Святочная лінейка з нагоды Дня ведаў у Дукорскім вучэбна-педагагічным комплексе “дзіцячы сад — сярэдняя школа”, што ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, стала асаблівай. Павіншаваць з пачаткам новага навучальнага года юных дукарчан, іх педагогаў і бацькоў прыехалі намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны Наталля Качанава і начальнік упраўлення адукацыі і сацыяльна-культурнай сферы Апарату Савета Міністраў Іосіф Пяткевіч.
“Паважаныя сябры, сардэчна віншую вас з пачаткам новага навучальнага года. Першага верасня запамінае кожнае дзіця, але асаблівым яно становіцця менавіта для першакласнікаў. Я ўпэўнена, што школа вам спадабаецца. Для вас пачынаецца новае жыццё, больш дарослае, таму вучыцеся добра, сябруйце — і час, праведзены ў школе, стане самым шчаслівым”, — звярнулася да першакласнікаў Наталля Іванаўна.Асобныя віншавальныя словы прагучалі ў адрас педагагічнага калектыву і бацькоў, якія ў Дукорскай школе працуюць адзіным фронтам. Як заўважыў дырэктар навучальнай установы Уладзімір Панюшэнка, бацькі і педагогі школы заўсёды на сувязі і ва ўзаемадзеянні. Такое супрацоўніцтва дае свой плён. Дзеці растуць адукаванымі і працавітымі людзьмі. Падчас лінейкі дырэктар яшчэ раз узгадаў і павіншаваў вучняў, якія дасягнулі поспехаў на раённых і абласных інтэлектуальных спаборніцтвах. А кіраўніцтва Дукорскага СПК грашовымі прэміямі адзначыла самых працавітых навучэнцаў школы.
Аглядаючы школу і ацэньваючы матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне навучальнай установы, віцэ-прэм’ер адзначыла: “Нягледзячы на тое, што гэта сельская школа, яна добра развіваецца, ёсць трэнажорная зала, нядрэнныя кабінеты, зроблены рамонт. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне — гэта важна пры падрыхтоўцы вучняў. Але важней, каб тут былі добрыя педагагічныя кадры”.
Педагагічны калектыў Дукорскага ВПК вызначаецца прафесіяналізмам і душэўнасцю. Пераступаць парог гэтай школы заўсёды прыемна, бо адразу трапляеш у атмасферу даверу і ўзаемапавагі. У новым навучальным годзе ў дзіцячым садзе — сярэдняй школе Дукоры будуць вучыцца і выхоўвацца 138 дзяцей (112 навучэнцаў і 26 выхаванцаў). Функцыянуе 11 класаў-камплектаў і 2 рознаўзроставыя групы для дзяцей дашкольнага ўзросту. Кадравы склад — 35 работнікаў, з якіх 20 — педагогі.
У сваю родную школу ў гэтым навучальным годзе прыйшла на работу маладая настаўніца пачатковых класаў, якой адразу далі жыллё. “Мы павінны зрабіць усё, каб сельскія школы былі ўкамплектаваны кадрамі”, — сказала Наталля Качанава. Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліла, што якасць адукацыі ў сельскіх школах не саступае ўзроўню гарадскіх. Гэта пацвярджаюць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. “Займаючыся сёлета гэтым пытаннем, мы ўбачылі, што вельмі добрыя вынікі ў сельскіх школах. Гэта сведчыць, што там добрыя выкладчыкі, якія могуць даць якасныя веды”, — упэўнена яна.
І гэта сапраўды так. Многія вучні Дукорскай школы становяцца навучэнцамі Мінскага абласнога ліцэя. І, як падчас гаворкі з педагагічным калектывам школы адзначыла намеснік прэм’ер-міністра, гэтым трэба ганарыцца. Значыць, у школе працуе калектыў настаўнікаў, здольны падрыхтаваць высокаматываванага і канкурэнтаздольнага навучэнца. Увогуле, па словах віцэ-прэм’ера, сістэма адукацыі ў Беларусі ўжо склалася, вядзецца работа па яе ўдасканаленні. Напрыклад, у найбліжэйшай будучыні будуць перапрацаваны падручнікі, а з 1 верасня, як вядома, у школах пачалі дзейнічаць профільныя класы. І тут Наталля Качанава яшчэ раз падкрэсліла, што пры арганізацыі профільнага класа трэба кіравацца сваім матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, прафесіяналізмам настаўнікаў і пажаданнямі навучэнцаў. Але пытанні шляхоў арганізацыі профіляў у кожнай канкрэтнай установе вырашае педагагічны калектыў.
Акрамя таго, падчас наведвання ўрока ў 1 класе Наталля Качанава вярнулася да пытання ўзросту вучняў першага класа. Яна адзначыла, што было вырашана не ставіць ніякіх межаў і кіравацца парадамі медыкаў. І калі яны разам з бацькамі бачаць, што дзіця да школы гатова, то можна яго туды адпраўляць. Як паведамілі бацькі дукорскіх першакласнікаў, у іх класе ёсць як шасцігодкі, так і сямігодкі.
Наталля Качанава пацікавілася і арганізацыяй у школе гурткоў і спартыўных секцый. І першае і другое ў навучальнай установе рэалізоўваецца ў поўнай меры. Творчыя педагогі школы арганізавалі гурткі па бісерапляценні, вязанні кручком, маляванні. А вялікі школьны стадыён і трэнажорная зала даюць магчымасць школьнікам як след парухацца пасля школы. Прынамсі, напярэдадні Дня ведаў на стадыёне адбыўся “вялікі” футбол. Так мясцовая дзятва адзначала апошнія дні лета.
У 2010—2015 гадах школа працавала над абласным педагагічным праектам “Нам засталася спадчына”, а з гэтага навучальнага года будзе арганізавана работа па рэалізацыі абласнога праекта “Фарміраванне ў навучэнцаў даследчых уменняў пры дапамозе арганізацыі работы па этнаграфічным краязнаўстве”.
Адным з напрамкаў выхаваўчай работы Дукорскай школы з’яўляецца краязнаўства. Багаты краязнаўчы матэрыял дазваляе надзвычай цікава і разнастайна праводзіць вучэбныя заняткі і пазакласныя мерапрыемствы. Лінгваэтнічны, лінгвакультуралагічны напрамкі рэалізацыі праекта даюць свабоду для выкарыстання не толькі слова настаўніка, але і завочных экскурсій, не выключае кароткіх вучнёўскіх паведамленняў, прэзентацый, конкурсаў. Тут нават распрацавалі турыстычныя паходы рознага кірунку і рознага тыпу (пешаходныя, веласіпедныя), сярод якіх ёсць маршруты і гістарычнага плана.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.