Асвойваючы неба

Са старажытнасці чалавек марыў падняцца ў паветра, ляцець, як птушка над зямлёй. Стварыць лятальныя апараты спрабаваў не толькі міфічны Ікар, але і геніі розных эпох: Леанарда да Вінчы і браты Райт, Ламаносаў і Мажайскі, Жыфар і Адэр… Спробы стварыць сваімі рукамі крылы не спыніліся нават пасля вынаходніцтва верталётаў, самалётаў, ракет. Для маіх герояў, братоў Заграбельных, педагогаў дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, авіямадэлізм стаў справай усяго жыцця.

Пра дваровую авіяпрамысловасць

А пачалося ўсё 50 гадоў назад у той дзень, калі васьмігадовы Коля і трохгадовы Васька, які ніколі не адставаў ад старэйшага брата, пачулі незвычайны гул на стадыёне ў іх тады ваенным гарадку Уручча. Гэта запускаў сваю чарговую мадэль самалёта дорослы юнак. У той дзень браты паспелі толькі ўбачыць гэты самалёт, а назаўтра, калі ён зноў узняўся ў паветра, браты былі сярод самых першых гледачоў. З таго часу самаробныя самалёты замянілі ўсе папярэднія іх танкі, лукі, арбалеты, індзейскія тамагаўкі. Да падпольнай авіяпрамысловасці, на чале якой стаяў Коля, далучыўся ўвесь двор. Сябры майстравалі з дошчачак і фанерак самалёцікі, прывязвалі да іх вяроўкі, раскручвалі і ладзілі паветраныя баі. Аднаму з дваровых “канструктараў” бацькі купілі ў магазіне набор па стварэнні самалёта. Але ў яго самалёт не атрымаўся. На ўроках працы пад кіраўніцтвам настаўніка гэта атрымалася ў Колі. У 7 класе Мікалай запісаўся ў гурток авіямадэлізму на Рэспубліканскай станцыі юных тэхнікаў і адразу стаў адным з лепшых выхаванцаў. Ён быў шматразовым чэмпіёнам рэспубліканскіх спаборніцтваў школьнікаў, а потым — спартсменаў, у экіпажы з Ігарам Жалняркевічам быў прызёрам і пераможцам спартакіяды Савецкага Саюза. У якасці педагога Мікалай паспрабаваў сябе яшчэ ў 8 класе, калі арганізаваў і стаў кіраўніком гуртка па авіямадэлізме пры домакіраўніцтве — самыя лепшыя гурткоўцы атрымлівалі пасведчанне мадэліста-інструктара, якое давала права весці дзіцячыя гурткі. У адным з новых дамоў у раёне, дзе першы паверх праектаваўся спецыяльна для гурткоў, Мікалаю выдзелілі кабінет для заняткаў. І яго гурток быў самым запатрабаваным.

Вольны палёт замест канкрэтных заданняў

Ні юнацтва, ні дарослага жыцця Мікалай не ўяўляў без самалётаў. Не змог паўплываць на гэты выбар і бацька, які настойваў на паступленні ў політэхнічны інстытут, дзе ён сам працаваў на аўтатрактарным факультэце. Пасля Харкаўскага авіяцыйнага інстытута, дзе атрымаў прафесію авіяцыйнага інжынера, Мікалай служыў тэхнікам самалёта, але замест працы ў канструктарскім бюро ці на авіяцыйным заводзе ён выбраў родную Рэспубліканскую станцыю тэхнічнай творчасці, дзе атрымаў пасаду загадчыка авіямадэльнага аддзела.
“Мяне больш падкупляла вольная творчасць, а не выкананне канкрэтных заданняў”, — тлумачыць гэты свой выбар Мікалай Міхайлавіч. І за 33 гады працы ён ні разу аб гэтым не пашкадаваў.
За гэты час яго імя не пераставала гучаць сярод спартсменаў і аматараў-авіямадэлістаў далёка за межамі нашай краіны. Пра яго гаварылі як пра перспектыўнага спартсмена (ён вельмі хутка атрымаў званне майстра спорту), як пра таленавітага педагога (дзясяткі яго выхаванцаў былі заўсёды ў ліку лепшых як у рэспубліканскіх, так і на міжнародных спаборніцтвах), як пра канструктара і вынаходніка (напрыклад, яшчэ ў 1976 годзе ён адзін з першых прыдумаў рабіць мадэлі паветранага бою з прымяненнем пенапласту). Толькі яны не ламаліся пры ўдары аб зямлю — а хуткасць іх дасягала 120—130 кіламетраў у гадзіну.
“Некалі ў маторах выкарыстоўваліся цяжкія латунныя і бронзавыя гільзы, а Мікалай адзін з першых у Саюзе прыдумаў, як храміраваць алюмініевыя гільзы. Гэта быў пік тэхнічнай дасканаласці, дасягнуць якога не ўдавалася нікому”, — тлумачыць Васіль Міхайлавіч.

Братавымі крокамі

Братам Васіль ганарыўся з дзяцінства. З трох гадоў, не выпускаючы рукі Мікалая, ён быў у цэнтры ўсіх дваровых гульняў і спаборніцтваў. Безумоўна, галоўнымі сярод іх былі авіяпаядынкі. Вася быў першым памочнікам у Мікалая падчас запуску новай мадэлі, самым актыўным гурткоўцам, адданым прадаўжальнікам братавай справы, апошнія 23 гады яшчэ і калегам, паплечнікам.
Яшчэ ў братавым гуртку пры домакіраўніцтве (а ў іншым, больш прафесійным, ён не хацеў займацца) ён паспяхова выступаў на спаборніцтвах. Трымаць вышэйшыя пазіцыі на гарадскім узроўні дапамог мікрарухавік для мадэляў паветранага бою, які па просьбе Васі Мікалай яшчэ студэнтам распрацаваў, сканструяваў і зрабіў сам. На той час гэта быў фурор.“Серыйныя маторы, і айчынныя, і з Масквы, і з Украіны, былі невысокага ўзроўню. Для перамог іх характарыстык не хапала. Каб іх запусціць, прыходзілася торгаць па хвілін 5—10, а, па ўмовах спаборніцтваў, на запуск рухавіка даецца ўсяго адна хвіліна. І Мікалай зрабіў для мяне такі маторчык, які здзіўляў выбітных канструктараў. На рэспубліканскіх спаборніцтвах я не выступаў, бо займаўся выключна ў гуртку пры домакіраўніцтве. А пазней два яго выхаванцы змаглі па яго чарцяжах зрабіць такія ж рухавікі, што прынесла ім абодвум “серабро” на ўсесаюзных спаборніцтвах школьнікаў”.
Пад уплывам самага лепшага, па словах Васіля Міхайлавіча, ваенрука Мікалая Васільевіча Качугіна, які выкладаў у сярэдняй школе № 121 Мінска, да выпуску ў юнака быў неадназначны выбар: ён вагаўся паміж авіяцыяй і ваеннай справай.
“Наша школа была самай лепшай у ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, у нас была лепшая каманда ў Рэспубліканскай ваенна-спартыўнай гульні “Арляня”, у старшых класах мы стралялі з усіх відаў стралковай зброі, упраўляліся з ўсёй бранятэхнікай, якая тады існавала (танкі, бронетранспарцёры, у тым ліку плаваючыя), не проста асвоілі ў дасканаласці ўсе воінскія спецыяльнасці, але і скарачалі воінскія нарматывы як мінімум у два разы. У 9 класе наш юнармейскі атрад быў заахвочаны камандуючым беларускай ваеннай акругі, наша Іра Багдановіч выбіла з аўтамата рэкордныя 50 ачкоў з 50. Пазней для мяне было натуральным служыць у войску выключна па авіяцыйным кірунку. А вось катэгарычна супраць майго паступлення ў лётнае вучылішча быў бацька. Яго армейскі сябар быў ваенкамам па наборы ў ваеннае вучылішча, і яны (я тады гэтага не ведаў) дамовіліся, што камісію для паступлення ў Чарнігаўскае лётнае вучылішча я не прайду, і ў якасці альтэрнатывы мяне адправілі ў Кіраўскае ваеннае авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча, якое ў той год адкрылася”.
Там вучылі верталётчыкаў, а пра верталёты Васіль амаль нічога не ведаў. Затое на першых курсах — на “Асновах канструкцыі лятальных апаратаў”, “Асновах аэрадынамікі” і іншых — тое, што расказвалі выкладчыкі, яму было даўно вядома. Ад многіх заняткаў юнака вызвалялі з выстаўленнем “пяцёрак”, маўляў, няма чаго праседжваць штаны — лепш стварай матэрыяльна-тэхнічную базу. Самай значнай у гэтай базе была паўтараметровая мадэль верталёта, якую стварыў з таварышам выключна па чарцяжах — да таго ён ніколі не бачыў на свае вочы верталёт. Макет устанавілі перад уваходам у вучылішча, а Васіль за яго стварэнне атрымаў самае высокае заахвочванне — водпуск.
Вучылішча юнак скончыў з адзнакай і адправіўся служыць бартавым авіяцыйным тэхнікам. За 10 гадоў на верталёце-штурмавіку Мі-24 налятаў на капітана. Улічваючы, што лётная праца была год за два, у свае 30 гадоў ён меў працоўны стаж 23 гады. Наступныя 23 гады ён прапрацаваў разам з братам у Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці, дзе працуе і сёння. Спачатку быў кіраўніком авіямадэльнага гуртка, а праз год загадчыкам авіяракетамадэльнай лабараторыі. Сам прымаў удзел у спартыўных спаборніцтвах, выканаў нарматыў майстра спорту, выканаў нормы суддзі нацыянальнай катэгорыі, каб яго выхаванцы маглі атрымліваць спартыўныя разрады.

Зорны шлях да алімпу

Так атрымалася, што цэнтр стаў літаральна родным домам для сям’і Васіля — на яго тэрыторыі жыла ўся сям’я. Таму тое, што ў авіямадэлізм прыйшлі яшчэ два браты — Аляксей і Кірыл, сыны Васіля Міхайлавіча — было натуральным. Пакуль сямігадовы Лёша рабіў гумава-маторныя планёры, двухгадовы Кірыл прасіў хоць што-небудзь папіліць: рэечку, фанерку. А ўжо праз пару гадоў пачаў рабіць самалёцікі. Аляксей за школьныя гады стаў пяціразовым чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь сярод навучэнцаў. Кірылу гэты алімп паддаваўся тройчы, акрамя таго, ён выканаў нарматыў майстра спорту Рэспублікі Беларусь і ўзяў “золата” на адкрытым чэмпіянаце Літвы на этапе Кубка свету ў класе кордавых пілатажных мадэляў.Выхаванцы братоў Заграбельных ездзілі на этапы кубкаў свету ў Германію, у Францыю, ва Украіну, дзе паказвалі высокія вынікі. З 1996 па 2008 год іх каманда была абсалютным чэмпіёнам Рэспублікі Беларусь па авіямадэльным спорце сярод навучэнцаў. Былі выпадкі, калі яны бралі нават няпоўную каманду з 10 дзяцей і прывозілі 7 першых месцаў, 2 другія і адно трэцяе. На Міжнароднай выставе тэхнічнай творчасці ў Індыі атрымалі бронзавы медаль. Саша Боб выступаў на чэмпіянаце Еўропы і чэмпіянаце свету ў класе хуткасных кордавых мадэляў. Мікіта Міхееў быў прызёрам этапу Кубка свету і ўдзельнікам чэмпіянату свету. Аляксей Жацько стаў чэмпіёнам Беларусі сярод навучэнцаў і кандыдатам у майстры спорту. Скарбонка Івана Карповіча на апошніх этапах Кубка свету, якія летась праходзілі ў Беларусі, а сёлета — у Латвіі, папоўнілася двума сярэбранымі медалямі. Сёлета на рэспубліканскіх спаборніцтвах Іван заняў 2-е месца ўжо сярод спартсменаў.
“Тыя вышыні, дыпломы і кубкі, якія атрымліваюць нашы выхаванцы, канечне, дасягненне, але не галоўнае, — гаворыць Васіль Міхайлавіч. — Для нас куды больш важна тое, што яны атрымліваюць упэўненасць у сабе, у сваіх ведах”. Амаль усе іх выхаванцы, а былі іх сотні, выбралі тэхнічныя спецыяльнасці. Канстанцін Якубоўскі працуе вядучым канструктарам у Маскве ў даследча-канструктарскім інстытуце па малапамерных рэактыўных рухавіках. Аляксандр Курылаў працуе інструктарам на аэрадроме “Баравая” і валодае сямю тыпамі лятальных апаратаў. Аляксей Іваноў — у адным з найбуйнейшых даследчых інстытутаў у Мінску.
“Многія з нашых выхаванцаў самі былі кіраўнікамі гурткоў па авіямадэлізме, але часцей — у студэнцкія гады, — гаворыць Мікалай Міхайлавіч. — Толькі ў нашым цэнтры з намі працавалі Сяргей Данілушкін і Васіль Карзуноў. Затое нядаўна пасля політэхнічнага інстытута да нас вярнуліся нашы выхаванцы — браты Якаўлевы, якія працуюць з беспілотнымі лятальнымі апаратамі”.

На энтузіязме не выедзеш

Сёння маіх герояў турбуюць праблемы тэхнічнай творчасці.
“Яшчэ 25 гадоў назад у краіне было 56 цэнтраў тэхнічнай творчасці, цяпер засталося 20, — уздыхае Мікалай Міхайлавіч. — У Мінску працуюць усяго 8 кіраўнікоў авіямадэльных гурткоў, а некалі толькі ў нашым цэнтры іх было 14”.
“Асноўная праблема ў тым, што адбыўся перакос у падрыхтоўцы дзяцей-гуманітарыяў, — працягвае пра набалелае Васіль Міхайлавіч. — Акрамя танцаў і вакалу, дзецям трэба ведаць элементарныя рэчы. Справа ў тым, што заняткі тэхнічнай творчасцю не проста напаўненне вольнага часу, гэта магчымасць прымяніць усе іх школьныя веды па матэматыцы, фізіцы, хіміі. Цяпер да нас прыходзяць пяцікласнікі, якія не ўмеюць карыстацца нават лінейкай: лічаць не ад нуля, а ад адзінкі. Многія не ведаюць табліцы множання і, калі трэба зрабіць самыя простыя арыфметычныя дзеянні, цягнуцца па калькулятар.
Каб рухацца наперад, нам трэба зрабіць крок назад. Нам неабходна дзяржаўная праграма з акцэнтам на політэхнічную адукацыю і дзяржаўным фінансаваннем. Далей на лічаных фанатах і апошніх кроплях іх энтузіязму кірунак трымацца не зможа”.
Хочацца ў гэты святочны дзень пажадаць маім героям і ўсім нам, іх калегам, ажыццяўлення гэтых спадзяванняў і новага прафесійнага подыху.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва РЦІТТ.