Арыштаваны шэраг дэпутатаў і членаў каталонскага ўрада

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Іспанскі суд прыняў рашэнне ўзяць пад варту спікера парламента Каталоніі Карме Фаркадэль на перыяд судовага расследавання ў сувязі з абвяшчэннем незалежнасці аўтаноміі, паведамляюць інфармагенцтвы.

Згодна з пастановай суда, Карме Фаркадэль абвінавачваецца ў тым, што адыграла значную ролю ў абвяшчэнні незалежнасці Каталоніі. Пры гэтым яна мае права вызвалення пад залог у 150 тысяч еўра. Чацвёра іншых членаў прэзідыума парламента — Луіс Карамінас, Луіс Гіна, Ана Сіма і Рамона Баруфет — могуць заставацца на свабодзе пад залог у 25 тысяч еўра. Дэпутат Жаан Жасеп Нуэт атрымаў права заставацца на свабодзе без унясення залогу.

Указ аб правядзенні рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі быў падпісаны членамі рэгіянальнага ўрада і лідарам рэгіёна Карлесам Пучдэмонам 6 верасня. Плебісцыт, у якім прынялі ўдзел 2,28 млн з 5,31 млн тых, хто мае права голасу, прайшоў у рэгіёне 1 кастрычніка, больш за 90% удзельнікаў выказаліся за незалежнасць аўтаноміі.

Афіцыйны Мадрыд назваў каталонскі рэферэндум нелегітымным. Прэм’ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой заявіў пра звальненне з пасад кіраўніка Каталоніі Карлеса Пучдэмона і членаў яго ўрада, роспук парламента аўтаноміі і правядзенне датэрміновых выбараў у Каталоніі 21 снежня. Іспанскі суд выдаў ордар на арышт Карлеса Пучдэмона і іншых былых членаў каталонскага ўрада, якія знаходзяцца ў Бруселі.