Менавіта так называецца музейны пакой Сырмежскай базавай школы Мядзельскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Чаго тут толькі не пабачыш: старыя газеты, паштоўкі, календары, вінілавыя пласцінкі, фотапавелічальнік, нават званы-шархуны, а яшчэ сшытак вучня 6 класа па казахскай мове… І ўсім гэтым прадметам па некалькі дзясяткаў гадоў. Цуд ды і толькі! Адкуль усё?
— Вы пытаецеся, дзе мы гэта ўзялі? На гарышчах, у дамах пад знос, са старых куфраў. Папаўнялі экспазіцыю не толькі настаўнікі, вучні, бацькі. Жыхары навакольных вёсак таксама прыносілі розныя рэчы. У экспазіцыі прадстаўлены ў асноўным прадметы побыту мінулых эпох, а таксама тое, чым захапляліся школьнікі, што калекцыянавалі. Усё гэта рэдкае для нашага часу, таму асабліва цікавае сучасным навучэнцам, — адзначыла кіраўнік музейнага пакоя Алена Георгіеўна Смаленская.
Цікавыя не толькі экспанаты, але і тэматычнае афармленне экспазіцыі (яна пабудавана па сезонах года), а таксама аповед экскурсаводаў. Ён вядзецца ў вершаванай форме.
“Вся экспозиция построена по сезонам года. // Здесь собраны предметы самого разного рода. // Начнем с осени, а точнее, с сентября — // Начало школьной поры во все времена…”, — пачала экскурсію вучаніца 8 класа Ангеліна Кур’яновіч, трымаючы ў руках класны журнал 1926 года.
Цікавы факт: у той час у красавіку і маі многія вучні не хадзілі на заняткі ў школу, бо трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы, пра што і зроблены пазнакі ў журнале.
“От осени идем к зиме, // И речь пойдет о Рождестве… — запрашае далей азнаёміцца з экспазіцыяй дзяўчына. — Учителей, родных и близких поздравляли. // Открытки поздравительные слали. // Открыток поздравительных огромная коллекция у нас…”
У гэтай калекцыі не менш за сотню паштовак: з Днём Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту, 8 Сакавіка, Першамаем, Днём Перамогі…
Асаблівае месца ў экспазіцыі адведзена жаночаму кутку, бо матулі, жонкі ва ўсе часы былі стваральніцамі сямейнага быту. Тут шмат прадметаў, зробленых клапатлівымі жаночымі рукамі. Гэта цяпер можна што заўгодна заказаць у інтэрнэт-магазінах, а раней многае рабілі самі: ткалі, шылі, вязалі, тым самым упрыгожваючы сціплы сялянскі быт. І гэтыя рэчы захоўваюцца ў музеі ў розных шкатулках, скрыначках. Прызначэнне адных рэчаў добра вядома, а пра іншыя сёння нават складана здагадацца. Ёсць выкрайкі, пласціны для вышыўкі, касметыка і нават вінілавыя пласцінкі па аэробіцы.
Багатая калекцыя дакументаў савецкага часу: камсамольскія і партыйныя білеты, ашчадная кніжка. Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны гісторыі школы. Пра этапы яе развіцця расказваюць падручнікі, сшыткі, класныя журналы, фотаздымкі.
— Наша школа працуе з 1944 года. Яшчэ ішла Вялікая Айчынная вайна, а на вызваленай беларускай зямлі ўжо адкрываліся школы, наладжвалася мірнае жыццё. Многія нашы першыя настаўнікі ваявалі ў партызанскіх атрадах і не мелі педагагічнай адукацыі, але ў іх было вялікае жаданне навучаць дзяцей. Першым дырэктарам быў Рыгор Нікіціч Запрудскі, які працаваў разам з жонкай Юліяй Спірыдонаўнай. Гады іх настаўніцтва былі неспакойным часам, таму дырэктар нават хадзіў з пісталетам і кабурой.
Гэты цагляны будынак школы ўзводзіўся ў 1969 годзе пры дырэктары Аляксандру Іванавічу Хацяновічу. Калі ішла будоўля, дзеці прыносілі з лесу маладыя дрэўцы і разам з настаўнікамі саджалі іх каля школьнага ганка. З таго часу дрэвы разрасліся. Сёння ў нашым школьным парку і вавёркі жывуць, а ў грыбны сезон тут можна назбіраць некалькі кашоў бярозавікаў, падасінавікаў. Гэты парк таксама наш гонар, напамін пра былых настаўнікаў і вучняў, якія яго садзілі, таму мы яго даглядаем, клапоцімся, дасаджваем новыя дрэвы, — паведаміла дырэктар школы Людміла Мар’янаўна Арэхава.
Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны знакамітым выпускнікам. Асабліва сырмежскія педагогі ганарацца Зянонам Ломацем. З таго часу, як для яго класа прагучаў апошні званок, мінула 62 гады, але Зянон Кузьміч не забывае пра родную школу, часта наведваецца ў госці да землякоў, многае зрабіў для паляпшэння ўмоў навучання дзяцей, добраўпарадкавання роднай зямлі. Зянон Кузьміч з’яўляецца апантаным калекцыянерам, краязнаўцам, любіць збіраць прадметы даўніны, побыту. Менавіта па яго падказцы некалькі гадоў назад у Сырмежскай базавай школе і быў створаны музейны пакой.
Музейныя матэрыялы выкарыстоўваюцца для напісання даследчых матэрыялаў пра былых настаўнікаў, знакамітых выпускнікоў. Наогул, Сырмежская школа, нягледзячы на статус базавай і невялікую колькасць вучняў, з’яўляецца адным з лідараў у Мядзельскім раёне па колькасці заваяваных узнагарод на конкурсах як раённага, абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўню.
Ва ўстановах адукацыі нашай краіны амаль 1,5 тысячы музеяў. Кожны непаўторны. Ёсць музеі з вялікімі заламі, многія экспазіцыі аформлены з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. Але толькі ў невялікіх музейных пакоях, як у Сырмежскай базавай школе, адчуваеш асаблівую цеплыню, дамашнюю ўтульнасць. Кожны экспанат тут — сапраўдны цуд. Пры нагодзе не прамініце заглянуць у такія ўтульныя пакоі. Вам абавязкова спадабаецца!
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара