Лепшай публікацыяй на экалагічную тэматыку ў намінацыі “Наш агульны дом” сярод навучэнцаў па выніках рэспубліканскага конкурсу прызнана работа трэцякурсніка Полацкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Аляксандра Кміты.
Да поспеху юнак прыйшоў разам з педагогам-арганізатарам Ганнай Кунцэвіч і сябрамі з валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” пры садзейнічанні выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання і кіраўніцтва ліцэя. Па словах Ганны Уладзіміраўны, гэта добра адпрацаваны рабочы маршрут, бо кожнае падобнае дасягненне адлюстроўвае дружную калектыўную працу. Дарэчы, перамог рэспубліканскага ўзроўню на рахунку вучняў Ганны Кунцэвіч і ў яе асабістай прафесійнай скарбонцы нямала, прычым штогод дабаўляюцца новыя.
— Мы з навучэнцамі працуем па многіх напрамках, пачынаючы з духоўна-маральнага і сацыяльнага да сельскагаспадарчага, непасрэдна звязанага з профілем установы адукацыі, — адзначае Ганна Уладзіміраўна. — Экалагічны — адзін з іх. Ліцэй размешчаны ў гарадскім пасёлку Ветрына. Наша тэрыторыя вялікая, і нам усім хочацца, каб яна радавала вока. Зразумела, проста жадання мала — неабходна на працягу года прыкладаць намаганні для стварэння прыгажосці, даглядаць і падтрымліваць парадак. І з добраўпарадкаваннем у населеным пункце і яго ваколіцах стараемся дапамагаць. У 2020 годзе ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і сёл” перамаглі ў дзвюх намінацыях — як лепшы валанцёрскі экалагічны атрад і як аўтары лепшай ландшафтнай кампазіцыі. Прэзентавалі мы тады тры малыя архітэктурныя формы, матыля для кветкавага кашпо і ў выглядзе рамонкаў. Было вырашана пры вырабе пусціць у ход другасную сыравіну — розныя тэхнічныя дэталі і элементы, якія адслужылі сваё ў нашым трактарным парку. Між іншым вынікамі крэатыву і майстэрства нашай моладзі і педагогаў можна палюбавацца на тэрыторыі ліцэя. У гэтым годзе нацэліліся прадставіць на конкурс новую ландшафтную кампазіцыю: прывабная зручная лавачка нашай вытворчасці ўсталявана ў гарадскім парку культуры і адпачынку.
Калі пачынаецца вясенне-летні перыяд, людзі часцей выязджаюць на прыроду, да азёр — і работы валанцёрам дабаўляецца. Напрыклад, яны рэгулярна прыбіраюць прыбярэжную зону возера Сердава, што знаходзіцца непадалёк Ветрына. Пра гэта ў матэрыялах, надрукаваных у раённай газеце, расказаў Аляксандр Кміта — камандзір валанцёрскага атрада. Навучэнец падзяліўся разважаннямі пра тое, што людзям неабходна берагчы прыроднае багацце радзімы, паводзіць сябе на адпачынку па-чалавечы. Іншымі словамі — культурна, як ашчадныя гаспадары, бо інакш наша зямля рызыкуе ператварыцца ў сметніцу. У штогадовым рэспубліканскім конкурсе публікацый пад эгідай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прадстаўнікі ліцэя летась дэбютавалі, набраліся вопыту. Сёлетнюю спробу журы заключнага этапу ацаніла дыпломам І ступені і грашовай прэміяй. Даведаліся пра перамогу якраз у канцы жніўня — выдатны падарунак да новага навучальнага года!
— Аляксандр у ліцэі асвойвае спецыяльнасці электраманцёра і вадзіцеля катэгорыі “С”, займаецца грамадскай, творчай і праектнай дзейнасцю, заахвочаны стыпендыяй абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, — працягвае Ганна Уладзіміраўна. — Мы з ім паўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і міжнароднай бізнес-гульні “Пачатковы фермер”. Тады была ідэя іншага плана, звязаная з сельскагаспадарчай дзейнасцю. Распрацавалі бізнес-праект па вырошчванні азімай пшаніцы “Элегія” па інтэнсіўнай тэхналогіі, дайшлі да міжнароднага этапу — аднак, на жаль, захварэў наш удзельнік, не давялося яму абараніць работу ў фінале. Хаця сам праект мы потым рэалізавалі: яшчэ раз пракансультаваліся і ўзгаднілі план са спецыялістамі, засеялі выдзеленую дзялянку ў вучэбнай гаспадарцы. Зарунела і закаласілася наша “Элегія”. Зараз жніво працягваецца, на чарзе азімая пшаніца. У цэлым ураджай багаты, думаю, што доследны ўчастак чаканні апраўдае. Паколькі закранулі сельскагаспадарчую тэматыку, не магу не прыгадаць наш маладзёжны атрад “Залаты колас”. Штогод юнакі і дзяўчаты шчыруюць на палетках вучгаса, дапамагаюць сельгаспрадпрыемствам. Атрад неаднойчы быў названы лепшым у рэгіёне за працоўны семестр, маем падзякі за работу рэспубліканскага ўзроўню. У мінулым годзе лепшымі ў вобласці камандзірам і камісарам студэнцкага сельскагаспадарчага атрада прызнаны нашы навучэнцы Юрый Махоцкі і Вячаслава Сафронава. Нацэлены ўтрымліваць лідарства!
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Ганны КУНЦЭВІЧ.