Работы, якія прадставілі ўстановы адукацыі Гомельскай вобласці, арганічна ўпісаліся ў экспазіцыю “Беларусь інтэлектуальная” ў абласным цэнтры, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Гомельская вобласць першай сярод рэгіёнаў Беларусі прыняла грандыёзны рэспубліканскі праект. У будынку Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы дэманстраваліся самыя перадавыя айчынныя навукова-тэхнічныя распрацоўкі. Больш як 600 экспанатаў прадставілі 160 беларускіх арганізацый. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко адзначыў, што высокі ўзровень навуковых распрацовак, створаных вучонымі Гомельшчыны, неаднаразова пацверджаны ў краіне і свеце: “Актыўна развіваюцца нафтахімія, металаапрацоўка, медыцына, машынабудаванне. І гэтая выстава дапамагае зразумець, хто мы і чаго дасягнулі за апошнія 30 з невялікім гадоў”.
Першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Чыжык адзначае, што ў Гомельскай вобласці самы магутны пасля Мінска навуковы і адукацыйны патэнцыял: “Выстава “Беларусь інтэлектуальная” — не толькі і не столькі навука. Гэта канчатковыя вынікі, якія ўвасоблены на базе нашых прадпрыемстваў, якія распрацоўваліся не толькі ў акадэмічных інстытутах, але і ва ўніверсітэтах. Мы — краіна сапраўды высокага інтэлекту. Усё ў нас ёсць — пачынаючы ад мікраэлектронікі і заканчваючы вялізнымі самазваламі, машынамі “БелАЗ”, тэхнікай “Гомсельмаш”. І мы гэтым па праве можам ганарыцца”.
На выставе свае дасягненні і распрацоўкі дэманстравалі навукоўцы НАН Беларусі, прадстаўнікі навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі. Асаблівы акцэнт у рэгіянальнай дэманстрацыі быў зроблены на мясцовых навукова-тэхнічных распрацоўках. Ад Гомельскай вобласці ўдзельнічала 25 арганізацый. Чатыры распрацоўкі Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі на выставе “Беларусь інтэлектуальная” прадстаўляла загадчыца аддзела інавацыйнай тэхнічнай творчасці Алена Мартынава: “Наш леташні выпускнік Давід Тарасенка стварыў беспілотнік, які можа значна палегчыць апрацоўку дрэў ад шкоднікаў на дачных участках. З дапамогай вось гэтага ярка-зялёнага квадракоптара можна дапамагаць бабулі на агародзе. Дарэчы, думаю, цалкам магчыма такі апарат вырабляць у прамысловых маштабах”.
У Гомелі выстава “Беларусь інтэлектуальная” выклікала небывалы ажыятаж: за 4 дні яе наведалі каля 50 тысяч жыхароў вобласці. Далей выстава адправіцца па іншых абласных цэнтрах Беларусі. Наступны рэгіён, які яе сустракае, — Магілёўшчына.
Алена Георгіеўна бярэ ў рукі іншы дзіўны прадмет, які мае назву “Біянічны слон”. Педагог згаджаецца, што падабенства са сланом невялікае, а вось карысць можа быць велізарная: “Працуе такі апарат там, куды чалавек не можа трапіць: ён можа штосьці захапіць ці зрабіць. Калі біялогію спалучыць з электронікай і праграмаваннем, то можна стварыць цікавае аб’яднанне на аснове гэтага канструктара. Можна ў будучыні нават стварыць адукацыйны курс, які будзе сумяшчаць адразу тры кірункі”.
На стэндзе Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ёсць і магнітны паскаральнік мас аўтарства Арцёма Забароўскага. Гэтая прылада дапамагае зразумець работу электрамагнітаў, уласцівасці якіх зараз можна дэманстраваць на звычайным уроку фізікі. Ёсць ідэі, грунтуючыся на прынцыпе магнітнага паскаральніка мас, запускаць ракеты ў космас.
Мікіта Махаў узнавіў катушку Ніколы Тэслы. Распрацоўка школьніка не здольна асвятліць увесь зямны шар, выкарыстоўваючы рэзананс Зямлі, як марыў вялікі вынаходнік, — яна паказвае прынцып распаўсюджвання высокачастотных хваль.
Тут жа размясціліся і навучэнцы гомельскіх каледжаў. Выпускніца машынабудаўнічага каледжа Дар’я Міцура разам з сябрамі прадстаўляе электроннае агароднае пудзіла. Афіцыйна праект мае назву “Біяакустычная прылада, якая дапамагае абараняць сельскагаспадарчыя ўгоддзі ад птушак”. “Тут ёсць датчык руху, — паказвае дзяўчына. — Прыбор фіксуе птушку на адлегласці пяці метраў, пачынае варушыцца і выдаваць гукі. “Вочы” свецяцца, і птушкі не падлятаюць да градкі. Дарэчы, прылада можа адпудзіць не толькі птушак, але і грызуноў”.
Сельскагаспадарчая тэматыка натхніла і навучэнцаў 2 курса Гомельскага дзяржаўнага каледжа электронікі і інфармацыйных тэхналогій Мікіту Цераха і Аляксея Кажамякіна. Юнакі прадставілі на выставе азанатар — прыладу для дэзынфекцыі: “Наш прыбор выпрацоўвае азон і дэзынфіцыруе любое змесціва гэтай пасудзіны. Электрычныя пласціны выпрацоўваюць іскру, дзякуючы якой утвараецца азон. Гэты спосаб больш дзейсны, чым дэзынфекцыя ўльтрафіялетавымі промнямі і кварцаваннем. Вядома, тут ёсць што ўдасканаліць, аднак спецыялісты высока ацанілі патэнцыял нашага прыбора”.
Вогнетушыцель, які тушыць агонь пры дапамозе гуку, прыдумаў вучань гомельскай сярэдняй школы № 30 Вячаслаў Вятошкін разам з настаўнікам фізікі Аляксандрам Гузаўцом. Прыбор працуе на электрычнай энергіі за кошт нізкачастотных гукавых ваганняў, якія здольны парушаць стабільнасць полымя. Гэта адрознівае прыладу ад іншых падобных. На гэты момант можна затушыць невялікае вогнішча, але пры дапрацоўцы вогнетушыцель будзе здольны на большае. Праект у будучыні павінен палегчыць працу супрацоўнікаў МНС. Аўтары хочуць стварыць акустычны робататэхнічны комплекс, які дапаможа тушыць пажары дыстанцыйна.
Тут жа, на выставе, першы прарэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Ірына Кавалевіч расказвае, што ў іх установе адукацыі праводзяцца фундаментальныя даследаванні ў галіне фізікі, педагогікі, мовазнаўства і літаратуразнаўства: “Наш універсітэт акрэдытаваны ў якасці навуковай арганізацыі, мы робім свой уклад у развіццё беларускай навукі, удзельнічаем у выкананні дзяржаўных праграм, навуковых даследаванняў, фінансуемых навуковых праектаў. Мы прыцягваем студэнтаў да навукі. Штогод публікуем каля 1000 навуковых работ. Тут прадстаўлены наш навуковы часопіс, які выходзіць два разы на год, зборнікі навуковых работ і новыя вучэбныя дапаможнікі”.
“Асноўная ідэя экспазіцыі — паказаць не толькі Беларусь як краіну перадавых тэхналогій, але і Гомельшчыну як перспектыўны рэгіён з развітым прамысловым, навуковым і эканамічным патэнцыялам, і гэтая ідэя рэалізавана на выдатна, — падкрэсліў на закрыцці выставы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. — Штучны інтэлект, IT-тэхналогіі, робататэхніка, інавацыйнае прыборабудаванне, абараназдольнасць — геній беларускай думкі проста ўражвае. Таму шчыры дзякуй кіраўніку дзяржавы ад усіх жыхароў Гомельшчыны за магчымасць убачыць на свае вочы сучасныя дасягненні краіны”.
Дзевяцікласніца гомельскай сярэдняй школы № 38 Юлія Падабедава на выставе “Беларусь інтэлектуальная” працуе ў якасці валанцёра БРСМ. Дзяўчына ў захапленні ад электрамабіля і гаворыць, што ёй вельмі падабаецца знаходзіцца на гэтым маштабным мерапрыемстве: “Проста космас! Мы самі даведаліся тут многа новага. Мне асабіста спадабалася ўсё, што датычыцца ваеннай тэматыкі. Хачу паступіць у акадэмію МУС і служыць Радзіме”.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара