Арыенцір — навука

- 11:31Адукацыйная прастора

На базе сярэдняй школы № 2 Маларыты адбылася ХІІІ раённая канферэнцыя навукова-даследчых работ вучняў “Дзеці. Творчасць. Інтэлект”. На суд журы былі прадстаўлены 23 работы ў трох секцыях.

Канферэнцыя праводзілася з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых вучняў, павышэння іх цікавасці да даследчай дзейнасці, развіцця творчых і інтэлектуальных здольнасцей.

Юных даследчыкаў хвалявалі розныя актуальныя пытанні. Так, школьнікі рабілі лінгвістычны аналіз тапонімаў, вывучалі мікратапонімы, антрапонімы і гадонімы, праводзілі кантрольную закупку малака, стваралі камп’ютарную гульню “ЭкаКот” у асяроддзі візуальнага праграмавання Scratch і камп’ютарную мадэль аднароднага Сонца, разбіраліся ў прычынах забруджвання глебы і псіхалагічных бар’ерах пры камунікацыі носьбітаў рускай і англійскай мовы, даказвалі, што англамоўныя надпісы на адзенні з’яўляюцца экстралінгвістычным фактарам, які ўплывае на ўзровень валодання мовай…

На сёлетняй канферэнцыі дзейнічала асобная падсекцыя па працоўным навучанні. Васьмікласнікі Мікалай Гарчарук і Аляксандр Федарук з Пажэжынскай базавай школы прэзентавалі праект “Флюгер са святлодыёдным індыкатарам”, падрыхтаваны пад кіраўніцтвам настаўніка А.В.Кардзелюка. А дзевяцікласнік Дзмітрый Зенін і дзесяцікласнік Уладзіслаў Алесіюк з Хаціслаўскай сярэдняй школы пазнаёмілі журы з работай “Інструменты нашых продкаў” (кіраўнік — настаўнік М.А.Кірычук).

Па выніках канферэнцыі лепшыя работы былі адзначаны дыпломамі рознай вартасці. Дыпломы І ступені атрымалі васьмікласнікі Ганна Семянюк з Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Мікалай Гарчарук і Аляксандр Федарук з Пажэжынскай базавай школы, Ягор Касьянік і Ульяна Шпетная з Маларыцкай раённай гімназіі, адзінаццацікласнікі Юрый Крэнь з Ланской сярэдняй школы і Кацярына Краўчук з Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, сямікласнікі Настасся Саковіч і Кірыл Дацык, шасцікласнікі Трафім Панасюк і Мікіта Меляшчук з сярэдняй школы № 1 Маларыты.

— Гэтых вынікаў не было б, калі б не грунтоўныя веды, энтузіязм, прафесіяналізм і самаадданасць педагогаў, пад кіраўніцтвам якіх рыхтаваліся работы, — гаворыць загадчыца Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.П.Краўчанка. — Шчырых слоў падзякі заслугоўваюць Лідзія Пятроўна Дацык з Радзежскай сярэдняй школы, Зінаіда Аляксееўна Барысюк з Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Алена Мікалаеўна Ляшчук і Святлана Міхайлаўна Пуціна з Маларыцкай раённай гімназіі, Дзяніс Анатольевіч Піпко з Ланской сярэдняй школы, Алена Васільеўна Алесіюк і Аліна Іванаўна Крэнь з сярэдняй школы № 1 Маларыты, Наталля Яўгенаўна Самасюк з Макранскай сярэдняй школы, Іван Рыгоравіч Кульбеда і Валянціна Мікалаеўна Асіпук з Ляхавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

— У канферэнцыі ўдзельнічала другі раз, — расказвае васьмікласніца Ульяна Шпетная з Маларыцкай раённай гімназіі. — Разам з равеснікамі знайшла адказы на некаторыя пытанні, якія мяне цікавілі. Займацца даследчай дзейнасцю — адказна і пачэсна, хаця гэта і патрабуе шмат часу. Мне падабаецца працэс пошуку, пазнання і адкрыцця невядомага нават у самым звычайным.

— У кожным вучню жыве даследчык, — упэўнена настаўніца англійскай мовы А.М.Ляшчук з Маларыцкай раённай гімназіі. — Трэба толькі своечасова заўважыць гэта, зацікавіць і дапамагчы рэалізаваць задуманае. У канферэнцыях мае вучні ўдзельнічаюць пастаянна. Пошукі, знаходкі, адкрыцці, радасці і паражэнні — з усяго гэтага складаецца работа з адоранымі дзецьмі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара