Асаблівая ўвага — эфектыўнаму вядзенню вытворчасці і высокаму ўзроўню тэхналагічнай дысцыпліны

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Гомельская вобласць у гэтым годзе павінна паказаць высокую культуру земляробства. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць, у прыватнасці, наведаўшы саўгас “Выток” Рэчыцкага раёна.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя сельгасаб’екты, у тым ліку фермы, прыведзены ў парадак. “Культура высокая, і гэта павінна быць усюды”, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэн ка. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на неабходнасць эфектыўнага вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці і падтрымання высокага ўзроўню тэхналагічнай дысцыпліны.

Прэзідэнту было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці, ходзе вясенніх палявых работ, таксама ён азнаёміўся з арганізацыяй сяўбы кукурузы на зерне ў саўгасе “Выток”.

Як праінфармавалі кіраўніка дзяржавы, па стане на 11 красавіка ў краіне пасеяна 718 тысяч га яравых культур, што складае амаль 30 працэнтаў ад плануемага. Пры гэтым у Гомельскай вобласці гэты паказчык складае 40,5 працэнта.

У час наведвання гаспадаркі прэзідэнт таксама нагадаў аб сваім патрабаванні дасягнення сярэдняй зарплаты па краіне ў памеры Br1 тысячы.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ “Рэчыцадрэў”, дзе паразмаўляў з працоўным калектывам аб пытаннях мадэрнізацыі і перспектывах развіцця дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Азнаёміўшыся з Рэчыцкім раёнам з верталёта, а таксама праехаўшы па горадзе, прэзідэнт застаўся задаволены ўбачаным, паколькі ўсюды адчуваўся гаспадарлівы падыход. “У Рэчыцы парадак, малайцы”, — пахваліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён пажартаваў, што трэба праехаць па ўсіх райцэнтрах, тады хутчэй усюды навядуць парадак.

Закрануўшы тэму добраўпарадкавання і асабістай адказнасці кожнага за тое, што адбываецца ў яго родным населеным пункце, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што кожны па магчымасці можа ўнесці ўклад у тое, каб яго малая радзіма была дагледжанай і прыгожай.

Адказваючы на пытанні працаўнікоў калектыву, кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў перамены, што адбыліся тут, і выказаў упэўненасць у добрых перспектывах развіцця прадпрыемства.

“У найбліжэйшы час мы прымем рэвалюцыйныя рашэнні па прадпрымальніцтве, бізнесе — па разняволенні бізнесу (і такога вялікага, як на ААТ “Рэчыцадрэў”, і маленькага, і індывідуальных прадпрымальнікаў), — падкрэсліў ў час размовы кіраўнік дзяржавы. — Прыйшоў — заяву пакінуў, што хочаш займацца гэтай справай, у падатковай інспекцыі зарэгістраваўся і пайшоў працаваць. Пажарныя, санстанцыя — усё да мінімуму будзе скарочана”.

Пры гэтым галоўным для кіраўніка любога рангу застанецца адказнасць за людзей у калектыве, за іх жыццё. Гэта значыць, умовы вядзення бізнесу будуць лібералізаваны, але разам са зніжэннем розных патрабаванняў адказнасць за жыццё людзей застанецца ў прыярытэце.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў найбліжэйшы час адпаведны нарматыўна-прававы акт, які тычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, ляжа яму на стол. “Мы поўнасцю разняволім бізнес-ініцыятыву — ідзіце і займайцеся справай, зарабляйце. Мы стварылі для гэтага ўмовы. А што не стварылі — створым у найбліжэйшы час”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, прэзідэнт сказаў, што вельмі многае залежыць ад саміх людзей, іх стаўлення да справы.

Работнікі прадпрыемства пацікавіліся меркаваннем кіраўніка дзяржавы адносна эфектыўнасці ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін, а таксама крокаў у адказ у сувязі з гэтым ад іншых дзяржаў. “Гэта пастаянная задача міністра замежных спраў і гэтага ведамства, каб беларусы мелі магчымасць прыязджаць у тыя краіны, якія нас цікавяць, асабліва суседнія. Ва Украіну, Расію, Казахстан мы ездзім без праблем. Ёсць Еўропа, Шэнген — яны спрабуюць сябе абараніць. Мы і з імі стараемся дамовіцца, вядзём перагаворы і ў плане турызму”, — канстатаваў прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што новаўвядзенні з пяцідзённым бязвізавым рэжымам уезду ў Беларусь звязаны з жаданнем адкрыць краіну свету. Неабходна, каб як мага больш замежных гасцей прыязджала, каб яны прывозілі ў дзяржаву валюту.

Каменціруючы нядаўнія ракетныя ўдары ЗША па сірыйскіх ваенных аб’ектах, прэзідэнт заўважыў, што дзяржавам недапушчальна вырашаць унутраныя пытанні за кошт агрэсіўнай знешняй палітыкі.

“Я, калі аб гэтым даведаўся, вельмі шкадаваў. Вырашаць унутрыпалітычныя пытанні за кошт агрэсіўнай знешняй палітыкі — гэта не той шлях, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння Амерыка ў адзіночку і нават са сваімі найбліжэйшымі натаўскімі саюзнікамі не зможа перавярнуць увесь свет або кіраваць ім. Трэба абмежаваць апетыты і займацца тым, дзе вельмі вялікія твае інтарэсы. А яны — у Паўночнай Амерыцы перш за ўсё”.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы прапанаваў зірнуць на гэтую праблему шырэй. Дональд Трамп быў выбраны Прэзідэнтам ЗША народам, аднак палітычная эліта краіны і парламент спрабуюць процістаяць яму. У гэтых умовах амерыканскі лідар стараецца выконваць дадзеныя грамадзянам у час перадвыбарнай кампаніі абяцанні, але рэалізацыю гэтых ініцыятыў усяляк спыняюць. “Яму трэба даказваць, што ён можа кіраваць краінай. А там перашкаджаюць, не даюць — і прайграўшыя, і некаторыя багатыя”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. І тады, каб вырашыць унутрыпалітычныя пытанні і спадабацца людзям, націскаюць на кнопку, адзначыў ён.

З іншага боку, ёсць факты газавай атакі на мірных грамадзян у Сірыі (калі яны праўдзівыя), дадаў кіраўнік дзяржавы. Хоць інфармацыя аб гэтым здарэнні вельмі супярэчлівая, яно стала фармальнай прычынай ракетных удараў ЗША.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што, перш чым рабіць такія сур’ёзныя дзеянні, неабходна грунтоўна разабрацца ў сітуацыі.

У прыклад прэзідэнт прывёў знешнюю палітыку Кітая. Гэтая магутная дзяржава, якая мае сучаснае ўзбраенне, не ўвязваецца ў міжнародныя канфлікты. Краіна працуе над развіццём сваёй эканомікі і сёння з’яўляецца сусветным лідарам па многіх пазіцыях.

Што тычыцца процістаяння Расіі і Амерыкі, Аляксандр Лукашэнка лічыць: гэтыя дзве ядзерныя імперыі не дойдуць на адкрытага сутыкнення. У адваротным выпадку свет чакае катастрофа, таму што ў гэтую вайну ўвяжуцца і астатнія краіны, якія маюць ядзерную зброю. “Свет падышоў да вельмі небяспечнай мяжы, ніколі яшчэ гэтага не было”, — заўважыў беларускі лідар.

На думку кіраўніка дзяржавы, лідары вядучых краін павінны сесці за стол перагавораў, каб абмеркаваць, у якім свеце хочуць жыць людзі, і прыняць адпаведныя рашэнні.

На сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што зарплата Br1 тысяча — гэта той мінімум, які дзяржава павінна дапамагчы людзям зарабіць.

“А далей варушыцеся самі. Вядома, мы будзем падштурхоўваць — і кіраўнікі, і ўрад. Але гэты бар’ер, які ў нас некалі быў, трэба аднавіць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў пытанні працаўладкавання. У прыватнасці, у Рэчыцы налічваецца некалькі соцень беспрацоўных (менш як 1 працэнт ад працаздольных грамадзян). “Але і ім трэба прапанаваць работу па кваліфікацыі. Многія хочуць працаваць, вялікія грошы мець, а ў школе нават “двоек” не атрымлівалі. Жыццё змянілася. Вы можаце крытыкаваць мяне, як хочаце. Будуць у вас іншыя прэзідэнты. Калі яны захочуць утрымаць краіну, будуць праводзіць такую ж палітыку. Не можам мы сабе дазволіць, калі ў краіне 350 тысяч, як яны называюць сябе, дармаедаў, нічога не робяць. Хіба гэта нармальна?” — задаў рытарычнае пытанне прэзідэнт.

Паводле яго слоў, сярод гэтых людзей — вялікая колькасць патэнцыяльных правапарушальнікаў, якія гатовы пайсці на злачынствы, каб здабыць сродкі на пражыванне.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не супраць крытыкі, аднак перш грамадзянам трэба падумаць пра будучыню краіны. “Крытыкаваць — крытыкуйце, толькі падумайце, да чаго мы ідзём. Кожны сёння павінен працаваць, — упэўнены ён. — Час няпросты, але мы ўжо бачым святло ў канцы тунэля”.

Прэзідэнт таксама закрануў тэму цэнаўтварэння. Паводле яго слоў, дзяржава вырашыць пытанні завышаных цэн. “Ва ўрадзе пачалі ўжо варушыцца. Рыначнікі там з’явіліся: адпусцілі цэны на ўсё, што папала, і атрымалі іх рост”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час ім было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Аднак некаторыя паставіліся да гэтага неадназначна. “Я зразумеў, чаму крытыкуюць і хто крытыкуе: тыя, хто не хочуць, каб у краіне было лепш, і зыходзяць з прынцыпу “чым горш, тым лепш для іх”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Мадэрнізацыя праходзіла нялёгка, узнікалі пэўныя праблемы, але яе практычна ўдалося завяршыць. На думку кіраўніка дзяржавы, калі б раней не пайшлі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, яны сёння ўжо не існавалі б. “Яны памерлі б на рынку, ніхто не купляў бы прадукцыю. Дзякуй богу, што ў свой час прынялі рашэнне аб мадэрнізацыі, зыходзячы з таго, што ў нашай краіне ёсць сыравіна”, — звярнуў увагу ён.