“АРТ-вакацыі” ў сістэме ПТА і ССА: новыя рэаліі і новыя перспектывы

- 11:05Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Здаецца, гэта было толькі ўчора, калі ў прыгожым беларускім горадзе Маладзечне мы маглі быць сведкамі грандыёзнага маладзёжнага дзейства — адмысловага прафарыентацыйнага свята-кірмашу “Мая прафесія — мая будучыня” і яскравага гала-канцэрта пераможцаў Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі-2015”, які праводзіўся ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але не. Гэта было не ўчора. Гэта было 23 мая 2015 года, ажно цэлыя 4 месяцы назад. Проста вельмі хутка праляцела легкадумнае лета, незаўважна адзвінеў сваім першым школьным званком верасень… і таму нам здаецца, што май быў учора. А сёння мы ўзгадваем той цудоўны, падораны нам прафтэхаўцамі дзень 23 мая яшчэ і таму, што менавіта сёння мы святкуем 75-годдзе прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў нашай краіне. Святкуем зноў жа прыгожа, урачыста, натхнёна…
…Зрэшты, досыць пафасу. Надоечы ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь прайшоў круглы стол “Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі” як арганізацыйна-творчы рэсурс у сістэме выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю”. Яго ўдзельнікамі сталі арганізатары Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, арганізатары непасрэдна ІІ этапу фестывалю, які ахапіў установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі ПТА і ССА, а таксама прадстаўнікі “Настаўніцкай газеты”. Мэта круглага стала апісвае перспектывы фестывалю: “Актуалізацыя зместу ІІ этапу Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” праз выяўленне эфектыўных арганізацыйна-метадычных і творчых рэсурсаў”.
Варта ўлічыць, што фестываль “АРТ-вакацыі”, які праводзіцца ў Беларусі з 2003 года, ужо адбыўся як самая маштабная мастацкая падзея ў навучэнскім і студэнцкім асяроддзі; сфарміраваўся і па сваім абліччы, і па канцэпцыі; выпрацаваў за гады сваю ўнікальную сістэму падрыхтоўкі і правядзення; знайшоў сябе ў канкрэтных сур’ёзных тэмах; разгалінаваўся адметнымі спадарожнымі творчымі праектамі; нарэшце, пакарыў такія прэстыжныя канцэртныя пляцоўкі, як Палац Рэспублікі, Летні амфітэатр у Віцебску, канцэртная зала “Мінск” і сёлета — Летні амфітэатр у Маладзечне… Але арганізатары “АРТ-вакацый” цудоўна разумеюць, што мяняюцца часы — і мы мяняемся разам з імі. І фестываль не павінен стаяць на месцы, а павінен пэўным чынам трансфармавацца, удасканальвацца, калі хочаце, нават падстройвацца пад зменлівыя жаданні ўдзельнікаў і педагогаў, каб быць ім цікавым, каб быць адэкватным канкрэтнаму часу і тым канкрэтным задачам, якія ставіць час. Адным словам, заўсёды быць актуальным. Актуалізацыя — вось ключавое слова ў фармулёўцы мэты круглага стала.

Імідж сістэмы і папулярызацыя прафесіі

Праблемнае поле круглага стала “Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі” як арганізацыйна-творчы рэсурс у сістэме выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю” складалі тры асноўныя блокі: “Змест выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі”, “Адміністрацыйны і інфармацыйна-метадычны аспекты правядзення фестывалю”, “Інавацыйна-творчы аспект рэалізацыі рэспубліканскага праекта “АРТ-вакацыі”. Адпаведным чынам выбудоўвалася і дыскусія.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю Віктар Віктаравіч Якжык адразу ж звязаў тры гэтыя рэчы — “АРТ-вакацыі”, вольны час навучэнцаў і выхаваўчую работу з імі — у адно. Фестываль “АРТ-вакацыі”, несумненна, за гады існавання стаў вельмі значным складнікам вольнага часу навучэнцаў, а вольны час у сваю чаргу з’яўляецца адным з самых дзейсных сродкаў выхавання маладых людзей. Наогул жа, найважнейшую ролю ў стварэнні ўмоў для развіцця асобы, задавальнення яе патрэб у творчасці, самавыяўленні, самасцвярджэнні і самавыхаванні адыгрываюць аб’яднанні па інтарэсах. У кантэксце сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, нагадаў міністр адукацыі, тут быў бы ідэальным прынцып “фіфці — фіфці”, гэта значыць, такая сітуацыя, пры якой аб’яднанняў па інтарэсах было б прыблізна пароўну — тых, што звязаны непасрэдна з той ці іншай прафесіяй, і тых, што звязаны з іншымі захапленнямі навучэнцаў, з іх вольным часам (спортам, мастацтвам і інш.). На сёння ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць 3064 аб’яднанні па інтарэсах, дзе займаюцца 46 109 навучэнцаў; ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 1606 аб’яднанняў, дзе займаюцца 26 411 навучэнцаў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца аб’яднанні па інтарэсах спартыўнага і мастацкага кірунку, і, што адметна, мастацкія гурткі ўсё-такі пераважаюць.
Але, зразумела, сэнс не толькі і не столькі ў лічбах. Галоўнае — змястоўнае напаўненне дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах. І тут найбольшую актуальнасць набывае метад праектаў. Цікавыя прыклады менавіта праектнай дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, безумоўна, ёсць, але ў цэлым, на думку Віктара Якжыка, тут установы ПТА і ССА крыху адстаюць ад устаноў вышэйшай адукацыі і сярэдніх агульнаадукацыйных школ. Як адстаюць яны і ў плане выхавання лідараў і адпаведных творчых праектаў і ініцыятыў (клубы “Я — лідар”, школы інтэнсіўнага навучання і развіцця “Лідар”, семінары па актуальных праблемах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і інш).
Яшчэ адзін вельмі важны момант — імідж сістэмы як такой, у нашым выпадку — імідж сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на які павінны былі б працаваць аб’яднанні па інтарэсах са сваімі калектыўнымі творчымі праектамі, мастацкімі калектывамі, асобнымі яркімі творчымі індывідуальнасцямі.
Намеснік міністра адукацыі крытычна заўважыў, што ў сістэме прафтэха кіраўнікі ўстаноў адукацыі неяк не вельмі клапоцяцца пра тое, каб прасоўваць свае мастацкія калектывы за межы саміх устаноў. І гэтая праблема, на думку В.В.Якжыка, вельмі цесна звязана з такой надзвычай важнай задачай, як папулярызацыя рабочай прафесіі сродкамі мастацкай дзейнасці. Як падкрэсліў выступоўца, гэтая задача павінна разглядацца ў кантэксце інавацыйных падыходаў да папулярызацыі рабочых прафесій, праф-арыентацыйнай работы сярод падлеткаў. Сусветны рух пад агульнай назвай WorldSkills (а на нядаўнім чэмпіянаце свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills Competition-2015 была дасягнута дамоўленасць пра стварэнне адпаведнага руху для школьнікаў JuniorSkills) адкрывае шырокія магчымасці перад маладымі людзьмі, будучымі і ўжо сённяшнімі прафесіяналамі рабочых прафесій. І фестываль “АРТ-вакацыі” са сваімі магчымасцямі мастацкага ўздзеяння на юную аўдыторыю не павінен заставацца ўбаку. Відавочна, тут вырысоўваецца цеснае супрацоўніцтва Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі найперш з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. А ўжо якім будзе канчатковы творчы прадукт — асобны паралельны “АРТ-вакацыям” праект, падпраект у рамках “АРТ-вакацый” ці яшчэ што-небудзь — гэта пакуль пытанне. Але тут варта нагадаць чытачам пра адзін надзвычай цікавы пілотны праект, ідэю творчага і таленавітага чалавека Алены Лаўрыновіч, — конкурс “Прафбум”, які праводзіўся некалькі гадоў назад і быў арганізаваны той жа камандай, якая адказвае і за фестываль “АРТ-вакацыі”. Тады “Прафбум” меў шырокі рэзананс у прафтэхаўскім асяроддзі. Можа, варта было б і вярнуцца да таго паспяховага пачынання?

“АРТ-вакацыі” як культурная з’ява ў нашай краіне

Каб лепш зразумець і асэнсаваць нейкую з’яву, каб больш выразна ўяўляць яе перспектывы, трэба ведаць яе вытокі. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка нагадала ўдзельнікам круглага стала, што ў свой час, у 2003 годзе, праект “АРТ-вакацыі” нарадзіўся як вынік шматвектарнай зацікаўленасці: педагогаў — у абмене творчым вопытам і прафесійнай ацэнцы паспяховасці сваёй работы з навучэнцамі, кіраўнікоў устаноў адукацыі — у стварэнні іміджу іх устаноў адукацыі, творчай моладзі — у самарэалізацыі. Гэтыя зацікаўленасці знайшлі падтрымку ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, якія і далі старт абсалютна новаму культурна-выхаваўчаму маладзёжнаму праекту пад назвай “АРТ-вакацыі”.
Тады, на самым досвітку “АРТ-вакацый”, прынцып удзелу ў фестывалі-конкурсе быў заяўленчы, гэта значыць, напрамую заяўлялася тая ці іншая ўстанова, натуральна, яшчэ не было ніякага падзелу на ўласна прафтэхаўскія “АРТ-вакацыі” і ўніверсітэцкія. Усе былі разам, і ўсяго ў І Рэспубліканскім конкурсе “АРТ-вакацыі” ўдзельнічалі 45 устаноў адукацыі, з іх — 18 ПТА, 15 ССА і 12 УВА. Пераможцамі першых “АРТ-вакацый” сталі 25 творчых калектываў і выканаўцаў у 15 намінацыях.
Сёння ўсё гэта — велізарны вопыт і ўжо гісторыя. Далейшае развіццё конкурсу, падтрымка арганізатараў у рэгіёнах, зацікаўленасць з боку педагогаў і моладзі дазволілі сфарміраваць самастойны конкурсны рух творчых калектываў сістэмы ПТА і ССА (паралельна аформілася ў самастойны рух і творчае спаборніцтва калектываў устаноў вышэйшай адукацыі). “АРТ-вакацыі” імкліва падымаліся прыступка за прыступкай і ў сэнсе колькасці ўдзельнікаў, і ў сэнсе ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства, і ў сэнсе значнасці і знакавасці гэтай падзеі ў культурным жыцці беларускай моладзі, змястоўным напаўненні іх вольнага часу. Арганізатары ўлічвалі рост і маштабы і амаль кожны фестывальны сезон прыстасоўвалі да зменлівых рэалій умовы фестывалю. Павялічвалася колькасць намінацый, у рамках фестывалю нараджаліся новыя конкурсы.
Статыстыка сёлетніх “АРТ-вакацый” асабліва ў параўнанні са статыстыкай 2003 года выглядае проста неверагоднай. У 2015 годзе ў абласных і гарадскім мінскім аглядах-конкурсах прынялі ўдзел 263 установы адукацыі. У гала-канцэртах у абласных гарадах і Мінску творчае майстэрства прадставілі 252 калектывы з 128 устаноў прафесійнна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёлетнія “АРТ-вакацыі” — гэта 84 намінацыі, у тым ліку 47 намінацый агляду-конкурсу, 16 — конкурсу лічбавай творчасці “АРТ-партал”, 17 — конкурсу сцэнарыяў “КРЭОН”, 4 — інавацыйнага праекта “Рэцытацыя”. Дыпломы ўручаны 187 пераможцам і прызёрам агляду-конкурсу. А ўсяго фестывальныя ўзнагароды атрымалі 375 творчых аб’яднанняў, аўтараў і выканаўцаў. Надзея Васільеўна Васільчанка асабліва падкрэсліла, што сёння “АРТ-вакацыі” — гэта менавіта комплексны праект. Ад уласна агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці ўжо немагчыма адняць “АРТ-партал” і “КРЭОН” (хаця ў свой час гэтыя падпраекты ініцыіраваліся арганізатарамі з пэўнай рызыкай і асцярогай), а ўжо заўтра немагчыма будзе адняць і “Рэцытацыю” — новаўвядзенне гэтага года, поспех якога пераўзышоў нават самыя аптымістычныя чаканні.
“Самае галоўнае для нас, арганізатараў фестывалю-конкурсу “АРТ-вакацыі”, каб як мага большая колькасць нашых маладых людзей займалася змястоўнай дзейнасцю. На нашу думку, творчасць — гэта якраз тое, што робіць людзей крэатыўнымі і ў жыцці, і ў прафесіі”, — падсумавала Надзея Васільеўна Васільчанка.
Ва ўнісон гэтым яе словам гучалі асобныя тэзісы наступнай прамоўцы — намесніка начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэнння выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі члена журы Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” Святланы Рышардаўны Бутрым: “Сёння кожны выпускнік устаноў прафесійнай адукацыі павінен умець максімальна выкарыстоўваць свае здольнасці, прымяняць набытыя ўменні і навыкі ў нестандартных сітуацыях, прафесійна правільна рэагаваць на змяненні, якія адбываюцца ў свеце. Фарміраванне і актывізацыя прафесійна-творчага патэнцыялу — асноўная задача сучаснай адукацыі.
Работадаўцам патрэбны рознабакова развітыя спецыялісты. А людзі, схільныя да творчасці, валодаюць вялікай працаздольнасцю, паколькі стварэнне нечага новага вызначаецца пастаяннай уцягнутасцю ў працэс дасягнення мэты, што дапамагае больш эфектыўна пераадольваць праблемы. Вельмі важным у сувязі з гэтым з’яўляецца працэс фарміравання ў навучэнцаў ініцыятыўнасці і развіццё творчага патэнцыялу асобы, здольнасці да асваення творчага зместу прафесіі.
Не кожны чалавек прыходзіць у свет, каб стаць творцам, аднак пэўны творчы патэнцыял мае кожны. І патэнцыял гэты трэба раскрыць. Толькі мэтанакіраваная работа з навучэнцамі па развіцці іх здольнасцей і творчага патэнцыялу, а менавіта гэта з году ў год дэманструе фестываль “АРТ-вакацыі”, дазволіць маладым людзям развіць у сабе самастойнасць, упэўненасць, здольнасць кантраляваць многія аспекты ўласнага жыцця, фарміраваць асобасныя якасці, неабходныя як для ўласнага жыццёвага поспеху, так і для прафесійнага станаўлення асобы”.

Прэзентацыя рэгіёнаў

Для абмену вопытам у арганізацыі і правядзенні “АРТ-вакацый” у рэгіёнах і Мінску на круглы стол у Міністэрства адукацыі былі запрошаны начальнік аддзела прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Вячаслаў Мікалаевіч Пільшчыкаў, дырэктар ДУ “Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі” Ірына Аляксееўна Кузьміцкая, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Вольга Мікалаеўна Глінская, начальнік аддзела тэхнічнай і мастацкай творчасці Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Анатольеўна Цімохіна, загадчык кабінета метадычнага забеспячэння ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі УА “Абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі” ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Ала Іванаўна Гайлава, метадыст ДУ “Магілёўскае абласное ўпраўленне фінансава-гаспадарчага і метадычнага забеспячэння ўстаноў адукацыі” Святлана Фёдараўна Борка, метадыст ДУ “Дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці” (Пінск) Міхаіл Васільевіч Слесарчук, метадыст ДУ “Гродзенскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі” Таццяна Леанідаўна Цітова і дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Галіна Леанідаўна Шкляр.
Іх выступленні ў выніку склалі шматколерную палітру арганізацыйна-творчых і інфармацыйна-метадычных мадэлей фестывалю. І выразна прасочваліся асобныя “фішкі”-пункцікі ў кожным з рэгіёнаў, напрыклад, шматгадзінны творчы марафон на базе трох устаноў адукацыі Навагрудка ў Гродзенскай вобласці, двайная нагрузка на арганізатараў фестывалю ў Мінскай вобласці (правесці спачатку абласны, а потым грандыёзны рэспубліканскі фінал), размеркаванне самага першага этапу агляду-конкурсу мастацкай творчасці навучэнцаў па трох кропках у Гомельскай вобласці (палескай — Мазыр, цэнтральнай — Гомель і паўночнай — Жлобін), правядзенне Віцебскага абласнога гала-канцэрта ў прэстыжнай канцэртнай зале “Віцебск”. Што тычыцца статыстыкі ўдзелу ўстаноў ПТА і ССА ў фестывалі, то яны таксама значна розняцца па абласцях. Ёсць тут свае рэкардсмены са стапрацэнтнымі ці амаль стапрацэнтнымі паказчыкамі, як, напрыклад, Гомельская вобласць (дарэчы, нагадаем, што дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За высокі ўзровень арганізацыі і правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2015” узнагароджана ўпраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта). З другога боку, некаторыя вобласці, адстаўшы ад іншых па індэксе ўдзелу ўстаноў у аглядзе-конкурсе “АРТ-вакацыі”, выдатна праявілі сябе ў такіх праектах, як “КРЭОН”, “АРТ-партал”, “Рэцытацыя”. Усё, як кажуць, адносна ў гэтым свеце, у тым ліку і ў “АРТ-вакацыях”. Але, як падалося аўтару гэтых радкоў, было адно агульнае ключавое слова ва ўсіх выступленнях. Гэтае слова — “узаемадзеянне”. Комплекснае арганізацыйна-творчае і інфармацыйна-метадычнае ўзаемадзеянне пры падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю на ўсіх узроўнях — пачынаючы ад асобных мастацкіх калектываў і педагогаў мастацкіх дысцыплін, устаноў адукацыі і іх кіраўнікоў і заканчваючы адміністрацыяй вобласці (горада).

Разнастайнасць, народжаная часам

А цяпер, каб разабрацца ў тым, што ўяўляюць сабой сённяшнія “АРТ-вакацыі” ў творчым, стылёвым плане, дадзім слова двум аўтарытэтным экспертам, членам журы фестывалю — метадысту вышэйшай катэгорыі аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяне Валер’еўне Грышукевіч і кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Анатолю Леанідавічу Карповічу.
Таццяна Грышукевіч: “Развіццё вакальна-харавога жанру ва ўстановах адукацыі сёння можна ахарактарызаваць як адмысловы творчы эксперымент. Імкненне педагогаў прыцягнуць моладзь у творчыя калектывы дазваляе знаходзіць новыя сцэнічныя формы, абуджаць пазнавальную цікавасць, пашыраць творчыя магчымасці калектыву за кошт выкарыстання сучасных пазамузычных сродкаў. Ствараючы канцэртныя нумары, кіраўнікі ўключаюць элементы мюзікла, тэатралізацыі, харэаграфіі, асаблівай расстаноўкі харавых партый, перамяшчэнне выканаўцаў па сцэне або глядзельнай зале, найноўшыя тэхнічныя сродкі (светлавыя, акустычныя, мультымедыйнае суправаджэнне). Фактычна гэта свайго кшталту шоу. Сёння можна з упэўненасцю гаварыць, напрыклад, пра такую новую форму харавога выканальніцтва, як харавы тэатр, што дазваляе, з аднаго боку, фарміраваць ва ўдзельнікаў калектываў адпаведныя акцёрскія ўменні і навыкі, а з другога —дасягнуць масавасці на сцэне. Успомнім тут, напрыклад, калектыўнае выкананне песні “Кацюша” харавым калектывам Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 2.
На вялікае шчасце, і сёння на канцэртах “АРТ-вакацый” можна пачуць сапраўдныя залацінкі, як, скажам, нумар у выкананні Руслана Скрыпко (Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава), які запісаў аўтэнтычную беларускую народную песню ў сваёй роднай бабулі з вёскі ў Верхнядзвінскім раёне.
Хаця і адбываецца змена пакаленняў, а ў свет музыкі ўсё больш і больш пранікаюць інфармацыйныя тэхналогіі, ва ўстановах адукацыі паспяхова працуюць цудоўныя інструментальныя аркестры і ансамблі (духавы аркестр Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і інш.).
Натуральна, вялікую цікавасць у сённяшняй моладзі выклікаюць такія кірункі сучаснай музыкі, як рэп, R’n’B і іншыя стылі, закліканыя выконваць не столькі эстэтычную, колькі камунікатыўную ці фонавую функцыю.
І ўсё ж пры ўсёй разнастайнасці сённяшняй музычнай творчасці ва ўстановах адукацыі можна вызначыць два асноўныя кірункі. Першы — традыцыйны, у якім, скажам, ужо 37 гадоў працуе народны хор “Крынічанька” пад нязменным кіраўніцтвам Алега Іванавіча Лебедзева (Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці). З году ў год, з пакалення ў пакаленне маладыя людзі, удзельнікі гэтага калектыву, актыўна далучаюцца да інтанацыі беларускай музычнай мовы, вытокаў песеннай народнай творчасці, нацыянальных абрадаў. І гэта проста цудоўна!
А другі кірунак — гэта так званы нумар-праект, які робіцца тут і зараз для канкрэтнай аўдыторыі гэтага месца і гэтага часу. Гэта нават не музычныя нумары як такія, а своесаблівыя маладзёжныя акцыі з элементамі чырлідынгу, спартыўных танцаў, паркура і г.д. Але такую форму творчасці, асабліва што тычыцца ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дзе навучанне доўжыцца два-тры, а то і ўсяго толькі адзін год (за такі час чалавеку немагчыма прывіць інструментальныя ці вакальныя ўменні), можна зразумець і можна станоўча да яе ставіцца. Такія нумары-праекты аб’ядноўваюць моладзь”.
Анатоль Карповіч: “Напэўна, сітуацыя з харэаграфічным мастацтвам ва ўстановах адукацыі вельмі блізкая да той, што склалася ў музыцы, пра што гаварыла Таццяна Валер’еўна. З аднаго боку, мы маем залаты фонд харэаграфіі — прызнаныя работы вядомых сцэнічных танцавальных калектываў, якія рэкамендуюцца для паказу на канцэртах, семінарах-практыкумах, падчас творчых абменаў вопытам. А з другога боку, на густ сённяшняй моладзі не могуць не ўплываць сучасныя рытмы і танцы культуры Захаду. І таму ў сённяшнім маладзёжным танцавальным асяроддзі карыстаюцца вялікай папулярнасцю такія стылі танца, як брэйкінг — гімнастычныя рухі, робат — капіраванне аўтаматаў, электрык — канвульсіўнасць электрычных разрадаў, кінг-тат — своеасаблівая сімволіка, якая ствараецца пры дапамозе кісцей рук і інш. Што ж, такая вось аб’ектыўная сітуацыя з харэаграфічным мастацтвам ва ўстановах адукацыі, і педагогі павінны з ёй лічыцца, хаця павінны заўсёды помніць пра густ”.

Узоры праектнай дзейнасці

Адным з самым цікавых момантаў круглага стала “Рэспубліканскі фестываль “АРТ-вакацыі” як арганізацыйна-творчы рэсурс у сістэме выхаваўчай работы з навучэнскай моладдзю” стала прэзентацыя двух творчых праектаў (якраз да пытання аб актуальнай праектнай дзейнасці, пра што гаварыў у пачатку пасяджэння намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык).
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага каледжа гандлю Людміла Раманаўна Грыневіч прадставіла праект “Вясёлка талентаў”. Так называецца маладзёжны творчы цэнтр, які працуе ў гэтай установе адукацыі. У склад цэнтра ўваходзяць творчыя аб’яднанні па інтарэсах мастацкага, музычнага і харэаграфічнага кірункаў. “Мы ўдзяляем вялікую ўвагу творчаму развіццю чалавечай асобы невыпадкова, — патлумачыла Людміла Раманаўна. — Сёння прадавец, кантралёр, касір проста абавязаны быць людзьмі творчымі, нават, я сказала б, артыстамі, бо ім трэба кантактаваць з людзьмі, бо, магчыма, менавіта па іх паводзінах у гасцей нашай сталіцы будуць фарміравацца першыя ўражанні пра наш горад, пра нашых людзей наогул”. Цікава, дарэчы, што работадаўцы з базавых прадпрыемстваў — партнёраў каледжа (ЦУМа, ГУМа, універмага “На Нямізе”) пры прыёме на работу выпускнікоў гэтай установы на самай справе аддаюць перавагу тым з іх, у каго былі творчыя поспехі ў цэнтры “Вясёлка талентаў”.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Святлана Георгіеўна Рамановіч пазнаёміла прысутных з праектам “ІТ Зарапад”, які рэалізоўваецца ў гэтай установе адукацыі. Уласна кажучы, “ІТ Зарапад” — гэта адмысловы конкурс, дзякуючы якому педагогі каледжа выяўляюць сярод навучэнцаў самыя яркія таленты ў камп’ютарнай творчасці ўжо на першым курсе вучобы. Па выніках конкурсу пераможцам прысвойваецца так званы пояс ІТ-до, яны могуць далучыцца да суполкі педагогаў і навучэнцаў па камп’ютарнай творчасці “Салярыс”. “Гэтая суполка дзейнічае ў нашым каледжы даўно і прыносіць свае вынікі, — паведаміла Святлана Георгіеўна. — Асаблівым гонарам суполкі з’яўляецца віртуальны музей нашага каледжа, над якім працавалі разам педагогі з навучэнцамі. Тут змешчаны ўнікальныя фота- і відэаматэрыялы, летапіс каледжа, электронныя старонкі гісторыі нашага педкалектыву на розных этапах станаўлення ўстановы. Таксама нашымі навучэнцамі і педагогамі распрацаваны і сайт каледжа”.
А сёлетні інавацыйны праект “Рэцытацыя” навучэнцы каледжа інтэрпрэтавалі па-свойму. Яны не сталі ствараць відэаролік паводле твора Уладзіміра Караткевіча, не чыталі яго ў стылі рэп, а пад кіраўніцтвам педагогаў стварылі электронную гульню на праверку ведаў біяграфіі і творчасці нашага пісьменніка-класіка. Не ўпісаліся, што называецца, ва ўмовы конкурсу. Затое стварылі ўнікальны электронны прадукт.
Гэты перадавы вопыт рэалізацыі праектаў, эфектыўная практыка мастацка-творчай дзейнасці ў вольны час могуць быць адаптаваны і паспяхова ўвасоблены ў кожнай установе адукацыі.

Перспектыўнае супрацоўніцтва

Слова загадчыку аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алене Сяргееўне Лаўрыновіч: “Актуалізацыя фестывалю заключаецца ў наступным.
На ўзроўні ўстановы адукацыі: у творчай інтуіцыі педагогаў і іх здольнасці выбудоўваць сацыякультурныя прагнозы, апярэджваючы час, самім генерыраваць ідэі. У выяўленні творчых навацый, у тым ліку ў асяроддзі маладзёжнай субкультуры, іх экспертызе, адаптацыі і прымяненні эфектыўных творчых практык ва ўмовах канкрэтнай установы адукацыі. У сутворчасці педагогаў і навучэнцаў, у стымуляванні творчай актыўнасці і падтрымцы творчых ініцыятыў моладзі.
На рэгіянальным узроўні: у імкненні дасягнуць максімальнага — стапрацэнтнага — удзелу ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі і іншых міністэрстваў і ведамстваў у розных, пасільных для канкрэтнай установы, рэспубліканскіх конкурсах і намінацыях у рамках фестывалю “АРТ-вакацыі”. Да 30 снежня рэспубліканскі арганізацыйны камітэт прымае прапановы, якія, магчыма, увасобяцца ў новыя конкурсныя намінацыі, а можа, і ў новы рэспубліканскі праект, які будзе рэалізаваны ў рамках “АРТ-вакацый-2017”. У рэгіёнах таксама варта прыкласці ўсе намаганні для правядзення заключных мерапрыемстваў у фармаце фестывальных падзей (прыклад гэтага — вопыт 2015 года ў Гродзенскай вобласці) — у прэзентацыі творчых дасягненняў рэгіёна па выніках фестывальнага сезона ў рамках гала-канцэрта, арганізацыі інтэрактыўных мерапрыемстваў, пляцовак і інш.
І, нарэшце, на рэспубліканскім узроўні. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на працягу 2015—2016 гадоў прапаноўвае маштабнае інфармацыйна-метадычнае суправаджэнне спецыялістаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — кіраўнікоў калектываў, культарганізатараў, педагогаў-арганізатараў. І гэта будзе яшчэ адзін праект у рамках “АРТ-вакацый” — рэспубліканскі інтэрактыўны праект “СНАМИ”, які ўключае дыстанцыйнае навучанне з дапамогай тэматычных раздзелаў вэб-партала artviva, а таксама правядзенне па заяўках абласцей і Мінска творчых сустрэч, майстар-класаў, семінараў-практыкумаў з удзелам экспертнай групы і членаў журы рэспубліканскага фестывалю ў рэгіёнах рэспублікі. І, безумоўна, “АРТ-вакацыі” — фестываль настолькі шматвектарны, што кожны яго ўдзельнік можа скласці і рэалізаваць уласны творчы маршрут. Можна сказаць, што “АРТ-вакацыі” — гэта своеасаблівы шматколерны пазл, які штогод прымнажаецца ідэямі і ўзбагачаецца новымі творчымі рашэннямі”.
Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў падзяліўся сваімі думкамі адносна магчымага супрацоўніцтва руху “АРТ-вакацыі” і газеты: “Відавочна, у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў рамках пазавучэбнай дзейнасці з творча адоранымі дзецьмі працуюць цудоўныя педагогі мастацкіх, харэаграфічных, музычных дысцыплін. У многіх з іх назапасіўся багаты педагагічны і метадычны вопыт. Яны ведаюць, што такое поспех, як яго дасягнуць, як не страціць дасягнутае. І яны гатовы падзяліцца гэтым вопытам з іншымі. Наша газета даўно ўжо выйшла за межы чыста рэпартажнага асвятлення фестывалю. Некаторых яркіх педагогаў мы рабілі героямі асобных публікацый (інтэрв’ю, нарысаў), але цяпер мы бачым, што нялішне было б увесці і спецыяльную рубрыку для такіх матэрыялаў. Магчыма, яна будзе называцца “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. І сёлета, я думаю, мы пачнём такі газетны праект. “Падсвецім” самых яркіх педагогаў, якія працуюць з дзецьмі, бо гэта, сапраўды, таленавітыя, унікальныя людзі”.
А тым часам да абмеркавання за круглым сталом у Міністэрстве адукацыі анлайн далучылася заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, загадчыца кафедры мастацтва эстрады факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, старшыня журы Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” Ірына Дарафеева: “Мне хочацца выказаць вялікую падзяку педагогам, арганізатарам фестывалю “АРТ-вакацыі”, самому гэтаму грандыёзнаму і вельмі патрэбнаму мерапрыемству, якое сёлета знамянальным чынам праходзіць у год 70-годдзя Вялікай Перамогі і Год моладзі. Фестываль дае магчымасць моладзі рэалізаваць свае таленты — і гэта цудоўна. Пераемнікамі нашых працавітых і таленавітых людзей старэйшых пакаленняў становяцца сённяшнія маладыя людзі. І, безумоўна, мне хочацца ад усёй душы павіншаваць сістэму прафтэха з 75-годдзем. Дарагія, вы працуеце на карысць нашай квітнеючай краіны”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.