Архіўныя дакументы для музейна–мемарыяльнага комплексу перадаў Аляксандр Лукашэнка ў час рабочага візіту Нурсултану Назарбаеву

- 10:13Інфармацыйная гадзіна

Беларусі цікавы вопыт Казахстана па будаўніцтве выставачных павільёнаў для правядзення міжнароднай спецыялізаванай выставы “ЭКСПА-2017”. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Астане ў час двухбаковай сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

“Мы не маглі не наведаць гэтую выставу, таму што вы — нашы сябры, блізкія людзі, і я ведаю, як вы рыхтаваліся да яе, колькі зроблена. Мы не проста будзем глядзець павільёны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што нядаўна ў Мінску былі знесены старыя выставачныя плошчы. “Мы спланавалі будаўніцтва беларускай выставы, таму будзем дасканала вывучаць ваш вопыт. Вядома, нам такая маштабнасць не патрэбна — гэта сусветная выстава. Мы вельмі ўважліва вывучым гэты вопыт, і калі вы нам дапаможаце хаця б архітэктурнымі праектамі, спецыялістамі і падкажаце, мы вам будзем вельмі ўдзячны”, — адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за тое, што ён прыняў запрашэнне прыехаць у Казахстан для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выставы “ЭКСПА-2017”. “За 2,5 года мы патрацілі $3 млрд і пабудавалі цэлы раён з жыллём, гасцініцамі, кангрэс-холам”, — расказаў казахстанскі лідар.

Паводле яго слоў, пасля заканчэння выставы на вызваленых плошчах размесцяцца міжнародны фінансавы цэнтр, там будзе працаваць пастаянная выстава, частка будзе аддадзена пад лабараторыю ўніверсітэта, а пабудаванае для ўдзельнікаў выставы жыллё будзе перадавацца жыхарам Астаны.

Нурсултан Назарбаеў таксама адзначыў, што Беларусь на “ЭКСПА-2017” прадстаўлена асобным нацыянальным павільёнам. “Беларусі ёсць што паказаць па новай тэхніцы і тэхналогіях”, — сказаў ён.

Што тычыцца двухбаковых адносін, Нурсултан Назарбаеў выказаў упэўненасць, што ў гэтым пытанні няма нейкіх праблем. “Калі яны ёсць, сядзяць “арлы”, якія павінны іх вырашаць па нашай камандзе”, — вобразна сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перадаў Прэзідэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву копіі архіўных дакументаў, выяўленых органамі дзяржбяспекі Беларусі, у адносінах да асуджаных у БССР у канцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя па палітычных матывах і этапаваных у лагер на тэрыторыі Казахстана жанчын.

Дакументы прызначаны для музейна-мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму, які размешчаны на месцы найбуйнейшага савецкага жаночага лагера — Акмалінскага спецаддзялення Карлага НКУС СССР, больш вядомага як Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Нурсултан Назарбаеў шмат увагі ўдзяляе аднаўленню аб’ектыўнасці гісторыі і гістарычнага працэсу. “Ведаю, што вы чалавек, прыхільны да гістарычнай праўды, колькі вы зрабілі для стварэння музея на месцы Акмалінскага лагера жонак здраднікаў Радзімы”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што калі даведаўся аб рэалізацыі ідэі па стварэнні музейна-гістарычнага комплексу на месцы былога лагера недалёка ад Астаны, то даручыў КДБ Беларусі знайсці і вывучыць архіўныя матэрыялы, паколькі ў лагер ссылаліся людзі з розных рэспублік былога СССР. “Мы знайшлі цікавыя матэрыялы. Думаю, яны паслужаць асновай нашай беларускай выставы ў гэтым музеі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, перададзеныя дакументы — копіі спраў у адносінах да жонак беларускіх пісьменнікаў, пісьмы сваякоў рэпрэсіраваных жанчын. Сярод іх — і цешча народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.

Нурсултан Назарбаеў падзякаваў беларускаму прэзідэнту за перададзеныя архіўныя дакументы. Ён расказаў, што ў экспазіцыі музея на месцы лагера паспрабавалі аднавіць тагачасныя ўмовы быту і ўтрымання зняволеных. “Там проста ў пакутах гінулі людзі. Яны былі з дзецьмі, некаторыя — цяжарныя. Нараджалі, дзеці гінулі, — сказаў Прэзідэнт Казахстана. — Недалёка ёсць спецыяльныя могілкі — называюцца мамачкіны могілкі — для дзяцей. Там на крыжах лялькі вісяць. Жудасна! Нельга забываць гэта!”

Як растлумачылі ў КДБ Беларусі, супрацоўнікамі органаў дзяржбяспекі на пастаяннай аснове вядзецца работа па навуковай распрацоўцы архіўных дакументаў, што захоўваюцца. У ходзе карпатлівай работы выяўлены і вывучаны матэрыялы архіўных крымінальных спраў у адносінах да 63 жанчын — жонак рэпрэсіраваных у 1937 годзе прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Асуджаныя па палітычных матывах жанчыны былі этапаваны з БССР у Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы.

Гэтыя матэрыялы ўнікальныя і ўяўляюць сабой не толькі навуковую і гістарычную каштоўнасць, але і з’яўляюцца часткай гісторыі канкрэтнага чалавека, сям’і. Такім чынам, ёсць магчымасць дапамагчы сваякам, пацярпелым у гады масавых палітычных рэпрэсій, аднавіць асобныя старонкі гісторыі сваёй сям’і.

Музейна-мемарыяльны комплекс памяці ахвяр палітычных рэпрэсій і таталітарызму быў адкрыты 31 мая 2007 года па ініцыятыве Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Ён размешчаны недалёка ад сталіцы Казахстана Астаны.