забяспечаны, што, канечне, спрасціла падрыхтоўку. Практычныя пытанні мы распрацоўвалі самі, але зноў-такі з дапамогай міністэрскіх метадычных рэкамендацый. У прыватнасці, практыка ўключала ў сябе веданне гістарычных паняццяў, работу з картамі, статыстычнымі лічбамі, характарыстыку дзейнасці гістарычных асоб, дзеячаў навукі ці культуры.
Добрай падмогай у падрыхтоўцы да экзамену сталі і ўрокі грамадазнаўства. Многія тэмы гэтага прадмета пераклікаюцца з экзаменацыйнымі пытаннямі, напрыклад, па станаўленні нашай дзяржавы. У 10—11 класе на ўроках гісторыі мы вывучалі перыяд з 1945 года па цяперашні час. А экзамен захоплівае і перыяд з 1917 па 1945 год, таму гэты матэрыял паўтаралі на факультатыўных занятках. Складанымі для дзяцей сталі тэмы, звязаныя з культурай. Яны вельмі аб’ёмныя і інфармацыйна насычаныя, а таму цяжка запамінаюцца.

З 2015 года абавязковы экзамен па гісторыі Беларусі здаюць выпускнікі 11 класаў. Такая норма змяшчаецца ў пастанове Міністэрства адукацыі № 95 ад 7 ліпеня 2014 года і тлумачыцца тым што, пачынаючы з 2008/2009 навучальнага года быў ажыццёўлены пераход на 9-гадовы тэрмін атрымання агульнай базавай адукацыі і 11-гадовы — агульнай сярэдняй адукацыі. У выніку быў зменены прынцып пабудовы зместу вучэбнай праграмы “Гісторыі Беларусі” з канцэнтрычнага на лінейны. Такім чынам, вывучэнне гісторыі Беларусі ў 9 класе ў цяперашні час заканчваецца падзеямі 1917 года і цалкам завяршаецца на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
У выніку пасля завяршэння навучання і выхавання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі абавязковыя выпускныя экзамены праводзіліся па такіх вучэбных прадметах, як “Матэматыка”, “Замежная мова”, “Гісторыя Беларусі”, а таксама па прадметах “Беларуская мова” або “Руская мова” (па выбары вучня, у пісьмовай форме).
Пры гэтым экзамен па выбары за курс сярэдняй агульнаадукацыйнай школы быў адменены. Раней выпускны экзамен па выбары можна было здаваць па адным з наступных вучэбных прадметаў: “Беларуская мова” (пераказ), “Руская мова” (пераказ), “Беларуская літаратура” (вусна), “Руская літаратура” (вусна), “Замежная мова” (вусна), “Гісторыя Беларусі” (вусна ці абарона рэферата), “Сусветная гісторыя” (вусна або абарона рэферата), “Геаграфія” (вусна), “Біялогія” (вусна), “Хімія” (вусна), “Фізіка” (вусна), “Астраномія” (вусна), “Iнфарматыка” (вусна), “Грамадазнаўства” (вусна), “Фізічная культура і здароўе” (у практычнай форме).
У 2014/2015 навучальным годзе на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі завяршаюць навучанне вучні, якія ў 2008/2009 навучальным годзе пачалі навучанне на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах 11-гадовага тэрміну атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. Менавіта таму экзамен “Гісторыя Беларусі” для выпускнікоў 2015 і 2016 гадоў будзе пабудаваны толькі на тым матэрыяле, які яны вывучалі ў 10 і 11 класе (матэрыял па гісторыі да 1917 года яны вывучылі ў 9 класе і экзамен здалі раней).
На экзамене па гісторыі Беларусі ацэньваліся:
– веданне тэарэтычнага зместу вучэбнага матэрыялу і ўменне працаваць з ім (тлумачэнне гістарычных паняццяў і тэарэтычных высноў з дапамогай фактаў; суаднясенне гістарычных фактаў з працэсам; тлумачэнне прычынна-выніковых сувязей (узаемаабумоўленасці) паміж фактамі і працэсамі);
– веданне факталагічнага зместу вучэбнага матэрыялу і ўменне працаваць з ім (параўнанне гістарычных падзей, працэсаў па прапанаваных або самастойна вызначаных прыкметах; абагульненне гістарычных фактаў і фармуляванне на гэтай аснове высноў; характарыстыка дзейнасці гістарычных асоб і творчасці дзеячаў культуры);
– храналагічныя веды і ўменні (вызначэнне храналагічных рамак гістарычных падзей, працэсаў, вызначэнне іх паслядоўнасці, сінхроннасці, вылучэнне ў іх этапаў і перыядаў);
– картаграфічныя веды і ўменні (вызначэнне месцазнаходжання розных аб’ектаў на гістарычнай карце з выкарыстаннем яе як крыніцы інфармацыі; характарыстыка сацыяльна-эканамічнага, геапалітычнага становішча);
– веданне гістарычных дакументаў і ўменне працаваць з дакументальнымі матэрыяламі (ажыццяўляць пошук гістарычнай інфармацыі ў дакументальных матэрыялах і аналіз зместу дакумента; характарызаваць пазіцыю аўтара гістарычнай першакрыніцы);
– веданне розных пунктаў гледжання на адны і тыя ж гістарычныя падзеі, працэсы, дзейнасць іх удзельнікаў і ўменне суадносіць ацэнкі (параўнанне іх аргументацыі, выяўленне ў іх агульнага і рознага; вызначэнне і абгрунтаванне ўласнага меркавання).

Акрамя таго, сучасныя дзеці паміж гісторыяй і літаратурай ставяць мяжу, а гэтыя прадметы інтэграваныя. У беларускай літаратуры ўзгадваецца шмат гістарычных фактаў, і вучням іх няпроста ўзгадаць, а затым супаставіць, хоць мастацкі твор і прачытаны. Пра тую ж калектывізацыю можна лёгка расказаць, калі прачытаў “Людзі на балоце” Івана Мележа. У сувязі з гэтым з’яўленне з наступнага навучальнага года такога прадмета, як “Сусветная мастацкая культура”, вельмі своечасовае і неабходнае”, — адзначыла настаўніца.
Старшынёй экзаменацыйнай камісіі на экзамене па гісторыі Беларусі была дырэктар гімназіі Ала Васільена Ралькевіч, якая пасля экзамену таксама падзялілася сваім меркаваннем адносна новаўвядзення выпускных экзаменаў гэтага года:
“Рашэнне аб увядзенні выпускнога экзамену па гісторыі Беларусі лічу вельмі правільным. Я не магу ўявіць спецыяліста, грамадзяніна нашай краіны, які не ведае сваёй гісторыі. Гэты экзамен вучыць патрыятызму, любові да сваёй краіны. Калі ведаеш гісторыю, то разумееш усё тое, што адбываецца ў дзяржаве, можаш параўнаць гістарычныя перыяды і ўбачыць і ацаніць пераадолены шлях. Першае пытанне ў білеце было прысвечана сацыяльна-эканамічнаму ладу на працягу пэўнага перыяду гісторыі. Гэта было няпростае пытанне, бо акумулюе ў сабе веды і эканомікі, і палітыкі, і дзяржаўнасці. Трэба быць начытатым, каб арыентавацца ў такіх няпростых пытаннях. І хто не ленаваўся, а чытаў (балазе, магчымасцей і крыніц сёння дастаткова), той на экзамене быў паспяховы. Большасць адзінаццацікласнікаў пацвердзілі свае адзнакі, а некаторыя нават павысілі. Падрыхтаваных дзяцей слухаць было цікава.
Калі даведаліся пра факт здачы гісторыі Беларусі ў 11 класе, то вывучалі меркаванні дзяцей і бацькоў. Канечне, адразу быў страх. І найперш з прычыны таго, што экзамен трэба здаваць у вуснай форме. Але гэты экзамен якраз і каштоўны тым, што мы слухаем нашых навучэнцаў, іх меркаванні, ацэньваем стаўленне да пэўнага гістарычнага факта. Мы можам прасачыць за ходам іх думак, убачыць іх уменне весці прадметную, аргументаваную размову. Гэта проста выдатна.
Яшчэ было вельмі цікава даведацца, наколькі навучэнцы могуць супастаўляць агульныя гістарычныя веды з гісторыяй той мясціны, дзе нарадзіліся і атрымалі агульную адукацыю. Было прыемна, што адзінаццацікласнікі ведаюць мясцовых актывістаў, якія працавалі і прыносілі карысць у розныя гістарычныя перыяды. Акрамя таго, гэта сведчыць аб тым, што сацыялізацыя нашых выпускнікоў ва ўмовах гімназіі малога горада прайшла паспяхова. Экскурсіі ў мясцовыя музеі, турыстычныя паходы, майстар-класы музейных супрацоўнікаў пайшлі на карысць”.
Першы экзамен па гісторыі Беларусі за курс сярэдняй школы здадзены, прычым даволі паспяхова. Яго прынялі і вучні, і настаўнікі. Безумоўна, яго змест і форма будуць удасканальвацца. Пагаджуся з Алай Васільеўнай, якая адзначыла, што гэты экзамен павінен праводзіцца ў больш сучаснай форме, з выкарыстаннем інтэрактыву (найперш гэта тычыцца трэцяга практычнага пытання).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.