Беларусь разглядала старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве як магчымасць актывізаваць свой удзел у працэсах рэгіянальнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, паведаміў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін ЦЕІ ў Мінску.
Беларусь упершыню старшынствавала ў ЦЕІ. Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва створана ў 1989 годзе для прадухілення новых раздзяляльных ліній у Еўропе. За гэтыя гады ЦЕІ даказала, што яе патэнцыял па-ранейшаму запатрабаваны. На думку Андрэя Кабякова, гэта асабліва відавочна на фоне ўзнікнення такіх маштабных выклікаў, як міграцыйны крызіс і пагроза тэрарызму.
“Беларускае старшынства ў ЦЕІ мы разглядалі перш за ўсё як магчымасць актывізаваць удзел у працэсах рэгіянальнай інтэграцыі і супрацоўніцтва. На гэта быў нацэлены праведзены ў Мінску буйны бізнес-форум ЦЕІ, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Мы таксама імкнуліся па магчымасці садзейнічаць вырашэнню эканамічных і сацыяльных праблем, агульных для ўсіх краін рэгіёна”.
Кіраўнік беларускага ўрада ўпэўнены, што краіны рэгіёна ЦЕІ прызначаны адыграць асаблівую стратэгічную ролю сувязнога звяна паміж Усходам і Захадам. “Аднак скарыстацца ўсімі перавагамі ўнікальнага геаграфічнага становішча і пазбегнуць пабочных геапалітычных рызык можна толькі ў выпадку сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці інтэграцыйных працэсаў на стыку Еўропы і Азіі. У гэтым — неабходная ўмова стабільнасці і ўстойлівага эканамічнага росту ў нашым рэгіёне. Таму асноўнай тэмай старшынства Беларусі ў ЦЕІ мы выбралі менавіта пашырэнне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе”, — сказаў ён.
На саміце ў Мінску абмяркоўвалася ў тым ліку, якім чынам краіны Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы маглі б садзейнічаць прагматычнаму збліжэнню і ўзаемадзеянню інтэграцыйных аб’яднанняў на кантыненце. Было адзначана, што Беларусь адыграла вядучую ролю ў фарміраванні і запуску ініцыятывы па гарманізацыі лічбавых рынкаў у рамках “Усходняга партнёрства”, якая завяршылася стварэннем спецыяльнага напрамку ў праграме “Усходняга партнёрства”. Сёння з усіх структур “Усходняга партнёрства” гэты напрамак лічыцца адным з найбольш выніковых і дынамічных, звярнуў увагу Андрэй Кабякоў.
На сустрэчы ў Мінску быў прыняты план дзеянняў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы на 2018—2020 гады, які вызначае асноўныя напрамкі праектнай дзейнасці краін на найбліжэйшы перыяд. Абмяркоўваліся таксама перспектывы далейшага рэфармавання ЦЕІ.
“Лічу, што сённяшні саміт стаў значнай вяхой у развіцці нашай арганізацыі. Таму Беларусь з пачуццём глыбокага задавальнення і ўсведамленнем сумленна выкананага абавязку перадала паўнамоцтвы старшыні Харватыі. Шчыра жадаем нашым харвацкім калегам паспяховага ўступлення ў новы год на гэтай адказнай пасадзе”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.