Асацыяцыя «Садружнасць»: навучэнцы ўстаноў адукацыі Гродзенскага раёна па законах самакіравання жывуць ужо 17 гадоў

- 16:34Гродненская область, Образование

Па законах самакіравання навучэнцы ўстаноў адукацыі Гродзенскага раёна жывуць ужо 17 гадоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Пачалося ўсё з рэалізацыі намі ў 2007 годзе праекта “Новы свет”, які стаў зыходным пунк­там для стварэння школьнага самакіравання ў раёне, — успамінае загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Ганна Уладзімі­раўна Фінагенава.

Падчас 12-га саміту вучнёўскага самакіравання

У 2007/2008 навучальным го­дзе згодна з праектам ва ўсіх установах адукацыі былі арганізаваны структуры школьнага самакіравання. Тады ж было прынята рашэнне стварыць асацыяцыю школьных сістэм самакіравання “Садружнасць”. Так з’явіліся аб’яднанні “Гімназічны горад Светлаград” (гімназія Скідзеля, цяпер сярэдняя школа № 3), “Новае пакаленне” (Верцялішкаўская сярэдняя школа), “Рэспубліка Світанак” (дзіцячы сад аграгарадка Луцкаўляны), “Азёрскі школьны саюз” (Азёрская сярэдняя школа). У кожнай установы адукацыі былі свой герб і свой гімн.

Вышэйшым заканадаўчым органам вучнёўскага самакіравання з’яўляецца вучнёўская канферэнцыя, а на ўзроўні раёна — саміт, на якім выбіраецца кіраўнік асацыяцыі. Паміж самітамі на працягу года работу па развіцці самакіравання і выкананні прынятых дакументаў арганізуе камітэт асацыяцыі. Курыруе яго дзейнасць раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Паўнапраўнымі членамі школьных і раённых сістэм самакіравання з’яўляюцца настаўнікі і бацькі навучэнцаў.

Дзеці ўключаюцца ў рознабаковую пазаўрочную дзейнасць, дзелавыя зносіны з дарослымі. Рэалізацыя праектаў, удзел у грамадска карысных творчых справах сумесна з дарослымі спрыя­юць сацыялізацыі наву­чэнцаў.

У асацыяцыі назапашаны пэўны вопыт дзейнасці па арганізацыі і правядзенні выбараў у органы школьнага самакіравання, вывучэнні афіцыйных дакументаў, правядзенні эканамічных і дзелавых гульняў. Створаны ўласныя прадукты, якія могуць аказаць дапамогу ў арганізацыі школьнага самакіравання ўстановам адукацыі.

— Асацыяцыя знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Штогод праходзяць саміты (іх было 12) з удзе­лам кіраўніцтва Гродзенскага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў. На самітах узнімаюцца важныя тэмы, накіраваныя на выхаванне патрыёта, грамадзяніна, чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Выступаючы на саміце, я заўсёды заклікаю школьнікаў паверыць, што кожны можа многае зрабіць, калі будзе ўдзельнічаць у сістэме самакіравання, развівацца. Мы ганарымся сваім самітам, ён не выклікае абыякавасці, сапраўды дае штуршок да актыўных дзеянняў. А дзеці могуць сустрэцца там з цікавымі людзьмі, — расказала Г.У.Фінагенава.

Сёння навучэнцы з веданнем справы ўдзельнічаюць у выбарах, у ходзе дзелавых гульняў вядуць перамовы і афармляюць дакументацыю, прапануюць шляхі вырашэння розных актуальных пытанняў. У мінулым годзе школьнікі працавалі над праектам “Пат­рыятызм у дзеянні”. Сёлета падключыліся да рэалізацыі праекта “Адукацыя Гродзенскага раёна: арыенцір на якасць”, прымеркаванага да Года якасці. Яны здымалі відэаролікі пра ваенныя старонкі гісторыі школы, пра настаўнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці, пра першага дырэктара Сапоцкінскай школы былога ваеннага лётчыка Міхала Фёдаравіча Янушчанку, а таксама пра педагогаў — ветэранаў працы. Цікавым атрымаўся праект “Чалавек працы на карце Гро­дзенскага раёна”, у рамках якога дзеці правялі даследаванні і зрабілі відэасюжэты аб працаўніках сельскай гаспадаркі.

— У мяне вялікі вопыт работы ў педагогіцы, і я лічу, што школьнае самакіраванне — адзін з асноўных напрамкаў, які дапаможа старшакласнікам рэалізавацца ў практычных справах: вывучэнні гісторыі сваёй краіны, малой радзімы, лёсаў землякоў, — падкрэсліла Г.У.Фіна­генава. — Мы на правільным шляху, і гэты кірунак трэба захаваць.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота з архіва Гродзенскага РЦТДіМ