Астравецкія наваселлі

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

Дзесяцікласніца-выдатніца Ангеліна Пятровіч марыць стаць хімікам і звязаць свой прафесійны лёс з Беларускай атамнай электрастанцыяй. Падрыхтавацца па самым любімым прадмеце дапаможа абноўлены кабінет хіміі. Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды на ўрачыстым адкрыцці ў Астраўцы гімназіі № 1 і ясляў-сада № 1 паведаміў, што менавіта такі падарунак, па рашэнні міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, гімназія атрымае адной з першых у краіне ў адпаведнасці з праграмай пераабсталявання школьных кабінетаў фізікі, хіміі і біялогіі. Сяргей Валянцінавіч уручыў сертыфікат дырэктару гімназіі № 1 Алене Севасцьян.

Установы адукацыі былі адкрыты ў новым мікрараёне Астраўца, у якім жывуць будаўнікі Беларускай АЭС. Гімназія і садок стануць для чатырох тысяч жыхароў мікрараёна № 1 сапраўдным адукацыйным, культурным і фізкультурна-спартыўным цэнтрам. Ужо сёння навучэнцамі гімназіі з’яўляюцца 86 дзяўчынак і хлопчыкаў, якія жывуць менавіта ў гэтым мікрараёне Астраўца.
У дзіцячым садку ёсць басейн, у гімназіі — спартыўная і трэнажорная залы. На стадыёне — пляцоўкі для баскетбола, валейбола, хакея, футбола, бегавыя дарожкі, зона для скачкоў, а таксама пляцоўка, дзе дзеці будуць знаёміцца з Правіламі дарожнага руху. Створаны ўмовы для работы дзіцячай спартыўнай школы па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах, боксе.
Не толькі для спартсменаў, але і для ўсіх гімназістаў створаны ўмовы, адпаведныя патрабаванням ХХІ стагоддзя. Гэта падкрэсліў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў на ўрачыстым адкрыцці аб’ектаў адукацыі, на якім таксама прысутнічалі кіраўнікі вобласці і Астравецкага раёна, прадстаўнікі будаўнічых арганізацый, настаўнікі, вучні і іх бацькі. Уладзімір Васільевіч адзначыў, што ў Гродзенскай вобласці ў апошнія гады ўведзена шмат аб’ектаў сацыяльнага прызначэння. Гімназія і дзіцячы садок у Астраўцы сталі першымі буйнымі аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры Беларускай атамнай электрастанцыі. Уладзімір Краўцоў пажадаў калектыву поспехаў і выказаў упэўненасць, што ў гімназіі будуць вучыцца таленавітыя дзеці, якія праславяць Гродзенскую вобласць і краіну на прэстыжных міжнародных алімпіядах і спаборніцтвах, і ў гімназіі з’явяцца свае слаўныя традыцыі.
Алена Чаславаўна Севасцьян паказала высокім гасцям новы будынак, кабінеты, утульную сталовую. 510 навучэнцаў будуць займацца ў адну змену. Вучні пачатковай школы ў трохпавярховым будынку маюць асобнае аддзяленне, што стварае добрыя ўмовы для вучобы і адпачынку. У гімназіі 22 вучэбныя кабінеты, два камп’ютарныя класы, майстэрні працоўнага навучання, актавая зала, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, радыёцэнтр. Асаблівы гонар дырэктара — два лінгафонныя кабінеты. Алена Чаславаўна як выкладчык англійскай мовы і пераможца абласнога конкурсу “Настаўнік года” добра разумее, якія ўмовы павінны быць створаны для вывучэння замежнай мовы.
Яшчэ адна сучасная тэхнічная навінка — відэаназіранне. Для бяспекі вучняў і настаўнікаў у гімназіі ўсталявана 38 відэакамер унутры і 13 — звонку будынка.
Яслі-сад № 1 прыме 190 дзетак, пачынаючы з двух гадоў. Загадчык установы адукацыі Павел Рынкевіч расказаў, што тут будуць працаваць 53 работнікі, з іх 23 — педагагічныя і 3 — медыцынскія. У калектыў прыняты 10 маладых спецыялістаў. У дзіцячым садку ёсць камп’ютарны гульнявы пакой, музычная, гімнастычная, трэнажорная залы, басейн, медыцынскі блок з фізіятэрапеўтычным кабінетам.
Каб з першага дня трэцяй чвэрці адразу ўключыцца ў вучэбны працэс, працаваць давялося не толькі будаўнікам, але і ўсяму педагагічнаму калектыву, старшакласнікам, ахвотна адгукнуліся на просьбу аб дапамозе і бацькі вучняў. Мнагадзетная мама Наталля Івашка, чые дзеці вучацца тут, сказала, што дапамагчы ў гэтай справе было ўсім прыемна, бо такія ўмовы для дзяцей — гэта сапраўднае шчасце для бацькоў.
І хоць трэцяя чвэрць пачалася 12 студзеня, ужо напярэдадні, у суботу, у новым будынку гімназіі праводзіліся мерапрыемствы шостага школьнага дня. Трэцякласнікі ў мастацкай студыі малявалі зіму і новую гімназію, а першакласнікаў запрасілі на гульню-падарожжа “Сем цудаў Астравеччыны”. Для калектыву новая гімназія таксама сапраўдны цуд, з якім яны азнаёмілі маленькіх вучняў, правялі экскурсію па новым будынку. Дзеці былі ў захапленні ад інтэрактыўнай дошкі, раздзявальні, актавай залы.
Начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін паведаміў, што кошт гэтых двух аб’ектаў склаў каля 164 млрд рублёў. Узвядзенне іх пачалося ў чэрвені 2013 года. Працавалі тут прадстаўнікі ЗАТ “Будаўніча-мантажны трэст № 41” Смаргоні і ЗАТ “Будаўнік” з Ашмян. Аб’екты былі ўведзены з апярэджаннем тэрмінаў. Так што наваселлі тут адзначылі на пачатку года. У хуткім часе сістэму адукацыі Гродзеншчыны чакае яшчэ адно наваселле: у канцы студзеня запланавана адкрыццё дзіцячага сада ў новым гродзенскім мікрараёне Альшанка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.