Астраўкі французскай мовы ў Беларусі

- 10:52Адукацыйная прастора

Васямнаццаты семінар для педагогаў беларускіх школ, дзе функцыянуюць двухмоўныя франкафонныя секцыі, прайшоў у АПА. Падчас сустрэчы педагогі абмеркавалі асаблівасці выкладання французскай мовы ў Беларусі, вызначылі задачы, накіраваныя на яе падтрымку. Эксперт-метадыст Міжнароднага цэнтра педагагічных даследаванняў спадарыня Амандзін Беранжэ правяла майстар-класы для настаўнікаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Дзідзье Канес і аташэ Пасольства па супрацоўніцтве ў сферы сярэдняй і вышэйшай адукацыі Ксаўе Ле Тарывэлек.

Беларускія педагогі.

У білінгвістычных класах у Беларусі займаецца больш за 2 тысячы вучняў з 8 па 11 клас. Яны асвойваюць абавязковую школьную праграму і дадаткова вучацца ў двухмоўных класах, у якія адбіраюцца лепшыя навучэнцы на конкурснай аснове пасля здачы ўступных экзаменаў. У гэтых класах дзеці вывучаюць французскую мову на павышаным узроўні, наведваюць факультатывы і асвойваюць адну нелінгвістычную дысцыпліну — эканоміка-сацыяльныя навукі на французскай мове. Выкладанне французскай мовы ў такіх установах ажыццяўляецца настаўнікамі з выкарыстаннем сучасных методык навучання замежнай мове, ТСН і вучэбных дапаможнікаў, прадастаўленых Пасольствам Францыі.

“Пасольства Францыі цесна супрацоўнічае са школамі, дзе працуюць двухмоўныя франкафонныя секцыі, аказвае ім педагагічную падтрымку, дзеліцца вучэбнымі матэрыяламі. Кожны год Пасольства Францыі прапануе восем моўных стажыровак, якія выдзяляюцца на конкурснай аснове для настаўнікаў французскай мовы, — адзначыў пасол Францыі спадар Дзідзье Канес. — Такая практыка накіравана на папулярызацыю французскай мовы ў Беларусі. Пасольствам сумесна з Міністэр­ствам адукацыі Францыі праводзіцца работа па пошуку французскіх школ, зацікаўленых у міжшкольных абменах з беларускімі ўстановамі адукацыі. Паралельна мы развіваем супрацоўніцтва паміж французскімі і беларускімі ўніверсітэтамі”.

Па афіцыйных даных два з паловай працэнта, або 19 417 беларускіх школьнікаў, вывучаюць французскую мову. Гэта няшмат. Усё больш настаўнікаў французскай мовы сыходзіць на пенсію, і, на жаль, не ўсім ім знаходзіцца замена. Тым часам, франкафонія дынамічна развіваецца ў свеце. Для 300 млн людзей французская мова з’яўляецца роднай, і іх колькасць пастаянна расце. Французская — афіцыйная мова ў 29 краінах на 5 кантынентах, гэта трэцяя бізнес-мова ў свеце і другая ў Еўропе. Яна мае вялікую будучыню, як маюць вялікую прафесійную будучыню і тыя, хто ёй валодае. Для росту кар’еры неабходна ведаць не толькі англійскую, але і іншыя замежныя мовы. Беларусі для развіцця знешнеэканамічных адносін з рознымі краінамі патрэбны спецыялісты з веданнем некалькіх моў.

Дырэктар гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля А.В.Шаўцова.

Выпускнікі франкафонных секцый становяцца студэнтамі факультэтаў замежных моў і многіх іншых факультэтаў УВА нашай краіны. Маладыя людзі знаходзяць сабе прымяненне ў Беларусі і за мяжой. Так, тры гады назад была адкрыта праграма падрыхтоўкі беларускіх вучняў да паступлення ў Ліцэй дзю Парк — установу, дзе іх рыхтуюць да конкурсных выпрабаванняў для паступлення ў французскія вышэйшыя школы. 10 вучняў з Беларусі прайшлі гэтае навучанне, і ўпершыню два беларускія навучэнцы вытрымалі конкурс у адну з найбуйнейшых інжынерных школ Францыі.

Па ўзоры такога супрацоўніцтва адкрыта праграма для навучэнцаў, якія ма­юць высокі ўзровень ведаў па хіміі і біялогіі. Яны змогуць паступіць у падрыхтоўчыя класы для адбору ў нацыянальную вышэйшую школу хіміі. У гэтым годзе два беларускія кандыдаты атрымалі стыпендыі ад Пасольства Францыі і кампаніі Danone ў Беларусі і зараз вучацца ў буйной французскай бізнес-школе.

У наступным годзе пасольства прапануе новы напрамак для беларускіх школьнікаў — выдатнікаў па гуманітарных дысцыплінах. Яны атрымаюць магчымасць паступіць у самую прэстыжную вышэйшую французскую школу па падрыхтоўцы палітычнай і эканамічнай эліты. У лютым будучага года таксама будуць разгледжаны з мэтай рэалізацыі тры праекты ERASMUS+ паміж французскімі і беларускімі ўніверсітэтамі. Самы перспектыўны з іх звязаны з падрыхтоўкай інжынераў-праграмістаў.


Бліскучыя дасягненні ў выкладанні французскай мовы дэманструюць беларускія ўстановы адукацыі, дзе функцыянуюць двухмоўныя франкафонныя секцыі (іх 8). Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца ўзнагароджанне пяці з іх прэстыжным знакам якасці французскага Міністэрства Еўропы і замежных спраў La bel France Education. Такія ўзнагароды атры­малі сярэдняя школа № 15 Брэста, гімназіі № 1 Наваполацка, № 1 Салігорска і № 9 Віцебска. Сёлета знака якасці ўдастоена гімназія № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля.

Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідье Канес.

Білінгвістычныя секцыі актыўна абменьваюцца вопытам работы, расказваюць пра свае дасягненні: перамогі юных білінгвістаў у алімпіядах па французскай мове, конкурсах даследчых работ навучэнцаў, дыстанцыйных алімпіядах, конкурсах аратарскага майстэрства, фестывалях франкафонных аматарскіх тэатраў.

Дырэктар гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля Алена Віктараўна Шаўцова падчас семінара атрымала з рук пасла дыплом аб узнагароджанні La bel France Education. Яна расказала, што навучэнцы гімназіі на працягу 20 гадоў маюць унікальную магчымасць вучыцца ў білінгвістычных франка-беларускіх класах па мадэлі еўрапейскага адукацыйнага стандарту DELF, што забяспечвае свабоднае валоданне сучаснай французскай мовай. Гэтая работа праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з Пасольствам Францыі, Міністэрствам адукацыі Беларусі і навучальнымі ўстановамі Клермон-Ферана — французскага горада-пабраціма Гомеля. Ва ўстанове дзейнічае цэнтр дакументацыі і інфармацыі на французскай мове.

Усяго 391 навучэнец гімназіі прайшоў праз білінгвістычную секцыю, з іх 245 — найбольш паспяхова, яны здалі экзамен і атрымалі сертыфікаты аб валоданні мовай на ўзроў­ні B2, а асобныя вучні — на ўзроўні С1. На працягу апошніх сямі гадоў навучэнцы гімназіі паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах па французскай мове, якія праходзяць у Беларусі, а таксама ў Міжнароднай канферэнцыі вучнёўскіх работ па радыеэкалогіі ў Францыі. 6 настаўнікаў французскай мовы гімназіі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Два педагогі сталі кавалерамі французскага ордэна “Акадэмічная пальмавая галіна”, у тым ліку Віктар Канстанцінавіч Смольскі — кіраўнік гарадскога рэсурснага цэнтра па французскай мове.


У гэтым навучальным годзе адбудзецца дваццаты выпуск самай першай білінгвістычнай секцыі, якая працуе ў гімназіі № 74 Мінска з 1997 года. За гэты час 325 яе навучэнцаў атрымалі дыпломы, якія пацвярджаюць іх веданне французскай мовы на еўрапейскім узроўні. Установа ажыццяўляе міжшкольны абмен з гарадамі Труа і Неверам, тут дзейнічае франкафонны тэатр.

Сапраўдным цэнтрам французскай мовы і культуры ў Гродне з’яўляецца сярэдняя школа № 8, дзе з 2009 года дзейнічае білінгвістычная секцыя, якую скончылі 49 навучэнцаў, з іх 23 — найбольш паспяхова, яны атрымалі сертыфікаты Пасольства Францыі. Школьны ўзорны франкафонны тэатр “Люм’ер” штогод з’яўляецца намінантам фестывалю франкафонных аматарскіх тэатраў у Мінску.

Амандзін Беранжэ.

Удзельнікі семінара абмеркавалі некаторыя праблемныя пытанні. Адно з іх тычыцца прымянення выпускнікамі білінгвістычных секцый атрыманых ведаў. Некаторыя маладыя людзі пасля атрымання дыплома, які пацвярджае веданне на высокім узроўні французскай мовы, дадаткова асвойваюць іншую мову — англійскую, нямецкую, італьянскую. Гэта можна толькі вітаць. Тым не менш настаўнікі звярнулі ўвагу на тое, што павінна захоўвацца пераемнасць паміж сярэднімі школамі і ўніверсітэтамі краіны ў пытаннях вывучэння французскай мовы, у выбары адпаведных спецыяльнасцей. Білінгвістычная секцыя наваполацкай гімназіі № 1 у мінулым навучальным годзе пачала актыўна супрацоўнічаць з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, а білінгвістычная секцыя сярэдняй школы № 11 Магілёва наладзіла кантакты з кафедрай замежнай мовы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.

У мінулым годзе адкрыўся цэнтр французскай мовы імя Рэнэ Дэкарта пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава, з якім наладзіла супрацоўніцтва білінгвістычная гімназія № 9 Віцебска. Установа традыцыйна прымае ўдзел у абласным фестывалі міжкультурных камунікацый, падтрымлівае сувязі з французскай міжнароднай асацыяцыяй маладых акцёраў.

Падчас семінара абмяркоўвалася праблема фарміравання матывацыі дзяцей да вывучэння французскай мовы, якія часцей аддаюць перавагу англійскай мове. Установам адукацыі з французскай мовай навучання няпроста вытрымліваць такую канкурэнцыю і захоўваць вернасць традыцыям. Па запытах бацькоў у такіх установах адкрываюцца класы з вывучэннем англійскай мовы або право­дзяцца факультатывы ці заняткі па англійскай на платнай аснове. У той жа час такія ўстановы прапануюць для навучэнцаў, якія выбіра­юць у якасці асноўнай англійскую мову, другую замежную мову — французскую. Веданнем англійскай мовы ўжо нікога не здзівіць. Гэта ўспрымаецца як належнае, як базавы навык сучаснага чалавека. А вось ведаць некалькі моў прэстыжна, гэта пашырае межы чалавека ў прафесійным самавызначэнні, абагачае яго новымі ведамі, культурай.

У сярэдняй школе № 15 Брэста білінгвістычныя класы карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. Склаўся нават конкурс — з 75 жадаючых трапіць у іх сёлета адабралі 46 вуч­­няў. Школьнікам і бацькам дэманструюцца матывацыйныя ролікі, у якіх выпускнікі-білінгвісты расказваюць пра тое, як яны ўладкаваліся ў жыцці, як французская мова дапамагала ім у кар’еры, прычым сярод іх ёсць не толькі філолагі, але і інжынеры, і пра­грамісты.

Астраўкі французскай мовы і культуры ў Беларусі існуюць і развіваюцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны і Пасольства Францыі. У 2011 годзе была адкрыта восьмая двухмоўная секцыя ў гімназіі № 1 Салігорска. А ў найбліжэйшы час франкафонныя секцыі з’явяцца ў сярэдняй школе № 3 Маладзечна, а таксама ў гімназіі № 8 Мінска, дзе будзе ўведзены факультатыў па матэматыцы на французскай мове.


Каб заняткі па французскай мове для школьнікаў не былі сумнымі, педагогам неабходна выкарыстоўваць сучасныя методыкі выкладання. Адна з асноўных задач семінара, які прайшоў у АПА для настаўнікаў білінгвістычных секцый, заключалася ў тым, каб палепшыць іх тэхнічныя навыкі ў выкарыстанні новых камп’ютарных тэхналогій. Спадарыня Амандзін Беранжэ, эксперт-метадыст  Міжнароднага цэнтра педагагічных даследаванняў, загадчык секцыі па вывучэнні французскай мовы як замежнай ва ўніверсітэце Арлеана, на працягу двух дзён расказвала педагогам пра ўкараненне лічбавых тэхналогій у працэс навучання французскай мове, знаёміла з шырокім спектрам анлайн-рэсурсаў і асаблівасцямі іх выкарыстання, методыкамі, якія прымяняюцца ў інтэрактыўным навучанні і калектыўнай рабоце.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.