Авалодаць беларускім словам

- 10:52Брэст

ІЛЬЮЧЫК Наталля Уладзіміраўна,
настаўніца пачатковых класаў Багданаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна.

Н.У.Ільючык настаўнічае 24 гады пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага вучылішча (1992) і Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1995). Выкладае прадметы ў пачатковай школе на беларускай мове. Яна — кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў. На раённым узроўні ахвотна і часта дзеліцца вопытам забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу ў пачатковай школе з беларускай мовай навучання.

Намінацыя “Пачатковыя класы”

Яшчэ ў пачатку працы з малодшымі школьнікамі настаўніцы давялося сутыкнуцца з няпростай адукацыйнай сітуацыяй: сфарміраваўшы свой 1 клас, Наталля Уладзіміраўна заўважыла, што вучні не гатовы ўступаць з ёй у кантакт, слаба рэагуюць на звычайныя арганізацыйныя фразы. Было відаць, што нешта асаблівае іх хвалюе. Адказ знайшоўся хутка: маці адной з першакласніц прызналася, што дзяўчынка дома расказвае: “Наша учительница — иностранка. Карандаш она называет алоўкам, а цветок — кветкай…”. А з гэтага вынікаў і дыягнастычны вывад: маленькія выхаванцы Н.У.Ільючык мала што разумеюць па-беларуску, асабліва калі гаворыш на літаратурнай мове. Прычына таксама была зразумелая: і ў дзіцячым садзе, і ў сям’і беларуская мова апынулася не на першым месцы. Педагог жыла трывожнасцю і адказнасцю, таму што добра разумела: наша мова як адна з дзяржаўных — аснова фарміравання грамадзянска-патрыятычнай свядомасці дзяцей, да таго ж яна асноўны інструмент навучання ўсім прадметам у беларускамоўнай пачатковай школе. Якасць вучнёўскага ўспрымання і асэнсавання вучэбнага матэрыялу напрамую залежыць ад узроўню валодання мовай як сродкам зносін.

Сітуацыя, пра якую ішла гаворка, паступова набліжала Н.У.Ільючык да рашэння прайсці шлях канкрэтнага педагагічнага вопыту. Яго мэтай стала ўзбагачэнне і актывізацыя слоўніка вучняў, акрэсленне рэсурсных магчымасцей гэтага працэсу і правільнае кіраванне ім, найперш на ўроках. Педагог не адступалася ад ідэі пераадолець, кампенсаваць недахоп беларускамоўных адзінак у лексіконе вучняў і ў актыўных моўных зносінах пры ўмове паслядоўнага, сістэматычнага напаўнення іх слоўніка і цярплівай карэкцыі выкарыстання новых лексем, прымянення прадуманай педагагічнай тактыкі.

Сёння яна лічыць завершаным свой вопыт, выбраны 4 гады назад, і думае працягваць яго. Падстава для гэтага — атрыманыя вынікі: пры завяршэнні 1 класа яе гадаванцы ведаюць каля 10 лічылак, 8—10 забаўлянак, ад 20 прыказак і прымавак, столькі ж вершаў, а таксама — чыстагаворкі і скорагаворкі, загадкі і казкі на беларускай мове. У дзяцей пашырыўся лексічны запас, яны ў асноўным умеюць будаваць на беларускай мове сказы і невялікія тэксты, падтрымліваць размову на знаёмыя тэмы. Тэсціраванне па тэме “Назоўнік” (3 клас) адлюстроўвае станоўчую дынаміку ведаў фундаментальнага марфалагічнага матэрыялу, асабліва — у выніку няспыннай карэкцыі; у 2—4 класах вучні маюць добрае ўяўленне пра асноўныя спосабы самастойнага папаўнення сваёй лексікі, найперш праз актыўнае чытанне і запамінанне слоў і іх значэнняў у беларускамоўным кантэксце.

Педагог ішла да гэтага няпростым, працаёмкім шляхам. Каб дзеці з першага класа свядома ўспрымалі маўленне па-беларуску, яна лічыць прынцыпова важнай арганізацыю моўнага патоку на беларускай мове. Робіць усё магчымае, каб наблізіць да “віроў” беларускага маўлення бацькоў, якія вучылі дзяржаўную мову ў сярэдняй ці вышэйшай школе, знаходзіць іх падтрымку ў арганізацыі беларускамоўнай гаворкі. Рэгулярна, але абачліва ўводзіць у маўленне малодшых школьнікаў элементы фальклору — нескладанага, запамінальнага, цікавага: лічылкі, забаўлянкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі, жарты, казкі. Потым прыходзіць час выкарыстання гульняў накшталт “Адгадай”, “Перакладчык”, “Скажы наадварот”, “Назаві адным словам”, “Падбяры слова”. Разам з гэтым вывучаюцца малыя вершаваныя беларускія тэксты. Тут не абысціся без пераймання літаратурнага вымаўлення настаўніка, узорнага чытання. Часта прымяняюцца артыкуляцыйная гімнастыка, табліцы складоў, гукавыя размінкі, рыфмаванкі-чыстагаворкі. У такім маўленчым рэжыме дзеці паступова набліжаюцца да разумення пераважнай большасці беларускіх слоў, пачынаюць самі будаваць пытанні і адказы на беларускай мове, складаюць першыя апавяданні пра выпадкі з жыцця, пра ўчынкі і падзеі.

У няпростай місіі — дапамагчы вучням авалодаць беларускім словам — педагог адкрыла для сябе невычэрпны рэсурс, якім з’яўляецца асваенне тэматычных блокаў слоў. Гэтае асваенне мае свае зоны: спачатку ў дзіцячай працы над кожным блокам фарміруецца матывацыя, затым наступае чарга знаёмства з новымі словамі і выразамі, а далей — усебаковае стварэнне ўмоў для трывалага засваення новай лексікі ў сітуацыях складання словазлучэнняў і сказаў, вывучэння арфаграм на тэматычным матэрыяле, чытання і слухання тэкстаў са словамі з тэматычнага блока і выканання творчых заданняў у межах прапанаванай тэмы. Паколькі ў малодшым школьным узросце пераважае канкрэтна-вобразнае мысленне, лексічны матэрыял Наталля Уладзіміраўна падбірае так, каб ён быў звязаны з рэальным жыццёвым і ўжо вядомым дзецям вопытам. Тэматычныя блокі “Птушкі”, “Поры года”, “Посуд”, “Расліны”, “Чалавек”, “Лес”, “Школа” абавязкова суправаджаюцца малюнкамі, малюнкавымі слоўнікамі, дыктантамі з малюнкамі, калажамі, крыжаванкамі, нескладанымі кластарамі, гульнямі. Традыцыяй стала правядзенне тэматычных дэкад: яны праходзяць на працягу двух тыдняў. Словы настаўніца змяшчае на бакавой або на задняй сценах класнага памяшкання. Тэматычныя блокі слоў пабудаваны па часе асваення так: верасень — “Школа”, “Агародніна, садавіна”; кастрычнік — “Птушкі”, “Прафесіі”; лістапад — “Посуд, гатаванне ежы”, “Дрэвы і кусты, грыбы, ягады” і г. д.

Так, пачынаючы з урокаў беларускай мовы, ствараючы для кожнага сітуацыю поспеху, Н.У.Ільючык дапамагае дзецям пераадолець псіхалагічны бар’ер ва ўспрыманні і асваенні беларускамоўных вучэбных дысцыплін. Педагог плануе прадоўжыць гэты вопыт яшчэ і таму, што адчувае: з арсенала магчымага ў пашырэнні і актывізацыі слоўніка вучняў выбрана яшчэ далёка не ўсё, да таго ж трэба канчаткова разабрацца ў спецыфіцы гэтага напрамку развіцця маўлення вучняў пры засваенні часцін мовы і іх граматычных катэгорый.