Штодзённік накіраваны на аказанне маладым педагогам дапамогі ў вырашэнні прафесійных пытанняў, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» загадчык вучэбна-метадычнага кабінета цэнтра Алена Мідзянчык.

– Арганайзер уяўляе сабой незвычайны штодзённік. У ім сабраны парады, якія служаць маладым спецыялістам своеасаблівай метадычнай і псіхалагічнай падтрымкай у перыяд прафесійнага станаўлення. Усе матэрыялы складзены з улікам псіхалагічных асаблівасцей сучаснай моладзі. Яны прадстаўлены ў карцінках, інфаграфіцы і кароткіх тэкстах. Размешчаныя ў ім QR-коды адкрываюць доступ да вялікага аб’ёму інфармацыі ў віртуальнай адукацыйнай прасторы ўстановы. Шматлікія матыватары падбадзёрваюць маладых настаўнікаў, а чэк-лісты падказваюць, як аптымальна наладзіць работу, – адзначыла А. Мідзянчык.
Арганайзер падзелены на блокі, кожны з якіх мае асаблівую значнасць для маладых спецыялістаў. Напрыклад, блок «Тайм-менеджмент» вучыць выніковаму планаванню, асабістай самаарганізацыі, зніжэнню псіхалагічнай і працоўнай нагрузкі. Блокі «Вучэбны кампанент», «Метадычны кампанент», «Выхаваўчы кампанент» і «Выніковы кампанент» накіраваны на актуалізацыю ведаў па арганізацыі адукацыйнага працэсу, форм, метадаў і прыёмаў навучання і выхавання. А блок «Давайце пазнаёмімся» тлумачыць нормы і правілы паводзін ва ўстанове адукацыі, расказвае аб іміджы педагога і мастацтве самапрэзентацыі.
– Важную ролю мы адвялі рэфлексіі. Для зваротнай сувязі выкарыстоўваем Google-формы, дадатак Padlet і іншыя. Новы інструмент метадычнага ўзаемадзеяння з маладымі спецыялістамі ўжо станоўча зарэкамендаваў сябе. Мы заўважаем істотнае скарачэнне тэрмінаў сацыяльна-псіхалагічнай і прафесійнай адаптацыі педагогаў, – падкрэсліла А. Мідзянчык.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва суразмоўніцы





