Вынікі работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і задачы па яе ўдасканаленні ў бягучым абмеркавалі на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— З улікам таго, што 2024 год абвешчаны ў краіне Годам якасці, а Брэстчына адзначае сёлета 85-годдзе, мы павінны выдатна разумець высокую адказнасць за якасць функцыянавання сістэмы адукацыі вобласці, каб яе паляпшэнне адчулі ў соцыуме, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Наталля Каліноўская.
Сёння на Брэстчыне дзейнічаюць 567 устаноў, якія рэалізуюць адукацыйную праграму для 54,5 тысячы дашкольнікаў. Выхаванцы забяспечаны месцамі ў дзіцячых садах на 102%. Для павышэння даступнасці дашкольнай адукацыі летась былі здадзены ў эксплуатацыю 2 установы ў Брэсце і Іванаве, а таксама рэканструявана Ляснянская сярэдняя школа ў Баранавіцкім раёне з адкрыццём двух групавых памяшканняў для дашкольнікаў і выхаванцаў Жамчужненскага дзіцячага сада. Дзякуючы гэтаму, удалося дадаткова стварыць 571 месца.
Сёлета завершыцца будаўніцтва яшчэ аднаго дзіцячага сада на 350 месцаў у Брэсце і пачата ўжо ўзвядзенне школы-сада ў Пінску.
Вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню бяспечнага і здароўезберагальнага асяроддзя ў дашкольных установах, зніжэнню захваральнасці дзяцей, прафілактыцы траўм і інш.
Па словах Наталлі Каліноўскай, радуе якасны склад педагогаў-дашкольнікаў. Так, вышэйшую адукацыю сярод іх маюць больш за 74% выхавальнікаў, што з’яўляецца найлепшым паказчыкам у краіне. Гэта тычыцца і профільнай адукацыі — амаль 59%.
У 20 дашкольных установах рэалізуюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, што таксама станоўча ўплывае на павышэнне якасці адукацыі. З году ў год паляпшаецца забяспечанасць адукацыйнага працэсу сродкамі навучання і надворным абсталяваннем. Разам з тым патрабуецца далейшая мадэрнізацыя і абнаўленне матэрыяльнай базы дзіцячых садоў.
У 472 установах агульнай сярэдняй адукацыі займаюцца амаль 172 тысячы вучняў. Летась у вобласці былі закрыты 9 бесперспектыўных школ. Намецілася тэндэнцыя на паступовае зніжэнне колькасці першакласнікаў.
У адукацыйным працэсе задзейнічаны каля 16,1 тысячы педагогаў, з якіх амаль 83% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, а таксама катэгорыю “настаўнік-метадыст”.
Паспяхова развіваецца профільнае навучанне. У 86 школах працуюць класы педагагічнага, у 36 — ваенна-патрыятычнага, у 5 — спартыўна-педагагічнага, у 69 — аграрнага і ў 31 — інжынернага кірунку. Пашыраецца супрацоўніцтва з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і УВА.
— Больш за 62% старшакласнікаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні, — адзначыла Наталля Каліноўская. — Стабільныя вынікі паказваюць вучні Брэстчыны на рэспубліканскіх канферэнцыях даследчых работ.
Мэтанакіравана паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база школ, набываецца вучэбнае і тэхналагічнае абсталяванне, праводзяцца капітальныя рамонты ўстаноў і харчаблокаў.
Летась абласны парк школьнага транспарту папоўніў 71 аўтобус. За кошт рэспубліканскага бюджэту пастаўлены 62 кабінеты біялогіі і 77 кабінетаў працоўнага навучання.
— Без належнага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў немагчыма забяспечыць паўнавартасную якасць адукацыі, — падкрэсліла Наталля Каліноўская.
На ЦЭ выпускнікі Брэстчыны атрымалі 282 стабальныя вынікі, прычым 11 выпускнікоў — адразу па 2. Сярод лідараў — установы адукацыі Баранавіч, Пінска, Маскоўскага раёна Брэста, Столінскага, Лунінецкага і Іванаўскага раёнаў.
— Гэта сведчыць у цэлым пра добрую якасць адукацыі, — заўважыла Наталля Каліноўская. — Тым не менш па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема нізкага выніковага ўдзелу школьнікаў вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. На працягу шэрага гадоў сярод яго пераможцаў няма прадстаўнікоў нават пэўных гімназій і ліцэяў. У некаторых раёнах вобласці склалася неэфектыўная сістэма падрыхтоўкі алімпіяднікаў. З улікам гэтага ў бягучым навучальным годзе пры падтрымцы рэгіянальных універсітэтаў змянілася мадэль падрыхтоўкі вучняў да абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды. Акрамя таго, неабходна больш эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял факультатыўных заняткаў, у тым ліку міжшкольных, рэгіянальных профільных лагераў для адораных дзяцей і рэсурсных цэнтраў.
Вялікая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыі школьнікаў. Летась амаль 94% выпускнікоў прадоўжылі навучанне ў ПТНУ, ССНУ і УВА. Старшакласнікі асвойваюць у школах і каледжах 61 прафесію (аператара ПЭВМ, швачкі, сталяра і інш.). Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце кіраўнікоў устаноў адукацыі, змяншаецца адток выпускнікоў для атрымання адукацыі за мяжой. Разам з тым у асобных ліцэях і гімназіях ён дасягае 30%, што недапушчальна.
Штогод у 31 каледжы вобласці больш за 9 тысяч навучэнцаў атрымліваюць рабочыя прафесіі, а больш за 6 тысяч — сярэднюю спецыяльную адукацыю.
Актывізавана работа з заказчыкамі кадраў па арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі. Так, толькі з лютага па май мінулага года ССНУ правялі 33 кірмашы мэтавай падрыхтоўкі з удзелам больш як 300 арганізацый і 12 тысяч школьнікаў. З улікам сучасных запытаў у каледжах адкрываюцца новыя кваліфікацыі.
Летась каманда Брэстчыны ў V Рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства ProfSkills Belarus заваявала 10 медалёў, а па выніках іншых конкурсаў, аглядаў і злётаў рознага ўзроўню — больш за 300 дыпломаў пераможцаў. На абласную Дошку гонару занесены Баранавіцкі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну і Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж.
Асаблівая ўвага — цэнтрам кампетэнцый, на базе якіх у вучэбны працэс укараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, выкарыстоўваюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне.
— У цэнтры павышанай увагі — замацаванне маладых спецыялістаў, 70% якіх застаюцца на працоўных месцах. Разам з тым ва ўсіх раёнах вобласці не зніжаецца патрэба ў настаўніках фізікі, матэматыкі і пачатковых класаў, выхавальніках, педагогах-псіхолагах і сацыяльных педагогах. Вырашыць праблему кадравага дэфіцыту можа мэтавая падрыхтоўка і ўдасканаленне сістэмы аплаты працы, — рэзюмавала Наталля Каліноўская.
— Задача органаў кіравання адукацыяй — забяспечыць якасць адукацыі на ўсіх узроўнях, — адзначыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі Таццяна Сіманоўская.
Напрыканцы мерапрыемства лепшыя педагогі, кіраўнікі, установы адукацыі і аддзелы па адукацыі атрымалі ўзнагароды ад галіновага міністэрства і прафсаюза, Брэсцкага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў.
Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” адзначаны дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Юрый Прасмыцкі, дырэктар сярэдняй школы № 1 Брэста Маргарыта Багдановіч, загадчыца дзіцячага сада № 72 Брэста Вольга Палхоўская і метадыст Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну Наталля Герасімовіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Ільі АГРЭНІЧА