Асвоіць тонкасці ваеннага перакладу прапануюць старшакласнікам

- 12:01Образование, Школа управления

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Ваенны пераклад» па англійскай мове зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі № 313 ад 29 верасня 2023 г. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Праграма прызначана для 10—11-х класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання (сувораўскага ваеннага і кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў, устаноў адукацыі, у якіх праводзяцца факультатыўныя заняткі ваенна-патрыятычнай накіраванасці, інш.).

Мэта — фарміраванне ў навучэнцаў іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі для паспяховага ажыццяўлення перакладчыцкай дзейнасці ў межах прадметна-тэматычнага зместу маўленчых зносін. Сярод асноўных задач — развіццё ўвагі, мыслення, памяці і ўяўлення ў працэсе ўдзелу ў змадэляваных сітуацыях зносін, далучэнне да новага сацыяльнага (сацыякультурнага) вопыту з выкарыстаннем англійскай мовы, фарміраванне прафесійных навыкаў і ўменняў ваеннага перакладчыка, гатоўнасці да самаадукацыі і самастойнай работы са слоўнікамі, даведнікамі і іншымі крыніцамі інфармацыі. Праграма разлічана на 69 вучэбных гадзін: у 10-м класе — 35, у 11-м — 34.

Як расказалі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, у аснове навучання ваеннаму перакладу ляжыць камунікатыўны метад, які дае магчымасць спалучаць практычную, адукацыйную і выхаваўчую мэты з сістэматызацыяй і замацаваннем вывучанага раней моўнага матэрыялу, пашырэннем і паглыбленнем ведаў па ваеннай тэматыцы шляхам паралельнага вывучэння фанетычных з’яў, лексіка-граматычнага матэрыялу і асноў перакладу. Для фарміравання ўменняў і навыкаў, неабходных ваеннаму перакладчыку, рэкамендуецца выкарыстоўваць вусныя і пісьмовыя віды работ. Сярод іх — пераклад з ліста замежнага тэксту, расшыфроўка абрэвіятур, перадача зместу схем ваеннага характару.

Для дасягнення пастаўленых мэт і задач у працэсе выкладання педагогам рэкамендуецца выкарыстоўваць элементы лекцыйнага курса і практычныя заняткі. Прычым практычныя заняткі праводзяцца ў класах, аснашчаных аўдыявізуальнымі тэхнічнымі сродкамі навучання з выкарыстаннем тэматычных слайдаў, ваенна-вучэбных кінафільмаў і іншых наглядных дапаможнікаў.

Мяркуецца, што ў рамках гэтага факультатыву старшакласнікі навучацца, напрыклад, выкарыстоўваць атрыманыя веды ў розных сітуацыях іншамоўных зносін, перакладаць з англійскай мовы на рускую ваенныя і ваенна-тэхнічныя тэксты.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі