Аршаншчына: неабходна развіваць не толькі дзеючы патэнцыял, але і ствараць новыя напрамкі

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Сітуацыя на прадпрыемствах Аршанскага раёна, у тым ліку праблемных, паляпшаецца. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаліся праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна да 2020 года і комплексны план мер па развіцці раёна.

Урад сумесна з Віцебскім аблвыканкамам, Аршанскім райвыканкамам з сярэдзіны красавіка працуе над выкананнем даручэння кіраўніка дзяржавы аб развіцці Аршанскага раёна. На першым этапе ставіліся дзве задачы: рэалізаваць першачарговыя меры па павышэнні эфектыўнасці фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемстваў, а таксама вызначыцца з перспектывамі іх развіцця. “У выніку праведзенай работы паляпшаецца сітуацыя ў раёне і на прадпрыемствах, у тым ліку праблемных”, — канстатаваў Андрэй Кабякоў.

У студзені — кастрычніку 2017 года аб’ём прамысловай вытворчасці ў Аршанскім раёне склаў 100,5 працэнта да адпаведнага перыяду 2016 года (для параўнання: у студзені — красавіку 2017 года гэты паказчык складаў 93 працэнты). Рост намеціўся і ў сельскай гаспадарцы, павялічыўся экспарт і сярэдняя зарплата ў раёне.

Гэтыя зрухі немагчыма было зрабіць без вырашэння пры абмежаваных грашовых рэсурсах многіх няпростых праблем. “Напрыклад, разблакіраваны рахункі, без затрымак выплачваецца зарплата, палепшаны ўмовы працы, наведзены парадак у цэхах і на тэрыторыях прадпрыемстваў. Цяжка, але паслядоўна вырашаюцца пытанні па фінансаванні аб’ектаў будаўніцтва АПК”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Днямі першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў правялі ў Оршы чарговую рабочую сустрэчу з кіраўнікамі банкаў, Мінсельгасхарча, Мінфіна і Мінэканомікі. “Асноўная праблема — закрэдытаванасць прадпрыемстваў і адсутнасць рэальнага забеспячэння крэдытаў. Аднак без нарошчвання вытворчасці малака і мяса не будзе эфектыўна працаваць уся вертыкаль інтэграванай структуры аграпрамысловага комплексу, а гэта аснова эканомікі раёна”, — звярнуў увагу Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, акрамя аператыўных мер, патрэбна сярэднетэрміновая стратэгія развіцця раёна, каб на аснове комплекснага аналізу вызначыць дадатковыя кропкі росту і мэтавыя арыенціры. Для гэтага прынята рашэнне аб распрацоўцы праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна да 2020 года. Прапрацавана вялікая колькасць пытанняў, напрыклад, комплексна прааналізавана запазычанасць прадпрыемстваў і яе ўплыў на эканоміку і магчымасці іх развіцця. “У працэсе прапрацоўкі праграмы з’явілася больш выразнае разуменне неабходнасці развіцця не толькі дзеючага патэнцыялу, але і стварэння новых напрамкаў, такіх як інфармацыйныя тэхналогіі, а таксама новых падыходаў да ўдасканалення рознічнага гандлю, прадпрымальніцтва”, — адзначыў прэм’ер-міністр. Асноўным распрацоўшчыкам дакумента вызначана Міністэрства эканомікі, таксама ў яго падрыхтоўцы ўдзельнічаюць Віцебскі аблвыканкам, Аршанскі райвыканкам, рэспубліканскія органы дзяржкіравання.

Як растлумачыў старшыня Аршанскага райвыканкама Аляксандр Пазняк, дзякуючы рэалізацыі праграмы, якая распрацоўваецца, і комплексу мер, раён павінен стаць зонай апераджальнага развіцця. Праблемныя пытанні пачалі ўжо вырашацца, і для раёна важна, каб гэтая работа працягвалася на сістэмнай аснове. “Таму ўся работа нацэлена на тое, каб былі “доўгайграючыя” партфелі заказаў, каб менавіта на аснове мадэрнізацыі прамысловасці мы маглі павялічваць як аб’ём вытворчасці, так і экспарт, — растлумачыў Аляксандр Пазняк. — Рэалізацыя праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця дасць магчымасць выйсці на гэта, няхай і невялікімі крокамі. У 2020 годзе мы павінны выйсці на паказчыкі вышэйшыя за сярэднеабласныя па ўсіх напрамках”.