Журналіст павінен кіравацца прынцыпамі адказнасці і прыстойнасці, заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў на брыфінгу з удзелам кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі ў час форуму студэнцкай журналістыкі, які прайшоў у спартыўна-аздараўленчым комплексе БДУ “Брыганціна” (Радашковічы).
“Папулярнасць журналістыкі, прафесіі журналіста вельмі высокая. У той жа час адказнасць журналіста ўзрасла неймаверна. Важна значэнне кожнага слова, асабліва з наяўнасцю электронных СМІ”, — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Паводле яго слоў, вельмі крыўдна, калі журналісты пішуць аб адукацыі ў негатыўным ключы, спрабуюць адшукваць негатыўныя з’явы. “Але ж усе былі вучнямі, студэнтамі. Няўжо былі толькі дрэнныя выкладчыкі, жудасныя ўрокі, а пасля ўрокаў празмерна нагружалі?” — сказаў ён. Міністр заклікаў бачыць пазітыўныя моманты і актыўней пра іх гаварыць. “Мне здаецца, што журналіст павінен быць прыстойным, вызначыць свой уласны ўнутраны маральны кодэкс, каб было не сорамна глядзець у вочы чалавеку, калі з ім сустрэнешся другі раз”, — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Міністр адукацыі заклікаў будучых журналістаў паклапаціцца пра працаўладкаванне яшчэ са студэнцкай лаўкі. “Сёння, асабліва ў такой прафесіі, як журналістыка, яшчэ ў час вучобы трэба актыўна ўдзельнічаць у рабоце нейкіх выданняў. Я ведаю па журфаку БДУ, яны практычна ўсе ўжо з 3 курса супрацоўнічаюць са СМІ”, — сказаў Міхаіл Жураўкоў.
Сёння ў краіне журналісцкія кадры рыхтуе шэраг універсітэтаў, гэтая спецыяльнасць асабліва папулярная. “Адукацыя добрая, з нармальнай гуманітарнай, філалагічнай базай. Праблем з размеркаваннем у нас няма. Той, хто добра вучыцца, хто думае загадзя аб сваім рабочым месцы, — работай забяспечаны”, — сказаў міністр.
Міхаіл Жураўкоў асобна пракаменціраваў пытанне размеркавання выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі ў 2017 годзе. Паводле яго слоў, створана рабочая група, куды ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі. Цяпер ужо вядзецца работа з наймальнікамі, каб усіх забяспечыць першым працоўным месцам.
Першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі адзначыў, што роля інфармацыі ў цяперашні час сур’ёзна ўзрасла. Выкарыстанне сучасных тэхналогій дае магчымасць максімальна хутка і аператыўна даносіць яе да спажыўца. У гэтым плане вялікае значэнне электронных рэсурсаў і сацсетак. У той жа час роля прафесійнай журналістыкі застаецца і заўсёды будзе важная, упэўнены першы намеснік міністра.
Брыфінг з удзелам кіраўнікоў органаў дзяржкіравання прайшоў у час форуму студэнцкай журналістыкі. Удзельнікамі форуму былі больш за 250 студэнтаў і выкладчыкаў з ВНУ Беларусі і замежжа, у тым ліку Азербайджана, Арменіі, Германіі, Расіі, Славакіі. Для журналістаў-пачаткоўцаў была арганізавана работа васьмі адукацыйных секцый. Маладыя журналісты вучыліся распрацоўваць медыяпраекты і дызайн газеты, праводзіць прэс-канферэнцыі, ствараць навіны, пісаць прэс-рэлізы і інш.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Інстытут журналістыкі БДУ, упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ, Студэнцкі саюз БДУ. Правядзенне форуму накіравана на павышэнне прафесіяналізму кіраўнікоў студэнцкіх СМІ, актывізацыю супрацоўніцтва паміж ВНУ і развіццё творчай ініцыятывы студэнтаў.