“Зялёная школа” для маленькіх
“Назіраючы за паводзінамі дзяцей у прыродзе, вывучаючы іх звычкі ва ўзаемадзеянні з аб’ектамі прыроды, размаўляючы з выхаванцамі і іх бацькамі, мы прыйшлі да высновы, што экалагічная дасведчанасць у іх недастаткова высокая, — адзначыла загадчык ясляў-сада № 45 Гродна Людміла Іванаўна Кушнірук. — Пошуку шляхоў вырашэння гэтай праблемы спрыяў удзел нашай установы з 2018 года ў рэалізацыі праекта “Зялёныя школы”.
Змест гэтага праекта дазваляе ў комплексе вырашыць вялікую колькасць задач, да ліку якіх адносяцца: фарміраванне ў дзіцяці сучаснай экалагічна арыентаванай карціны свету; выхаванне любові і павагі да прыроды, свайго горада (сяла), радзімы; развіццё цікавасці да пазнання самога сябе і навакольнага свету; забеспячэнне вопыту экалагічна і этычна абгрунтаваных паводзін у прыродным і сацыяльным асяроддзі.
Для вырашэння гэтых задач у яслях-садзе № 45 Гродна работа ажыццяўлялася ў наступных кірунках: 1. Біяразнастайнасць. 2. Энергазберажэнне. 3. Водазберажэнне. 4. Абыходжанне з адходамі. 5. Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы.
На базе ўстановы створана і функцыянуе школа развіцця эканамічнай і экалагічнай культуры “ШРЭК²”. Асноўная мэтавая аўдыторыя — гэта, вядома, выхаванцы і іх бацькі. Каардынацыю дзейнасці “ШРЭК²” ва ўмовах цэнтра ажыццяўляе творчая група педагогаў. Штоквартальна члены аб’яднання збіраюцца для планавання работы і размеркавання абавязкаў. Дзейнасць “ШРЭК²” грунтуецца на выкарыстанні актыўных форм работы з дашкольнікамі, школьнікамі і іх бацькамі, а таксама з рознымі групамі насельніцтва па экалагізацыі іх ладу жыцця і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў.
Дзейнасць у кірунку біяразнастайнасці забяспечвае азнаямленне выхаванцаў з рознымі раслінамі і жывёламі як на ўчастку ўстановы адукацыі, так і на найбліжэйшай тэрыторыі, з сезоннасцю змяненняў у прыродзе, са спосабамі прыродаахоўнай дзейнасці. Сумесна з выхаванцамі быў рэалізаваны праект “Птушкі нашай краіны”. Дзеці даведаліся шмат цікавых фактаў пра жыццё птушак, быў створаны альбом з малюнкамі, які дзеці выканалі разам з бацькамі. Са студэнтамі факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы быў рэалізаваны праект “Дзікарослыя травы ў дзіцячым садзе”. Дзеці з педагогамі вывучалі травы, якія растуць на тэрыторыі ўстановы. Было знойдзена 18 лекавых траў, складзены зборнік з іх фотаздымкамі і апісаннем лекавых уласцівасцей.
Днямі завяршыўся кароткатэрміновы праект “Вывучаем глебу”. Выхаванцы сада знайшлі адказы на пытанні: хто жыве ў глебе, якімі ўласцівасцямі яна валодае, якія пласты ёсць у глебе. У жніўні са студэнтамі факультэта біялогіі і экалогіі была арганізавана паглыбленая работа па вывучэнні насякомых (іх знешняга выгляду, паводзін, значэння).
Для павышэння цікавасці да пытанняў экалогіі педагогамі ўстановы быў распрацаваны цыкл дыдактычных гульняў і дапаможнікаў экалагічнай накіраванасці, выкарыстанне якіх удакладняе, канкрэтызуе, сістэматызуе і замацоўвае ўяўленні выхаванцаў аб жывой і нежывой прыродзе.
Работа ў кірунку “Энергазберажэнне” накіравана на знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з правіламі эканоміі электраэнергіі, прыродных рэсурсаў як ва ўстанове дашкольнай адукацыі, так і дома. Выбудаваная сістэма работы ў гэтым кірунку дапамагае сфарміраваць у выхаванцаў і іх бацькоў энергаэфектыўны лад жыцця, а таксама дае магчымасць прыцягваць да праблем энергазберажэння і шляхоў іх вырашэння розных людзей.
Дзейнасць у кірунку “Абыходжанне з адходамі” забяспечвае знаёмства дашкольнікаў з крыніцамі забруджвання навакольнага асяроддзя і найпрасцейшымі спосабамі яго змяншэння. У яслях-садзе № 45 Гродна створана зона для фарміравання ўменняў і навыкаў раздзельнага збору смецця.
Атрымаўшы інфармацыю ад гімназіі № 19 Мінска аб рэалізацыі ініцыятывы “Школа без пластыку”, вывучыўшы яе мэты, установа вырашыла далучыцца да дадзенага руху. Зараз у садзе практычна не выкарыстоўваецца аднаразовы посуд. Для арганізацыі пітнога рэжыму ў памяшканні прымяняецца фаянсавы посуд. Апошнім часам установа адмаўляецца ад набыцця пластыкавых цацак, імкнецца папоўніць развіццёвае і прадметна-прасторавае асяроддзе гульнявым абсталяваннем з дрэва. Дзеці з задавальненнем гуляюць з пазламі, канструктарам і іншымі драўлянымі цацкамі.
Праблема выкарыстання пластыкавых пакетаў існуе даўно. Педагогі вядуць актыўную дзейнасць па прапагандзе скарачэння выкарыстання пластыкавых пакетаў у штодзённым жыцці. Распрацавалі ўлёткі, памяткі, буклеты аб забруджванні навакольнага асяроддзя смеццем з пластыку. Сумесна з калегамі з сярэдняй школай № 12 Гродна была праведзена практычная майстэрня па вырабе сумак-шопераў з выкарыстанай джынсавай тканіны. Больш за 78 экасумак зрабілі выхаванцы сада і іх бацькі, супрацоўнікі ўстановы адукацыі, партнёры з сярэдняй школы № 12 Гродна, удзельнікі студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка.
Шмат гаворыцца аб неаднаразовай перапрацоўцы пластыку, аб другасным выкарыстанні пластыкавых прадметаў. Так, напрыклад, з пластыкавых бутэлек у садзе робяць нетрадыцыйнае спартыўнае абсталяванне для развіцця спрыту, трапнасці, вакамера, розныя масажоры. Іх выкарыстоўваюць у працэсе фізкультурна-аздараўленчай работы і ў самастойнай дзейнасці дзяцей.
У рамках акцыі “Чароўная накрыўка” сумеснымі намаганнямі ва ўстанове было сабрана больш за 26 кг накрывак, якія былі перададзены ў цэнтр збору пры гарадской паліклініцы № 1 Гродна. Усе накрыўкі перапрацавалі, а атрыманыя сродкі пайшлі на аказанне дапамогі дзецям з інваліднасцю.
Для рэалізацыі кірунку работы “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы” ва ўстанове актыўна і масава праходзяць прыродаахоўныя акцыі “Накармі птушак”, “Збяры накрыўкі — выратуй прыроду”, “Змяні звычкі на экалагічныя”, “Гадзіна Зямлі”, праекты “Якія краны нам патрэбны?”, “Эканомім электраэнергію дома”, “Такія розныя лямпачкі” і інш. Арганізуюцца мерапрыемствы для бацькоў выхаванцаў і гасцей установы: “Маленькія эколагі вялікай краіны”, “Дні энергіі”. Усе яны накіраваны на павышэнне экалагічнай дасведчанасці і інфармаванне мясцовай супольнасці аб экалагічных праблемах. У іх непасрэдны ўдзел прымаюць і выхаванцы сада.
Такім чынам, у працэсе рэалізацыі праекта “Зялёныя школы” было створана развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе, адукацыйны працэс стаў больш разнастайным у тэматычным плане, бацькі і іншыя дарослыя далучаны да сумеснай з дзецьмі прыродаахоўнай дзейнасці. Усё гэта спрыяе фарміраванню асноў экалагічнай дасведчанасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту.
Надзея ЦЕРАХАВА.