Аршанскі раён: не рэалізаваны найважнейшыя з пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач

- 15:07Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня на нарадзе аб ходзе выканання даручэнняў па комплексным развіцці Аршанскага раёна падкрэсліў недапушчальнасць таго, каб работа на месцах скочвалася да фармалізму і валакіты.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў 2017 годзе даручаў ураду сумесна з Віцебскім аблвыканкамам забяспечыць комплекснае развіццё Аршанскага раёна, каб тэмпы яго росту былі як мінімум вышэйшыя за сярэднеабласныя.

“Недапушчальна, каб работа на месцах скочвалася да фармалізму і валакіты”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова адзначаў, што выкананне даручэнняў па развіцці рэгіёна — паказчык эфектыўнасці работы ўрада і мясцовай улады. Патрабавалася наладзіць сістэмную работу, якая стала б прыкладам для іншых сярэдніх гарадоў краіны.

“Гэта пытанне не толькі Оршы. Як я ўжо гаварыў, гэта пытанне раўнамернага размеркавання прадукцыйных сіл па ўсёй краіне. Мы не можам дапусціць, каб дзесяцімільённая краіна напалавіну размясцілася ў Мінску і яго наваколлі. На нашых вачах прыкладаў нямала: напэўна, усе вы былі ў Маскве, праязджалі праз Маскоўскую вобласць і бачылі наступствы такога размяшчэння насельніцтва і прадукцыйных сіл. Гэтага дапусціць нельга”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Абмяжоўваючы будаўніцтва ў Мінску і абласных цэнтрах, трэба развіваць раённыя цэнтры, гарадскія пасёлкі і сярэднія гарады, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. “У сельскай гаспадарцы мы намецілі шлях, па якім трэба ісці, — гэта стварэнне аграгарадкоў, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Такіх сярэдніх гарадоў у нас 11, і пражывае там нямала — 15 працэнтаў насельніцтва. Урад на прыкладзе Оршы павінен быў паказаць сістэмную работу з такімі рэгіёнамі. У тым ліку вызначыць эфектыўныя рашэнні па апераджальным развіцці і распаўсюдзіць іх у далейшым на ўсю краіну. Гэта не зроблена”.

Калі нейкія з пастаўленых мэт і дасягаюцца, то толькі ў ручным рэжыме, адзначыў прэзідэнт. А сістэмныя пункты росту, якія дадуць магчымасць рэгіёнам развівацца без умяшання зверху, не вызначаны альбо неэфектыўныя.

“Больш за тое, не вырашаны ключавыя задачы па развіцці праблемных арганізацый раёна. А да праблемных можна аднесці практычна ўсе прадпрыемствы, якія тут існуюць. Ім патрабуецца сур’ёзны падыход у плане мадэрнізацыі і прывядзення ў належны выгляд. Зыходзячы з учарашняга дня, можна зрабіць выснову, што ўсе члены ўрада, якія былі тут, навучыліся даваць тлумачэнні, але не выконваць. Таму тэма сённяшняй размовы — вынік”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, арыенцірам перш за ўсё павінен быць узровень заработнай платы. Сёння ў Аршанскім раёне гэта Br770, а ў сярэднім па Віцеб-скай вобласці — Br820. “І наогул, Мікалай Мікалаевіч (старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. — Заўвага БелТА.), Віцебшчына па ўзроўні дабрабыту насельніцтва пляцецца ў хвасце. А на асобных прадпрыемствах зарплата выплачваецца яшчэ і з затрымкамі. Тую мізэрную заработную плату, якую налічваеце, не можаце выплаціць людзям. І як у такім выпадку людзям жыць? Зразумела, вы страчваеце насельніцтва, людзі выязджаюць. Кожны чацвёрты беларус, які паехаў за мяжу на заробкі, з Віцебскай вобласці”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым усе прапановы па выдзяленні фінансавання, рашэнні арганізацыйных пытанняў, якія выносіліся на разгляд прэзідэнта, падтрымліваліся неадкладна.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якая рэальная сітуацыя на базавых прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах і што перашкаджае ўраду і мясцовай вертыкалі ўлады выконваць пастаўленыя задачы.

“Былі розныя пункты гледжання, але мы прынялі ўзгодненыя рашэнні. Ніхто не пярэчыў паўтара-два гады назад. Вось чаму тым больш патрабую адказу на пытанне, чаму ўзгодненыя рашэнні, фармалізаваныя кіраўніком дзяржавы, не былі выкананы? Ад удзельнікаў нарады патрэбны аб’ектыўныя ацэнкі і канкрэтныя прапановы па пытаннях, якія патрабуюць вырашэння, — адзначыў беларускі лідар. — Чаму правалены і не выкананы даручэнні прэзідэнта? Іншых пытанняў я перад вамі не стаўлю. Не спрабуйце мне намаляваць радасную карціну да 2025 і 2035 гадоў”.

На нарадзе старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў далажыў аб асноўных недапрацоўках і хібах. Ён падкрэсліў, што стратэгічная мэта, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, — істотна палепшыць сітуацыю ў Оршы ўжо ў 2017 годзе, забяспечыць нармальнае функцыянаванне эканомікі раёна — не дасягнута. У цэлым работу трэба прызнаць вельмі нездавальняючай. “Урад выбраў для сябе ролю наглядчыка, а не непасрэднага выканаўцы”, — канстатаваў ён.

Шэраг паказчыкаў у Аршанскім раёне, нягледзячы на існуючы патэнцыял, нават ніжэйшы, чым сярэднеабласны, у тым ліку па індэксе прамысловай вытворчасці, экспарце тавараў і іншых напрамках. Прымаецца недастаткова мер па ўключэнні ў гаспадарчы абарот аб’ектаў і зямельных участкаў, якія не выкарыстоўваюцца, шмат праблемных пытанняў на прадпрыемствах. Пакуль не вырашаны асноўныя сацыяльна-эканамічныя пытанні занятасці насельніцтва і заработнай платы.

Леанід Анфімаў таксама адзначыў, што нават тое, што не патрабуе вялікіх матэрыяльных і фінансавых укладанняў, як навядзенне парадку на тэрыторыях прадпрыемстваў, не выканана. Работу нельга назваць сістэмнай, і яна шмат у чым мае касметычны характар.

Як адзначыла на нарадзе кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, “у сферы гандлю не выконваецца сацыяльны стандарт па забяспечанасці насельніцтва гандлёвымі плошчамі. Белкаапсаюз плануе да канца года падаць заяву ў суд аб банкруцтве Аршанскага райпо і яго ліквідацыі”.

Разам з тым яна адзначыла, што ў раёне вядзецца актыўная работа па адкрыцці новых прыватных аб’ектаў рознічнага гандлю.

Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Камітэта дзяржкантролю Леаніду Анфімаву сфарміраваць рабочую групу, якая праверыць дзейнасць Белкаапсаюза ў Аршанскім раёне ў плане арганізацыі абслугоўвання насельніцтва.

“Навошта тады патрэбна гэтая спажыўкааперацыя, якую я ратаваў, будучы дэпутатам? Таму што людзі разумелі, што калі не будзе спажыўкааперацыі, то сельскае насельніцтва ніхто абслугоўваць не будзе. І не факт яшчэ, што заўтра, калі мы прыватызуем гэтую спажыўкааперацыю, там будзе добра”, — заўважыў прэзідэнт.

“На кантролі ў Адміністрацыі знаходзяцца 126 даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія тычацца развіцця Аршанскага раёна. Сёння з іх выканана 87, не выканана 32, або 24,3%, — кожнае чацвёртае”, — паведаміла Наталля Качанава. Пры гэтым, канстатавала яна, не рэалізаваны найважнейшыя з пастаўленых задач ураду і Віцебскаму аблвыканкаму.

“Даручэнні былі дадзены яшчэ ў красавіку 2017 года. Яны тычыліся ўсіх сфер жыццядзейнасці: прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю і сацыяльнай сферы”, — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

За гэты час Савет Міністраў правёў восем прэзідыумаў, аднак вынікі не дасягнуты. “Нягледзячы на тое, што ўсе прапановы ўрада і Віцебскага аблвыканкама па развіцці арганізацый Аршанскага раёна, накіраваныя кіраўніку дзяржавы (а іх было не менш за 18), неадкладна падтрымліваліся: па выдзяленні фінансавання, будаўніцтве аб’ектаў у спрошчаным парадку, выдзяленні зямельных участкаў без правядзення аўкцыёнаў і шмат іншага”, — звярнула ўвагу Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, эфектыўныя і нестандартныя рашэнні, якія даюць магчымасць паскорыць працэдуры закупак і працэсы мадэрнізацыі, а таксама якасна і хутка выканаць патрабаванні кіраўніка дзяржавы, на разгляд прэзідэнта не выносіліся.

“Па сутнасці, глыбока праблемнымі прадпрыемствамі ніхто не займаўся, — канстатавала яна. — Саветам Міністраў на ўзроўні віцэ-прэм’ера некалькі разоў зацверджаны і перазацверджаны комплексны план па развіцці Аршанскага раёна. Аднак што ў гэтым плане? Сістэмных мер, накіраваных на ўстойлівае і доўгатэрміновае развіццё раёна, там не прадугледжана”.

Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман таксама далажыў аб выніках выканання даручэнняў. Паводле яго слоў, праведзены маніторынг 45 буйных і сярэдніх арганізацый раёна. Амаль 60 працэнтаў вывучаных прадпрыемстваў характарызуюцца як неплацежаздольныя і ўстойліва неплацежаздольныя. Адзначаецца занядбаны стан тэрыторый, захламленасць памяшканняў, высокая ступень зношанасці тэхналагічнага абсталявання і вострая неабходнасць у мадэрнізацыі, адсутнасць абаротных сродкаў, нізкі ўзровень заработнай платы. Умовы працы на некаторых прадпрыемствах чалавечымі назваць складана, канстатаваў Віктар Шэйман.

Маніторынгі дапамаглі выявіць і прадухіліць факты безгаспадарчасці, прыпісак, скажэння фінансавых вынікаў. Неаднаразова адзначалася, што мер па навядзенні парадку і вывадзе прадпрыемстваў на ўстойлівую работу недастаткова. Пра ўсе выяўленыя парушэнні інфармаваліся мясцовая ўлада і кампетэнтныя органы.

Для вырашэння праблем у эканоміцы рэгіёна ўрад разам з органамі мясцовай улады выпрацаваў комплекс мер, якія рэалізоўваюцца. Аднак стратэгічна гэтага недастаткова, хоць на некаторых праблемных прадпрыемствах і назіраецца станоўчая тэндэнцыя. Стабільная і рытмічная работа рэгіёна ў цэлым не забяспечана. Колькасць людзей, занятых у эканоміцы раёна, зніжаецца. Пры гэтым колькасць звольненых перавышае колькасць прынятых на работу, частка работнікаў працуе ў рэжыме няпоўнай занятасці.

Віктар Шэйман падрабязна расказаў аб праблемах на шэрагу прадпрыемстваў, іх фінансава-эканамічным і тэхнічным стане.

На нарадзе аб ходзе выканання даручэнняў па комплексным развіцці Аршанскага раёна Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў на гэтым тыдні ўнесці яму прапановы па заменах у кіраўніцтве ўрада.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, адзіная прычына невыканання яго даручэнняў заключаецца ў “пафігічным стаўленні ўрада да даручэнняў прэзідэнта”.

“Таму на гэтым тыдні ўнесці прапановы па замене ўсяго кіраўніцтва ўрада, усіх вярхоў з рэзерву кадраў, які мною сфарміраваны, — запатрабаваў прэзідэнт. — Хопіць глядзець ім у рот, а яны будуць нам расказваць, як ім складана, як цяжка!”

Аляксандр Лукашэнка даручыў унесці прапановы па кандыдатурах міністраў прамысловасці і будаўніцтва. “Ён сядзеў, не мог адрамантаваць дах — выканаць даручэнне прэзідэнта. Хто меў права адмяняць мае рашэнні? А чаму не выканалі, чаму не зрабілі, як я сказаў? Чаму будтрэст куляецца?” — спытаў кіраўнік дзяржавы.

“Пазняка (старшыню Аршанскага райвыканкама. — Заўвага БелТА.) — адправіць у адстаўку і знайсці яму іншую работу”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

“І не дай бог тут не будзе зроблена тое, што вы намецілі (учора вы нам гэтую праграму разгарнулі), і тое, што я вам даручыў, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Як варыянт, накіруйце Воўка (міністр прамысловасці Віталь Воўк. — Заўвага БелТА.) сюды — будзе выцягваць усю гэтую прамысловасць. На якой пасадзе, я ўчора Шарстнёву сказаў: няхай вызначаюцца. Не зробіць — пойдзе туды, куды я ўчора сказаў”.

Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў віцэ-прэм’ера Васіля Жарко за недапрацоўкі ў развіцці сферы аховы здароўя. “Чаму не прыйшлі да мяне, не сказалі. Чаму ў вас карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе, а тут вы не паспелі. У Гомелі вы не паспелі, тут вы не паспелі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Вы мне будзеце расказваць пра гераізм? Прэзідэнт перад народам публічна паставіў жалезабетонна задачу. Вырашыць і кропка. А вы заняліся сабатажам”, — ахарактарызаваў сітуацыю ў цэлым Аляксандр Лукашэнка.

“Учора са мной у дэлегацыі былі звычайныя простыя людзі. І потым мне кажуць: “Аляксандр Рыгоравіч, што вы нервы рвеце на гэтым інструментальным заводзе?” Там жа трэба было сабрацца інструментальнаму заводу, на чале з Пазняком усяму райвыканкаму (паўтары сотні чалавек працуе). Два суботнікі — і прывесці ўсё ў парадак. Вы што, гэта не маглі зрабіць? І прайсціся гэтак па ўсіх заводах”, — адзначыў беларускі лідар.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка працытаваў і пракаменціраваў некаторыя вынікі работы і “дасягненні”, аб якіх зрабілі справаздачу службовыя асобы. “Сфарміраваны пералікі невыкарыстоўваемай або неэфектыўна выкарыстоўваемай маёмасці” — пералікі сфарміраваны! Гэта значыць на лісце начарцілі, напісалі, што пад бульдозер, а што прададзім. Тыдзень работы! І ці трэба гэта наогул было рабіць? — спытаў ён. — “Вызначаны для рэалізацыі канкрэтныя інвестпраекты”. Мы ў яго былі, у яе былі — уяўлення не маюць, што рабіць заўтра. Якія канкрэтныя праекты? “Вызначаны напрамкі работы па павышэнні эфектыўнасці льногаліны”. Я даўно вызначыў і паставіў задачы. Якія вы яшчэ там вызначалі напрамкі работы? Тут работа цалкам правалена, але гэта мы разгледзім у верасні — кастрычніку”.

“Актывізавана работа па працаўладкаванні насельніцтва”. Актывізавана, паднята, павышана — як у савецкі час! “Зацверджана праграма да 2020 года”. Дзе тут, пакажыце мне, хоць адно прадпрыемства, дзе вы цалкам завезлі станкі, абсталяванне, паставілі людзей, і яны па-новаму працуюць? Нідзе. Вы хваліцеся тым, што вывезлі смецце і астаткі жалезабетону і іншага лому”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

“Строгая вымова Шарстнёву за абуральнае безадказнае стаўленне да даручанай справы. Наконт кіраўніцтва ўрада я сказаў. Воўка, Чорнага (міністр архітэктуры і будаўніцтва. — Заўвага БелТА.) неадкладна адправіць у адстаўку. Двігалеву і Засю (старшыня Дзяржкамваенпрама і дзяржаўны сакратар Савета бяспекі. — Заўвага БелТА.) — поўная службовая неадпаведнасць. Не паправяць да восені справу, не даложаць мне па кожным прадпрыемстве, пойдуць туды ж. Усіх астатніх адказных я проста папярэджваю”.

“Прадстаўце новага старшыню райвыканкама сёння (на гэтую пасаду вылучаны старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Ісачанка. — Заўвага БелТА.) і пастаўце кожнаму задачу па ўсіх прадпрыемствах. Каб гэта было рэалізавана. Паспрабуем без урада рэалізаваць. У нас ёсць некаторыя рэзервы ў бюджэце і банкі, — даручыў кіраўнік дзяржавы. — І не дай бог да 7 лістапада не будзе тут зрухаў. Я прыеду пагляджу. Будзем па льнаводстве яшчэ нараду праводзіць. Не дай бог маё вока зачэпіцца, недзе будзе не так”.