Асновай сацыяльнай палітыкі стане мэтавы характар дзяржпадтрымкі

- 11:39Інфармацыйная гадзіна

Палата прадстаўнікоў адобрыла праграму дзейнасці Урада Беларусі на 2016—2020 гады.

Дакумент прадставіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. У дакуменце канцэнтравана выкладзены напрамкі, меры і механізмы, згодна з якімі плануецца развіваць эканоміку Беларусі, каб да канца пяцігодкі забяспечыць яе рост больш высокім тэмпам, чым сярэднесусветны.

Праграма дзейнасці ўрада з’яўляецца складовай часткай адзінага пакета праграмных дакументаў на пяцігодку, цесна ўвязана з выкананнем 20 дзяржаўных праграм галін і сфер дзейнасці, праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады. У ёй устаноўлены тры базавыя ўмовы эканамічнай палітыкі: забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці, нарошчванне золатавалютных рэзерваў да мінімальнага бяспечнага ўзроўню і бездаўгавое фінансаванне плацежнага балансу краіны, паступовая выплата сфарміраваных знешніх даўгоў.

Акрамя таго, праграмай вызначаны комплекс паслядоўных і ўзаемазвязаных інстытуцыянальных мер, якія згрупаваны ў пяць галоўных блокаў. Першы — меры, накіраваныя на аднаўленне канкурэнтаздольнасці прамысловага комплексу. Другі звязаны са зніжэннем затрат і рэструктурызацыяй энергетыкі і ЖКГ. Трэці прадугледжвае стварэнне рабочых месцаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Чацвёрты закранае інфраструктуру і будаўнічы комплекс і вызначае механізмы аптымізацыі затрат, росту і дыверсіфікацыі экспарту будаўнічых паслуг. Пяты забяспечвае магутную сацыяльную накіраванасць праграмы, сутнасць якой заключаецца ў мэтавым характары падтрымкі, у рэалізацыі сацыяльных праграм для павышэння якасці жыцця грамадзян.

Прадстаўляючы праграму ў Авальнай зале, Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў асобна падкрэсліў, што “прынцыповай асновай сацыяльнай палітыкі ў бягучай пяцігодцы будзе мэтавы характар сацпадтрымкі. Урад не будзе распыляць рэсурсы, “размазваць” усім тонкім слоем, а кропкава дапамагаць тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу”.

Паводле яго слоў, урадам сфарміраваны моцны “сацыяльны пакет” дзяржаўных праграм. “З дваццаці дзяржпраграм шэсць маюць выразна сацыяльны характар. На іх фінансаванне пойдзе дзве трэці аб’ёму, прадугледжанага для рэалізацыі ўсяго пакета”, — заявіў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што адмаўленне ад усеагульнага субсідзіравання насельніцтва і пераход да падтрымкі мэтавых груп дасць магчымасць узмацніць падтрымку тых, хто мае ў гэтым патрэбу, і накіраваць вызваленыя рэсурсы ў неабходныя сацыяльныя праекты.

“Сацыяльны блок праграмы арыентаваны таксама на забеспячэнне фінансавай устойлівасці пенсійнай сістэмы і яе адаптацыю да зменлівых эканамічных і дэмаграфічных умоў, павышэнне якасці і даступнасці паслуг (сферы адукацыі, аховы здароўя і інш.) і стварэнне ўмоў для забеспячэння дастойнага ўзроўню якасці жыцця”, — растлумачыў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў таксама заявіў, што Урад Беларусі разлічвае на выхад да 2020 года на тэмпы росту ВУП вышэйшыя за сярэднесусветныя.

“Эфект ад прынятых ужо мер дасць магчымасць, паводле нашых ацэнак, у другім паўгоддзі 2016 года аднавіць дадатную эканамічную дынаміку. Увесь комплекс прадугледжаных праграмай дзейнасці ўрада мер стварае ўмовы для аднаўлення эканамічнага росту і выхаду да 2020 года на тэмпы росту ВУП вышэйшыя за сярэднесусветныя”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, у дынамічна зменлівых умовах эканамічная палітыка ўрада будзе гібкай, адаптыўнай да знешніх змяненняў.

Кіраўнік беларускага ўрада падкрэсліў, што ўрад плануе ў поўнай меры рэалізаваць праграмна-мэтавы падыход праз комплекс дзяржаўных праграм. Для кантролю за іх рэалізацыяй і выкананнем ключавых задач будзе арганізаваны маніторынг.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, для стымулявання кіраўнікоў дзяржорганаў сфарміравана іерархічная сістэма ключавых паказчыкаў эфектыўнасці для кожнага члена ўрада, губернатара і старшыні гар- і райвыканкама. У гэтую сістэму ўключаны таксама паказчыкі выканання дзяржпраграм. Кантроль за выкананнем паказчыкаў будзе ажыццяўляцца паквартальна.

Таксама прадугледжана штогадовае фарміраванне сумесна з Нацыянальным банкам комплексаў аператыўных мер па вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Урад плануе развіваць рэгіёны з улікам іх спецыялізацыі, заявіў таксама Прэм’ер-міністр Беларусі.

“У кожнай вобласці ёсць свая спецыфіка і базавыя ўмовы, якія мы будзем выкарыстоўваць як прыярытэты ў рэгіянальнай палітыцы”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, у Магілёўскай вобласці прадугледжваецца комплекснае сацыяльна-эканамічнае развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна на тэрыторыі 7 раёнаў вобласці. “Маючы вялікі патэнцыял развіцця і выгаднае геаграфічнае становішча прыгранічнага рэгіёна, атрымае развіццё турызм, транспартна-лагістычны комплекс, гандаль. Таксама будуць развівацца вытворчасць гумавых і пластмасавых вырабаў, машынабудаванне, хімічная вытворчасць, IT-паслугі”, — растлумачыў прэм’ер-міністр.

У Брэсцкай вобласці плануецца развіваць здабычу карысных выкапняў, мэблевую прамысловасць, транспартную інфраструктуру. “Гэтая вобласць — заходнія вароты краіны, тут будзе развівацца трансгранічны калідор для праграмы будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху — “Грузавыя паязды з Кітая ў Еўропу”, — расказаў Андрэй Кабякоў.

Перспектывай Гомельскай вобласці кіраўнік урада назваў развіццё здабыўной і перапрацоўчай прамысловасці ў Лельчыцкім, Жыткавіцкім, Петрыкаўскім, Ельскім і Мазырскім раёнах. “Гэтыя раёны характарызуюцца разнастайнасцю мінеральна-сыравінных рэсурсаў (нафта, калійная і каменная солі, буры вугаль, гаручыя сланцы, торф і г.д.)”, — адзначыў ён.

Стратэгіяй развіцця Мінскай вобласці з’яўляецца біяхімія і фармацэўтыка, вытворчасць медыцынскага абсталявання, тонкая хімія, IT-індустрыя, аўтамабілебудаванне і электроніка. Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы па развіцці гарадоў-спадарожнікаў прадугледжвае стварэнне такіх буйных аб’ектаў, як Кітайска-беларускі індустрыяльны парк (Смалявічы), прадпрыемстваў СЭЗ “Мінск” (Фаніпаль і Дзяржынск), добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол Нацыянальнага аэрапорта, а таксама мадэрнізацыю шматфункцыянальных спартыўных і рэкрэацыйных зон (Заслаўе і Лагойск).
“Аналагічна фарміруюцца прыярытэты развіцця па кожным рэгіёне”, — растлумачыў Андрэй Кабякоў.

“Найважнейшым напрамкам павышэння эфектыўнасці развіцця прамысловасці вызначана забеспячэнне фінансавай устойлівасці арганізацый. Адзінага рэцэпта для ўсіх не існуе. Разам з тым агульная задача для ўсіх прадпрыемстваў — балансіроўка бягучых грашовых патокаў”, — адзначыў пры прадстаўленні праграмы Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, прадпрыемствы не павінны “праядаць” самі сябе. “Калі ўнутры сябе яны “ўціснуліся” максімальна, праглядаюцца фінансавыя патокі, зроблена рэальная ацэнка рынкаў збыту, плюс рэалізаваны меры па нарошчванні аб’ёмаў рэалізацыі і экспарту, калі відаць, што “сыходзяцца канцы з канцамі”, то на гэтых умовах будзем рэфінансаваць іх праблемныя абавязацельствы па крэдытах (калі, вядома, гэта трэба)”, — запэўніў кіраўнік беларускага ўрада.

Але каб “канцы сышліся”, неабходна знізіць выдаткі, скараціць усе невытворчыя расходы (прадстаўнічыя і інш.), аптымізаваць закупкі сыравіны і матэрыялаў, камплектуючых.

Андрэй Кабякоў паабяцаў, што ўрад сумесна з Нацыянальным банкам прадоўжыць практыку разгляду “ў ручным рэжыме” такіх праблемных прадпрыемстваў. “У мінулым годзе, напрыклад, у рамках так званага “клуба крэдытораў” былі рэфінансаваны даўгі крэдытаатрымальнікаў на суму Br37,7 трлн, тым самым згладжаны пікі фінансавых выплат, грошы прадоўжылі працаваць на эканоміку прадпрыемстваў, палепшана дысцыпліна разлікаў”, — расказаў ён. Паводле слоў прэм’ер-міністра, калі нейкія прадпрыемствы не змогуць прапанаваць план, як збалансаваць свае фінансавыя патокі, і не будзе знойдзена іншае выйсце, то будзе разглядацца пытанне аб банкруцтве.