Педагогі Лідчыны ведаюць, як знайсці падыход да кожнага выхаванца, у тым ліку да дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця, расстройствамі аўтыстычнага спектра. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Трэці год мы працуем па праекце “Ад інклюзіўнай адукацыі — да інклюзіўнага горада”, — расказала начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк. — У аснове праекта — садзейнічанне сацыялізацыі і самарэалізацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця з дапамогай максімальнага выкарыстання рэсурсаў разнастайнай творчай, адпачынкавай, працоўнай і экалагічнай дзейнасці.
Асаблівыя ўмовы створаны для навучання, рэабілітацыі, сацыяльнай адаптацыі і фізічнага развіцця дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Рашэннем райвыканкама ўведзена неабходная колькасць ставак выхавальніка для суправаджэння такіх дзяцей. Безумоўна, значная ўвага ўдзяляецца стварэнню даступнага асяроддзя.
Добрыя сэрцы

У спецыяльным дзіцячым садзе № 16 Ліды, які спецыялізуецца на рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, створана безбар’ернае асяроддзе. Сёння ўстанову наведваюць 100 выхаванцаў з асаблівасцямі развіцця і інваліднасцю. Ёсць групы для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, з цяжкімі парушэннямі маўлення і зроку. Працуюць настаўнікі-дэфектолагі (тыфлапедагогі і лагапеды).
— Выхавальнік персанальнага суправаджэння павінен валодаць ведамі ў галіне не толькі педагогікі, але і псіхалогіі, цесна ўзаемадзейнічаць з настаўнікам-дэфектолагам і педагогам-псіхолагам, актыўна далучаць бацькоў, бо яны таксама з’яўляюцца ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Стараемся, каб іншыя дзеці не адчувалі менш увагі, каб ім таксама было камфортна і цікава ў дзіцячым садзе, — расказала загадчыца ўстановы Эла Уладзіміраўна Арэхва.
У адной з груп, дзе займаюцца дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, выхавальніца звяртае ўвагу на правільна падабраныя для іх артапедычныя крэслы, мноства мяккіх модуляў, якія дазваляюць развіваць тактыльныя адчуванні і дробную маторыку рук. Уражваюць аформленыя з любоўю цэнтры: сенсаматорны і канструктарскі, бяспекі, тэатральны і выяўленчай дзейнасці, кніжны, а таксама куткі адзіноты і прыроды. Для рэлаксацыі выкарыстоўваецца шарыкавы басейн, а для паляпшэння навыкаў хадзьбы — каардынацыйныя дарожкі. Разам з педагогамі дзеці любяць гуляць у сюжэтна-ролевыя гульні, такія як “Сям’я”, “Магазін”, “Бальніца”, “Цырульня”.

— Такое прадметна-развіццёвае асяроддзе дазваляе дзецям максімальна расслабіцца, зняць мышачнае і эмацыянальнае напружанне, развівае іх рухальную, пазнавальную дзейнасць, — падкрэсліла выхавальніца Ірына Зянонаўна Лапінская.
Спецыяльны дзіцячы сад № 16 цесна супрацоўнічае з педагогамі сярэдняй школы № 4 Ліды. Разам яны рэалізуюць праект “Сяброўства без меж”.
Старшакласнікі-валанцёры праводзяць з дашкольнікамі гульнявыя праграмы, ладзяць тэатралізаваныя паказы і проста гуляюць з дзецьмі, дастаўляючы тым самым ім велізарнае задавальненне. І гэта толькі частка маштабнага праекта школы “Добрыя сэрцы”, які ўключае ў сябе тры напрамкі. Акрамя работы з дзіцячым садам у рамках першага напрамку, школа супрацоўнічае з Лідскімі раённымі цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі (“Праменьчыкі дабра”) і тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (“Планета сяброў”). Сумесныя мерапрыемствы, у тым ліку і спартыўныя, сталі ўжо традыцыйнымі.
— Мы ўпэўнены, што такое супрацоўніцтва садзейнічае паўнавартаснай інтэграцыі і самарэалізацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця. А для нашых валанцёраў гэта выяўленне іх грамадзянскай пазіцыі і развіццё сацыяльнай актыўнасці. Нездарма галоўны дэвіз нашай праектнай дзейнасці — “Мы разам”, — адзначыў дырэктар школы Ігар Мікалаевіч Радзінскі.
Школа з’яўляецца апорнай установай адукацыі для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ёсць сярод школьнікаў і дзеці з аўтызмам, за кожным з іх замацаваны выхавальнік. Дзякуючы дапамозе валанцёраў (валанцёрскаму руху ў школе больш за дзесяць гадоў) і намаганням педагогаў, дзеці з парушэннямі здароўя не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі і заўсёды атрымліваюць патрэбную дапамогу.
Сенсорна-дынамічная зала
У рабоце з асаблівымі дзецьмі актыўна выкарыстоўваецца пакой сенсорнай інтэграцыі Лідскага РЦКРНіР, у тым ліку сенсорна-дынамічная зала “Дом савы”. Тут займаюцца дашкольнікі і школьнікі з усяго раёна. У трох памяшканнях абсталяваны разнастайныя модулі для дынамічных і сенсорных заняткаў, рэлаксу. Педагог складае праграму для кожнага дзіцяці.
Як расказала дырэктар установы Марына Мікалаеўна Радзевіч, у маі цэнтр пераедзе ў памяшканне былога дзіцячага сада. Павялічацца плошчы, што дасць магчымасць прыцягнуць да заняткаў большую колькасць дзяцей, максімальна выкарыстаць унікальнае сенсорнае абсталяванне.
У раёне функцыянуюць тры апорныя па інтэграваным навучанні і выхаванні ўстановы адукацыі і раённы рэсурсны цэнтр на базе ЦКРНіР. У шасці ўстановах рэалізуюцца эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. Дзве ўстановы адукацыі ўключаны ў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі па пытаннях інклюзіўнай адукацыі.
Роўныя магчымасці
Чацвёрты год у Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі паспяхова працуе інклюзіўны тэатр “ЦерамОК”, аб’ядноўваючы навучэнцаў з інваліднасцю, АПФР, а таксама валанцёраў і бацькоў асаблівых дзяцей.
У аб’яднанні па інтарэсах займаюцца 10 навучэнцаў з АПФР, сярод якіх 9 — з расстройствамі аўтыстычнага спектра, і 2 навучэнцы-валанцёры. Кіруе тэатрам педагог дадатковай адукацыі Аліна Юзэфаўна Шарлан.
— Тэатральная дзейнасць дазваляе вырашаць многія праблемы педагогікі і псіхалогіі, звязаныя з рэабілітацыяй дзяцей з АПФР, — упэўнена Аліна Юзэфаўна. — Велізарная сіла ўздзеяння тэатральнай ігры развівае станоўчыя якасці асобы і дае дзіцяці рэальную магчымасць адаптавацца ў сацыяльным асяроддзі.
Кожнаму выхаванцу педагог умее дапамагчы, усяліць веру ва ўласныя сілы, пахваліць. Да таго ж яна заручылася падтрымкай бацькоў, якія прысутнічаюць на занятках, дапамагаюць у стварэнні дэкарацый, касцюмаў. Штогод выхаванцы інклюзіўнага тэатра прымаюць удзел у мерапрыемствах з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў, дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
За карпатлівай і няпростай работай — дастойныя вынікі: дыплом I ступені на IX Рэспубліканскім адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты — 2023”, спецыяльны дыплом “За развіццё і сацыялізацыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя з дапамогай тэатральнай творчасці” ў абласным конкурсе тэатральных калектываў. Салістка тэатра Марыя Сямашка стала прызёрам II Міжнароднага фестывалю творчасці асаблівых дзяцей “У будучыню без меж”, які праходзіў у Расіі. Дзеці разам з бацькамі прымалі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы “Ліда — тэрыторыя роўных магчымасцей”.
Увогуле, у Лідскім РЦТДіМ паспяхова рэалізуецца формула “дзіця-інвалід + аб’яднанне па інтарэсах = далейшая сацыялізацыя навучэнца ў грамадстве і ў жыцці”.
Экатэрапія
Нават тэрыторыя з багатым раслінным светам дабратворна ўплывае на дзяцей. Інклюзіўны праект “Экадом і дзеці ў ім” Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства разлічаны на дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра.

— Рэалізацыю праекта некалькі гадоў назад пачыналі сумесна з абласнымі аддзяленнямі Беларускага фонду міру і Беларускага дзіцячага фонду. Паступова супрацоўніцтва перацякло ў іншыя праекты. З 2023 года дзеці з аўтызмам сталі ўдзельнікамі сацыяльнага інклюзіўнага праекта “Разам па жыцці”, разлічанага на 2023—2025 гады. Пачыналі з інклюзіўнай майстэрні “Простыя рэчы”. Дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў стваралі вырабы з прыродных матэрыялаў, малявалі, займаліся тым, што магло дапамагчы развіццю маторыкі і канцэнтрацыі ўвагі. У 2024 годзе рэалізавалі модуль “Экамастацтва і прафесія”. Плануем на тэрыторыі цэнтра аформіць сенсорную экасцежку, — расказала дырэктар установы Жанна Мікалаеўна Цехановіч.
У цэнтры рэалізуецца шмат разнастайных ідэй і ініцыятыў, накіраваных на ўцягненне ў працэс экатэрапіі дзяцей з асаблівасцямі разам з іх бацькамі. Адзін з прыкладаў — ландшафтны куток “Мой цудоўны сад”, спраектаваны і створаны на тэрыторыях дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Новы праект “Аграсвет” уяўляе сабой батанічны практыкум для дзяцей у цяпліцы.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара





