Бачыць рэальную сітуацыю на месцах

- 9:31Інфармацыйная гадзіна

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава правяла ў Жодзіне выязны прыём па пытаннях рэалізацыі норм Дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Да яе запісалася больш за два дзясяткі чалавек.

Адной з першых на прыём да Наталлі Качанавай прыйшла экс-кандыдат на пасаду Прэзідэнта Беларусі Таццяна Караткевіч. Яе хвалявалі канкрэтныя нормы Дэкрэта № 3, у якасці прыкладу яна прывяла цяжкія жыццёвыя сітуацыі сваіх знаёмых і суседзяў. Размова таксама ішла аб важнасці развіцця ў краіне малога бізнесу і стварэння рабочых месцаў.

Алена Лугаўская з Жодзіна — шматдзетная маці, яе старэйшая дачка — інвалід (ад нараджэння праблемы з пазваночнікам). Дачка дарослая, але пасля аперацыі на пазваночніку ў 2015 годзе клопат аб ёй лёг на плечы маці, і жанчына вымушана была не працаваць. У тым жа годзе моцна хварэў яе малодшы сын. У бягучым годзе Алена атрымала паведамленне на выплату збору і звярнулася ў мясцовыя органы ўлады, аднак па заяве ёй было адмоўлена. У час прыёму грамадзян высветлілася, што жанчына прадаставіла не ўсе неабходныя медыцынскія даведкі, якія пацвярджаюць дыягназы дзяцей.

Наталля Качанава даручыла дэталёва разабрацца ў гэтай сітуацыі. Яна таксама заклікала мясцовыя ўлады быць больш гібкімі ў плане разгляду зваротаў аб вызваленні ад выплаты збору, паколькі крытэрыі цяжкай жыццёвай сітуацыі ў дэкрэце выразна не прапісаны. А значыць, рашэнне ў кожным канкрэтным выпадку павінна прымацца з улікам абставін.

Пагаварыць аб цяжкай жыццёвай сітуацыі прыйшла і Тамара Міхейчык з Жодзіна. Яна адзначыла абмежаванні па стане здароўя і выклала праблему ў пісьмовым выглядзе.

Мікалай Леанавец з Жодзіна лічыць, што яго таксама неабходна вызваліць ад выплаты збору, паколькі ў яго няма пастаяннай работы. Між тым малады чалавек не звяртаўся з заявай у мясцовыя органы ўлады, не знаходзіцца на ўліку ў цэнтры занятасці. Паводле яго слоў, шукаў работу самастойна, але беспаспяхова, скончыў курсы па вэб-дызайне і цяпер займаецца тым, што робіць пад заказ розныя работы. Наталля Качанава параіла маладому чалавеку для пачатку напісаць заяву з просьбай вызваліць яго ад выплаты збору, стаць на ўлік у гарадскі цэнтр занятасці і ў той жа час актыўна шукаць работу, каб не знаходзіцца на ўтрыманні ў маці-пенсіянеркі.

Пра сваю сітуацыю на прыёме расказаў і Віктар Мельнік з Жодзіна. У 2015 годзе ён працаваў у Расіі, да гэтага разам з бацькам працаваў сталяром у індывідуальнага прадпрымальніка. Аднак запісаў у працоўных кніжках прыватнік ім так і не зрабіў (зарплата выдавалася ў канвертах), з-за чаго ўзнікла праблема. Яму прыйшло пісьмо з падатковай інспекцыі аб выплаце збору. Між тым мужчына ў гутарцы не змог прыгадаць ні назву населенага пункта, дзе ён працаваў, ні назву прадпрыемства. Наталля Качанава сказала, што мужчыну для пачатку трэба аднавіць усе даныя аб ранейшым рабочым месцы, напісаць заяву ў мясцовыя органы ўлады і абгрунтаваць сваю пазіцыю. Цяпер Віктар Мельнік працаўладкаваны.

Размаўляючы з грамадзянамі, Наталля Качанава прызналася, што ў рабоце са зваротамі бачыць магчымасць ацаніць рэальную сітуацыю на месцах. “Першае пытанне, якое мы будзем разглядаць на калегіі ў Адміністрацыі прэзідэнта, — гэта пытанне па зваротах грамадзян”, — сказала яна.