Асаблівая гордасць дырэктара Ліноўскай сярэдняй школы Алены Макарэвіч — поспехі вучняў

- 12:12Главная, Образование

У сістэме адукацыі Пружаншчыны шмат таленавітых педагогаў і кіраўнікоў. Сярод іх — дырэктар Ліноўскай сярэдняй школы Алена Макарэвіч і яе дружны калектыў аднадумцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты». 

У дзяцінстве яна марыла стаць дыктарам тэлебачання, але ўсё вырашыў выпадак. Да старшакласнікаў на практыку прыйшлі студэнты факультэта прыродазнаўства тагачаснага Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна, якія захоплена расказвалі школьнікам пра летнія экспедыцыі на Каўказ, Байкал, Карпаты… Рамантыка далёкіх падарожжаў так уразіла Алену, што не толькі кардынальна змяніла яе прафесійны выбар, але і вызначыла далейшыя жыццёвыя інтарэсы: пасталеўшы, дзяўчына пабывала ў розных мясцінах — ад Каўказа да Германіі і ад Крыма да Фінляндыі. А потым перадала рамантыку падарожжаў сваім выхаванцам.

Пасля школы паступіла на той жа факультэт той жа ўстановы адукацыі, адкуль былі студэнты-практыканты. Пачынала работу настаўніцай геаграфіі ў былой Гарадзечненскай сярэдняй школе, але неўзабаве перайшла ў родную — Ліноўскую, з якой звязаны апошнія 27 гадоў яе жыцця. Тут Алена Леанідаўна доўгі час працавала педагогам-арганізатарам, потым намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і ўрэшце стала кіраўніком. З вышыні часу яна вельмі ўдзячна лёсу за гэта, бо знайшла сябе ў любімай справе.

У невялікай сельскай школе, якая ў наступным годзе адзна­чыць 100-гадовы юбілей, атрымліваюць веды 235 вучняў і шчыруе 31 педагог. 12 з іх — яе выпускнікі. Калектыў стабільны, праблем з замацаванасцю кадраў няма. І гэта нядзіўна: дырэктар адносіцца да падначаленых з павагай і неабыякавасцю, умее стварыць добразычлівую атмасферу і камфортныя ўмовы для самарэалізацыі настаўнікаў, выслухаць і па­чуць кожнага.

Асаблівая гордасць кіраўні­ка — поспехі вучняў. Алена Макарэвіч лічыць, што неабходна ўсім дзецям даваць магчымасць праявіць сябе, каб яны адчувалі сваю запатрабаванасць і не страчвалі цікавасці да вучобы. А без высокай матывацыі дырэктара і педкалектыву тут не абысціся. За шматлікімі дасягненнямі школы стаіць вялікая і карпатлівая работа ўсіх.

Ва ўстанове рэалізавана больш за 20 разнастайных праек­таў, многія з якіх адзначаны дыпломамі рэспубліканскага ўзроўню. Цікавасць да праектнай дзейнасці невыпадковая. На думку Алены Леанідаўны, яна дазваляе сістэматызаваць і паглыб­ляць работу ў пэўным кірунку, чым не могуць пахваліцца разавыя мерапрыемствы. Тэматычны дыяпазон творчай і пошукавай работы ўражвае.

А пачалося ўсё з праекта школьнай суботы “Фальк-кола “Лінаўчанка”, прысвечанага аднаўленню нацыянальнай спадчыны на аснове мясцовага матэрыялу. Дзякуючы праекту, быў створаны фальклорны гурт “Лінькі”, які папулярызуе народную культуру, займаецца падрыхтоўкай свят і абрадавых пастановак. Адна з іх, “Гуканне вясны”, адзначана дыпломам І ступені ў рэспубліканскім конкурсе “Юныя таленты Беларусі”. 

Праект “Прафтур” распрацоўваўся з мэтай прафарыентацыі вучняў на прыкладзе мясцовых прадпрыемстваў, дзе працуюць іх бацькі, і далейшага замацавання кадраў у сельскай мясцовасці. Абодва праекты атрымалі дыпломы ІІ ступені па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

Сёння педагогі рыхтуюць да рэалізацыі гісторыка-патрыятычны праект пад рабочай назвай “У бацькавай хаце”, які будзе ўяў­ляць сабой тэматычныя месяцы, прысвечаныя побыту мясцовых жыхароў, мінуламу роднага краю і вяскоўцам — удзельнікам Вялікай Айчын­най вайны.

За што б ні браліся ліноўскія педагогі, усё яны робяць з душой і вялікай адказнасцю. Для іх няма нецікавых і непасільных тэм. Невыпадкова ўстанова ў 2020 годзе была занесена на раённую Дошку гонару, а сёлета набыла статус “Школа міру”.

У рамках увекавечвання памяці партызана Аляксея Антановіча, які ў час нямецкай акупацыі падарваў больш за 20 вагонаў і загінуў у 1944 годзе, прадугледжваецца перанос мемарыяльнай дошкі ў яго гонар з будынка былой Бакунскай сярэдняй школы на будынак Ліноўскай. Педагогі і юныя пошукаўцы збіраюць матэрыял не толькі пра славутага земляка, але і пра настаўнікаў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў розны час працавалі ва ўстанове. У верасні на базе кабінета гісторыі адкрыецца клас-музей, дзе можна будзе азнаёміцца з гісторыяй школы і вёскі.

Важную ролю ў патрыятычным выхаванні моладзі адыгрывае піянерская дружына імя Васіля Бортніка, удзельніка вайны ў Афганістане і выпускніка школы. На рахунку актывістаў шмат карысных спраў. Так, у 2008 го­дзе іх намаганнямі быў створаны дакументальны фільм пра аднавяскоўцаў — ветэранаў Вялікай Айчын­най вайны, які актыўна выкарыстоўваецца на выхаваўчых мерапрыемствах. З цягам часу сабраная інфармацыя ўвайшла ў электронную энцыклапедыю. У планах — стварыць і абрадавую, паводле мясцовага матэрыя­лу і дыялекту.

Увогуле, задум у неўтаймоўнага дырэктара шмат. А інакш і быць не можа. Без няспыннага руху наперад немагчыма паспяхова развівацца і быць цікавым сучасным падлеткам, лічыць Алена Макарэвіч, якая марыць пра паўнацэнны музей вёскі Лінова. Матэрыялу для гэтага дастаткова. Праблема — у размяшчэнні.

У ліку іншых планаў —  афармленне экалагічнай сцяжыны ра­зам з мясцовым лясгасам, якая стане лагічным дапаўненнем распрацаванага турыстычнага маршруту “Запаветнымі сцяжынамі прыроды” працягласцю 26 кіламетраў і ўнікальных аб’ектаў накшталт Ліноўскага піхтарніка рэспубліканскага значэння і ся­дзібнага парку Трымбіцкіх, дзе расце рэдкая сасна Вейму­тава.

Нельга абмінуць увагай і два школьныя музейныя памяшканні, створаныя педагогамі-энтузіястамі. Адно з іх, “Ад абака да камп’ютара”, не мае аналагаў у вобласці і прыцягвае гасцей з розных рэгіёнаў, нават міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанціна Шульгана, які быў вельмі ўражаны ўбачаным.

— Ідэя азнаёміць вучняў з гісторыяй айчыннай і сусветнай вылічальнай тэхнікі ўзнікла ў 2004 годзе, а першыя экспанаты з’явіліся яшчэ ў 1994 годзе: арыфмометр “Фелікс М”, вылічальная машына ВМП-2, лічыльнікі і лагарыфмічная лінейка, — расказвае настаўнік інфарматыкі Аляксандр Гук. — Сёння калекцыя, якая збіралася і працягвае папаўняцца намаганнямі неабыякавых лю­дзей, налічвае больш за 400 экспанатаў, з якіх 90% знаходзяцца ў спраўным стане. Самы стары з іх — арыфмометр, якому каля 100 гадоў.  Многія з прадстаўленых прылад уяўляюць калекцыйную каштоўнасць і не пакіда­юць раўнадушным нікога, як і школьная радыёстанцыя.

— Фальклорна-этнаграфічны куток “Ліноўскі падворак” пачаў стварацца 20 гадоў назад і ўяўляе сабой імправізаваную сялянскую хату ХХ стагоддзя з сенцамі і покуццю, — гаво­рыць захавальніца музейнага фонду, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік фальклорнага гурта “Лінькі” Людміла Бяскроўная. — Унутранае ўбранне адлюстроўвае вясковы побыт продкаў, прасякнуты цеплынёй сялянскага дома, дзе старыя рэчы захоўваюцца для нашчадкаў.

Кожны экспанат хочацца ўзяц­ь у рукі, уважліва разгле­дзець і паслухаць яго гісторыю. У кутку можна пасядзець за крос­намі, пакруціць калаўрот, даведацца аб прызначэнні апалушак і матавіла, сукала і церніцы, прымераць андарак, паспраба­ваць завязаць намітку, зразумець, як працу­юць жорны і як кача­юць бялізну з дапамогай качалак… Ложак з саматканай посцілкай, белым падузорнікам і горкай вышытых падушак, дыванок на сцяне нагадваюць куток у хаце нашых бабуль і прабабуль.

У экспазіцыі шмат цікавых і рэдкіх прадметаў. Сярод іх — драўляны плуг з вёскі Сухопаль, шкляная мухалоўка, драўляны чаравік, гумовыя лапці, жорны… А калодак для пашыву абутку ажно 10 пар! Ёсць у кутку саматканыя сарочкі і фартушкі, вырабленыя 100 гадоў назад.

На покуці — стол з самаварам, міскай з драўлянымі лыжкамі і гаршком. У чырвоным куце — абраз з ручніком-набожнікам. Каля ложка падвешана плеценая з лазы калыска для немаўляці. На падлозе — ходнікі, на сцяне — вышытыя карціны. Да сцяны прытуліўся распісны куфар, упрыгожаны вышытымі сурвэткамі і ручнікамі. Прыцягвае ўвагу і багатая калекцыя прадметаў ткацтва, якія нібыта чакаюць працавітых майстрых.

Тут, сярод старых рэчаў, можна адпачыць ад штодзённай мітусні, паслухаць цішыню мінулых часоў… Сюды часта прыходзяць дзеці. Экспанаты шырока выкарыстоўваюцца на ўроках, выхаваўчых мерапрыемствах, інфармацыйных і класных гадзінах, удзельнічаюць у выставах і тэат­ралізаваных паказах, аздабляюць інтэр’ер агульнашкольных свят. Усё гэта дапамагае вучням адчуць сябе нашчадкамі багатай культуры і гісторыі.

І Аляксандр Гук, і Людміла Бяс­кроўная могуць бясконца і захоплена расказваць пра свае экспанаты. За што б ні браліся ліноўскія педагогі, усё яны робяць з душой і вялікай адказнасцю. Для іх няма нецікавых і непасільных тэм, пра што красамоўна сведчаць дасягненні ў фальклорнай, краязнаўчай, патрыятычнай, экалагічнай, аздараўленчай, метадычнай, працоўнай, творчай і іншай дзейнасці. Далёка не кожная гарадская школа можа пахваліцца такой разнапланаванай і, галоўнае, выніковай работай. Невыпадкова ўстанова ў 2020 годзе была занесена на раённую Дошку гонару, а сёлета набыла статус “Школа міру”.

Размаўляючы з дырэктарам і педагогамі, увесь час лавіў сябе на думцы: як усё гэта ўдаецца невялікаму калектыву невялікай сельскай школы, размешчанай непадалёк чыгуначнай станцыі Аранчыцы? Але паступова зразумеў: дзякуючы неспатольнаму энтузіязму, які перадаецца ад кіраўніка іншым. Тут пастаянна шукаюць, прапануюць, раяцца, увасабляюць… І не наракаюць на заробкі і дрэнных дзяцей. Проста займаюцца сваёй любімай справай, не зважаючы ні на што: вучаць і выхоўва­юць. Як сваім прыкладам вучыць і выхоўвае выдатнік адукацыі Беларусі Алена Макарэвіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара